«З "палітычнымі" там не цырымоняцца». Гісторыя былога палітвязня, які прайшоў праз ШІЗА і ПКТ

Былы палітвязень 10 месяцаў правёў у ПКТ і штрафным ізалятары. Выйшаўшы на волю, ён расказаў праваабаронцам пра ўмовы ўтрымання ў калоніі і абыходжанне з палітычнымі зняволенымі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Праз бабруйскую калонію № 2 прайшлі дзясяткі палітвязняў, затрыманых пасля пратэстаў 2020 года. Як мінімум 69 асуджаных паводле палітычных матываў на гэты момант утрымліваюцца там. Былы палітвязень Алесь (сапраўднае імя і дадатковыя дэталі яго справы не раскрываюцца ў мэтах бяспекі) за ўвесь тэрмін у калоніі № 2 правёў у штрафным ізалятары (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) агулам каля дзесяці месяцаў. Паводле слоў былых палітвязняў, зняволенне ў ШІЗА бабруйскай калоніі часта ператвараецца ў выпрабаванне на выжыванне. Жудасныя ўмовы, холад, нізкі ўзровень медыцынскай дапамогі ды псіхалагічны ціск — толькі малая частка таго, з чым даводзіцца сутыкацца вязням. Пра свой досвед «Вясне» расказаў былы палітвязень Алесь.

«"Міжсезонка" — проста пекла»

Сам Алесь за ўвесь час зняволення ў ШІЗА правёў каля чатырох месяцаў сумарна і шэсць месяцаў з перапынкам у ПКТ. Як ён адзначае, адным са спосабаў ціску ў калоніі з'яўляецца доўгатэрміновае ўтрыманне ў ШІЗА з невялікімі перапынкамі, таму што па законе нельга было ўтрымліваць больш за 10 дзён у ШІЗА (цяпер павялічылі да 15 дзён). Агулам у бабруйскай калоніі каля 2 500 зняволеных. Паводле слоў Алеся, у ШІЗА звычайна адпраўляюць партыямі тры разы на тыдзень. У калоніі вызначана 23 камеры пад штрафны ізалятар, яшчэ 13 — памяшканне камернага тыпу. Большасць камер знаходзяцца ў падвале. Туды, кажа Алесь, адпраўляюць, у асноўным, палітычных асуджаных. Самае страшнае, паводле слоў былога палітвязня, апынуцца ў ШІЗА ў перыяд, калі адключаюць ці яшчэ не ўключаюць ацяпленне, — так званую «міжсезонку».

Мы з хлопцамі абмяркоўвалі, чаму суткі ў ШІЗА палітвязняў трапляюць менавіта на такія цяжкія перыяды або на вялікія святы. Што гэта не выпадкова.


Глядзіце таксама

«Камеры ШІЗА ўбогія — нібы з 18-га стагоддзя. Калі ўпершыню я туды трапіў, то не паверыў, што такое памяшканне існуе ў 21-м стагоддзі ў цывілізаваным свеце. Умовы жудасныя. Там заўсёды мокра і холадна. Праз гэта спаць па начах немагчыма, асабліва ў "міжсезонку". У гэты час ты рыхтуешся, што на сутках будуць бяссонныя ночы. Днём ужо таксама не паспіш, таму што ўсюды ўсталявалі відэакамеры. "Міжсезонка" — проста пекла. Непазбежна садзіш сваё здароўе, таму што там хварэюць усе: тэмпература, гемарой. Людзі не выходзяць адтуль здаровымі, таму што холадна і пастаянныя скразнякі. Выйсці з ШІЗА здаровым нерэальна».

