«Пазвані мне, пазвані...». Ці можа Захад дастаць палітвязняў з беларускіх турмаў?

Рэжым пачаў выпускаць палітычных зняволеных. Патроху. Паралельна набіраючы новых. Але гэта відавочны сігнал Захаду, заклік да перамоў. Ці можа Захад скарыстацца магчымасцю і спыніць машыну рэпрэсій?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Попыт і прапанова

Мінскія сігналы выяўляюцца найперш у тым, што на волю з ініцыятывы ўладаў сталі выходзіць людзі — і чакаецца працяг працэсу. У выніку плюс-мінус да 2026 года датэрмінова цалкам могуць выйсці ўсе, уключаючы галоўных палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнцкай кампаніі 2020-га. Так было ў папярэднія палітычныя крызісы, а ўлады ўжо кантралююць сітуацыю настолькі, каб паўтарыць свой мінулы досвед. 

У любым выпадку, вызваленне палітычных зняволеных — гэта якраз перамоўная пазіцыя. Яшчэ адна перамоўная пазіцыя — новыя пасадкі, якія працягваюцца і гэтым выклікаюць сумневы ў здольнасці рэжыму мяняцца да лепшага, піша Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19».

Лукашэнка не стане дэмакратам, але адрэгуляваць узровень калянасці свайго рэжыму ў бок меншай цалкам можа. Рэпрэсіі цалкам кіраваныя ўладамі амаль як пультам.

Адзнакай, калі ўлады могуць іх выключыць або паставіць на паўзу, з'яўляецца праходжанне прэзідэнцкіх выбараў 2025 года.

Спыненне рэпрэсій можа быць адной з умоў Захаду для пачатку нармалізацыі адносінаў. На жаль, гэта яшчэ не прычына для заходніх краін і палітыкаў зноў уцягвацца ў камунікацыю з дакучлівым рэжымам, каб дамаўляцца пра гэта, але ёсць і іншыя матывы. 


Глядзіце таксама

Санкцыйны ціск, які з'яўляецца стратэгіяй дзеянняў Захаду па Беларусі, дагэтуль не прывёў да вырашэння аніводнай з пастаўленых задач — ні тых, што цікавілі беларускія дэмсілы, ні тых, што клапацілі заходніх палітыкаў. 

Самыя жорсткія санкцыі, як вядома, уводзіліся Захадам за прымусовую пасадку самалёта «Ryanair», міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕС і саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны — гэта значыць за тое, што наўпрост закранала заходнія інтарэсы.

Ёсць упэўненасць, падмацаваная беларускім досведам, што іншая, больш гнуткая палітыка можа даць жаданыя эфекты ці хаця б істотна наблізіць да іх. 

Можна лічыць гэты тэкст прапановай гэтай гнуткай палітыкі. Яе сутнасць заключаецца ў тым, каб пашукаць магчымасці для кампрамісу з афіцыйным Мінскам, не адмаўляючыся ад канчатковых мэт, але, адклаўшы іх, як гэта бывае ў звычайным жыцці, да больш лаяльных часоў і спрыяльных абставінаў.

Агульныя інтарэсы

Сігналізуючы пра гатоўнасць да перамоў, афіцыйны Мінск разлічвае з іх дапамогай рэалізаваць свае інтарэсы, якія датычацца розных сфер: ад палітыкі і эканомікі да бяспекі. 

Спецыфіка моманту ў тым, што пэўная частка інтарэсаў рэжыму супадае з інтарэсамі Беларусі і беларускага грамадства, а нейкая з іх — пераплеценая з інтарэсамі заходніх краін.

Палітычныя інтарэсы рэжыму звязаныя з захаваннем улады і прызнаннем Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі. Гэта не тая сфера, дзе з боку рэжыму магчымы кампраміс. Прынамсі, у частцы ўдзелу ці, дакладней, няўдзелу Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Гэтае пытанне магло мець перспектывы, будзь яно пастаўлена Захадам у якасці ўмовы ў 2020-м ці адразу пасля яго — і тое не факт.

Аднак можа абмяркоўвацца пытанне транзіту ўлады пасля 2025 года. Гэта тое, да чаго ў Беларусі ўсё ўжо гатова і маральна, і фізічна, уключаючы законы, запасныя пасады і кіруючыя эліты. Знаходжанне кампрамісу па гэтым пытанні з Захадам і згода Расіі могуць падштурхнуць Лукашэнку да ажыццяўлення транзіту. 

Рэалізацыя кампрамісу ў палітычнай сферы можа выглядаць у выглядзе крытычна-стрыманай рэакцыі Захаду на прэзідэнцкія выбары 2025 года ў выпадку мірнага характару іх правядзення — адсутнасці гвалту з боку ўладаў. Пры гэтым рэжым вызваляе палітычных зняволеных і спыняе рэпрэсіі, а Захад вяртае ў Мінск паслоў. 

Транзіт улады пасля 2025-га і да 2030 года, калі яму наканавана здарыцца, адкрые магчымасці паўнавартаснага палітычнага дыялогу для Беларусі з Захадам і зняцця ўсіх санкцый.

