Джыхад супраць жанчын. Як змянілася жыццё ў Афганістане пасля вяртання «Талібана» да ўлады?
У жніўні 2021 года войскі «Талібана» ўвайшлі ў Кабул і зноў усталявалі кантроль над краінай. Гэтым разам «"Талібан" абяцаў усталяваць больш мяккі рэжым у параўнанні з першым перыядам іх кіравання» з 1996 да 2001 года. Прынамсі, многім хацелася ў гэта верыць.
Аднак абяцанні не спраўдзіліся: «Талібан» усталяваў жорсткі
кантроль над паловай насельніцтва краіны — жанчынамі. За два гады ва ўладзе
новы ўрад абавязаў усіх жанчын насіць буркі — верхнюю вопратку, якая цалкам
закрывае цела і твар. Акрамя таго, жанчынам забаронена наведваць грамадскія
месцы, такія як паркі і спартзалы, а таксама хадзіць на заняткі ў школы і
ўніверсітэты.
На мінулым тыдні «Талібан» загадаў закрыць салоны прыгажосці па ўсёй краіне: цяпер у жанчын яшчэ менш магчымасцяў працаваць і праводзіць вольны час у зносінах адна з адной. ААН заявіла, што з прыходам «Талібана» да ўлады ўсе дасягненні ў сферы правоў жанчын за 20 гадоў амерыканскай інтэрвенцыі апынуліся марныя.
Чым другі тэрмін кіравання «Талібану» адрозніваецца ад першага? Чаму прыгнёт жанчын ляжыць у аснове ідэалогіі і палітыкі талібаў? Роберт Крус, гісторык Стэнфардскага ўніверсітэта і эксперт па Афганістане, адказвае на гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю «Новай газеце. Еўропа».
— «Талібан» часта ставяць у адзін шэраг з «Ісламскай
дзяржавай» і Паўночнай Карэяй праз ягоную радыкальна кансерватыўную палітыку.
Але што насамрэч уяўляе сабой гэты рух? Дзе ён знаходзіцца ў палітычным
спектры, як функцыянуе яго ўрад?
— Большасць разважных людзей крытыкуюць «Талібан» за шматлікія парушэнні правоў чалавека, зверствы ў дачыненні да мірных жыхароў, у тым ліку жанчын і маргіналізаваных груп. Так, гэта даволі прывабная ідэя — запісаць іх у лагер «ідэалагічных праціўнікаў». Але ўсё залежыць ад таго, хто займаецца гэтай класіфікацыяй. «Талібан» бліжэй да Саудаўскай Аравіі, чым да «Ісламскай дзяржавы» або Паўночнай Карэі. Гэта хутчэй палітычная структура, чыя вярхушка лічыць, што яны ператвараюць у жыццё закон Божы, або шарыят.
Асноўная ідэя талібаў завязана на ісламе. «Талібан» — структура, цэнтральную ролю ў якой адыгрываюць рэлігійныя дагматы. Але важна адзначыць, што ў «Талібану» асаблівае разуменне ісламскага закона і яго ўплыву на палітыку.
Талібы заяўляюць, што яны працягваюць справу прарока Мухамеда, пачатую ў VII стагоддзі, у эпоху ранняга ісламу. Яны лічаць гэты перыяд узорам для пабудовы свайго палітычнага рэжыму. Акрамя таго, на фарміраванне гэтага руху паўплывала халодная вайна, падчас якой на тэрыторыі Афганістана ішла вайна паміж СССР і ЗША.
«Талібан» шмат у чым натхняецца кірункам думкі, які ўзнік даволі позна: у 1980-х — 1990-х гадах. На талібаў паўплывала канцэпцыя сусветнага джыхаду, але вялікую ролю ў фарміраванні руху адыграла і асаблівая абстаноўка ў лагерах бежанцаў тых часоў.
«Талібан» — не толькі прадукт халоднай вайны. Яго ідэі развіваліся і дапаўняліся і ў апошнія 20 гадоў пад уплывам вайны супраць ЗША, вайны супраць амерыканскай гегемоніі. Цэнтральная ідэя талібскай ідэалогіі — жорсткі кантроль над жанчынамі і іх ладам жыцця. Я лічу, многае, што «Талібан» робіць цяпер, з'яўляецца адказам на палітыку ЗША ў рэгіёне.
