Як галоўная дэмакратыя сьвету дала жанчынам права галасаваць

Сьпякотны летні дзень далёкага ўжо 1920 года павінны быў прынесьці амэрыканскім жанчынам права, за якое самыя актыўныя зь іх змагаліся больш за стагодзьдзе. Заканадаўцы рыхтаваліся прагаласаваць за ратыфікацыю 19-й папраўкі ў Канстытуцыю ЗША. Трыццаць пяць штатаў ужо ратыфікавалі папраўку, але патрэбны быў яшчэ адзін, каб зрабіць выбарчае права кабетаў дзейным.

Жанчыны выступаюць за права галасаваць

Жанчыны выступаюць за права галасаваць

Падрыхтоўка з ХІХ ст

З моманту, як Злучаныя Штаты дзякуючы бацькам-заснавальнікам здабылі незалежнасьць, тыя ці іншыя прадстаўніцы грамадзтва ўзвышалі свой голас, з заклікам даць кабетам тыя ж правы па абраньні сваіх прадстаўнікоў, што былі ў белых мужчынаў. Зразумела, гэта былі адзінкавыя выпадкі, бо сур’ёзнага руху за падобныя зьмены быць проста не магло ў тыя гады.

Але паваротны момант надыйшоў у ліпені 1848 года ў маленькім гарадку Сэнэка-Фолс, у штаце Ню-Ёрк. Тут група жанчынаў на чале з Элізабэт Кэдзі Стэнтан і Лукрэцыяй Мот склікала першую канвэнцыю па правах кабетаў. Сход быў невялікім, але яго ўплыў пазьней адчула ўся амэрыканская нацыя.

Канвэнцыя прыняла адмысловую Дэклярацыю, дакумэнт, створаны па ўзоры Дэклярацыі незалежнасьці, у якой сьмела абвяшчалася, што «ўсе мужчыны і жанчыны створаны роўнымі». Для свайго часу гэта была радыкальная заява, якая заклікала даць жанчынам выбарчае права — панятак, які ў той час быў амаль неймаверным.

Іх патрабаваньні ўключалі права голасу, права валоданьня ўласнасьцю, атрыманьня адукацыі і раўнапраўнага ўдзелу ў працы. І да сёньня не сьціхаюць спрэчкі паміж радыкальнымі фэміністкамі, якія патрабуюць раўнавагі ў любых прафэсіях, і іх апанэнтамі, якія апэлююць такімі відамі працы, як шахта, будоўля ці падобныя да гэтага, куды вось ужо два стагодзьдзі жанчыны не асабліва імкнуцца. Гэтае пытаньне зусім іншага артыкула, таму працягнем пра справядлівае жаданьне мець права галасаваць.

Глядзіце таксама

У эпоху пасьля Грамадзянскай вайны ў ЗША (1861—1865) рух сутыкнуўся з першым сур'ёзным выклікам. Прыняцьце 15-й папраўкі ў Канстытуцыю, якая давала афраамэрыканцам права голасу, стварыла раскол у супольнасьці правоў для жанчынаў. Некаторыя актывісткі былі расчараваныя тым, што кабеты былі выключаныя з гэтага пашырэньня выбарчага права.

Гэта прывяло да ўтварэньня дзьвюх розных арганізацыяў: Нацыянальнай асацыяцыі выбарчага права жанчынаў, якая засяродзілася на федэральнай папраўцы да выбарчага права жанчынаў, і Амэрыканскай асацыяцыі выбарчага права жанчынаў, якая прытрымлівалася стратэгіі зьменаў у канкрэтным штаце. Агітацыя, пэўныя акцыі і рэзалюцыі адбываліся і напрацягу наступных прыблізна 30-ці гадоў. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя рух перажыў адраджэньне. Абедзьве арганізацыі аб'ядналіся ў 1890 годзе.

Уплыў І Сусьветнай

2_944.jpg

Калі Злучаныя Штаты ўступілі ў вайну ў 1917 годзе, краіну захліснула хваля патрыятызму і нацыянальнага адзінства. Мужчынаў выклікалі на лінію фронту, і працоўныя месцы сутыкнулася з крытычным недахопам людзей. У адказ на гэта кабеты ўзялі на ​​сябе ролі, якія традыцыйна адводзіліся мужчынам. Яны працавалі на заводах, верфях і ў офісах, служылі мэдсёстрамі, кіроўцамі хуткай дапамогі і выконвалі іншыя дапаможныя функцыі.

