Афганістан: жанчыны пратэстуюць супраць талібаў
«Я хацела б, каб увесь свет ведаў, што адбылося», — гаворыць адна з тых нешматлікіх жанчын, якія наважыліся на пратэст супраць талібаў у Кабуле.
«Маё жыццё не будзе мець ніякай каштоўнасці, калі я проста затрымаюся ў сваім доме. Тут гэта горш, чым быць забітай», — расказвае тэлеканалу «Euronews» адна з нешматлікіх удзельніц мітынгу ў падтрымку правоў жанчын у Кабуле.
Калі 15 жніўня 2021 года талібы ўзялі пад кантроль сталіцу Афганістана, яны заявілі, што «вайна скончылася». Але для гэтых жанчын яна толькі пачалася.
У мінулым талібы ўжо былі ва ўладзе ў Афганістане. Яны ўстанавілі ў краіне жорсткія ісламскія законы, якія забаранялі жанчынам удзел у грамадскім жыцці краіны. Многія з цяперашніх пратэстуючых жанчын на ўласным досведзе ведаюць, што пастаўлена на карту, і ў іх ёсць пасланне новым кіраўнікам.
«Мы не тыя жанчыны, што былі дваццаць гадоў таму. У мяне ёсць свае мары, і я хачу дзеля іх працаваць. Талібы ж робяць амаль усе супраць жанчын. Я жанчына, я дзяўчына, і я не жадаю, каб мяне кантралявалі, я не хачу закрываць твар, гэта мая асоба», — працягнула ўдзельніца мітынгу.
«Я хацела быць прэзідэнткай Афганістана»
На працягу апошніх 20 гадоў жанчыны адыгрывалі значную ролю ў будаўніцтве новага Афганістана. Чальцы судовай сістэмы, работніцы сацыяльнага і дзяржаўнага сектара, мастачкі.... Вяртанне талібаў прынесла з сабой жорсткія абмежаванні.
«Я ставіла сабе на мэце аднойчы стаць прэзідэнткай Афганістана або віцэ-прэзідэнткай. У Афганістане мы павінны выключыць гендарны аспект. Такая была мая ідэя. Але, на жаль, мае надзеі і мэты ператварыліся ў пыл», — расказала Мона (імя змененае).
Жанчына пазнаёміла журналістаў з групай сябровак у Кабуле неўзабаве пасля таго, як уладу захапілі талібы. Яны пагадзіліся з намі пагаварыць на ўмовах ананімнасці.
«З той ночы мы не маглі спаць, таму што нам пастаянна тэлефанавалі: "Вы працавалі з замежнай дзяржавай, вы працавалі з няўрадавымі арганізацыямі. Яны шукаюць жанчын, якія супрацоўнічаюць з НДА, таму вы павінны спаліць свае дакументы», — расказала адна з сябровак Моны.
«Мы проста аднеслі ўсе дакументы ў ванны пакой, прамылі іх, а потым спалілі. Мы жывём у кватэры, і калі б мы проста спалілі іх, усе б зразумелі, што мы нешта спальваем», — дадала яна.
Паводле яе слоў, атмасфера ў Кабуле стала значна больш напружанай, таму што ў горадзе пачасціліся выпадкі даносаў на жанчын, якія не падпарадкоўваюцца новым правілам талібаў: «Мы з падазрэннем ставімся да суседзяў, таму што зараз мы нікому не можам давяраць».
«Сваякі нам не рады»
Да прыходу да ўлады талібаў многія з гэтых жанчын мелі паспяховыя кар'еры. «Я была пракуроркай і штодня займалася тым, што вывучала справы. Жанчыны прывыклі да мяне звяртацца, і я старалася вырашаць іх праблемы», — распавяла іншая жанчына, якая таксама пажадала застацца ананімнай.
Яна — адна з соцень прадстаўніц судовай сістэмы Афганістана. Паводле яе слоў, жанчыны, у якіх была кар'ера ў правасуддзі, сталі асабліва каштоўным мішэнямі, паколькі на іх палююць былыя падазраваныя, якіх яны калісьці судзілі.
Многія з гэтых асуджаных былі членамі руху «Талібан» і былі вызваленыя гэтай групоўкай у жніўні мінулага года.
«Гэта мой абавязак. Паводле законаў Афганістана гэтыя людзі былі злачынцамі, паводле законаў Афганістана я разглядала іх справы. Але сёння ўрад захоплены, і нічога не засталося. А мы — абвінавачаныя, і цяпер мы (тыя, хто) сутыкаецца з пагрозамі», — сказала жанчына.
«Я прадала частку сваёй хатняй гаспадаркі, астатняе раздала і цяпер пераязджаю з месца на месца. Я прыходжу і ў дамы сваіх сваякоў, але яны не рады прымаць мяне ў сябе. Нават маім блізкім сябрам гэта не падабаецца, таму што існуе пагроза і яны не хочуць, каб у іх сем'яў былі праз мяне непрыемнасці», — працягнула яна.
