Ад «маладога прэзідэнта» да «злога дзеда». Да юбілею Лукашэнкі

Лукашэнку — 70. Трохі менш за палову свайго жыцця ён знаходзіцца ва ўладзе, і шлях гэты каштуе Беларусі ўсё даражэй і даражэй.

Ілюстрацыя: «Regnum»

Ілюстрацыя: «Regnum»

Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 70. Нядаўна міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў у тэлеперадачы: «... такія лідары, як наш прэзідэнт, нараджаюцца адзін раз на тысячу гадоў і далёка не ва ўсіх краінах. Проста нам пашанцавала».

Зразумела, што беларусы, якія трапілі пад каток рэпрэсій, выцесненыя з краіны або вымушаныя ўнутры яе хаваць свае дэмакратычныя погляды, перакананыя ў адваротным: Беларусі з першым прэзідэнтам катастрафічна не пашанцавала. Іншыя і зусім скажуць: гэта злы рок, праклён, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

У вобразе «нашага Сашкі»

Ці быў прыход Лукашэнкі да ўлады фатальным? Як быццам не. Яго, тады 39-гадовага, проста не зарэгістравалі б кандыдатам у прэзідэнты, калі б не вырашылі дэпутаты пры абмеркаванні праекта Канстытуцыі на пачатку 1994 года знізіць узроставы цэнз з 40 да 35 гадоў. Падчас выбарчай кампаніі ЦВК мог зняць гэтага кандыдата з дыстанцыі за шэраг парушэнняў (недакладнасць асабістых даных у дакументах, нелегальныя агітацыйныя матэрыялы і інш.).

Так што амбіцыйнаму дзеячу са Шклоўшчыны казачна пашанцавала. З тых часоў ён відавочна паверыў у сваю зорку, заступніцтва Усявышняга.

З іншага боку, у масы беларусаў, аглушаных постсавецкім гаспадарчым развалам, быў магутны запыт на постаць падобнага кшталту. Харызматычны папуліст з глыбінкі выглядаў сваім хлопцам, «нашым Сашкам». Абяцаў перамагчы наменклатурную мафію, адвесці краіну ад прорвы, вярнуць савецкую стабільнасць.

Пры тым стане масавай свядомасці шанцы на перамогу прадстаўніка нацыянальна-дэмакратычных сіл былі прывіднымі. А калі б перамог тады прэм'ер Вячаслаў Кебіч, які ўжо дамовіўся было з Масквой пра ўвядзенне расійскага рубля, — хто ведае, ці не аддаў бы ён незалежнасць на раз-два?


Глядзіце таксама

Так, Лукашэнка таксама зрабіў стаўку на Расію. Падпісаў у 1999 годзе саюзную дамову, якая прадугледжвала адзіную валюту, агульны парламент, Канстытуцыю і іншыя элементы зліцця. Але — тарпедаваў працэс, калі зразумеў, што ён пагражае яго непадзельнай уладзе над краінай.

У 2002-м кіраўнік Беларусі бадаўся з Уладзімірам Пуціным, які прапанаваў уступіць у Расію шасцю абласцямі. Ды і пазней не раз уваходзіў у клінч з Крамлём. Час ад часу ўдала разгойдваў геапалітычныя арэлі, пачынаў гульню з Захадам. Быў перыяд, калі нават сярод часткі апазіцыі існавала меркаванне, што Лукашэнка, пры ўсім яго аўтарытарызме, — абаронца суверэнітэту.

Але ў выніку абхітрыць імперыю не ўдалося. Цяпер, пасля падзей 2020 года і шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну, Масква трымае за горла мёртвай хваткай, «рускі свет» усё глыбей упаўзае ў Беларусь.

Хоць кіраўнік працягвае трымцець, ухіляецца ад вайны, у яго палітычную суб'ектнасць Захад ужо не верыць, апускае «жалезную заслону». А поўную страту незалежнасці многія лічаць толькі справай часу.