Зняцце эканамічных санкцый адносіцца да сферы супадзення інтарэсаў рэжыму і беларусаў. Гэта датычыцца адмены сектаральных санкцый, памежнай блакады, адкрыцця памежных пераходаў, допуску да партовай інфраструктуры краін Польшчы і Балтыі, дазволу на палёты «Белавія» ў Еўропу і абслугоўванне самалётаў.


Глядзіце таксама

Усе гэтыя крокі могуць быць рэалізаваныя не ў форме зняцця або адмены, а першапачаткова ў выглядзе прыпынення дзеяння і могуць ўвязвацца з канкрэтнымі мерамі ўладаў па вызваленні палітычных зняволеных і спыненні рэпрэсій.

Аднаўленне авіязносін, што найбольш рэалістычна ў якасці найбліжэйшага кампрамісу і запатрабавана грамадствам, будзе садзейнічаць пашырэнню чалавечых кантактаў паміж Беларуссю і Еўропай, пераадоленню інфармацыйнай і камунікацыйнай ізаляцыі. Гэта пазітыўна адаб'ецца на ўспрыманні еўрапейскай перспектывы беларусамі.

Прыпыненне дзеяння найбольш адчувальных эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі можа спрыяльна адбіцца на інтарэсах заходніх краін у сферы рэгіянальнай бяспекі. 

Санкцыі і ізаляцыя з боку Захаду прывялі да павелічэння эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі і, адпаведна, да павелічэння магчымасцей выкарыстання Расіяй Беларусі ў ваенных мэтах. Гэта выявілася, у прыватнасці, у выкарыстанні РФ беларускай тэрыторыі ў 2022-м для агрэсіі супраць Украіны. У дасанкцыйны перыяд такое было немагчымым.

Спыненне санкцыйнага ціску будзе спрыяць змяншэнню эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі і, адпаведна, ўплыву РФ на Беларусь.

Агульнай цікавасцю рэжыму, беларусаў і заходніх краін з'яўляецца таксама аднаўленне супрацоўніцтва ў міграцыйнай сферы. Відавочна, што менавіта такое супрацоўніцтва, а яно прадугледжвае вяртанне бакоў да выканання сваіх абавязацельстваў, прывядзе да вырашэння міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з краінамі ЕС больш хутка і эфектыўна, чым плот.

Месцы для дваіх

Перамовы з афіцыйным Мінскам не прадугледжваюць удзелу ў іх беларускіх дэмсіл, але не выключаюць кансультацый заходніх краін з імі.

У ідэале адна з заходніх краін бярэ на сябе каардынацыю і прадстаўніцтва пазіцыі Захаду. Найбольш прыдатным кандыдатам на гэтую ролю можа быць дзяржава, якая валодае вагой і чыё палітычнае кіраўніцтва мае досвед прамых кантактаў з Лукашэнкам. Гэтым крытэрыям адпавядаюць адразу некалькі краін, уключаючы ЗША, Германію і Францыю.

Каналы камунікацыі і трэкі могуць быць рознымі (палітычны і гуманітарны), але на беларускім баку яны павінны мець прамы канэкт з Аляксандрам Лукашэнкам. 

З пункту гледжання эфектыўнасці прасоўвання любых пытанняў па Беларусі, прамыя кантакты з Лукашэнкам, як паказвае досвед, аб'ектыўна больш пажаданыя за любыя іншыя апасродкаваныя фарматы камунікацыі. 


Глядзіце таксама

Каляндар міжнародных падзей да канца года дае некалькі добрых магчымасцей для правядзення прадметных кансультацый з высокімі прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска і, у прыватнасці, кіраўніком МЗС Беларусі. У ліку такіх мерапрыемстваў — чарговая сесія Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку напрыканцы верасня і саміт міністраў замежных спраў АБСЕ на Мальце ў снежні. 

Акрамя гэтага, у кастрычніку-лістападзе гэтага года ў Мінску пройдзе другая міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па еўразійскай бяспецы. Сам па сабе ўдзел у ёй гасцей з ЗША, Вялікабрытаніі і краін ЕС будзе ўжо рэверансам у бок беларускіх уладаў. Удзельнікамі першай канферэнцыі, якая прайшла ў мінулым годзе, былі, у прыватнасці міністр замежных спраў Венгрыі і былы генеральны сакратар АБСЕ.

Беларусь не варта спісваць з рахункаў. Краіна не перастала існаваць на мапе, не знікла ў Расіі. Лукашэнка захоўвае аўтаномію, хоць і залежны ад Крамля, але не настолькі, каб лічыць яго марыянеткай Пуціна. 

Калі з ім нічога не выходзіць зрабіць, значыць, трэба думаць, як можна ім скарыстацца ў сваіх інтарэсах. Напрыклад, у супрацьстаянні агрэсіі Расіі. Развагі на гэты конт прывядуць да высновы пра неабходнасць узмацніць незалежнасць Беларусі, што можна зрабіць, прыпыніўшы эканамічныя санкцыі. Калі звязаць гэтыя меры з крокамі рэжыму па вызваленні людзей і спыненні рэпрэсій, то можна дасягнуць дзвюх з трох мэт беларускага пратэсту 2020-га.

Беларускія ўлады першымі зрабілі той самы цяжкі першы крок, пачаўшы ініцыятыўна адпускаць палітычных зняволеных. Адказ Захаду можа моцна паўплываць на характар і змест наступных крокаў Мінска.