«Я хацела, каб увесь свет даведаўся, што адбылося»
Калі талібы былі ва ўладзе ў Афганістане ў 1990-я гады, жанчыны практычна не мелі правоў: яны не маглі працаваць, вучыцца і выходзіць з дому без сваяка-мужчыны. Нягледзячы на абяцанні, што гэтым разам усё будзе па-іншаму, талібы, якія захапілі ўладу ў краіне, ледзь не ў першую чаргу зафарбавалі выявы жаночых асоб на рэкламных плакатах і вітрынах крамаў.
Яны таксама забаранілі жанчынам з'яўляцца на тэлебачанні. Тэлевядучым і рэпарцёрам загадалі закрыць твары. Сігнал быў ясным: нават выгляд жанчыны быў для іх абразлівым. І гэта аказалася толькі пачаткам.
Жанчын, якія ўпарта выходзілі на вуліцы ў першыя некалькі месяцаў кіравання талібаў, у рэшце рэшт, прымусілі замаўчаць. Сярод іх была фатографка. Назавём яе Мэры.
«Яны ўдарылі мяне прыкладам па тыльным баку рукі. Тэлефон упаў, і я хацела яго падняць, але талібы загадалі мне гэтага не рабіць і сысці. Я здымала на гэты тэлефон дэманстрацыі і не хацела губляць адзняты матэрыял. Я хацела, каб увесь свет убачыў, што адбылося», — пачала свой расповед Мэры.
«Я нагнулася і схапіла тэлефон, тады яны двойчы ўдарылі мяне па руцэ жалезным прутом».
У той дзень Мэры не затрымалі, але сяброўкі, з якімі яна была, аказаліся ў небяспецы. Жанчыны кажуць, што страх і фізічны боль не ідуць ні ў якое параўнанне з тым уплывам, якое аказаў прыход талібаў на цэлае пакаленне дзяўчынак, пазбаўленых на працягу апошняга года магчымасці атрымліваць адукацыю.
У кастрычніку мінулага года заняткі ў школе дазволілі толькі хлопчыкам і дзяўчынкам малодшага ўзросту. Праз некалькі месяцаў абвясцілі, што дзяўчынкі змогуць вярнуцца ў сярэднюю школу ў сакавіку гэтага года, але ўжо праз некалькі гадзін іх адправілі дадому.
Неўзабаве пачалі знікаць актывісткі. Тамана Зарабі Пар'яні, Парвана Ібрагімхел, Захра Махамадзі і Мурсал Аяр былі выкрадзеныя людзьмі, якія сцвярджалі, што яны члены руху «Талібан». Групоўка адмаўляла іх затрыманне, і праз месяц жанчын нарэшце адпусцілі.
Пытанні без адказаў
Хто вінаваты ў тым, што адбылося з 15 мільёнамі жанчын у Афганістане? У многіх жанчын засталося шмат пытанняў да палітыкаў і міжнароднай супольнасці.
«Паглядзіце, што ўрад з намі зрабіў. Нас проста кінулі. Мы працавалі на ўрад больш за 10 гадоў, каб пабудаваць гэтую краіну. А цяпер мы страцілі ўсё», — кажа сяброўка Моны, афганская абаронца правоў жанчын, якая пажадала застацца ананімнай.
«Што далі перамовы? Што здарылася з усімі грашыма, якія дайшлі да Афганістана? Як сусветная звышдзяржава, Злучаныя Штаты, інвеставаўшы ў Афганістан, затым здала ўладу некалькім талібам-матацыклістам, якія аказаліся мацнейшымі за бамбавікі B-52?» — працягнула былая супрацоўніца судовай сістэмы краіны, якая праз палітыку талібаў аказалася без працы.
«Сёння ў Амерыцы прызначаная ўзнагарода ў 5-10 мільёнаў долараў за галовы лідараў "Аль-Каіды". Калі іх хто-небудзь знойдзе. Хіба вы не ведаеце, што яны ў Афганістане? Прыходзьце і забірайце іх бясплатна», — працягнула яна.
Чалавечнасць павінна аб'ядноўваць людзей
Для Набілы цяперашні крызіс — гэта магчымасць для ўсёй краіны задумацца пра ўласныя памылкі. Паводле яе слоў, галоўныя вінаватыя таго, што адбываецца, — «мы, народ Афганістана». «Мы маўчалі, калі бачылі, як у краіне квітнее карупцыя, маўчалі, калі быў здзейснены напад на Кабульскі універсітэт. Можа, гэта таму, што мы не пакінулі ўбаку рэлігійныя забабоны», — сказала Набіла.
«Але я думаю, я ўпэўненая, што наша цяперашняе пакаленне прыходзіць да разумення таго, што этнічная прыналежнасць — гэта адно, а рэлігія — іншае. Чалавечнасць і нацыянальная самасвядомасць — вось што павінна аб'ядноўваць людзей. Я шчаслівая, што належу да пакалення, якое гэта ўсведамляе і думае менавіта так», — гаворыць яна.