Спачатку яны забаранілі жаночую вышэйшую адукацыю, джынсы і рок-музыку. Цяпер чарга мовы
У Афганістане талібы пасля забароны жаночай вышэйшай адукацыі, джынсаў, рок-музыкі і алкаголю вырашылі заняцца мовамі. Зараз афганцам навязваецца мова пушту, а тых, хто гаворыць на дары або выкарыстоўвае т. зв. «персідызмы», пераследуюць.
Афганістан шматэтнічная краіна. Тут налічваецца каля 30 моваў. Хаця трэба прызнаць, што дакладныя даныя аб колькасці і складзе розных этналінгвістычных груп Афганістана недаступныя з прычыны таго, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў краіне не праводзяцца сістэматычныя перапісы насельніцтва.
Так ці інакш, Канстытуцыя 2004 года (яна была прынята пасля інтэрвенцыі войскаў заходніх краін) прызнае афіцыйнымі мовамі толькі фарсі (таксама «дары») і пушту. Паводле экспертаў, прыкладна палова краіны гаворыць на дары, і прыкладна столькі ж выкарыстоўваюць пушту. Пры гэтым пушту лічыцца мовай тытульнай нацыі, а дары — мовай нацыянальных меншасцяў
Існуе і такое паняцце як «трэцяя мова». У артыкуле 16 Канстытуцыі Афганістана 2004 года гаворыцца, што цюркскія мовы (узбекская і туркменская), белуджская, пашаі, нурыстанская і памірская з'яўляюцца трэцімі афіцыйнымі мовамі.
Такая сітуацыя існавала да жніўня 2021-га, калі ў Афганістане да ўлады прыйшла рэлігійна-вайсковая групоўка «Талібан». Пасля гэтага моўная палітыка Кабула радыкальна змянілася. Члены ісламскай групоўкі, у асноўным пуштунскай нацыянальнасці, пачалі навязваць афганцам пушту, адначасова пераследуючы тых суайчыннікаў, хто гаворыць на дары або выкарыстоўвае т.зв. «персідызмы».
Спачатку лідары Талібана распарадзіліся перавесці ўсе афіцыйныя дакументы з персідскага на пушту: «Цяпер забаронена выкарыстоўваць словы «замежнай мовы»» (маецца на ўвазе «персідская мова»), у тым ліку такія як danishgah ['універсітэт'], danishkada ['факультэт'] і г. д.». Гэтыя замежныя тэрміны і фразы аслабляюць нацыянальную культуру», — было сказана ў пастанове талібаў.
Затым прыйшла чарга сістэмы адукацыі. У нядаўна выдадзенай дырэктыве міністра вышэйшай адукацыі ўрада ў адрас выкладчыкаў катэгарычна ўказваецца: «Больш не выкарыстоўвайце персідскія словы дадгах («суд»), дадсітані («пракуратура») або данішо («студэнт»)».
У верасні 2023 года паведамлялася, што шыльды ўніверсітэтаў, размешчаных у населеных пунктах з персамоўным насельніцтвам, такіх як гарады Герат і Тахар або правінцыя Капіса, былі змененыя з персідскага на пушту.
Сёлета 12 лютага газета афганскай апазіцыі ў дыяспары надрукавала дакументы эмісара талібаў ва ўніверсітэце Тахара, правінцыі на поўначы краіны. Гэтая дырэктыва фармальна забараняе выкарыстанне выкладчыкамі персідскіх слоў падчас лекцый.
Адначасова пачаліся і рэпрэсіі паводле моўнага прынцыпу. У згаданай вышэй публікацыі таксама паведамляецца аб звальненні прынамсі 17 супрацоўнікаў універсітэтаў на той падставе, што іх роднай мовай не з'яўляецца пушту.
Усё гэта безумоўна спараджае незадаволенасць у часткі насельніцтва. Іранскія СМІ цытуюць іранамоўных афганцаў, якія лічаць сябе ахвярамі «сістэматычнай дыскрымінацыі персідскай мовы» і нават «дагматычнага антыперсідызму».
Навошта талібам усё гэта? Дзяржаўнае агенцтва «Afghanistan International» падзялілася меркаваннем Махамада Юнуса Рашыда, намесніка міністра інфармацыі і культуры Талібана. Чыноўнік кажа наступнае: «Афганістану не патрэбная персідская мова. Маладыя людзі павінны быць задаволены не мовамі, а вывучэннем дысцыплін, з дапамогай якіх мы зможам ствараць перадавую зброю для святой вайны».
У сваю чаргу эксперты пішуць, што нянавісць Талібана адносна фарсі або дары караніцца ў традыцыях мясцовага нацыяналізму. На працягу больш за 100 гадоў розныя ўрады Афганістана рабілі неаднаразовыя спробы адсунуць персідскую мову на карысць пушту.
Аднак пры гэтым пуштунская эліта ў сваім паўсядзённым жыцці актыўна знаёмілася з персідскай літаратурай і мовай. Талібан у значнай ступені знаходзіўся за межамі персідскай сферы культурнага ўплыву. Кіраўніцтва Талібана не ведае персідскай ісламскай літаратуры і не праяўляе павагі да таго ісламу, які вызнаецца персамоўнымі масамі ў Афганістане.
У гэтым плане перспектывы дары ў Афганістане неадназначныя. Самае незвычайнае, што талібы, пераследуючы дары, не праяўляюць такой нецярпімасці да выкарыстання слоў і выразаў з іншых замежных моў, у тым ліку англійскай — мовы ненавісных ім імперыялістаў.