Палітыка талібаў у адносінах да жанчын — свядомая спроба разбурыць тое, што ЗША, NATO і іншыя замежныя гульцы спрабавалі пабудаваць у краіне за 20 гадоў. Тое, што «Талібан» разумее пад кіраваннем дзяржавай, заўсёды разыходзілася з сусветнымі нормамі. Талібы ўпершыню прыйшлі да ўлады ў некаторых частках Афганістана ў 1994 годзе [падчас Грамадзянскай вайны]. Іх першым слоганам было: «З намі прыходзіць парадак». Гэта значыць шарыят і асаблівая ўвага да сферы правасуддзя.
Новы ўрад адбіраў зброю ў пэўных груп людзей, усталёўваў строгі паліцэйскі кантроль і надаваў асаблівую ўвагу прыватнаму жыццю грамадзян — паліцыя нораваў стала асновай грамадскага парадку ў краіне. Спачатку талібы пазбавіліся ад сваіх палітычных апанентаў, а затым стварылі судовую і заканадаўчую сістэму з асноўнай мэтай: усталяваць жорсткі кантроль над сямейнымі адносінамі, над паводзінамі жонак і жанчын у цэлым.
Для некаторых афганцаў такі курс цалкам прывабны. Уявіце: вы жылі пад уладай дыктатара, галоўная мэта якога — узбагаціць сваю сям'ю. Каб захаваць уладу, ён трымаў народ у страху. Ён мог выкрадаць жанчын і дзяцей для свайго задавальнення. І тут прыходзяць нейкія Робін Гуды з папулісцкімі лозунгамі, што цяпер усё будзе па справядлівасці.
З боку здаецца, што гэта даволі абмежаванае разуменне таго, як працуе ўрад. Але з пункту гледжання талібаў гэтага цалкам дастаткова. Закон Божы вырашае ўсё. Калі мы зможам усталяваць мараль у грамадстве, то і на рынак гэта паўплывае, думаюць яны. Напрыклад, ніхто не будзе спрабаваць цябе аблічыць, таму што ў краіне цяпер пануе мараль і справядлівасць.
— Які ўзровень падтрымкі «Талібана» ў народзе? Ці можам мы яго вымераць?
— Талібы кіруюць краінай пад пагрозай гвалту. З навуковага пункту гледжання цікава, што гвалт часта выстаўляецца напаказ, ператвараецца ледзь не ў тэатральнае прадстаўленне. Нядаўна я наткнуўся на такое відэа: па ўсім Кабуле раз'язджаў пад'ёмны кран, з якога звісалі чалавечыя целы.
Калі талібы былі ва ўладзе ў 1990-х гадах, яны ладзілі пакаранні пры гледачах прама на футбольным стадыёне ў Кабуле. Пакаранні на стадыёне ў Кабуле мелі сімвалічнае, тэатральнае значэнне. На Краснай плошчы, напрыклад, таксама ёсць лобнае месца, дзе праходзілі пакаранні. Так што ва ўсім гэтым ёсць нешта з Сярэднявечча.
Як я ўжо казаў, праўленне «Талібана» грунтуецца на страху. Але ў Афганістане ёсць людзі, якія па розных прычынах ухваляюць бачанне закона і парадку талібаў, іх жаданне быць на баку Бога. І яшчэ ёсць шмат людзей, якія моцна пацярпелі ад амерыканскай прысутнасці. Сіламі NATO былі забітыя дзясяткі тысяч афганцаў, так што ў краіне расло наймацнейшая незадаволенасць замежнай прысутнасцю. Ідэя, што афганскі нацыяналізм супрацьстаіць інтэрвентам, вельмі папулярная ў грамадстве, практычна ўсе падзяляюць гэты сантымент у той ці іншай ступені. Так што некаторыя бачаць у талібах герояў, якія выратавалі краіну ад злых амерыканцаў. Многія думаюць: «Калі я не здраджваю жонцы, не краду і прытрымліваюся іх маралі, то ўсё са мной будзе добра. Не такі ўжо «Талібан» і дрэнны».
Але ці ведаем мы, які адсотак грамадзян так думае? Не. Акрамя таго, тут ёсць і этнічны фактар: у большасці сваёй «Талібан» — гэта пуштунскі рух. Так што большасць іх прыхільнікаў — пуштуны (самы шматлікі этнас у Афганістане).
