Як Пуцін карміў Леніна са Сталіным
Гэта ня назва постмадэрновага фільму, а сапраўдная гісторыя. Дзед сёньняшняга ваеннага злачынцы, які сядзіць у Крамлі, таксама быў ля высокіх кабінэтаў Масквы. Тады яшчэ апанаванай чырвонымі тыранамі. Сьпірыдон Пуцін працаваў кухарам. У дзень яго народзінаў згадаем дзіўную гісторыю, якая, безумоўна, паўплывала і на ўнука.
Нягледзячы на тое, што пэўныя гісторыі пра дзеда расейскага правадыра зьяўляюцца праўдзівымі, шмат якія зь іх узьніклі са словаў самога Пуціна ў гэтым годзе. Некаторыя дэталі былі атрыманыя ад далёкіх сваякоў абвешчанага ў міжнародны вышук чалавека.
Нельга не заўважыць, што, як і ў выпадку з Леніным, ствараецца нейкі вобраз спрадвечна наканаванага цара Расеі.
Некалькі месяцаў таму Пуцін у інтэрвію падзяліўся гісторыяй пра дзеда Сьпірыдона, які пісаў свайму сыну на фронт Другой сусьветнай вайны. Адрасат лістоў — гэта брат бацькі Ўладзімера. Пуцін адзначыў, што іх форма і зьмест пераканалі яго ў глыбокай нутранай культуры простага расейскага народа: «Вясковы чалавек зьвяртаецца да свайго выключна на «вы». А цяпер у мяне вялікае кола зносінаў, і шматлікія лічаць забавай выкарыстоўваць дужае слоўца», — панаракаў Пуцін. На яго думку, умацоўваючы традыцыйныя каштоўнасьці, расейцы павінныя браць прыклад са сваіх продкаў (што значыць у дадзеным выпадку з дзеда Пуціна).
Пуцін таксама распавёў, што ў адным з лістоў ягоны дзед апісвае, як загінула параненая нямецкай куляй у жывот бабуля. Перад сьмерцю яна прасіла, каб муж ня плакаў і не хваляваў яе сваімі сьлязамі. А ў іншым — дае наказ сыну «біць гэтых гадаў» на фроньце.
«Вось якія нашыя каштоўнасьці, як жа іх не берагчы? Калі я прачытаў наказ дзеда свайму сыну, я зразумеў, чаму мы перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне. Перамагчы такі народ з такім настроем немагчыма. Мы былі абсалютна непераможныя. І зараз такімі зьяўляемся», — заявіў Пуцін.
Вось так і атрымліваецца, што «білі гэтых гадаў» у сорак нейкім, б’ем гэтых гадаў і сёньня ва Ўкраіне.
Што за гісторыя з кухарам савецкіх тыранаў?
— Усё пайшло ад Сьпірыдона, які нарадзіўся ў 1879 годзе, — кажа Галіна Аляксандраўна Пуціна (дыктатар — ейны стрыечны пляменьнік). — Раней хлапчукоў у 12-13 гадоў аддавалі «ў навуку». Стрыечны брат Сьпірыдона Пуціна ўладкаваў яго вучнем кухара ў Цьвяры. Потым хтосьці парэкамендаваў паваротлівага хлапчука ўтрымальніку піцерскага рэстарана, і Сьпірыдон зьехаў у Пецярбург. Ён засвоіў усе тонкасьці кухарскага мастацтва, яму давяралі прыгатаваньне страваў для асобаў любога рангу. Дарэчы, многія адзначалі неўласьцівую для звыклага выгляду кухараў складнасьць фігуры Сьпірыдона.
У Пецярбургу Сьпірыдон прыкладна 5 гадоў вучыўся і працаваў, потым непрацяглы пэрыяд знаходзіўся ў Вільні.
Далей гісторыя пачынае абрастаць дэталямі, якія прымушаюць задумацца пра спрадвечнае наканаваньне Пуціна, які Ўладзімер, зьявіцца на гэты сьвет і быць толькі тым, кім ён стаў.
