«Панове, паднапружцеся...»
Фэмінізм перажывае не лепшыя свае часы. На Эўропу насоўваецца дэмаграфічная праблема, і таму ўсё часьцей гучаць ідэі вяртаньня кабет на кухні і ў радзільні. Ці ёсьць выйсьце з гэтай сытуацыі — такое, каб правы жанчын не пацярпелі?
Француская філёзафка і фэміністка Элізабэт Бадэнтэр, якая сёлета ў сакавіку адзначыла свае 80-годзьдзе, працягвае аналізаваць сьвет і апісваць як шматлікія перамогі, так і пэўныя паразы фэмінізму ў сваім новым эсе «Панове, паднапружцеся...», якое зьявілася ў выдавецтве «Flammarion».
У Эўропе ды заходнім сьвеце наагул паступовыя перамогі фэмінізму навідавоку: кантроль свайго цела і сэксуальнасьці з дапамогай пілюляў і абортаў, а таксама доступ да навучаньня і эканамічная незалежнасьць дазволілі жанчынам амаль роўна заявіць пра сябе ў грамадзкім жыцьці, хаця пра роўнасьць размова ня йдзе. Сёньня ў эканамічнай, працоўнай сфэрах вядуцца асноўныя фэмінісцкія баі за роўнасьць. А таксама ўсё яшчэ на плячах кабет застаецца абавязак мацярынства («быць маці сёньня — складана, як ніколі», на думку Бадэнтэр), догляду, выхаваньня дзяцей ды побытавая тыранія.
Пры гэтым заходні сьвет сутыкаецца з праблемай старэньня, дэмаграфічнай ямы, дэпапуляцыі (для аднаўленьня насельніцтва патрэбна 2,1 дзіцяці на адну жанчыну, але ў Францыі, як пазначае Бадэнтэр, паказьнік — 1,5. Калі нічога не рабіць, колькасьць насельніцтва Эўропы рызыкуе зьменшыцца з 744 мільёнаў жыхароў да 703 мільёнаў у 2050 годзе). Адсюль вынікае і такая праблема, як нястача працоўных рук ужо сёньня і асабліва ў будучыні, а таму зноў і зноў ставяцца пад сумневы многія заваёвы фэмінізму, кабет зноў хочуць вярнуць на кухню, у нараджальныя аддзяленьні і дзіцячыя пакоі. Але заходнія кабеты супрацьстаяць і страйкуюць жыватамі, выбіраючы кар’еру, кантралюючы, калі і колькі дзяцей ім нараджаць ці не нараджаць зусім. Калі раней страйк жыватоў быў хіба ўтопіяй ці страхам кансэрватараў, то цяпер, дзякуючы дзесяцігоддзям палітычнага фэмінізму, зьява стала рэальнасьцю.
Зрэшты, сучасная Эўропа зьведвае ўнівэрсалізацыю фэмінізму: гэта тычыцца ня толькі кабетаў, як лічылася раней, а ўсіх. Фэмінізм, такім парадкам, зьвязвае адным вузлом і мужчынаў, і жанчын. Выйсьце з дэмаграфічнага тупіку ёсьць: на думку Элізабэт Бадэнтэр, ня трэба палохаць кабет кансэрватызмам і пагражаць ім вяртаньнем на кухню і ў дзіцячыя пакоі, ня трэба зьвязваць у адзінае жаноцкасьць і мацярынства, варта пакінуць за кабетамі выбар кар’еры і мацярынства. Цяпер, як ні парадаксальна, дэмаграфічная будучыня Эўропы і разьвіцьцё фэмінізму залежаць таксама і ад мужчынаў: калі мужчыны пераасэнсуюць месца і ролю бацькоўства ва ўласным жыцьці і пачнуць актыўна займацца дзецьмі і побытавымі рэчамі, мажліва, кабеты захочуць мець больш дзяцей. Таму гэтым разам француская філёзафка зьвяртаецца не да жанчын, якіх стагоддзямі мучылі ўсялякімі патрабаваньнямі і абмежаваньнямі, а да мужчынаў, якія ўсё ніяк не пазбавяцца патрыярхальнай спадчыны і мужчынскіх прывілеяў: «Панове, паднапружцеся! Панове, яшчэ крыху…»