— У мінулым талібы былі ва ўладзе ў Афганістане з 1996 да 2001 год. У чым адрозненне паміж старым і новым «Талібанам»?
— Талібы моцна змяніліся. Яны падбудаваліся пад новыя абставіны, надаюць асаблівую ўвагу розным формам гвалту. Яны мадэрнізавалі свае войскі: цяпер у талібаў ёсць ваенная форма, танкі, верталёты. Некаторыя рэчы яны перанялі: напрыклад, раней сярод талібаў не было тэрарыстаў-смяротнікаў, яны ўзялі гэтую ідэю ў іракцаў.
Спачатку некаторыя верылі, што новы «Талібан» будзе мякчэй і гуманней, але я думаю, людзі проста хацелі ў гэта верыць. Талібы палепшылі метады зносін з народам, іх прапаганда стала больш дасканалай. Вось іх галоўная ідэя, якую яны паўтараюць рознымі спосабамі: «Мы за іслам, мы за афганскую нацыю, мы супраць замежнікаў».
Вобраз заваёўнікаў, каланізатараў, «чужых» гуляе на руку талібскай прапагандзе. У 1990-х «Талібан» абмяркоўваў, ці варта ім выкарыстоўваць сучасныя СМІ. У 1999-м у іх нават быў афіцыйны сайт, як гэта ні дзіўна. Ён праіснаваў нядоўга, але ў 2010 годзе зноў стаў даступны.
У гэтым заключаецца асаблівасць «Талібана». Многія талібы ў маладосці жылі ў Пакістане. Яны хадзілі там у школу, захапляліся камп'ютарамі. Глядзелі галівудскія фільмы. І цяпер яны здымаюць даволі прафесійныя відэа, у якіх спалучаюцца рысы галівудскага кінематографа і асноўныя ідэі «Талібана», напрыклад, пакутніцтва. Талібы вераць, што калі чалавек гіне ў барацьбе з амерыканцамі, то ён становіцца пакутнікам і яго цела пасля смерці не раскладаецца. Яны здымаюць пра гэта відэа, і ў іх ёсць нават нейкі гомаэратычны падтэкст: прыгожыя маладыя мужчыны ператвараюцца ў кветкі [пасля смерці].
— Адразу пасля прыходу да ўлады «Талібан» абяцаў усталяваць менш радыкальны рэжым. Але з тых часоў мы бачылі супярэчлівыя заявы аб правах жанчын у краіне. Нядаўна вярхоўны лідар «Талібана» сказаў, што ў краіне «быў адноўлены статус жанчын як свабодных і годных людзей». Што азначаюць падобныя заявы?
— Гэтым абяцанням вызваліць жанчын, на жаль, грош цана. Сусветная супольнасць спрабуе паўплываць на «Талібан» і яго палітыку ў дачыненні да жанчын, але нічога канкрэтнага за гэтым не стаіць. Усё, што мы бачым, — гэта заявы прадстаўнікоў ААН.
У канцы 1990-х інфраструктура краіны была практычна разбурана ў выніку грамадзянскай вайны. Тады паўстала пытанне: ці могуць жанчыны працаваць у бальніцах? Што наконт удоў? Ці можа ўдава працаваць на заводзе або ў пякарні? Талібы вырашылі, што не. І вось у 2021 годзе яны прыходзяць да ўлады ў грамадстве, дзе жанчыны працуюць у розных сферах эканомікі. Талібаў гэта не задаволіла, і яны зноў пачалі выключаць жанчын з публічнай сферы.
— Наколькі важную ролю адыгрывае прыгнёт жанчын у ідэалогіі «Талібана»? Калі сітуацыя з правамі жанчын палепшыцца, ці аслабіць гэта рэжым?
— Кантроль над жанчынамі — адна з палітычных і рэлігійных асноў «Талібана». Гэта стала асабліва прыкметна ў апошнія 20 гадоў: цяпер палітыка ў дачыненні да жанчын — гэта прамы адказ ідэалогіі ЗША і іх саюзнікаў. Так, у 1995 годзе «жаночае пытанне» таксама было важнае, але тады талібам трэба было перамагчы ў вайне і захапіць усю краіну.