Яго многія недаацанілі

Пра Лукашэнку прынята гаварыць як пра тыпова савецкага чалавека ва ўладзе. Але і ў савецкую эпоху людзі былі рознымі. Хтосьці слухаў «Бітлз», Высоцкага, чытаў Вазнясенскага, Еўтушэнку, самвыдат, лавіў па начах заходнія «галасы», гэта значыць пранікаўся крытычным мысленнем, жаданнем перамен. Потым гэта дало яркую плеяду перабудоўных дзеячаў дэмакратычнага толку.

Лукашэнка ж глыбока ўвабраў пастулаты камуністычнай сістэмы і пасля паказаў сябе перакананым кансерватарам, рэтраградам. Да гэтага часу і ў эканоміцы, і ў адукацыі, і ў ідэалогіі ён арыентуецца на савецкую матрыцу.

Пры гэтым палітычная зорка Лукашэнкі ўзышла таксама дзякуючы гарбачоўскай «перабудове». Не будзь яе, той мог бы так і застацца дзеячам раённага маштабу. А вось вецер перамен занёс рачыстага дырэктара саўгаса ў дэпутаты Вярхоўнага Савета, дзе ён асабліва раскруціўся як кіраўнік антыкарупцыйнай камісіі. Што дапамагло ў 1994-м здзейсніць фенаменальны скачок у прэзідэнцкае крэсла.


Глядзіце таксама

Так спрацаваў трамплін дэмакратыі (праўда, пры няспелым электараце). І, прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка хутка гэтую дэмакратыю зламаў, каб не павярнулася супраць яго.

Да пары да часу яго высакалобыя палітычныя праціўнікі кпілі з таго, каго лічылі выскачкай, «калгаснікам». Цытавалі прастадушную фразу яго жонкі Галіны: маўляў, мой Саша нідзе больш за два гады не затрымліваўся.

Так, можна пакепліваць з акцэнту, манер, відавочных прабелаў у адукацыі, але факт — тое, што ў выніку ён паказаў сябе выключна валявым, хітрым, чэпкім палітычным дзеячам. У 1996-м, будучы на валасок ад імпічменту, спалучэннем падступства, абяцанкі, запалохвання перайграў Вярхоўны Савет, які ўстаў на дыбкі.

Потым у апанентаў кіраўніка шанцаў не было аж да 2020-га, калі той даў маху і зарэгістраваў Святлану Ціханоўскую. Але галоўнае — да таго часу моцна змянілася грамадства.

Зерне нянавісці

Лукашэнка — не з тых, хто лунае ў сферы высокіх матэрый. Ён думае ў катэгорыях кшталту «накарміць народ». Таму быў здзіўлены, калі ў 2020-м маса суайчыннікаў вываліла на вуліцу — зусім не на марш пустых рондаляў. Кіраўнік, падобна, так і не ўсвядоміў, што ладная частка грамадства яго перарасла, выйшла на ўзровень «не хлебам адзіным».

А калі і ўсвядоміў, то ўсё роўна абраў ўтрыманне ўлады за кошт страху, грубай сілы, сярэднявечных метадаў.

Зрэшты, не варта спрашчаць, сцвярджаючы, што ўся Беларусь стогне пад ярмом дыктатуры. Кіраўнік сфармаваў прыкормленыя пласты — гэта наменклатура, сілавікі, прыдворныя бізнесмэны, многія людзі на казённых акладах (плюс іх сем'і) і іншыя, каму выгадны такі парадак рэчаў і якіх палохаюць перамены. На частку грамадства дзейнічае прапаганда, ёсць і проста ўпёртыя лукашысты.


Глядзіце таксама

Пасля 2020-га грамадства аказалася страшна расколатым. Кіраўнік дзейнічае паводле старажытнага прынцыпу «падзяляй і ўладар». Ён свядома сее зерне нянавісці. Прычым сіла, рэсурсы і, што крытычна важна, падтрымка Крамля — на баку прыхільнікаў рэжыму. Таму шлях да перамен можа аказацца вельмі доўгім і цяжкім.

«Не злаваць дзеда»

Калісьці Лукашэнка ганарліва называў сябе «маладым прэзідэнтам». Быў выпадак, калі ён ў сваёй гіпербалічнай манеры кінуў на адрас лядашчага Барыса Ельцына: «Мне — 40, яму — 80».