«Кормяць, каб ты не памёр»

Алесь, працягваючы расказваць пра ўмовы ўтрымання ў ШІЗА, дадае:

«Акрамя гэтага, у ШІЗА і ПКТ не хапае вітамінаў і незбалансаванае харчаванне. Кормяць, каб ты не памёр. Ежа, у асноўным, складаецца з вугляводаў: кашы, макароны, хлеб. У абед даюць суп, які часцяком падобны больш да гарачай поліўкі з невялікай колькасцю інгрэдыентаў. І вельмі важна, што замест трох яек на тыдзень даюць толькі адно, і замест двух разоў масла на тыдзень — аніводнага. Неяк мы абмяркоўвалі з іншымі зняволенымі недахоп вітамінаў у зняволенні, гэта пачуў рэжымны супрацоўнік і здзівіўся: "Як не хапае вітамінаў — вам жа кампот з сухафруктаў даюць, там ёсць усе неабходныя вітаміны!


Глядзіце таксама

Некаторыя камеры нават без вокнаў, дзе няма вентыляцыі. Паводле ПУР, мусяць быць вокны ў камерах, куды павінна трапляць дзённае святло. Але я сядзеў у камерах ШІЗА, дзе няма святла, а толькі пыл, смурод і цвіль. Санвузлы ніколі не апрацоўваюцца, таму там стаіць дзікі смурод. За год, што я сядзеў у ШІЗА і ПКТ, ні разу не бачыў, каб хлоркай чысцілі прыбіральні, хоць я прасіў. Акрамя таго, бегаюць усялякія казуркі, прусакі, мышы і пацукі. Умовы створаныя такім чынам, што, нягледзячы на ўстойлівую псіхіку, яны ўсё роўна ціснуць. Акрамя гэтага, амаль заўсёды ў ШІЗА ў камеры я быў адзін. Сядзець месяцамі ў "адзіночцы" — гэта дадатковая нагрузка на псіхіку, якая цяпер негатыўна адбіваецца на маёй сацыялізацыі».

«Кончыкі шкарпэтак сохнуць амаль суткі»

«Ёсць магчымасць спаць на нарах, але з нюансам. Нары, у асноўным, драўляна-металічныя, а вось сядзенні ды стол шмат дзе сустракаюцца толькі металічныя. Хоць, паводле ПУР, усё гэта павінна быць драўляным. Пры гэтым, нары рабрыстыя з выпуклымі металічнымі перагародкамі. Мабыць, каб яны ўпіваліся ў ногі. Нагадаю, што матрацы ў ШІЗА не даюць. Раней на ноч выдавалі целагрэйкі, але цяпер іх адмянілі.

У камерах заўсёды вельмі холадна, таму спаць лепш каля батарэі. Хоць яны гарачыя, не даюць цяпло на камеру. Прывяду прыклад, каб зразумець сітуацыю. Калі сціраеш шкарпэткі, то вешаеш іх сушыцца на батарэю. Каб цалкам высахлі шкарпэткі на гарачых батарэях, патрэбныя суткі. Пры непасрэдным судакрананні шкарпэтак з батарэямі, у тым месцы яны высыхаюць хутка. Але кончыкі шкарпэтак, якія звісаюць, сохнуць амаль суткі. Я замяраў. Туды чамусьці не даходзіць ужо цяпло. Неяк раз я атрымаў апёк ад батарэі. Я заснуў каля яе і грэўся, нацягнуўшы рукавы на рукі, але, відаць, рука агалілася падчас сну і я прачнуўся з апёкам. Часам я абмотваў батарэі ручніком, каб не апячыся.

Сядзець на падлозе не забаронена, але адміністрацыя гэтага не дазваляе. Так, да мяне ў камеру прыйшоў супрацоўнік Сяргей Паціенка і сказаў: "Калі не ўстанеш, то будзеш яшчэ катацца па ШІЗА".


Глядзіце таксама

Пры гэтым яны самі не ведаюць сваіх правілаў. Паводле ПУР, супрацоўнікі павінны звяртацца да зняволенага па ўстаноўленай форме, але яны гэтага не выконваюць. Вельмі раздражняе іх пыха і ганарыстасць, калі яны звяртаюцца да цябе: "Гэй, ты!" Так яны звяртаюцца да людзей, якія старэйшыя за іх і больш адукаваныя. А з "палітычнымі" наогул не цырымоняцца — часцяком стаўленне пыхлівае ды грэблівае».

