Хронікі рэпрэсій за 30 жніўня: масавы пераслед на дзяржпрадпрыемстве, затрыманне на мяжы
У Бярозе асудзілі чатырох затрыманых падчас «хапуна». У Оршы судзяць былога намесніка старшыні райвыканкама. На мяжы затрымалі дзяўчыну, якая праз некалькі гадоў паспрабавала вярнуцца ў Беларусь.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1387 дзён, Дзяніс — 1267.
***
Чацвярых жыхароў Бярозы асудзілі за ўдзел у пратэстах у 2020-м годзе. Гаворка ідзе пра Сяргея Скробата, Аляксандра Малькова, Ігара Шыманчыка і Сяргея Гоўшу, піша «Берасцейская Вясна».
Суд прайшоў 28 жніўня, але вынікі сталі вядомыя толькі цяпер.
Жыхароў Бярозы прызналі вінаватымі па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 Крымінальнага кодэкса). Праваабаронцы паведамляюць, што ўсе падсудныя прызналі сваю віну.
У выніку Ігару Шыманчыку прысудзілі 1 год калоніі, Сяргею Скробату — 1 год 6 месяцаў калоніі, Аляксандру Малькову — 2 гады калоніі , Сяргею Гоўшу — 2 гады калоніі, але канчаткова, з улікам нейкай папярэдняй судзімасці — 3 гады калоніі.
Паводле версіі абвінавачвання, усе чацвёра з 10 па 11 жніўня 2020 года знаходзіліся на вуліцы Леніна ў Бярозе, «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі бел-чырвона-белыя палотны, груба парушаючы грамадскі парадак, наўмысна перашкаджаючы руху транспартных сродкаў».
***
Працягваецца масавы пераслед супрацоўнікаў ААТ «Пеленг», піша «Вясна».
У ліпені праваабаронцы паведамлялі пра пераслед супрацоўнікаў ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне» і ААТ «Пеленг» — людзей правяралі на паліграфе, праглядалі іх тэлефоны, а таксама выклікалі на «размовы».
Паводле інфармацыі ад крыніц, пераслед на ААТ «Пеленг» працягваецца — вядома пра як мінімум 15 звольненых, супраць некаторых супрацоўнікаў распачалі крымінальныя справы. Людзей дагэтуль працягваюць выклікаць на «размовы».
«БелОМА» і «Пеленг» знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі. Аб'яднанне беларускіх сілавікоў «BELPOL» неаднаразова расказвала, як гэтыя прадпрыемствы абыходзяць санкцыі, а таксама зарабляюць на вайне ва Украіне, пастаўляючы Расіі вайсковыя камплектуючыя і дэталі.
***
Дзяўчыну, якая некалькі гадоў прабыла за мяжой, затрымалі пасля вяртання ў Беларусь — проста на мяжы.
Як паведамляюць праваабаронцы, на камеру дзяўчыну прымусілі расказаць пра тое, як ёй «было цяжка ў іншых краінах свету, па якіх яна вандравала, таму яна прыняла рашэнне вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, каб працягваць жыць, працаваць, развівацца і ствараць сям'ю на нашай беларускай зямлі».
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманая — Кацярына Быстракова.
***
У судзе Оршы разглядаюць адміністрацыйную справу за «непадпарадкаванне службовай асобе» (арт.24.3 КаАП) у дачыненні да былога намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргея Жалдзібаева, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».
У чым менавіта абвінавачваюць Жалдзібаева, невядома.
Цяпер мужчына ўзначальвае мясцовае дзяржпрадпрыемства — Аршанскі рэгіянальны цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і нерухомасці. Раней мужчына быў і дырэктарам ААТ «Оршасырзавод», і намеснікам старшыні Аршанскага райвыканкама, і намеснікам начальніка ўпраўлення ЖКГ Вітаблвыканкама.
***
Сілавікі затрымалі жыхара Полацка, якога раней судзілі за абразу Лукашэнкі. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медыязона».
На камеру мужчына кажа, што быў падпісаны ў «ВКонтакте» на паблікі, але не ведаў, што яны «экстрэмісцкія». Таксама мужчына кажа, што раней быў судзімы за «абразу Лукашэнкі».
Па якім артыкуле цяпер затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.
***
За «экстрэмізм» асудзілі байкера з Оршы, піша «Вясна».
У судзе Аршанскага раёна і Оршы 29 жніўня асудзілі байкера Віктара Майстрэнку паводле ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Справу разглядала суддзя Іна Кохава, паведамляе ТГ-канал «Віцебск, я гуляю». Вынік суда пакуль невядомы.
***
Сілавікі затрымалі гродзенца, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгу. Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, паведамляе «Медыязона».
На відэа мужчына кажа, што прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога» і са сваёй сям'ёй удзельнічаў у мітынгу ў Гродне. У «Тэлеграме» ён пісаў «негатыўныя водгукі» пра міліцыянтаў і «расійскіх вайскоўцаў у зоне СВА».
Таксама мужчына кажа, што раней быў судзімы «за разбой».
***
Барысаўскі суд на пачатку году ўнёс у «экстрэмісцкі спіс» верш Янкі Купалы «Хто ты гэткі?».
Праваабаронцы заўважылі, што ў «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» у студзені быў дадзены шэраг кампазіцый.
Так, «экстрэмісцкімі» сталі відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі». Нюанс у тым, што тэкст гэтай песні — верш класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы «Хто ты гэткі?». Ён быў упершыню апублікаваны 1 лютага 1908 года у газеце «Наша Ніва».
Таксама ў спіс дадалі:
- Тэкст песні «Не жадаю», яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора;
- тэкст песні «Лукашенко», яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора;
- тэкст песні «Уходи», яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора.
***
У Брэсцкім абласным судзе прайшоў працэс над Дзмітрыем Шлетгаўэрам, паведамляе «Вясна». Прысуд праваабаронцам невядомы.
Яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 арт.361-4 КК) і «шпіянажы» (арт.358 КК).
Шлетгаўэр — ураджэнец расійскага Слаўгарада, з 2018 года ў яго беларускі ВНЖ, паведамілі «Медыязоне» ў арганізацыі «BELPOL». Ён працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.
***
Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі Кацярыну Мендрык, Ксенію Суша, Іну Плахатнюк, Ігара Мельнікава і Леаніда Козыра.
Стала вядома пра заключэнне пад варту, асуджэнне да пазбаўлення волі Кацярыны Мендрык, Ксеніі Суша, Іны Плахатнюк і Ігара Мельнікава па абвінавачванні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» па арт.361-4 КК.
Леаніда Козыра — па абвінавачванні ў «фінансаванні беларускіх добраахвотнікаў» ва Узброеных сілах Украіны і гуманітарных ініцыятыў па ч.361-3 і арт. 361-2 КК.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 575 дзён, Максіма Знака — 569 дзён, Мікалая Статкевіча — 566 дзён, Ігара Лосіка — 557 дзён, Віктара Бабарыкі — 495 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 425 дзён, Уладзіміра Гундара — 388 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1376 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1461 чалавек. Сярод іх — 185 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.