Але цяпер ужо беларускага кіраўніка многія, асабліва моладзь, называюць дзедам. Нават мем паўстаў: «Не злаваць дзеда» (гэта пра адну са стратэгій, вакол якіх ламае дзіды апазіцыя).

А сёй-той пачаў параўноўваць Лукашэнку з генеральным сакратаром ЦК КПСС Леанідам Брэжневым — вялікім аматарам узнагарод і славаслоўя на свой адрас.

Вядома, элементы культу асобы ў Беларусі не дасягнулі цэнтральнаазіяцкіх або паўночнакарэйскіх маштабаў. Але трэнд відавочны.

З'явіліся фірмовыя крамы «Мерч першага», дзе гандлююць адзеннем з цытатамі кшталту «Распранайся і працуй», «Каханую не аддаюць», «Будзе вельмі цікава». 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва быў прысвечаны нядаўні каравай-фэст «Бацькава булка» — так назвалі здобную пляцёнку, якая ў свой час прыйшлася даспадобы кіраўніку. І такіх прыкладаў мноства.


Глядзіце таксама

Мінулай вясной славаслоўе на адрас правадыра ракой лілося на Усебеларускім народным сходзе (УНС). Сама яго стылістыка нагадала з'езды КПСС брэжнеўскай пары. Здаецца, іншыя чыноўнікі негалосна канкуруюць: хто адвесіць найбольш саладжавы камплімент «першаму».

Зрэшты, прыклад Нурсултана Назарбаева, былога ўладара Казахстана, паказвае, як хутка пераемнік можа згарнуць гэты самы культ, прыбраць ранейшага правадыра ў цёмную камору. Верагодна, казахстанскі прыклад пагоршыў цяжкія роздумы Лукашэнкі пра варыянты транзіту ўлады.

Пракрастынацыя адносна транзіту

Лукашэнка шмат разоў заяўляў, што наеўся ўлады. Нядаўна на Шклоўшчыне выдаў перад вяскоўцамі фразу: «Вы павінны прывыкаць да таго (я вас распесціў трошкі), што прэзідэнт будзе іншы». Пры гэтым буйным планам быў паказаны кіраўнік яго адміністрацыі Дзмітрый Круты.

Іншыя каментатары сталі раздзімаць тэму (транзіт, пераемнік, здароўе і ўсё такое). Але сам Лукашэнка неўзабаве выступіў з мудрагелістымі тлумачэннямі, з якіх вынікала, што сыходзіць з пасады ён не спяшаецца.

У любым выпадку, кіраўнік не стане загадзя публічна паказваць на пераемніка. Інакш наменклатура хутка пераарыентуецца на будучага гаспадара. Станавіцца кульгавай качкай у такіх сістэмах небяспечна.

Разам з тым, для раскруткі пераемніка патрэбны час. Прэзідэнцкія выбары ўжо даволі блізкія. Іх дэдлайн — 20 ліпеня 2025 года. Паводле версіі «BelPol», яны ўвогуле могуць прайсці 23 лютага.

Прыкмет жа раскруткі кагосьці з акружэння або, скажам, старэйшага сына Віктара не відаць.

Пры гэтым каментатары мусіруюць розныя версіі, чаму выбары могуць быць набліжаныя. Хтосьці кажа: у халодны час горш пратэставаць. Але цяпер палітычны клімат у краіне ў прынцыпе арктычны, так што сезон для ўладаў не мае асаблівага значэння.


Глядзіце таксама

А хтосьці намякае на сур'ёзныя праблемы са здароўем. Нядаўна Лукашэнка сам прызнаў: «Ну, часам кульгаю, нага баліць. Не могуць мне сустаў адрамантаваць. Ну, я думаю, для прэзідэнта гэта не так страшна. Дзе не пройдзеш, там праедзеш».

Нераўнадушныя назіральнікі, аднак, падкрэсліваюць і іншыя прыкметы хворасці, якія ўжо не схаваеш на публіцы. Зрэшты, не факт, што гэта рэчы крытычныя.

