Вэрмонт, першая дзяржава ў Амэрыцы, якая адмяніла рабства, амаль за сто гадоў да Лінкальна

У 1777 годзе незалежная дзяржава Вэрмонт прыняла ўласную Канстытуцыю, у якой абвяшчалася забарона рабства. Чатырнаццаць гадоў прайшло, перш чым ён увайшоў у Злучаныя Штаты Амэрыкі ў якасьці чарговага рэгіёна. Што гэта за дзівосная зямля, у якой і сёньня не патрэбная ліцэнзія, каб набыць і насіць зброю?

Дзяржаўна пячатка Вэрмонту

Дзяржаўна пячатка Вэрмонту

Вэрмонт быў незалежным?

Так, гэта быў час вайны за незалежнасьць калёній у Паўночнай Амэрыцы. Разам з Джорджам Вашынгтанам змагаўся беларус Тадэвуш Касьцюшка. Але канфлікт знаходзіўся яшчэ ў пачатковай стадыі. Дэклярацыя незалежнасьці была прынята ўсяго за год да абвяшчэньня незалежнай Рэспублікі Вэрмонт, у 1776 годзе. Калёніі былі ахопленыя хаатычнымі пераўтварэньнямі. Яны былі ўцягнутыя ў вайну з самай магутнай на той час у сьвеце імпэрскай дзяржавай – Вялікай Брытаніяй.

Менавіта ў гэтых абставінах Вэрмонт, які тады яшчэ не ўваходзіў у склад маладых Злучаных Штатаў Амэрыкі, абвесьціў сваю незалежнасьць не толькі ад Вялікай Брытаніі, але і ад суседніх Нью-Ёрка і Нью-Гэмпшыра, абодва зь якіх прэтэндавалі на яго тэрыторыю.

Канстытуцыя Вэрмонта 1777 года стала рэвалюцыйнай па сваім зьмесце і наступствах. Яе найбольш яркай асаблівасьцю быў пункт, які забараняў рабства, абвяшчаючы:

«Усе людзі нараджаюцца аднолькава свабоднымі і незалежнымі і маюць пэўныя натуральныя, неад'емныя і правы; сярод якіх права на абарону жыцьця і свабоды, набыцьцё, валоданьне, і абарона маёмасьці, і імкненьне да шчасьця і бясьпекі».

Канстытуцыя Рэспублікі Вэрмонт

Канстытуцыя Рэспублікі Вэрмонт

Гэты пункт зрабіў Вэрмонт першай дзяржавай у Амэрыцы, якая адмяніла рабства. Значнасьць такой пазыцыі новай дзяржавы Вэрмонт немагчыма недаацэньваць. Гэта прадвызначыла дэбаты, якія ахопяць усе Злучаныя Штаты Амэрыкі ў наступныя дзесяцігодзьдзі. У выніку гэта і прывяло, па сутнасьці да Грамадзянскай вайны ў 1861 годзе, калі паўднёвыя штаты аб’ядналіся ў Канфэдэратыўныя Штаты Амэрыкі і выступілі супраць адмены рабства.

Гэта быў час, рамантызаваны за стагодзьдзі. Але падчас вайны за Незалежнасьць адбывалася вельмі складанае ўзаемадзеяньне паміж барацьбой за нацыянальны сувэрэнітэт і пошукам індывідуальнай свабоды. Існавалі значныя супярэчнасьці ў самой барацьбе — імкненьне да свабоды, якое для шматлікіх людзей не распаўсюджвалася на рабоў.

Незалежнасьць

Пасьля прыняцьця Канстытуцыі ў 1777 годзе Вэрмонт існаваў як незалежная рэспубліка. Гэты ўнікальны статус захоўваўся чатырнаццаць гадоў. У гэты час жыхары Вэрмонта стварылі ўрад, чаканілі сваю ўласную валюту і прымалі законы, у той жа час утрымліваючы апалчэньне для абароны сваёй тэрыторыі.

Томас Чытэндэн, першы кіраўнік Рэспублікі Вэрмонт

Томас Чытэндэн, першы кіраўнік Рэспублікі Вэрмонт

Існаваньне Вэрмонта як незалежнага суб'екта было дыпляматычнай анамаліяй, якую Кантынэнтальны амэрыканскі кангрэс павінен быў вырашыць. Кангрэс асьцерагаўся стварэньня прэцэдэнту, які мог бы заахвоціць іншыя рэгіёны абвесьціць незалежнасьць. Што магло патэнцыйна разбурыць крохкае адзінства новых Злучаных Штатаў.

Вырашэньне праблемы дзяржаўнасьці Вэрмонта адбылося праз спалучэньне нутраных палітычных дыскусіяў і вонкавага ціску. Пераломным момантам стала ўсьведамленьне лідэрамі Вэрмонту таго, што іх будучы росквіт і бясьпека лепш за ўсё будуць забясьпечвацца ў рамках Злучаных Штатаў. Адначасова сканчэньне вайны за незалежнасьць і падпісаньне Парыжскай дамовы ў 1783 годзе прынеслі стабільнасьць у Паўночнай Амэрыцы.