А цяпер уявіце іх становішча ў 2021 годзе: талібы заходзяць у Кабул і бачаць грамадства, якое адпрэчыла іх галоўныя маральныя каштоўнасці. Так што статус жанчын стаў неаддзельны ад іх барацьбы з замежным уплывам, у прыватнасці, уплывам ЗША. Таму гэта не гендарнае пытанне ў вузкім сэнсе, гэта пытанне іх бачання будучыні краіны.
Мэтай амерыканцаў было змяніць статус афганскіх жанчын. Тое, што мы бачым цяпер, — гэта спроба «Талібана» пайсці насуперак ЗША.
— 20 гадоў таму адміністрацыя Джорджа Буша-малодшага выкарыстала правы жанчын як адну з падставаў для пачатку вайны ў Афганістане. Цяпер «Талібан» зноў ва ўладзе, правы жанчын у небяспецы, і многія пагодзяцца, што ваенная кампанія ЗША правалілася. Як гэта ўплывае на падыход міжнароднай супольнасці да ціску на іншыя дзяржавы ў імя маралі?
— ЗША выкарыстала праблемы жанчын, каб ліберальныя і прагрэсіўныя грамадзяне падтрымалі ўварванне ў Афганістан. Першымі, хто выказаўся па гэтай тэме, былі Лора Буш, жонка прэзідэнта ЗША, і Шэры Блэр, жонка прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тоні Блэра, праз пару дзён пасля 11 верасня. Іх заявы былі амаль ідэнтычныя.
З гістарычнага пункту гледжання гэта вельмі падобна на тое, што еўрапейскія каланізатары рабілі ў пачатку XIX стагоддзя. Яны прасоўвалі ідэю, што алжырцы не могуць кіраваць краінай самі з-за іх стаўлення да жанчын. Расійцы рабілі гэта ў Туркестане (у ходзе заваёў Цэнтральнай Азіі ў перыяд Расійскай імперыі). Гэта класічны еўрапейскі падыход — выкарыстоўваць гендарныя праблемы для апраўдання каланізацыі.
Так, гэта цынічны падыход, але гэта не значыць, што да роўнасці не трэба імкнуцца. Палітыкі павінны змагацца за правы жанчын. Але спрабаваць ўсталёўваць свае парадкі пад руляй пісталета — ідэя, асуджаная на правал. Аднак цяпер маятнік хітнуўся ў іншы бок, і ўсім стала наогул напляваць на жанчын.
— Як шматлікія парушэнні правоў чалавека з боку «Талібана» ўплываюць на становішча Афганістана ў свеце? Многія краіны працягваюць супрацоўнічаць з талібамі «за кулісамі», напрыклад Кітай, Расія, Іран і Турцыя.
— Калі «Талібан» быў ва ўладзе ў 1990-х, значна большая колькасць краін выказвалася супраць іх палітычнага курсу, асабліва іх гендэрнай палітыкі. Але цяпер многія суседнія краіны ў цэлым вырашылі не перашкаджаць талібам — пры гэтым не прызнаючы іх афіцыйна.
Ніводная дзяржава афіцыйна не прызнала талібскі рэжым. Нават Саудаўская Аравія, Пакістан і ААЭ вырашылі гэтага не рабіць, хоць яны прызнавалі першы ўрад «Талібана».
Але на практыцы справа ідзе па-іншаму. Расія, Узбекістан, Кыргызстан, Туркменістан — усе яны падтрымліваюць адносіны з Кабулам. Расійскія і кітайскія дыпламаты засталіся ў сваіх пасольствах. Пакістан і Індыя таксама ўсталёўваюць кантакты з новым урадам. Афганістан — важны саюзнік для ўсіх гэтых краін, так што яны не стануць рэзка выказвацца супраць «Талібана».
Талібскі ўрад дэ-факта быў прызнаны многімі краінамі. Нядрэнныя адносіны ўсталяваліся паміж «Талібанам» і Іранам, нягледзячы на рэдкія канфлікты на мяжы. Саудаўская Аравія не рабіла афіцыйных заяваў наконт «Талібана», але «за кулісамі» яна падтрымлівае новы рэжым.
