178-мы дзень вайны ва Украіне: начныя ўдары па ўкраінскіх гарадах, «сюрпрызы» для Крыма і Мелітопаля
Сабралі для вас навіны з франтоў Украіны. Расія перайшла ў масіраванае наступленне, баі ідуць на трох кірунках.
Генштаб УСУ паведамляе пра ўзмацненне інтэнсіўнасці баёў на Аўдзееўскім, Бахмуцкім, Славянскім і Краматорскім кірунках. Страляюць з танкаў, ствольнай артылерыі і РСЗА. Самыя «гарачыя» кропкі зараз — Аўдзееўка, Мар'інка, Пяскі, Бахмут.
Адначасова з гэтым працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Гэтай ноччу «прыляцела» па Мікалаеве: стралялі мінімум дзесяццю ракетамі С-300, папярэдне — без ахвяр.
Быў абстраляны Харкаў і яго прыгарад, ракеты трапілі па аб'ектах крытычнай інфраструктуры, але таксама абышлося без ахвяр.
Чатыры разы за ноч з «Градаў» і «Ураганаў» расійцы абстрэльвалі Нікапаль і Крывы Рог. Пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы, лініі электраперадачы, газаправод. Людзі цэлыя.
Як паведамляе мэр акупаванага Мелітопаля Іван Фёдараў, Узброеныя сілы Украіны нанеслі ўдар па вайской базе расійцаў у раёне аэрадрома, якую тыя спрабавалі аднавіць пасля папярэдняга «прылёту». Моцныя выбухі, піша Фёдараў, чуў увесь горад.
Каля 8-й гадзіны раніцы выбух прагрымеў у акупаваным Крыме: слуп дыму падняўся над севастопальскім штабам Чарнаморскага флоту — туды нібыта трапіў дрон, які «не атрымалася збіць».
У Чорным моры на дадзены момант знаходзяцца два носьбіты крылатых ракет «Калібр», агульны залп якіх складае 16 удараў, у Азоўскім моры — чатыры караблі і кацеры, у Міжземным — пяць носьбітаў «Калібраў».
Паводле unian.net