Але ў прынцыпе час не падманеш. Шмат гадоў Лукашэнка культываваў імідж мужыка з жалезным здароўем — лыжніка, хакеіста і г.д. Цяпер выглядаць крутым спартсменам, мачо ўжо не атрымліваецца.

Прапаганда стала налягаць на вобраз мудраца, патрыярха, па-ранейшаму пераконваючы, што замены яму няма, інакш краіна разваліцца, ворагі тут жа ўварвуцца і ўсё растопчуць.

Беларусь працягвае плаціць страшна дарагую цану

Каментатары прывыклі падкрэсліваць магутнае ўладалюбства Лукашэнкі. Але ўлада для яго — не толькі здаволенне страсці, не толькі камфорт, раскоша.

З гадамі, трэба думаць, усё больш магутнае жаданне проста забяспечыць бяспеку — уласную і сям'і ў шырокім сэнсе. Бо рэжым заўважна стаў больш жорсткім, пусціў нямала крыві. Палітычныя праціўнікі паўтараюць пра назапашаныя багацці. І перамены пагражаюць непрыемнымі пытаннямі, суровай адказнасцю.

Ці задумваецца Лукашэнка пра тое, як увойдзе ў гісторыю? Падобна да таго, ён глядзіць на сітуацыю ў іншай рамцы: выжыць самому і забяспечыць устойлівасць сістэмы, дабрабыт радні пасля сябе.

Згадайце, як нядаўна кіраўнік расказваў у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія» пра падзеі 2020 года, калі ў дзень магутнай маніфестацыі ён з малодшым сынам Мікалаем з'явіліся з аўтаматамі ля Палаца Незалежнасці: «Ён, калі ўбачыў, што я бронекамізэльку свой надзеў (і ў яго, і ў мяне свая зброя, бронекамізэлькі) і ў верталёт, ён на сябе накінуў... Маці там яго якраз была дома — завыла. Ты, кажу, дома застанешся, не трэба нікуды. "Не, я пайду з табой. Я не забіваць еду, я іду абараняць свайго бацьку».

Вось такая карціна тых падзей з гэтага ракурсу. Не высокая палітыка ці мараль, не барацьба ідэй, дэмакратыі з аўтарытарызмам, не пытанне падліку галасоў — а лёс сям'і, любімага сына, прымат выжывання любой цаной.


Глядзіце таксама

Зваротнай дарогі для кіраўніка ўжо няма. Ён хоча забяспечыць непахіснасць рэжыму і пасля свайго сыходу. Адсюль гэтая дзіўная канструкцыя з УНС. Ён, паводле задумы, павінен кантраляваць наступнага прэзідэнта, не даваць яму ўдарыцца ў рэформы, ліберальныя эксперыменты. Спрацуе ці не — пытанне спрэчнае.

Ва ўсялякім выпадку, Лукашэнка, падобна, не спяшаецца саступаць крэсла кіраўніка дзяржавы і перабірацца на запасны аэрадром. Магчыма, трымае ў галаве дынастычны варыянт.

Пры гэтым ён, мабыць, шчыра перакананы, што без яго Беларусь даўно б знікла. Паводле сведчання паліттэхнолага Віталя Шклярава, на знакамітай сустрэчы з арыштаванымі палітычнымі супернікамі ў СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 года кіраўнік сказаў: «Добра, што ў вас нічога не атрымалася. Вы дзеці, вы яшчэ не разумееце, што такое палітыка, вас бы расійцы і Пуцін зжэрлі, як ельцынскіх дэмакратаў».

Тады, у 2020-м, ён упусціў шанец сысці адносна прыгожа. Зрэшты, ведаючы яго натуру, можна меркаваць, што ў яго сістэме каардынат альтэрнатывы проста не было.

Чалавек, які падмяў краіну, працягвае бітву з часам, хоча спыніць яго і ў біялагічным, і ў палітычным сэнсе. І Беларусь плаціць страшна высокую цану за тое, што ладная частка электарату ў 1994-м наіўна адкрыла гэтаму жорсткаму дзеячу шлях да ўлады.