Калі жарсьць мацней за веру

У 1538 годзе Папа Рымскі адлучыў караля Англіі ад Касьцёлу. У аснове расколу, які ў канчатковым выніку зьмяніў усю Англію, ляжала глыбока асабістая праблема караля Генрыха VIII: яго шлюб з Кацярынай Арагонскай, шматлікія каханкі, шэсьць жонак і надзённая патрэба ў спадчыньніку мужчынскага полу.

Першая сустрэча Генрыха VIII з Ганнай Балейн, спачатку палюбоўніцай, а потым прычынай зьяўленьня Англіканства

Першая сустрэча Генрыха VIII з Ганнай Балейн, спачатку палюбоўніцай, а потым прычынай зьяўленьня Англіканства

Раньняе панаваньне ангельскага караля Генрыха VIII было адзначанае моцным узмацненьнем манархічнай улады і вялікай цікавасьцю да тэалягічных пытаньняў, што прынесла яму тытул «Абаронца веры» ад Папы Рымскага Льва Х за яго супраціў пратэстанцкай Рэфармацыі.

Англія Генрыха была цьвёрда каталіцкай, з манастырамі і касьцёламі, якія адыгрывалі цэнтральную ролю як у духоўным, так і ў паўсядзённым жыцьці. Маладога караля разглядалі не толькі як манарха, але і як змагара за каталіцкую веру.

Кацярына Арагонская

Кацярына Арагонская

Кацярына Арагонская

Гішпанская прынцэса і першая жонка Генрыха VIII была адначасова годнай і трагічнай асобай пры двары Цюдораў. Яны ажаніліся ў 1509 годзе, і саюз пары спачатку разглядаўся як рамантычны і палітычны трыюмф. Аднак з гадамі гэта азмрочылася адзінай праблемай: адсутнасьцю спадчыньніка мужчынскага полу. Кацярына нарадзіла некалькі дзяцей, але толькі адна, Марыя, перажыла маленства.

Адсутнасьць пераемніка-мужчыны была не проста асабістым расчараваньнем для Генрыха, але і дзяржаўным крызісам. Памяць аб Войнах Ружаў, дынастычных канфліктах за трон Англіі была яшчэ сьвежай. Усё гэта пагражала палітычнай стабільнасьці.

Пошукі ануляваньня

Напрыканцы 1520-х гадоў адчай Генрыха VIII атрымаць сына павялічваецца, і адначасова расьце яго захапленьне Ганнай Балейн, маладой і амбіцыйнай фрэйлінай. Гэта прымусіла яго дамагацца скасаваньня шлюбу з законнай жонкай Кацярынай. Аргумент караля грунтаваўся на біблейскай інтэрпрэтацыі, што яго шлюб быў пракляты праз тое, што Кацярына была ўдавой яго брата. Аднак ануляваньне шлюбу не было простай справай, гэта патрабавала ўхваленьня Папы Клімента VII.

Папа Клімент VII

Папа Клімент VII

Папа апынуўся ў незайздросным становішчы, калі быў паміж патрабаваньнем Генрыха і палітычным ціскам з боку Карла V, імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі, які прыходзіўся пляменьнікам Кацярыны. Папа Клімент VII адкладваў і ў канчатковым выніку адмовіў у просьбе Генрыха аб ануляваньні шлюбу.

Рэфармацыйны парлямэнт

Расчараваны адмовай Папы і матываваны асабістым жаданьнем і палітычнай неабходнасьцю, Генрых VIII зрабіў крок, які незваротна зьмяніў рэлігійную і палітычную траекторыю Англіі. У 1529 годзе ён склікаў тое, што ў далейшым атрымала назву «рэфармацыйны парлямэнт». Гэты сход, напачатку скліканы для вырашэньня нутраных праблемаў, стаў інструмэнтам, з дапамогай якога Генрых разарваў адносіны з Рымам.

На працягу некалькіх гадоў рэфармацыйны парлямэнт прыняў шэраг актаў, якія сістэматычна скарачалі ўладу Папы ў Англіі. Гэтая заканадаўчая кампанія пачалася з Суплікацыі супраць ардынарыяў і падпарадкаваньня духавенства, якія абмяжоўвалі прывілеі духавенства і ставілі Касьцёл пад каралеўскі кантроль.

Ключавы Закон аб стрымліваньні апэляцыяў у 1533 годзе абвесьціў, што ўсе духоўныя і юрыдычныя пытаньні павінны вырашацца ў каралеўстве, фактычна адмаўляючы ўладу Папы ў Англіі. За гэтым быў прыняты Акт аб супрэматыі ў 1534 годзе, які абвесьціў Генрыха VIII вярхоўным кіраўніком англіканскай царквы, што разарвала канчатковыя сувязі з Рымам.

Генрых VIII

Генрых VIII

Супрэматыя

Акт аб супрэматыі, прыняты ў лістападзе 1534 года, быў па сутнасьці дэклярацыяй незалежнасьці ад папскай улады, якая пацьвярджала, што ангельскі манарх цяпер мае вярхоўную ўладу над Касьцёлам у Англіі, а не Папа Рымскі.

Гэты акт стаў кульмінацыяй намаганьняў рэфармацыйнага парлямэнту і пераходам да нацыянальнай царквы пад кантролем дзяржавы. Закон таксама патрабаваў прысягі на вернасьць ад ангельскіх падданых, каб тыя прызналі вяршэнства караля. Гэтая прысяга мела глыбокія асабістыя і палітычныя наступствы для шматлікіх людзей, у тым ліку для сэра Томаса Мора і біскупа Джона Фішэра, якія адмовіліся ад яе і пасьля былі забітыя па загаду караля.

