Беларусь-2022: місія — выжыць

Не кажы тое, што думаеш. Фільтруй размовы з незнаёмцамі. Чысці стужку ад «небяспечных» рэпостаў. Не гавары ў грамадскіх месцах па-беларуску.

svaboda_slova_belarus.png

Гэта тое, што дапамагае выжыць у сучаснай Беларусі, ці тое, што забівае?
Нядаўна мая сяброўка-мастачка падзялілася: «Крыўдна, што мусіш не проста займацца творчасцю, а думаць, як бы табе ёй займацца, каб не было наступстваў…»
Выконваючы замовы, яна сутыкнулася з просьбамі не выкарыстоўваць у працы спалучэнні вядомых колераў, а калі падумала аб арганізацыі выставы, даведалася, што цэнзура не абмяжоўваецца мастацкай радай, а даходзіць да таго, што сацсеткі мастака правяраюць на «добранадзейнасць» супрацоўнікі КДБ.
Цяпер тым, хто застаўся на Радзіме, трэба думаць не толькі пра самавыяўленне «без наступстваў». А яшчэ і пра тое, як хадзіць, дыхаць, размаўляць, жыць, каб гэтых «наступстваў» не было.
Насамрэч, падобная «стратэгія выжывання» вядзе не да выжывання, а акурат наадварот. Вядома, гаворка ідзе не пра фізічную смерць. Але што застанецца ад чалавека, якога пазбаўляюць яго існасці, прымушаюць адмовіцца ад самога сябе? І ці зможа ён пачувацца пасля гэтага жывым?
Калі пачынаеш думаць пра «наступствы» — і творчасць, і жыццё фактычна заканчваюцца. Бо ты — ужо не ты, твая воля падпарадкаваная камусьці чужому. Ці гэта не ёсць рабства, ад якога мы так прагна імкнемся пазбавіцца цягам апошніх некалькіх соцень гадоў? І як працягваць жыць, хаваючы сякеру пад лавай і не дазваляючы сабе ўспрымаць навакольную рэчаіснасць як нармальную? Гэтак можна і з глузду з'ехаць. Ну, ці за мяжу.
У мяне пакуль няма іншых адказаў для тых, хто застаецца, апроч старых правераных спосабаў: пражываць (а не праісноўваць) кожны дзень, ствараць, рабіць тое, што можаш, каб паляпшаць гэты свет. І не здраджваць сабе, людзям побач ды сваім каштоўнасцям. На астатняе ты паўплываць не можаш.
Але ёсць і добрыя навіны. Гісторыя павольна, але няўхільна робіць сваю справу. У нябеснай канцылярыі не прападзе ніводная капейка з кошту, які мы заплацілі і працягваем плаціць за сваю свабоду і перакананні. І гэта акурат тое, што сапраўды надае моцы, каб працягваць жыць на гэтай зямлі.