Перамовы паміж Вэрмонтам і штатамі, асабліва Нью-Ёркам, былі вельмі складанымі і напружанымі. Давялося пайсьці на кампрамісы, якія ўключаючы фінансавыя рэпарацыі прэтэндэнтам на зямлю ў Нью-Ёрку і гарантыі лаяльнасьці Вэрмонта Злучаным Штатам.

Аднак істотным зьяўляецца тое, што на працягу гэтых дыскусій скасаваньне рабства ў Вэрмонце заставалася прынцыпам, які не падлягаў абмеркаваньню.

4 сакавіка 1791 года Вэрмонт быў афіцыйна прыняты ў Злучаныя Штаты Амэрыкі як 14-ты штат. Гэта быў першы новы штат, які далучыўся пасьля заснавальнікаў дзяржавы - трынаццаці калёній.

На працягу ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзяў Вэрмонт стаў прытулкам для тых, хто шукаў свабоды. Больш за тое, такая пазыцыя Вэрмонта паўплывала на яго ўдзел у грамадзянскай вайне 1861-1865 гадоў, калі жыхары штата мужна служылі ў арміі ўніяністаў, каб пакласьці ўрэшце канец рабству ва ўсёй дзяржаве.

Грошы Рэспублікі Вэрмонт. 1785 год

Грошы Рэспублікі Вэрмонт. 1785 год

Біёграф аднаго з бацькоў-заснавальнікаў ЗША Томаса Джэфэрсана Генры Вінчэк у сваёй кнізе аналізуе сыстэму амэрыканскага рабства, нагадваючы, што нават напярэдадні Грамадзянскай вайны, у 1860 годзе, рабы былі другім па каштоўнасьці рэсурсам вытворчага капіталу, утрая больш каштоўным, чым капітал, назапашаны ў прамысловасьці. Даражэйшай за іх тады была толькі зямля.

Падчас заснаваньня Злучаных Штатаў значэньне рабоў як вытворчага капіталу было яшчэ большым. Кожнае народжанае ў няволі дзіця азначала стабільны прыбытак у 4 адсоткі штогод. Трэці прэзідэнт ЗША ў сваёй перапісцы рэкамендаваў інвестыцыі ў зямлю і чарнаскурых як лепшую стратэгію забесьпячэньня будучыні, выражаную ў «ціхім прыбытку» на ўзроўні ад 5 да 10 адсоткаў.

Праз маёнтак Джэфэрсана прайшло каля 600 рабоў, пасьля ягонай сьмерці ў 1827 годзе 140, што засталіся на ферме, былі прададзеныя з аўкцыёну.

Нагадаем пра адзін паказальны эпізод, які датычыўся рабства і першых гадоў існаваньня Злучаных Штатаў, а менавіта на тэстамэнт, напісаны Тадэвушам Касьцюшкам, выканаўцам якога пазначаны ягоны сябар – Томас Джэфэрсан:

«Філядэльфія, 5 траўня 1798 году

Я прасіў пана Джэфэрсана, калі я памру, без апошняй волі ці запавету, каб ён выкупіў за мае грошы столькі чорных і адпусьціў іх на волю, каб астатняй сумы хапіла на іх навучаньне і існаваньне. Кожны зь іх найперш павінен ведаць, што абавязак грамадзяніна ў вольнай дзяржаве — бараніць сваю краіну ад зьнешніх і ўнутраных ворагаў, якія зьменяць Канстытуцыю ў горшы бок, што ў выніку зноў зробіць іх рабамі. Кожны зь іх павінен мець добрае і чалавечнае сэрца, чулае да цярпеньня іншых. Кожны павінны быць жанаты і мець 100 акраў зямлі (прыблізна 40 гектараў), прылады працы і жывёлу для апрацоўкі, ведаць, як абыходзіцца, умець гаспадарыць, а таксама павінны мець ладзіць з суседзямі: заўсёды быць добрым і гатовым дапамагчы і сьціплым да іх. Кожны павінны даць сваім дзецям добрую адукацыю, любіць сваю Радзіму і выконваць свае грамадзянскія абавязкі, каб яны, у падзяку мне, рабілі сябе як мага больш шчасьлівымі.

Тадэвуш Касьцюшка».

Глядзіце таксама

Гэры Нэш, гісторык з Каліфарнійскага ўніверсітэту, сцьвярджае, што гісторыя Злучаных Штатаў, а значыць, верагодна, і сьвету, склалася б па-іншаму, калі б Томас Джэфэрсан выканаў апошнюю волю яго сябра і пачаў адмену рабства ў 1817 годзе.

Прыклад незалежнай Рэспублікі Вэрмонт і Тадэвуша Касьцюшкі на той час не спрацаваў.