Джордж Вашынгтан: як рабаўладальнік і плянтатар стаў стваральнікам новай нацыі
У пантэоне амэрыканскіх герояў п'едэстал Джорджа Вашынгтана стаіць недасяжным. Але як так склалася, што з усіх адважных сыноў брытанскіх калёній менавіта ён амаль безапэляцыйна ўзначаліў рэвалюцыю і быў абраны першым кіраўніком навастворанай дзяржавы?

Кананічны партрэт Вашынгтана
Сын плянтатара
Джордж нарадзіўся ў Вірджыніі 22 лютага 1732 года. Сьмерць бацькі, калі Джорджу было ўсяго адзінаццаць гадоў, заўчасна пазнаёміла маладога Вашынгтана з рэаліямі жыцьця і навучыла адказнасьці.
Сям'я Джорджа, хоць і не бедавала, але таксама і не была зь ліку самых багатых арыстакратаў Вірджыніі. Яго бацька, Аўгустын Вашынгтан, пакінуў яму ферму ў Фрэдэрыксбургу. Малады Джордж рана праявіў здольнасьці да матэматыкі і геадэзіі. Гэты навык дапамог у пачатку яго кар'еры, і прывіў яму глыбокую сувязь з зямлёй і яе межамі. Гэта менавіта тое, што прывяло ўрэшце яго ў гісторыю.
Ва ўзросьце 17 гадоў Вашынгтан пачаў кар'еру геадэзіста, што дало яму фінансавую незалежнасьць. Яго праца на геадэзіста мясцовай акругі ў 1749 годзе дала яму разуменьне велізарнасьці амэрыканскага ляндшафту. Разам з тым ён адчуў спрэчны характар землеўладаньня і каляніяльнай экспансіі. На свае вочы Джордж бачыў складаныя адносіны паміж эўрапейскімі пасяленцамі і індзейскімі плямёнамі.

Так выглядаў дом, у якім нарадзіўся і жыў маленькі Джордж
Прыход Вашынгтана на ваенную службу быў выкліканы ростам напружанасьці паміж брытанскімі і французскімі інтарэсамі ў Паўночнай Амэрыцы. У 1752 годзе французы пачалі пашыраць сваю прысутнасьць у даліне Агаё, тэрыторыі, на якую прэтэндавалі і Францыя, і Вялікая Брытанія. Першае значнае ваеннае заданьне Вашынгтана адбылася ў 1753 годзе, калі ён быў прызначаны афіцыйным прадстаўніком губэрнатара Вірджыніі для перадачы пасланьня французам з патрабаваньнем іх вываду з тэрыторыяў, на якія прэтэндавала Брытанія. Місія, зрэшты, была няўдалай з дыпляматычнага пункту гледжаньня.
У наступным годзе Вашынгтан адыграў значную ролю ў канфлікце, вядомым як Сямігадовая вайна з французамі. Але і тут адбылося без вялікіх посьпехаў маладога брытанскага вайскоўца Джорджа Вашынгтана. Нягледзячы на гэтыя раньнія няўдачы, яго рэпутацыя засталася ў значнай ступені некранутай, і пазьней ён быў прызначаны ад'ютантам брытанскага генэрала Эдварда Брэдака.
Катастрафічная параза войскаў Брэдака ў 1755 годзе, падчас якога Вашынгтан вызначыўся сваёй адвагай і лідэрскімі здольнасьцямі пад агнём, стала фантастычна патрэбным досьведам. Гэта дало яму разуменьне брытанскай ваеннай тактыкі, істотнасьці дысцыпліны і маральнага духу, а таксама патэнцыйнай уразьлівасьці звычайнай эўрапейскай арміі ў амэрыканскай пустыні.
Глядзіце таксама

