У Афганістане жанчыны адкрываюць сваю бібліятэку — каб супрацьстаяць ізаляцыі і ціску талібаў

Талібы ўсё больш адразаюць жанчын ад публічнай прасторы, і насуперак гэтаму ціску жанчыны вырашылі адкрыць сваю бібліятэку ў Кабуле, каб мець месца, дзе можна збірацца.

На адкрыцці жаночай бібліятэкі ў Кабуле. Фота: «Reuters»

На адкрыцці жаночай бібліятэкі ў Кабуле. Фота: «Reuters»


Актывісткі руху за правы афганскіх жанчын адкрылі ў сераду бібліятэку ў Кабуле, спадзеючыся стварыць бяспечную прастору для жанчын, якія ўсё больш прадвяргаюцца пераследу пры «Талібане».
Пасля захопу ўлады ў Афганістане год таму талібы заявілі, што жанчыны не павінны выходзіць з дому без сваяка мужчынскага полу і мусяць закрываць твар, хоць некаторыя жанчыны ў гарадскіх цэнтрах ігнаруюць гэтае правіла.
Многія сярэднія школы для дзяўчынак па-ранейшаму не працуюць, бо талібы адмовіліся ад абяцанняў адкрыць іх у сакавіку.
«Мы адкрылі бібліятэку з двума мэтамі: па-першае, для тых дзяўчынак, якія не могуць хадзіць у школу, і, па-другое, для тых жанчын, якія страцілі працу і якім няма чаго рабіць», — сказала Жулія Парсі, адна з заснавальніц бібліятэкі.
Прадстаўнік руху «Талібан» не адказаў на запыт агенцтва «Reuters» наконт каментара.
У бібліятэцы налічваецца больш за 1000 кніг, у тым ліку раманы і кніжкі з малюнкамі, а таксама навукова-папулярныя выданні па палітыцы, эканоміцы і розных навуках. Кнігі былі ў асноўным ахвяраваныя настаўнікамі, паэтамі і пісьменнікамі фонду Крыстал Баят — афганскай жаночай праваабарончай арганізацыі, якая дапамагла стварыць бібліятэку.

На адкрыцці жаночай бібліятэкі ў Кабуле. Фота: «Reuters»

На адкрыцці жаночай бібліятэкі ў Кабуле. Фота: «Reuters»


Некалькі жаночых актывістак, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў апошнія месяцы, таксама дапамаглі стварыць бібліятэку ў гандлёвым цэнтры, дзе ёсць некалькі крам, якія абслугоўваюць жанчын.
Паводле даных міжнародных агенцтваў развіцця, большасць афганскіх дзяўчынак-падлеткаў на дадзены не маюць доступу да навучання, а тысячы жанчын былі выкінутыя з працы праз абмежаванні, уведзеныя талібамі, і эканамічны крызіс у Афганістане.
Талібы заяўляюць, што яны паважаюць правы жанчын у адпаведнасці са сваёй інтэрпрэтацыяй ісламскага права і што з сакавіка яны працуюць над тым, каб адкрыць сярэднія школы для дзяўчынак.


Многія афганскія жанчыны выказалі расчараванне і заклікалі кіраўніцтва руху «Талібан» паважаць іх правы.
«Яны не могуць выкрасліць нас з грамадства. Калі яны выкрасляць нас з адной галіны, мы працягнём у іншых», — заявіла на адкрыцці бібліятэкі Махджуба Хабіба, абаронца правоў жанчын.