«Пасядзі на святы ў ШІЗА, а потым паедзеш на ПКТ»

Алесь згадвае, што чарговы раз у ШІЗА яго адправілі перад каталіцкімі Калядамі — на вялікія святы.

«Звычайна прыходзяць і кажуць: "Ты павінен паехаць у ШІЗА, пойдзем, будзеш пісаць тлумачальную". Пакуль гэта ўсё адбываецца, ёсць час сабраца ў ізалятар — узяць мыла, туалетную паперу і г. д. Але неяк да мяне прыйшлі і сказалі: "Пайшлі на пакаранне!" І павялі ў клетку на КПП. Гэта было а 8.30 раніцы — у самы разгар нармальнага сняданку, які рабілі сабе самі. Я ў гэты час зрабіў сабе бутэрброды, мяне пачаставалі шакаладам і хурмой. І вось мяне забіраюць у гэтую клетку — кшталту "стакан" у СІЗА — незразумела за што. Я думаў, што гэта нейкае непаразуменне і мяне вернуць: я ежу пакінуў на стале і ў лядоўні... Але не. Мне прапанавалі напісаць тлумачальную за парушэнне, якое сам прыдумаю. Я адмовіўся.

Мяне змясцілі а 8:30 у клетку, а начальнік калоніі Яўген Бубіч прыйшоў толькі ў абед. Ён сказаў мне: "Пасядзі на святы ў ШІЗА, а потым адразу паедзеш на ПКТ да канца свайго тэрміну на некалькі месяцаў". Я адмовіўся пісаць тлумачальную, але было цікава даведацца, за што мяне змясцілі ў ШІЗА. Так, да мяне аднойчы прыйшоў начальнік атрада і сказаў: "Напішаш тлумачальную — скажу, за што ты сядзіш". Звычайна супрацоўнікі дыктуюць, а тут я сам напісаў, дзе адзначыў, што віну не прызнаю. Але сказаў, што такая тлумачальная яго не задавальняе, і аж да апошняга дня выхаду майго з калоніі ніхто мне так і не сказаў пра нагоды, паводле якіх мяне закрылі».


Глядзіце таксама

Потым Алесю ўдалося высветліць у аднаго з супрацоўнікаў, што яго змясцілі ў ШІЗА праз размовы.

«Мне адзін з начальнікаў сказаў: "Ты распускаеш язык, таму што распускаеш язык па тых тэмах, якія ты не павінен тут тлумачыць. Ёсць навінавы фармат — калі ласка, у межах яго і кантактуйце. Паводле версіі Расіі, у іх "спецыяльная ваенная аперацыя" па ўважлівых прычынах — вось так і гаварыце. Чаму гэтыя прычыны непаважлівыя? За тое, што вы гэта абмяркоўваеце, і за свой доўгі язык ты і сядзіш».

«Даносчыкі проста паведамляюць супрацоўнікам факт зносін, а тэму могуць прыдумаць з паветра»

Алесь расказвае, што рапарты складаюць па надуманых прычынах. У калоніі існуе невялікі пастаянны спіс такіх прычын: неадпаведнасць вопісу ў тваёй сумцы, не павітаўся з супрацоўнікам калоніі, спаў, не прадставіўся, адмовіўся прыбіраць туалеты. Але, па сутнасці, у ШІЗА адпраўлялі за размовы з іншымі палітвязнямі або за размовы на забароненыя тэмы. Алесь расказвае, што ў калоніі «заўсёды нехта даносіць».


