Тэрарыст-смяротнік узарваў бомбу ў мячэці Кабула. Больш за 20 чалавек загінулі
Верагодна, тэракт быў здзейснены «Ісламскай дзяржавай», але адказнасць на сябе пакуль ніхто не ўзяў.
У перапоўненай мячэці Абу Бакр аль-Сідзік ў Кабуле ўчора падчас вячэрняй малітвы адбыўся магутны выбух. 21 чалавек загінуў, яшчэ каля 40 чалавек атрымалі раненні, сярод іх ёсць дзеці. Загінуў таксама імам мячэці Амір Мухамад Кабулі.
Паводле заявы афганскай паліцыі, выбух адбыўся ў сталічным раёне Хайрхана і ажыццёўлены быў тэрарыстам-смяротнікам. Выбуховая хваля была настолькі моцнай, што было чуваць ва ўсім паўночным Кабуле і ва ўсіх будынках вакол мячэці выбіла вокны.
Пакуль незразумела, хто стаіць за гэтым нападам. Аднак усяго тыдзень таму баевікі «Ісламскай дзяржавы» ўзарвалі ў Кабуле святара Рахімулу Хакані, які падтрымліваў «Талібан», і яго брата.
На сённяшні дзень ІД — галоўны вораг талібаў, якія захапілі летась кантроль над Афганістанам. Цяпер абедзве групоўкі ваююць не на жыццё, а на смерць.
«Я бачыў вельмі шмат загінулых, людзей нават выкідвала з вокнаў мячэці», — сказаў агенцтву «Reuter» адзін з відавочцаў.
Стэфана Саца, кіраўнік няўрадавай арганізацыі па аказанні неадкладнай дапамогі, якая кіруе галоўнай гарадской бальніцай, расказаў «Бі-бі-сі», што яго супрацоўнікі аказалі дапамогу 35 людзям, уключаючы дзяцей.
«Нашы лекары... усю ноч аперавалі людзей, якія маюць патрэбу ў хірургічнай дапамозе. Пашкоджанні ў асноўным былі звязаны з выбухам, таму ўнутры целаў былі аскепкі, а звонку — апёкі», — сказаў Саца.