Гэтай сітуацыяй скарысталіся барацьбіткі за правы кабетаў. Яны сцьвярджалі, што калі жанчыны істотныя для посьпеху нацыі ў вайне, яны таксама павінны мець права голасу ў рашэньнях, якія вызначаюць яе будучыню. Гэта было лягічна. Рух атрымаў мільёны новых прыхільніцаў.

Але і тут не абыйшлося без дзьвух розных стратэгіяў. Вышэйзгаданая Нацыянальная амэрыканская асацыяцыя выбарчага права жанчынаў прыняла палітыку асьцярожнай падтрымкі ваенных дзеяньняў, спадзеючыся, што іх патрыятызм прынясе палітычны капітал, неабходны для дасягненьня іх мэтаў. Тым часам больш радыкальная Нацыянальная жаночая партыя прыняла іншы падыход. Яны працягвалі публічныя пратэсты. Вядомае знакамітае пікетаваньне Белага дома нават падчас вайны, калі іх актывісткі трымалі транспаранты, якія заклікалі прэзідэнта Вудра Ўільсана прызнаць крывадушнасьць барацьбы за дэмакратыю за мяжой, адмаўляючы ў ёй жанчынам дома.

У 1918 годзе Ўільсан выступіў перад Сэнатам і зьвязаў выбарчае права жанчынаў з прынцыпамі, за якія вялася вайна. Ён сцьвярджаў, што прадастаўленьне кабетам права голасу было справай справядлівасьці.

Да 1918 года 15 штатаў далі жанчынам права голасу, у асноўным на Захадзе, але прагрэс ішоў павольна і нераўнамерна. Руху патрэбна была больш рашучая перамога, якая б забясьпечыла галасаваньне ўсім амэрыканскім жанчынам, незалежна ад таго, дзе яны жылі.

Папраўка, вядомая як папраўка Сьюзэн Энтані, уносілася ў Кангрэс шмат разоў, але неаднаразова блякавалася кааліцыяй заканадаўцаў, перадусім паўднёвых дэмакратаў, якія баяліся, што выбарчае права жанчынаў будзе пагражаць расаваму парадку на Поўдні.

Сьюзэн Энтані (зьлева)

Сьюзэн Энтані (зьлева)

У студзені 1919 года Кангрэс прыняў 19-ю папраўку да Канстытуцыі, якую яшчэ павінны былі ратыфікаваць неабходныя 36 штатаў.

Канчатковае супрацьстаяньне адбылося ў штаце Тэнэсі летам 1920 года. Паколькі папраўку ратыфікавалі 35 штатаў, галасаваньне ў Тэнэсі вырашыла лёс усяго. Заканадаўчы орган штата быў жорстка падзелены. Галасаваньне залежала ад рашэньня маладога заканадаўца па імі Гары Бэрн, які, як чакалася, прагаласуе супраць папраўкі. У апошні момант Бэрн зьмяніў свой голас на «за», пад уплывам ліста ад маці, якая заклікала яго падтрымаць выбарчае права.

Першыя выбары

Тэкст папраўкі ў Канстытуцыю ЗША

Тэкст папраўкі ў Канстытуцыю ЗША

Усяго праз некалькі месяцаў, падчас прэзідэнцкіх выбараў 1920 года, ўпершыню мільёны амэрыканскіх кабетаў прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць.

З набліжэньнем дня выбараў пачаліся публічныя здагадкі пра тое, як будуць галасаваць жанчыны, якія праблемы іх зацікавяць і ці істотна зьменіць вынік іх удзел. Галасы кабетаў дапамаглі абраць рэспубліканца Ўорэна Гардынга, які перамог з пераканаўчым вынікам.

І вось праз 100 гадоў жанчына займае другую па значнасьці пасаду ў ЗША, і ўжо другі раз у гісторыі будзе прэтэндаваць на галоўную.