Рэвалюцыя, якая не была крывавай: як падзеі ў Англіі 1688 года ўплываюць на сёньняшнюю дэмакратыю
Без адзінай кроплі каралеўскай крыві Слаўная, як яе называюць, рэвалюцыя дасягнула таго, чаго не змаглі многія жорсткія паўстаньні: усталяваньне канстытуцыйнай манархіі і закладваньне асновы для дэмакратычнага кіраваньня. Улада кароны ўраўнаважвалася воляй народу.
Як да гэтага дайшло?
Перыяд да 1688 году быў часам значных хваляваньняў. Аднаўленьне манархіі ў 1660 годзе, калі Карл II вярнуў сабе трон, прывяло да часовай перадышкі ў палітычнай нестабільнасьці, якая была характэрнай для Англіі з моманту пакараньня сьмерцю Карла I. Аднак краіна заставалася падзеленай паміж каталікамі, англіканамі і рознымі іншымі пратэстанцкімі дэнамінацыямі. Законы, прынятыя ў 1673 годзе, што забаранялі каталікам і неангліканскім пратэстантам займаць дзяржаўныя пасады, толькі падрыхтавалі глебу для канфліктаў, якія пазьней ахопяць нацыю.
Крызіс, які разгарнуўся напрыканцы 1670-х гадоў, яшчэ больш абвастрыў гэтую напружанасьць, паколькі парлямэнт паспрабаваў выключыць Якава, герцага Ёркскага, які зьяўляўся каталіком, зь лініі спадчыннасьці ангельскага трону. Нягледзячы на тое, што гэтая спроба ў канчатковым выніку правалілася, тыя падзеі выявілі глыбокія страхі пратэстанцкай большасьці перад каталіцкім манархам, які можа спрабаваць адкінуць заваёвы Рэфармацыі і далучыць Англію зноў да каталіцкіх дзяржаваў на кантынэнце.
Калі Якаў II узышоў на трон у 1685 годзе, гэтыя страхі, здавалася, спраўдзіліся. Ягонае праўленьне было адзначанае палітыкай, скіраванай на ўзмацненьне ўлады кароны і прасоўваньне каталіцтва. Дэклярацыя аб індульгенцыі ў 1687 годзе, якая давала свабоду веравызнаньня, была расцэненая не як акт талерантнасьці, а як завуаляваная спроба падарваць Англіканскую царкву і ўсталяваць каталіцтва ў якасьці галоўнай веры Англіі.
Рэлігійны канфлікт паміж пратэстантызмам і каталіцтвам быў часткай больш шырокай эўрапейскай барацьбы паміж каталіцкімі дзяржавамі, такімі як Францыя і Гішпанія, і пратэстанцкімі краінамі, у тым ліку Галяндзкай рэспублікай і Англіяй.
Нараджэньне ў 1688 годзе сына караля Якава ІІ, якое абяцала працяг каталіцкай дынастыі, для шмат каго стала апошняй кропляй. Гэта стварыла кааліцыю ўплывовых пратэстантаў.
Рэвалюцыя
Група з сямі ўплывовых ангельскіх арыстакратаў напісала таемны ліст Вільгельму Аранскаму ў чэрвені 1688 году, дзе ўпрошвала яго ўварвацца ў Англію і выгнаць караля Якава II.
Вільгельм Аранскі, жанаты на дачцэ-пратэстантцы караля Якава ІІ Марыі, быў вядомым палкаводцам, зацікаўленым у стрымліваньні магутнасьці Францыі, спрадвечнага каталіцкага суперніка Англіі. Вільгельму абяцалі падтрымку з боку арміі і флоту, фінансавай супольнасьці ў Лёндане і пратэстанцкага насельніцтва.
Вільгельм назьбіраў вялізныя сілы каля 15 тысячаў чалавек і адплыў з Галяндыі. Ягоная высадка на паўднёвым узьбярэжжы Англіі ў лістападзе 1688 году не сустрэла супраціву, што сьведчыць пра рэальнае расчараваньне праўленьнем Якава II. Галоўныя военачальнікі перайшлі на бок войскаў Вільгельма.
Якаў II, сутыкнуўшыся з дэзэрцірствам сваёй арміі і сваіх бліжэйшых дарадцаў, прыняў адчайнае рашэньне. Кароль паспрабаваў уцячы ў Францыю і кінуў Вялікую пячатку Каралеўства ў Тэмзу. Гэта быў глыбока сумны і сымбалічны момант. Яго схапілі, але неўзабаве вызвалілі, што дазволіла яму трапіць у Францыю.
Парлямэнт, скліканы на хвалі рэвалюцыі, прапанаваў трон сумесна Вільгельму і Марыі з умовай, што яны прымаюць Дэклярацыю правоў 13 лютага 1689 году. Пазьней яна была замацаваная ў Біле аб правах 1689 году. Каранацыя Вільгельма і Марыі стала момантам трыюмфу для пратэстантаў і сьвятам новай канстытуцыйнай манархіі. Гэта было пагадненьне, якое заклала аснову для сучаснай брытанскай дэмакратыі, гарантуючы, што ніколі больш манарх ня будзе кіраваць бяз згоды тых, кім ён кіруе.
Біль
Гэты дакумэнт замацаваў прынцып, што манархія ня можа кіраваць бяз згоды парлямэнту. Такім чынам адбыўся канчатковы пераход ад абсалютызму да канстытуцыйнай манархіі. Сярод яго ключавых палажэньняў былі забарона каралю прыпыняць дзеяньне законаў, патрабаваньне рэгулярнасьці парлямэнтаў і абарона свабоды слова ў парлямэнце.
Слаўная Рэвалюцыя фактычна перадала канчатковыя паўнамоцтвы ў кіраваньні Англіяй ад манархіі парлямэнту. Манарх валадарыць, але не кіруе.
Пасьля гэтага быў прыняты Закон аб верацярплівасьці 1689 году. Ён дазваляў свабоду культу неангліканскім пратэстантам, такім як баптысты і кангрэгацыяналісты, але напрыклад, каталікі так і не атрымалі ў той час падобнага права.
Наступствы Слаўнай рэвалюцыі адчуліся і па той бок Атлянтыкі, у брытанскіх калёніях у Паўночнай Амэрыцы. У некалькіх калёніях рэвалюцыя прысьпешыла мясцовыя паўстаньні і зрынаньне непапулярных губэрнатараў. Гэтыя падзеі адлюстроўвалі імкненьне калёніяў да тых самых прынцыпаў кіраваньня, якія рэвалюцыя замацавала для Англіі: абмежаваны ўрад, абарона правоў асобы і перавага пратэстантаў.
Праз прыблізна 70 гадоў прынцыпы парлямэнцкага сувэрэнітэту будуць натхняць амэрыканскіх рэвалюцыянэраў і стваральнікаў Канстытуцыі Злучаных Штатаў, якая дзейнічае і ў наш час.
Зрэшты, нагадаем, што Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году дзейнічаў у Беларусі амаль 250 гадоў — да 1839 году, калі расейская акупацыйная ўлада не скасавала ягонае выкарыстаньне.