Талібы забаранілі жанчынам гаварыць. Пакуль што — толькі на вуліцах

Паводле новых законаў, якія прынялі афганскія талібы, жанчыны не маюць права прамаўляць нешта па-за межамі дому, а таксама спяваць і чытаць уголас, нават знаходзячыся ва ўласным доме.

Талібы забаранілі жанчынам гаварыць на вуліцы. Фота: «Associated Press»

Талібы забаранілі жанчынам гаварыць на вуліцы. Фота: «Associated Press»

На мінулым тыдні талібы ў Афганістане прынялі новыя законы, якія, паводле іх слоў, накіраваныя «на заахвочванне цноты і выкараненне заганы». Сярод іншага, жанчынам цяпер забараняецца прамаўляць што-небудзь уголас на публіцы і паказваць твар па-за межамі дому.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый асудзіла новыя так званыя «абмежаванні заганы і цноты» і выказала занепакоенасць у сувязі з іх прыняццем.

У нядзелю высокапастаўлены прадстаўнік ААН папярэдзіў, што новыя законы даюць падставы трывожыцца за будучыню Афганістана, піша «Бі-бі-сі».

Закон быў зацверджаны Вярхоўным лідарам талібаў Хайбатулам Ахундзадам.

Міністэрства маральнасці — афіцыйна вядомае як Міністэрства заахвочвання цноты і прадухілення заганы — падкрэсліла, што ніхто ў краіне не вызваляецца ад дзеяння гэтых законаў.

Новы збор правілаў дазваляе «махтасабинам» (паліцыі нораваў «Талібана») умешвацца ў грамадскае жыццё афганцаў — пачынаючы з таго, што тыя носяць і ў якім выглядзе з'яўляюцца ў грамадскіх месцах і заканчваючы тым, што грамадзяне ядуць і п'юць.

Згодна з новым законам, жаночы голас таксама лічыцца «заганай», калі гучыць у грамадскіх месцах. Новыя абмежаванні абвяшчаюць: «Калі дарослая жанчына пакідае свой дом па неабходнасці, яна абавязаная хаваць свой голас, твар і цела».


Глядзіце таксама

Міністэрства ўжо прымяняе падобныя патрабаванні маралі, заснаваныя на законах шарыяту, і сцвярджае, што затрымала тысячы людзей за іх невыкананне. Паводле слоў талібаў, гэтыя правілы адпавядаюць іх тлумачэнню законаў шарыяту і павінны прымяняцца Міністэрствам маралі. Яны грунтуюцца на ўказе Вярхоўнага лідара талібаў ад 2022 года і цяпер афіцыйна апублікаваныя ў якасці закона.

У законе падрабязна гаворыцца пра тое, што жанчыны павінны цалкам закрываць сваё цела, уключаючы твар, «каб не ўводзіць мужчын у спакусу і распусту»:

  • Жанчына павінна цалкам закрываць сваё цела;
  • Жанчына павінна закрываць свой твар, каб не «выклікаць спакусу»;
  • Жаночы голас лічыцца «аўрат» і не павінен быць чутны на публіцы. (Арабскае слова «awrah» азначае часткі цела, якія павінны быць пакрытыя. Аўрат — гэта любая частка цела, як у мужчын, так і ў жанчын, якую не варта дэманстраваць на публіцы.);
  • Жанчыны таксама не павінны спяваць і чытаць уголас — каб іх не было чуваць на вуліцы, нават калі яны пры гэтым знаходзяцца ва ўласным доме;
  • Адзенне жанчын не павінна быць тонкім, кароткім або такім, што аблягае цела;
  • Жанчыны павінны хаваць сваё цела і твар ад мужчын, з якімі яны не звязаны крэўнымі або шлюбнымі сувязямі;
  • Мужчынам забаронена глядзець на цела і твар жанчыны і жанчынам таксама забаронена глядзець на мужчын.

Новыя абмежаванні для мужчын

Новыя законы аб маралі таксама накладаюць некаторыя абмежаванні на мужчын. Цяпер тыя абавязаны прыкрываць сваё цела ад пупка да каленяў, калі знаходзяцца па-за домам, паколькі гэтыя часткі цела лічацца «аўрат».

Мужчынам забаронена ўкладваць валасы ў прычоскі, якія не адпавядаюць шарыяту.