Шлях да рэвалюцыянэра
Усярэдзіне XVIII стагодзьдзя Брытанская імпэрыя ўзмацніла кантроль над амэрыканскімі калёніямі. Гэта выклікала зьяўленьне шэрагу заканадаўчых актаў і рэакцый, кульмінацыяй якіх стала імкненьне да незалежнасьці ад мэтраполіі.
Прыняцьце Гербавага акта ў 1765 годзе стала, па-сутнасьці, пераломным момантам у каляніяльна-брытанскіх адносінах. Гэты закон, які ўвёў наўпроставы падатак на калёніі за дакумэнты, друкаваныя матэрыялы, якія абкладаліся гербавым зборам на карысьць Лёндану, выклікаў шырокае абурэньне ў амэрыканскіх калёніях.
Справа была не толькі ў фінансавым цяжары. Гэта быў выклік аўтаноміі і правам калёній, якія даўно звыклі да пэўнай ступені самакіраваньня. Джордж Вашынгтан, у той час чалец Вірджынскай палаты бургераў, быў сярод тых, хто выказаўся супраць гэтага закона. Яго пазыцыя супраць Закона аб гербавым зборы была народжаная не з радыкалізму, але з прынцыповай веры ў правы ангельцаў, веры ў тое, што падаткаабкладаньне без прадстаўніцтва зьяўляецца абразай свабодам, на якія маюць права ўсе брытанскія падданыя.
Справа была ў тым, што ў брытанскім парлямэнце не было прадстаўнікоў ад амэрыканскіх калёній. Адпаведна яны не маглі ўплываць на любыя заканадаўчыя ініцыятывы шаноўных дэпутатаў у сталіцы імпэрыі, за акіянам.

Падчас вайны з французамі і індзейцамі
Новы закон нельга было абыйсьці: любы афіцыйны дакумэнт без гербавай маркі лічыўся несапраўдным.
Праз некалькі гадоў адбылося знакамітае «Бостанскае чаяваньне» ў сьнежні 1773 года. Гэта стварыла рэзкае абвастрэньне канфлікту паміж калёніямі і Вялікай Брытаніяй. А адбылося наступнае: у адказ на Закон аб гарбаце, які ўвёў падаткі на гарбату і даў Брытанскай Ост-Індскай кампаніі манаполію на гандаль, што было фактычным зьнішчэньнем каляніяльных гандляроў. Амэрыканскія патрыёты ў Бостане селі на караблі і выкінулі гарбату ў гавань як наўпроставы акт непадпарадкаваньня.
Рэакцыя брытанскага ўрада была хуткай і жорсткай, у 1774 годзе былі прынятыя так званыя акты прымусу (вядомыя ў Амэрыцы як невыносныя акты). Імпэрыя зачыняла порт Бостана да часу пакрыцьця ўсіх выдаткаў, пасьля акцыі бостанскіх патрыётаў, быў зьменены ўрад Масачусэтса, таксама было дазволена судзіць чыноўнікаў, абвінавачаных у злачынствах, у Брытаніі і быў пашыраны Закон аб раскватараваньні, які дазваляў зьмяшчаць брытанскіх жаўнераў у прыватных дамах.
Джордж Вашынгтан, які стаў сьведкам хуткага пагаршэньня каляніяльных свабодаў, быў салідарны з народам Масачусэтса. У заканадаўчым органе Вірджыніі ён выступаў за рашучыя дзеяньні, і ўнёс свой уклад у заклік да Кантынэнтальнага кангрэса дзеля адзінага каляніяльнага адказу на брытанскую эканамічную агрэсію.
Яго пераўтварэньне ў рэвалюцыйнага лідэра быў падкрэсьленае прапановай дня паста і малітвы ў знак салідарнасьці з жыхарамі Бостана. Вашынгтан прымаў удзел у стварэньні пагадненьняў аб забароне імпарту як сродак эканамічнага пратэсту супраць брытанскіх тавараў.
Глядзіце таксама

Апошні акорд
Яго абраньне на Першы Кантынэнтальны кангрэс у 1774 годзе перадвызначыла лёс усёй Амэрыкі. Як дэлегат, Джордж Вашынгтан не імкнуўся без патрэбы нагнятаць напружанасьць, а хутчэй абараняў правы калёній у межах брытанскага права і канстытуцыйнасьці. Яго ўдзел у Кангрэсе характарызаваўся асьцярожнай, але цьвёрдай пазыцыяй. Вашынгтан выступаў за мірнае ўрэгуляваньне, калі гэта магчыма, але таксама рыхтаваўся да непазьбежнасьці ўзброенага канфлікту ў выпадку няўдачы дыпляматыі.
Па меры таго, як амэрыканскія калёніі набліжаліся да адкрытага паўстаньня супраць брытанскага панаваньня, патрэба ў аб'яднаных ваенных сілах 13-ці калёній стала відавочнай. Кантынэнтальны кангрэс, прызнаючы гэтую неабходнасьць, сфармаваў Кантынэнтальную арміі ў чэрвені 1775 года.
На чале гэтай нованароджанай арміі яны прызначылі Джорджа Вашынгтана, тым самым даверылі яму лёс амэрыканскай рэвалюцыі.