Многія мае афганскія сябры вельмі збянтэжаныя гэтай сітуацыяй. Яны робяць што могуць, але на міжнародным узроўні нічога змяніць не атрымаецца, пакуль не ўзнікне глабальнага дыялогу: аднак ЗША пакуль не маюць жадання яго запускаць з такімі краінамі, як Расія і Іран. Ні ЗША, ні Расіі няма справы да афганскіх жанчын.
Талібы не сустракаюць ніякага ціску з боку міжнароднай супольнасці па шэрагу прычын. Суседнія краіны робяць выбар на карысць эканамічнага партнёрства [з «Талібанам»], бо гэта прыбыткова для іх.
Што тычыцца ЗША, нядаўна Джо Байдэн сказаў нешта накшталт гэтага: «Я ж казаў, што «Талібан» дапаможа нам супраць «Аль-Каіды». Гэтай заявай ён моцна раззлаваў афганцаў, якія выступаюць супраць талібаў. Гэта было падобна на прызнанне нейкага саюза паміж ЗША і «Талібанам». Магчыма, яны пагадзіліся разам супрацьстаяць сваім агульным ворагам — «Аль-Каідзе» і «Ісламскай дзяржаве» (у «Талібана» напружаныя адносіны з іншымі тэрарыстычнымі групамі, бо яны па-рознаму трактуюць дагматы ісламу).
Я чуў, што Вашынгтон больш не мае ніякіх надзей наконт Афганістана. Аднак ЗША гатовыя супрацоўнічаць з «Талібанам» у барацьбе супраць тэрарызму.
Афганцы складаюць значную долю бежанцаў, якія прыбываюць у Еўропу, аднак статыстыка паказвае, што з Афганістана ў асноўным з'язджаюць мужчыны. Некаторыя мяркуюць, што гэта звязана з дыскрымінацыяй унутры краіны: адпраўляць жанчыну такое небяспечнае падарожжа не лічыцца «прыбытковай справай», бо жанчыны, калі дабяруцца да Еўропы жывымі, хутчэй за ўсё, будуць атрымліваць там менш грошай, чым мужчыны.
— Як у Афганістане арганізаваны жаночы супраціў? Як жанчыны супрацьстаяць рэжыму з дня ў дзень?
— З самага пачатку жаночыя арганізацыі моцна паўплывалі на палітыку «Талібана». Талібы асцерагаліся адразу ўводзіць рэпрэсіўныя законы [у 2021 годзе]. Жанчыны выходзілі на вуліцы з плакатамі на розных мовах, удзельнічалі ў пратэстах, давалі свету ведаць пра сябе. Я лічу, гэта часова змякчыла гендарную палітыку «Талібана».
Акрамя таго, важна адзначыць, што жанчыны часта знаходзяцца ў падпольных арганізацыях. Яны ствараюць супольнасці ўзаемнай падтрымкі, падпольныя школы. Але, вядома, складана сказаць, наколькі гэта распаўсюджаная з'ява.
Такіх падпольных школ было шмат у часы першага ўрада «Талібана». Цяпер у жанчын больш вопыту іх арганізацыі. Але наўрад ці гэтага дастаткова, каб замяніць школьную адукацыю для ўсіх дзяўчынак і дзяўчат.
Я часта чую пытанне: «Дзе ж мужчыны? Чаму яны не пратэстуюць?». Ёсць невялікая група супраціву ў раёне Панджэрскай цясніны. Прыхільнікі гэтага руху прапагандуюць яго як значную ваенную сілу, у якой ёсць шанцы на поспех. Але, на жаль, за два гады яны мала чаго дасягнулі.
У жанчын засталося зусім мала варыянтаў. Першы — гэта з'ехаць з краіны, што неверагодна складана. Куды яны могуць з'ехаць? Другі — прыстасоўвацца і выжываць, што таксама становіцца ўсё больш складана. У жанчын няма спосабу змяніць сістэму знутры, бо іх адхіляюць ад любых дзяржаўных пасад, ад любых заняткаў, дзе яны маюць хоць нейкі голас.
Усё гэта вельмі сумна. Афганскае грамадства вельмі
маладое. У многіх маладых людзей адабралі будучыню. Расце колькасць
самагубстваў, асабліва сярод дзяўчат і дзяўчынак. Яны проста губляюць надзею.