Глядзіце таксама

Талібы забаранілі цырульнікам у некалькіх правінцыях галіць або стрыгчы бароды, сцвярджаючы, што гэтая пастанова адпавядае шарыяту. Згодна з новымі правіламі, барада павінна быць даўжынёй у кулак. Закон аб маральнасці таксама забараняе мужчынам насіць гальштук.

Хто такія махтасабіны?

Махтасабіны адказваюць за захаванне гэтага закона і дзейнічаюць ва ўсіх правінцыях. Яны ж прыцягваюць парушальнікаў да суду.

З прыняццем новага закона іх паўнамоцтвы сталі яшчэ шырэйшымі, чым раней, тым больш што яны карыстаюцца поўнай падтрымкай лідара талібаў. Яны могуць забараняць жанчынам спяваць, могуць прымусіць выключыць музыку, якая грае дома, і патрабаваць ад мужчын пагаліцца або падстрыгчы валасы, калі тыя не выконваюць новыя нормы прычосак.


Глядзіце таксама

Згодна з законам, паліцыя нораваў таксама будзе мець права забараняць таксоўшчыкам падвозіць жанчын, якіх не суправаджае блізкі сваяк мужчынскага полу, напрыклад, бацька або дарослы брат, ці тых, якія не носяць хіджаб — у адпаведнасці з законамі шарыяту. Акрамя таго, мужчынам і жанчынам забаронена сядзець у машыне побач.

Забарона фатаграфаваць жывых істот

Новы закон таксама забараняе рабіць, захоўваць або публікаваць выявы жывых істот. Гэта можа азначаць, што пад забарону трапляюць нават малюнкі птушак, жывёл або выявы членаў сям'і.

Згодна з новым правілам, купля і продаж статуэтак жывых істот таксама забаронена.

Закон патрабуе ад паліцыі нораваў прадухіляць злоўжыванне магнітафонамі, радыёпрымачамі, а таксама прайграванне музыкі, якая лічыцца грахоўнай. Вытворчасць і прагляд малюнкаў і фільмаў з жывымі істотамі таксама забароненыя.

Але, насуперак новым правілам, амаль усе ўрадавыя чыноўнікі «Талібана» зняліся на камеру, уключаючы Мухамеда Халеда Ханафі, кіраўніка Міністэрства заахвочвання дабрачыннасці і прадухілення заганы.

Што пагражае парушальнікам?

Закон абвяшчае, што, калі чалавек адкрыта здзейсніць «заганны ўчынак», ён будзе падвергнуты шэрагу пакаранняў, пачынаючы ад «павучання і застрашвання боскай адплатай» і заканчваючы штрафам і змяшчэннем у дзяржаўную турму на тэрмін да трох дзён.

Прыняцце закона выклікала шмат крытыкі. Роза Атунбаева, кіраўніца місіі ААН па садзейнічанні Афганістану, заявіла: «Пасля дзесяцігоддзяў вайны і ў разгар жудаснага гуманітарнага крызісу афганскі народ заслугоўвае значна большага, чым пагрозы або турма, калі ён выпадкова спозніцца на малітву, паглядзіць на прадстаўніка супрацьлеглага полу, які не з'яўляецца членам сям'і, або будзе мець фотаздымак блізкага чалавека».


Глядзіце таксама

Новыя правілы яшчэ не цалкам уступілі ў сілу

Урад талібаў устанавіў тэакратычнае кіраванне і не збіраецца адступаць ад афіцыйнага выканання закона аб маральнасці, але ў некаторых частках краіны, уключаючы Кабул, закон не ўжываецца сістэматычна. Крыніца з Міністэрства маральнасці паведаміла «Бі-бі-сі», што ў ведамстве працуюць над рамачнай асновай для рэалізацыі новых палажэнняў.

Паводле слоў крыніцы, як толькі гэтая структура будзе дапрацавана, прымяненне закона будзе больш ясна рэгламентавана. Аднак большасць артыкулаў закона ўжо прымяняюцца на астатняй тэрыторыі краіны.

Міністэрства прапаганды цноты і прадухілення заганы — адзін з самых актыўных органаў кіравання ў Афганістане. Яно паведаміла, што за апошні год паліцыя нораваў часова затрымала больш за 13 000 чалавек за невыкананне нормаў шарыяту.