Прызначэньне Вашынгтана кіраўніком арміі
На прызначэньне Вашынгтана паўплываў зьбег фактараў. Яго досьвед у вайне супраць французаў і індэйцаў даў неацэнныя ваенныя ідэі і разуменьне складанасьці вайны. Больш за тое, статус вірджынскага плянтатара (а пасьля шлюбу Джордж зрабіўся вельмі буйным рабаўладальнікам, ён валодаў шматлікімі акрамі зямлі і каля сотняй рабоў) надаў яму неабходнага прызнаньня. Вашынгтан перадаў пачуцьцё адзінства каляніяльным намаганьням, пераадольваючы рэгіянальныя падзелы паміж калёніямі Новай Англіі і паўднёвымі тэрыторыямі.
І ўсё ж, як пагаджаюцца дасьледчыкі, па-сапраўднаму вылучыў яго характар. Сумленнасьць Вашынгтана, яго прыхільнасьць каляніяльным інтарэсам і яго нежаданьне захапіць уладу дзеля яе самой выклікалі захапленьне у чальцоў Кантынэнтальнага кангрэса. У ім яны бачылі як умелага военачальніка, так і кіраўніка, які ўвасабляў рэспубліканскія вартасьці, дзеля якіх і адбывалася рэвалюцыя.
Адной з першых значных праблемаў для Вашынгтана была аблога Бостана 1775-1776 гадоў, падчас якой яму ўдалося выгнаць брытанскія войскі з горада. Ён дабіўся раньняй сымбалічнай перамогі Кантынэнтальнай арміі. Пасьля былі гады напружанай барацьбы.
Кульмінацыяй ваеннай стратэгіі Вашынгтана стала аблога Ёрктаўна ў 1781 годзе. У каардынацыі з французскімі сіламі Вашынгтану ўдалося захапіць армію брытанскага генэрала Карнуоліса, што прывяло да капітуляцыі брытанцаў. Гэтая перамога фактычна спыніла буйныя баі ў калёніях і адкрыла шлях да незалежнасьці Амэрыкі.
У аснове матываў Вашынгтана да гэтай дзейнасьці была яго непахісная вера ў прынцыпы свабоды і справядлівасьці. Для Джорджа гэта былі не абстрактныя паняткі, а рэальныя ідэалы, якія вызначалі яго погляд на сьвет і сваё месца ў ім.
Глядзіце таксама

Асабістае ліставаньне Вашынгтана і публічныя заявы ў гэты перыяд выяўляюць чалавека, які, хоць напачатку спадзяваўся на прымірэньне з Вялікай Брытаніяй, усё больш прыходзіў да высновы, што брытанскі ўрад мае намер пазбавіць амэрыканцаў іх свабодаў.
Вашынгтан, безумоўна, клапаціўся і сам пра сябе. Як плянтатар і землеўладальнік, ён непасрэдна пацярпеў ад мноства падаткаў і правілаў, уведзеных брытанскім парлямэнтам. Гербавы закон, акт аб гарбаце не былі нейкімі далёкімі палітычнымі пытаньнямі. Яны былі рэальнымі, неадкладнымі праблемамі, якія пагражалі эканамічнай жыцьцяздольнасьці калёній і, адпаведна, фінансавай стабільнасьці самога Вашынгтана.
Магчыма, самым глыбокім матывам кіраўніцтва Вашынгтана было яго пачуцьцё абавязку перад суайчыньнікамі і яго бачаньне суверэннай аб'яднанай нацыі.
І ён стварыў новую нацыю.
Божа, беражы Амэрыку!