Раскопкі на месцы пахавання ахвяраў НКУС вялі фанаты НКУС і «рускага міру»?

У 2021–2023 гадах зноў адбыліся раскопкі ў «Гомельскіх Курапатах» — Шчакатоўскім лесе, што ў Гомельскім раёне. Адбываліся гэтыя раскопкі на месцы расстрэлаў ахвяраў НКУС, але ўжо загадзя было публічна абвешчана, што там пахаваныя выключна ахвяры нацыстаў.

Крыж на месцы пазхавання ахвяраў НКУС

Крыж на месцы пазхавання ахвяраў НКУС

Разам з 52-м пошукавым батальёнам Міністэрства абароны ўдзельнічалі чальцы пошукавага атраду «Пунсовыя пагоны» пры Гомельскім кадэцкім вучылішчы. А само месца «перайменавалі» з Шчакатоўскага (або Навабеліцкага) леса ў Чонкаўскі.

Што папярэднічала гэтым раскопкам?

Храналёгія падзеяў выглядала так: 

  • У 1995 годзе пасьля публікацыі ў «Народнай газэце» з назвай «У Гомелі былі свае Курапаты?» пракуратура Гомельскага раёна на падставе запроса нумар 15д-95 ад 31 сакавіка 1995 года распачала крымінальную справу і запрасіла для правядзеньня раскопак супрацоўнікаў аддзела архэалёгіі Гомельскага абласнога краязнаўчага музэя. Тады былі знойдзеныя і дасьледаваныя 3 расстрэльныя ямы.
  • У 1998 годзе ў зборніку «Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагодьдзі» супрацоўнікі згаданага музэя апублікавалі артыкул на тэму праведзеных раскопак, у якім дэталёва апісалі мейсца знаходжаньня і памеры кожнай са знойдзеных расстрэльных ямаў, мейсца знаходжаньня касьцей і чарапоў расстраляных людзей у кожнай зь ямаў, выгляд дзірак ад куляў у чарапах, а таксама апісалі ўсе знойдзеныя асабістыя рэчы. У артыкулу зроблены адназначныя вывады: 1) расстрэлы былі зьдзейсьненыя ў кароткія тэрміны кастрычніка-лістапада 1937 года; 2) усе пахаваныя загіблі гвалтоўнай сьмерцю ў выніку выстралаў у патыліцу са стралковае зброі, якая была на ўзбраеньні ў СССР.
  • Яшчэ з тых часоў у Шчакатоўскім лесе былі ўсталяваныя крыжы ў памяць расстраляных ахвяраў НКУС;
  • У 2007 годзе гамельчукі заўважылі, што жаўнеры 52-га пошукавага батальёна праводзяць раскопкі ў лесе прыкладна ў двух кіляметрах ад крыжа. Археолягі да гэтых раскопак дапушчаныя не былі. Спасылаліся ўдзельнікі раскопак на словы пракуратуры аб тым, што ў тых мясьцінах немцы расстрэльвалі мірных грамадзянаў, пры гэтым ніякіх доказаў яны ня мелі. Раскапалі тады дзьве магілы. Адзін з гомельскіх актывістаў намагаўся атрымаць вынікі паўторнае экспертызы, але посьпеху ня маў — паводле ягоных словаў, улады наўмысна рабілі з гэтага таямніцу.
  • Увосені 2021 года 52-і пошукавы батальён заявіў, што знайшоў «у лесе каля Чарнігаўскае шашы» масавыя пахаваньні расстраляных людзей, а пракуратура патлумачыла, што гэта нібыта ахвяры нацысцкіх расстрэлаў. ДзяржСМІ ўказвалі толькі прыблізныя каардынаты раскопак, але гомельскія актывісты высьветлілі, што пошукі вядуцца на тэрыторыі Шчакатоўскага леса непасрэдна паблізу мейсцаў, дзе праводзіліся раскопкі ў 1995 годзе.
  • Цягам двух гадоў у тых мясьцінах вяліся раскопкі, пасьля чаго ў ліпені 2023 года было заяўлена, што мейсца пошукаў закансерваванае і праведзеная рэкультывацыя. На той момант было раскопана больш за 30 расстрэльных ямаў. Дакладную лічбу зь невядомае прычыны Генеральная пракуратура не назвала.

Глядзіце таксама

Новыя раскопкі праводзілі фанаты НКУС?

Згаданае вышэй Гомельскае кадэцкае вучылішча — адзінае ў Беларусі, якое мае дазвол на сумесную працу з пошукавым батальёнам Міністэрства абароны. З 2017 года вучылішча ўзначальвае Дзьмітры Грыгарэнка. У кастрычніку 2022 года па ягоным запрашэньні на мейсца раскопак у Шчакатоўскім лесе прыехалі чальцы расейскага юнармейскага клуба «Ровесник» з Бранскае вобласьці. Паводле допісу на старонцы «УКантакце», зьвязанае з гэтым клубам, яны нават «паспрабавалі сябе ў ролю пошукавікаў», то бок бралі ўдзел у раскопках.