Пасьля Акта аб супрэматыі Генрых VIII пры дапамозе Томаса Кромвэля распачаў адну з самых маштабных эканамічных і рэлігійных рэформаў эпохі: роспуск манастыроў. Паміж 1536 і 1541 гадамі гэтая палітыка прывяла да закрыцьця і зьнішчэньня манастыроў, прыяратаў па ўсёй Англіі, Уэльсе і Ірляндыі.

Роспуск меў глыбокія эканамічныя, сацыяльныя і культурныя наступствы. Манастыры былі ключавымі эканамічнымі адзінкамі і цэнтрамі навучаньня. Пасьля роспуску велізарныя аб'ёмы багацьцяў і зямлі перайшлі ад Касьцёла да Кароны і ў канчатковым выніку ў рукі шляхты і купецтва.

Ролі Томаса Кромвэля і Томаса Крэнмера

Дзьве асобы адыгралі ключавыя ролі ў разрыве з Рымам і фармаваньні раньняй пратэстанцкай Англіканскай царквы: Томас Кромвэль і Томас Крэнмер.

Кромвэль, галоўны міністар Генрыха VIII, быў стваральнікам адміністрацыйных і прававых працэсаў, якія садзейнічалі разрыву з Рымам. Ён арганізаваў роспуск манастыроў. А Томас Крэнмер, прызначаны арцыбіскупам Кентэрберыйскім у 1533 годзе, быў яшчэ адной ключавой фігурай гэтай эпохі. Ён сыграў істотную ролю ў забесьпячэньні скасаваньня шлюбу Генрыха з Кацярынай Арагонскай. Яго багаслоўскія схільнасьці прывялі да фармаваньня дактрынальных зьменаў, якія скіравалі Англіканскую царкву да пратэстанцкай тэалёгіі.

Адлучэньне 1538 года

Папа Павел III

Папа Павел III

Рашэньне Папы Паўла III аб адлучэньні Генрыха VIII ад касьцёла ў 1538 годзе стала кульмінацыяй гадоў эскалацыі напружанасьці паміж каралём і Рымам. Гэта было афіцыйнае і сымбалічнае асуджэньне адмовы Генрыха ад папскай улады, яго разводу з Кацярынай Арагонскай і шлюбу з Ганнай Балейн.

Адлучэньне можна разумець і як рэлігійны, і як палітычны акт. У рэлігійным сэнсе гэта была самая магутная зброя Касьцёла, якая асудзіла душу Генрыха і адрэзала яго ад хрысьціянскай супольнасьці. У палітычным пляне гэта была заява астатняму хрысьціянскаму сьвету, якая прызнавала Генрыха манархам-рэнэгатам і патэнцыйна заахвочвала каталіцкіх манархаў кінуць выклік яго кіраваньню.

Шэсьць жонак караля

Пасьля першай жонкі Кацярыны Арагонскай Генрых меў яшчэ пяць.

Ганна Балейн у жыцьці караля была пачаткам яго (і іх) няшчасьцяў. Яе адмова стаць палюбоўніцай, прывабнасьць і абяцаньне спадчыньніка мужчынскага полу спакусілі Генрыха дамагчыся ануляваньня шлюбу з Кацярынай. У шлюбе з Ганнай Балейн нарадзілася дачка Лізавета, але не атрымалася нарадзіць гэтак жаданага сына. Выкідыш сына, іншыя падзеі ў галаве караля прывялі да абвінавачаньня яе ў здрадзе і пакараньні сьмерцю. Шлях да наступнага шлюбу быў расчышчаны.

Джэйн Сэймур

Джэйн Сэймур

У асобе Джэйн Сэймур кароль знайшоў больш традыцыйную жонку. Яе шлюб з Генрыхам, які адбыўся ўсяго празь некалькі дзён пасьля пакараньня сьмерцю Ганны Балейн, быў зусім іншым у параўнаньні з папярэднімі. Значэньне Джэйн заключалася ў выкананьні дынастычных амбіцый Генрыха — яна нарадзіла сына Эдварда, але трагічна загінула неўзабаве пасьля родаў.

Шлюб Генрыха з Ганнай Клеўскай быў палітычным альянсам, створаным Томасам Кромвэлем для забесьпячэньня пратэстанцкіх саюзаў. Аднак шлюб быў нядоўгім, бо Генрых палічыў Ганну фізычна непрывабнай, і шлюб быў хутка скасаваным. Кішэнныя біскупы навастворанай Англіканскай царквы ня мелі шанцу не падпарадкавацца каралю і кіраўніку той самай Царквы.

Кэтрын Ховард, стрыечная сястра Ганны Балейн, увасабляла для Генрыха вяртаньне да маладосьці і легкадумнасьці. Але шлюб скончыўся катастрофай. Дашлюбныя адносіны і меркаваны раман Кэтрын прывялі да яе арышту і пакараньня сьмерцю.

Кэтрын Пар, апошняя жонка Генрыха, была ўдавой, якая была хутчэй сяброўкай у шлюбе са састарэлым каралём. Яна дзейнічала як клапатлівая мачыха для дзяцей Генрыха.

У выніку адзіны выжылы сын караля Эдвард стаў каралём Англіі пасьля сьмерці Генрыха ў 1547 годзе, але кіраваць пасьпеў толькі некалькі гадоў, пакуль і сам не аддаў Богу душу. Дочкі Генрыха – Марыя і Элізавета, як іранічны дакор бацьку, кіравалі Англіяй пасьля. Зрэшты, і яны ня мелі нашчадкаў, таму высілкі Генрыха VIII сышлі ў нішто.