З кнігі пра сям’ю Пуціна: «Па легендзе, у рэстаране «Асторыя» ў Пецярбургу яму падарыў залаты чырвонец Распуцін, але пацьверджаньняў гэтаму няма. Лёс Сьпірыдона Іванавіча вельмі моцна зьмяніў дзень 7 сьнежня 1917 году, калі ў суседні будынак, у былое паліцэйскае ўпраўленьне, прыбылі 23 рэвалюцыянэры на чале з высокім хударлявым чалавекам з бародкай і са сталёвым выразам твару. Гэта была толькі што арганізаваная Ўсерасейская надзвычайная камісія (УНК) на чале з Фэліксам Дзяржынскім. 23 чалавекі тады ня ведалі, ува што пераўтворыцца іхная ўстанова ў хуткім часе. Ня ведалі пра гэта і ў суседняй карчме «Лёндан».
У першыя дні працы чэкістам нават не было дзе сагрэцца. І не было дзе паабедаць, бо ва ўсіх сьпісах пасадаў УНК, прынамсі, да сярэдзіны вясны 1918 году, не было ні кухара, ні адказнага за забесьпячэньне ежай. Чэкістам трэба было недзе абедаць. І адзінай установай харчаваньня паблізу была карчма «Лёндан».
Як сцьвярджаюць, прыгатаванае Сьпірыдонам спадабалася Дзяржынскаму, які і парэкамендаваў ягоныя паслугі партыйнай эліце.
Пуцін нядаўна заявіў: «Так, дзед кухарам працаваў спачатку ў Леніна, а потым у Сталіна ў адным з падмаскоўных лецішчаў у Горках».
У 1940 годзе дзед Пуціна быў прыняты на працу ў пансіянат «Ільлічаўскі», які знаходзіўся ў Падмаскоўі. Ён быў старшым кухарам, там ён працаваў з Мікітам Хрушчовым — пераемнікам Сталіна.
Дзядзька Пуціна ўзгадваў: «Бацька распавядаў, што калі яшчэ дзед (Сьпірыдон Пуцін) са Сталінам працаваў, ён езьдзіў туды да яго ў госьці, і яго пускалі туды, ён назіраў усё гэтае жыцьцё».
Ня зьдзівімся, калі ў наступных вэрсіях ад сваякоў ці самога Пуціна пачуем, што быў знойдзены «наказ ад Сталіна да маленькага Валодзі (Пуціну быў 1 год у момант сьмерці Сталіна), каб той рос здаровым і ўзяў на свае плечы гэты цяжар клопату за расейскі народ і ўсе іншыя народы, якія яшчэ ня ведаюць, што жадаюць жыць пад расейскім ботам».
Сьпірыдону Пуціну давяралі гатаваць для ленінскай сям'і. Жонку Леніна Надзею Крупскую і ягоную сястру Мар’ю Пуцін карміў да самай іх сьмерці. Брат Леніна Дзьмітры Ільіч Ульянаў таксама сілкаваўся ў яго.
«Сталін прыязджаў інкогніта ў Горкі, і бацьку даводзілася гатаваць для яго, — узгадвае Аляксандар Сьпірыдонавіч Пуцін (брат бацькі Ўладзімера Пуціна), — пра гэтыя візыты ён нічога не расказваў, заўважыў аднойчы толькі тое, што Сталін патрабавальны, але справядлівы.
Бацька наогул не любіў размаўляць. А больш за ўсіх шанаваў Ульянавых. Колькі, казаў, праз мае рукі прайшло людзей, але лепш за Ўльянавых не было».
Сваёй кухарскай працай Сьпірыдон Пуцін быў незадаволены. Лічыў яе няўдзячнай.
— Што ў мяне за спэцыяльнасьць такая? Прыгатуеш, усё зжаруць, лаяўся, бывала, бацька, і памяці ніякай не застанецца, — так узгадвае Аляксандар Сьпірыдонавіч Пуцін. — Шкадаваў, што ня стаў інжынэрам або архітэктарам. Не жадаў, каб дзеці пайшлі па ягоных сьлядох. Вельмі любіў чытаць. У кіраўніка пошты была багатая бібліятэка. Дык ён усю яе перачытаў. Асабліва любіў кнігі пра царскую сям’ю.
Што ж ты будзеш рабіць, працаваў на крывавых камуністаў, а быў латэнтным манархістам.
Сьпірыдон Пуцін памёр у 1965 годзе.
Чэкісты, кухары, Пуцін. Нібы справа не пра стогадовую даўніну, а пра сёньня. Ці не сантыментамі адносна свайго дзеда можна патлумачыць колішнюю прыязнасьць расейскага ваеннага злачынцы да свайго кухара Прыгожына.
У Беларусі вось таксама ўжо водзяць экскурсіі па «месцах дзяцінства і юнацтва першага прэзідэнта краіны».
Цьфу!