Пошукавы клуб «Пунсовыя пагоны» пры Гомельскім кадэцкім вучылішчы быў створаны ў студзені 2014 года. Паводле словаў кіраўніка клуба Паўла Дзенісенкі, з 52-м пошукавым батальёнам клуб «Пунсовыя пагоны» супрацоўнічае з 2016 года.

Прынамсі з сакавіка 2018 года пачалося ўзаемадзеяньне клуба «Пунсовыя пагоны» з прадстаўнікамі «рускага міру» ў Беларусі — Каардынацыйнай радай кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб'яднаньняў расейскіх суайчыньнікаў (Координационный совет руководителей белорусских общественных объединений российских соотечественников при Посольстве России в Республике Беларусь, КСОРС). Прадстаўнік клуба прыйняў удзел у канферэнцыі з назвай «Аб узнёску моладзі ў разьвіцьцё расейска-беларускіх сувязяў», якая адбылася 27-28 сакавіка 2018 года ў Менску ў «Доме Масквы», які належыць філіялу «Россотруднічества» ў Беларусі.

А ў 2021 годзе клуб атрымаў прэмію расейскага праекта «Горячее сердце», створанага «Россотруднічеством». Узнагароджвалі пераможцаў у «Расейскім цэнтры навукі і культуры» ў Гомелі 11 чэрвеня 2021-га, прымеркаваўшы мерапрыемства да «Дня Расеі».

Станам на 2023 год пошукавай працай, у тым ліку ў Шчакатоўскім лесе, пад эгідай клуба «Пунсовыя пагоны» займаецца ўжо кожны вучань Гомельскага кадэцкага вучылішча.

Кіраўніком «Пунсовых пагонаў» зьяўляецца Павел Дзенісенка. Ён жа ўзначальвае створаную ў сакавіку 2020 года «Кадэцкую пошукавую асацыяцыю». Першаснай мэтай дзейнасьці гэтае асацыяцыі ёсьць «духоўна-маральнае і ваенна-патрыятычнае выхаваньне» вучняў кадэцкіх вучылішчаў. Таксама Павел Дзенісенка ўваходзіць у склад працоўнае групы па справе аб генацыдзе беларускага народа на тэрыторыі Гомеля.

У адным з інтэрв'ю ад сакавіка 2023 года Дзенісенка адкрыта схлусіў, сказаўшы, што нібыта ўпершыню чалавечыя косткі ў Шчакатоўскім лесе заўважылі лесьнікі, якія карчавалі дрэвы, адразу пасьля чаго ў лес прыбылі сьледчыя і чальцы пошукавага батальёна. То бок, ён датуе выяўленьне астанкаў людзей не пачаткам 90-х гадоў ХХ стагодьдзя, як гэта было сапраўды, а 2021 годам.

Яшчэ адзін чалавек, які прадстаўляе пошукавы клуб «Пунсовыя пагоны» — інструктар Максім Раманюк. Да пачатку дзейнасьці ў якасьці інструктара клуба ён быў чальцом атраду «Пошук» у складзе ваенна-патрыятычнага клуба «Гонар» пры вайсковай частцы ўнутраных войскаў нумар 5525, у тым ліку ў тыя гады, калі гэтую частку ўзначальваў Юры Караеў. Дарэчы, кіраўнік клуба «Гонар» Юнус Рахматаў сябруе з Караевым яшчэ з васьмідзясятых гадоў мінулага стагодьдзя. 

Згаданы клуб «Гонар», апроч іншага, даўно займаецца праслаўленьнем 53-га палка НКУС. 53-ці полк быў створаны ў 1941 годзе, але адзін з трох батальёнаў у ягоным складзе ўзначаліў былы супрацоўнік Гомельскага УНКУС П.І.Садовы, то бок чалавек, які, цалкам магчыма, быў датычны да расстрэлаў людзей у Шчакатоўскім лесе.


Вывучаючы гісторыю палка НКУС, чальцы атраду «Пошук», у тым ліку Максім Раманюк, маглі натыкнуцца на сьведчаньні аб тых злачынствах. Але спадзявацца на тое, што яны пагадзіліся б апублічыць знойдзенае, дарэмна.

Дарэчы, прычына адмовы ад выкарыстаньня назваў «Шчакатоўскі лес» або «Навабеліцкі лес» і паўсюднага напісаньня дзяржСМІ і пракуратурай назвы «Чонкаўскі лес» вельмі імаверна ня ёсьць простым жаданьнем схавацца ад фактаў злачынстваў НКУС, а мае прамы разьлік. Уявім сабе, што нейкі чалавек захацеў даведацца больш аб расстрэлах у лесе каля Гомеля і зьвярнуўся да інтэрнет-пошукавікаў. Ён будзе пры пошуку выкарыстоўваць вядомыя яму са СМІ ключавыя словы — то бок «Чонкаўскі лес». А гэта значыць, што яму будзе недасяжным увесь пласт інфармацыі, дзе згадваецца Шчакатоўскі лес, паколькі інтэрнет-пошукавік проста яму яе не пакажа.

Глядзіце таксама