«Іх было каля дзясятка». Лукашэнка заявіў аб збіцці ўкраінскіх дронаў над Беларуссю
Аляксандр Лукашэнка нарэшце адрэагаваў на падзеі ў Курскай вобласці, якую часткова кантралююць УСУ. Але зрабіў гэта досыць дзіўным чынам.
У выходны дзень 10 жніўня Лукашэнка, як паведамляе яго прэс-служба, «працягнуў рабочую паездку ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці». І зладзіў нараду аб канцэпцыю развіцця холдынгу «Купалаўскае».
Пры гэтым у першую чаргу, распавядаючы пра нараду, прэс-служба Лукашэнкі апублікавала яго выказванні на ваенную тэму.
Так, правіцель заявіў пра «інцыдэнт у паветранай прасторы, які адбыўся напярэдадні вечарам і быў звязаны з парушэннем паветранай прасторы з боку Украіны».
«Учора ў 18 гадзін 10 хвілін сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі пераведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць. Гатоўнасць №1 у нас называецца. Дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны. Справа ў тым, што (мы падазраем, што гэта не ў першы раз) Узброеныя сілы Украіны парушылі ўсякія правілы паводзінаў і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь. На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас у раёне Касцюковіцкага раёна. Таму сілы СПА былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць на перахоп цэляў. Іх было каля дзясятка. Вылецелі самалёты, верталёт. І таксама сродкі РСЗА былі пераведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць», — сказаў Лукашэнка.
«У 19 гадзін 4 хвіліны на вышыні паўтара кіламетра і далёкасці 6,5 кіламетра сіламі супрацьпаветранай абароны было знішчана некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, — дадаў ён. — Ноччу і сёння з раніцы адбываецца пошук таго, што было знішчана. Мы падазраем, што гэта ўдарныя беспілотнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны. Над тэрыторыяй Беларусі мы знішчылі цэлі. Астатнія былі перададзеныя (у нас адзінае СПА з Расіяй) Расійскай Федэрацыі. І паводле інфармацыі Генеральнага штаба Расіі і камандуючага гэтым напрамкам супрацьпаветранай абароны Расіі, гэтыя цэлі былі ўражаныя пад Яраслаўлем. Першы напрамак — Смаленск. Але потым яны змянілі траекторыю палёту — тыя, якія над Расіяй засталіся, і накіраваліся ў раён Яраслаўля. Але былі перахопленыя ўжо расійскімі сістэмамі СПА і знішчаныя».
Паводле слоў Лукашэнкі, Міністэрству абароны, Генеральнаму штабу Узброеных сіл Беларусі дадзеныя даручэнні «правесці адпаведныя мерапрыемствы для таго, каб надзейна забяспечыць бяспеку дзяржавы». «Навошта гэта Украіне, я не разумею. Нам трэба разабрацца. Але мы, як я казаў, выразна вызначаліся з імі і давялі да іх гэтую інфармацыю, што без адказу любыя правакацыі не застануцца», — адзначыў ён.
Гарант падкрэсліў «высокі ўзровень узаемадзеяння з расійскімі войскамі СПА».
«Непрыемна тое, што ўкраінцы, як я вас і папярэджваў шмат разоў, гэтым самым паказваюць, што ні да якога міру яны не гатовыя і працягваюць эскалацыю гэтай напружанасці. Два дні таму атака на Курскім напрамку, дзе яны прасунуліся на некалькі дзясяткаў кіламетраў — 30-35 ужо сёння. Абкопваюцца там. Ну і вось гэтая правакацыя з мэтай удараў па Расійскай Федэрацыі. Не хацелася б сёння гэтымі пытаннямі ў такім ключы займацца. Але нікуды не дзенешся. Я думаю, што гэтая правакацыя яшчэ доўга будзе абмяркоўвацца ў СМІ, але каб не было зноў інсінуацый рознага роду, я праінфармаваў пра тое, што адбылося», — падсумаваў Лукашэнка.
Доказаў знішчэння ўкраінскіх дронаў беларускі бок не прыводзіць. Пры гэтым раней неаднаразова паведамлялася пра залёты ў Беларусь расійскіх БПЛА «Шахед», але пра гэта не распавядалі ні Лукашэнка, ні яго прапагандысты.
Чаму сёння ён вырашыў выказацца на далікатную тэмы — пра прасоўванне УСУ ў Курскай вобласці? Аб гэтым у сваім тэлеграм-канале паразважаў палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.
«Лукашэнка заявіў, што над Беларуссю сіламі СПА былі збітыя ўдарныя беспілотнікі, якімі Украіна мела намер атакаваць РФ, — напісаў ён. — Варыянтаў два: альбо Кіеў выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі (што было чакана і цалкам лагічна з пункту гледжання Украіны), або адзін вядомы таварыш вырашыў імітаваць кіпучую дзейнасць па прыкрыцці «расійскіх тылоў».