Глядзіце таксама

«Нават няважна, падслухоўваў ён ці проста ўбачыў, што "палітычныя" размаўляюць паміж сабой. Мы стараліся захоўваць бяспеку і размаўлялі ўдалечыні ад усіх. Даносчыкі проста паведамляюць супрацоўнікам факт зносін, а тэму могуць прыдумаць з паветра. Начальнік мне казаў часам: "Ты размаўляў на такую-та тэму". Але не было такога, Праверце свае крыніцы! Але ім усё роўна. Тэма — фармальнасць. У калоніі існаваў негалосны спіс забароненых тэм для размовы. Хоць яны наўпрост нідзе не называліся, але ўсе ведалі, што нельга гаварыць пра вайну ва Украіне, палітычны і эканамічны лад дзяржавы, асабліва крытыкаваць дзеючую ўладу. Калі ты загаварыў пра гэта, то будзь гатовы, што на цябе данясуць. Для супрацоўнікаў вызначальным у пытанні "Ці стаў зняволены на шлях выпраўлення?" з'яўляецца яго пазіцыя адносна дзеючай улады. Тут можна граць ролю і гаварыць тое, што яны хочуць пачуць. А можна не адказваць, але сядзець у ШІЗА».

«Ну, ты ж ведаеш, чаму ты тут сядзіш?..»

Праз камісію, якую Алесь называе «судзілішчам», ён праходзіў за ўвесь тэрмін зняволення больш за дзесяць разоў. Менавіта гэтая камісія прызначае тэрмін штрафнога ізалятара.

«Супрацоўнікі засядаюць у маленькім кабінеце, дзе знаходзяцца ШІЗА. У гэтай камісіі абавязкова прысутнічае або начальнік, або яго намеснікі. Часам зняволеных туды прыводзяць у кайданках, зашпіленых за спінай, як у мяне. І ты ўстаеш перад цэлым кансіліумам супрацоўнікаў, як перад сходам акцыянераў нейкіх. У гэтым маленькім пакойчыку можа сабрацца да 10 чалавек — і ўсе на цябе глядзяць, як быццам цяпер адбываецца нейкая важная падзея ці ты гаворыш нешта важнае! Але насамрэч гэта ўсяго толькі фармальнасць — і ўсе пра гэта ведаюць, але такі спектакль разыгрываюць.

Калі прыходзіш туды, то адразу называеш сябе, а потым цябе супрацоўнік прадстаўляе начальніку: "Гэта такі-та, злосна парушае рэжым, а цяпер у яго такое вось парушэнне!" Хоць усе ведаюць, што ніякага парушэння насамрэч не было. А потым начальнік цалкам сур'ёзна пытаецца: "А навошта ты парушаў? Навошта ты спаў? А чаму ты не прадставіўся?" Гэта такая дзіч! Ты гаворыш, што нічога такога не рабіў і наогул ведаеш ПУР, і тут як быццам ты іх раскусіў, пстрыкае камера, матор, і табе кажуць: "Ну, ты ж ведаеш, чаму ты тут сядзіш?.."»

«Усім "палітычным" на працы вызначалі месцы»

Алесь расказвае, што супрацоўнікі стараліся зрабіць так, каб палітвязні не размаўлялі паміж сабой:

«Неяк опер Юрый Калеснікаў нават паказваў распрацаваную ім схему, як "палітычных" разбіваць на групы, каб яны не маглі кантактаваць. На яго раздрукоўцы мы былі пазначаныя жоўтымі пазнакамі. Гэта яго асабістая распрацоўка. На працы, дзе мы рвалі гуму, мы знаходзіліся ў памяшканні са сталамі — каля 80 сталоў на двух паверхах.


Глядзіце таксама

За гэтымі сталамі працуюць зэкі. Памятаю, у 2021 годзе можна было стаць за які заўгодна стол і працаваць. А потым правілы змянілі: усім "палітычным" на працы вызначалі месцы аператыўныя супрацоўнікі. Калеснікаў на сваёй схеме паказваў, як праз яго распрацоўкі развальваюцца групкі палітвязняў і яны не маюць зносіны. Схема: падзяляй і ўладар. Калеснікаў наўпрост сказаў, што да "жоўтабірачнікаў", маючы на ўвазе толькі "палітычных", прадузятае стаўленне».

Цалкам аповед былога палітвязня можна прачытаць тут (можа спатрэбіцца VPN).