Да Саветаў у Беларусі гісторыі не было?

Візуальна ў беларускіх гарадах больш за ўсё прадстаўлены савецкай гісторыя і Другая сусветная вайна. Час да расійскай экспансіі ў помніках і памятных мясцінах амаль ніяк не адлюстроўваецца.

У кожным абласным цэнтры ёсць свой Ленін. Фота «НЧ»

У кожным абласным цэнтры ёсць свой Ленін. Фота «НЧ»

Эксперты інстытута «Палітычная сфера» правялі чатыры маштабныя даследаванні, прысвечаныя стаўленню беларусаў да сістэмы адукацыі, тэндэнцыям у кнігадрукаванні, ідэалогіі ў гарадскім ландшафце і музеях. Прэзентацыя вынікаў адбылася ў панядзелак, 18 снежня, у Вільні. «Deutsche Welle» расказвае пра асноўныя высновы, да якіх прыходзяць аўтары. 

Прагматычнае стаўленне да адукацыі

Беларусы — канфармісты ў дачыненні да існуючай сістэмы адукацыі, але ў той жа час ставяцца да яе атрымання прагматычна. Такія вынікі анлайн-апытання гарадскога насельніцтва Беларусі наконт стаўлення да сістэмы вышэйшай і сярэдняй адукацыі. У даследаванні, якое праводзілася ў жніўні 2023 года, прынялі ўдзел 1002 рэспандэнты.

У прыватнасці, эксперты адзначылі канфармізм у дачыненні да беларускай мовы: нягледзячы на ўзмацненне русіфікацыі школьнай і ўніверсітэцкай адукацыі, толькі 16% апытаных выступілі за павелічэнне прысутнасці беларускай мовы ў школьнай адукацыі. Калі гаворка ішла пра пашырэнне вывучэння замежнай мовы, гэта падтрымалі каля паловы ўдзельнікаў апытання.

Паводле слоў кандыдата сацыялагічных навук Аляксея Ластоўскага, гэта сведчыць у тым ліку пра прагматычнае стаўленне да атрымання адукацыі: у першую чаргу як да этапу на шляху да поспеху і прафесійнай самарэалізацыі, пры гэтым з мінімальнымі намаганнямі як з боку навучэнцаў, так і з боку бацькоў.


Глядзіце таксама

«Калі мы кажам, што варта пашыраць беларускую мову ў школе, мы павінны разумець, што гэта будзе выклікаць негатыўную рэакцыю», — перасцерагае Ластоўскі. На яго думку, варта пачаць «са змены сацыяльнага статусу беларускай мовы і гісторыі», каб мова ўспрымалася «як фактар для прафесійнага поспеху, кар'еры, і тады гэта будзе пазітыўна ўспрымацца для яе пашырэння ў школьнай адукацыі»

Даследчыкі таксама адзначаюць трэнд у моладзі на атрыманне адукацыі за мяжой: больш за палову рэспандэнтаў ва ўзросце 18-24 гадоў заявілі, што выбралі б «адну з краін Заходняй Еўропы ці ЗША». Гэта, на думку Ластоўскага, азначае далейшую «ўцечку мазгоў» і размыццё дэмаграфічнага патэнцыялу Беларусі.

Беларусы ўсё яшчэ працягваюць чытаць

Між тым эміграцыя беларусаў у апошнія тры гады ўжо істотна ўплывае на многія сферы, у тым ліку на кнігавыданне і спажыванне кніг. Пацвярджае гэта і адно з даследаванняў інстытута «Палітычная сфера». З інтэрв'ю, праведзеных з незалежнымі кнігавыдаўцамі, якія ўжо з'ехалі з Беларусі, а таксама з тымі, хто яшчэ працуе ў краіне, вынікае, што асноўная праблема — як даставіць кнігі аўдыторыі, большая частка якой застаецца ў Беларусі. «Фактычна кнігавыдаўцы, якія знаходзяцца на Захадзе, павінны арыентавацца выключна на эмігранцкі попыт з мінімальнай магчымасцю дастаўляць кнігі ў Беларусь», — кажа Ластоўскі.


Глядзіце таксама

У той жа час беларусы за мяжой практычна не купляюць сур'ёзныя навуковыя выданні, а «кнігавыдаўцы гэта разумеюць і перастаюць такія кнігі выпускаць». Між тым анлайн-апытанне, якое тычыцца спажывання кніг аўдыторыяй, паказала, што ўсё ж беларусы «працягваюць чытаць».

Паводле слоў доктара палітычных навук, даследчыка палітыкі і сучаснай гісторыі Андрэя Казакевіча, дзве траціны апытаных так ці інакш чытаюць кнігі і пры гэтым аддаюць перавагу друкаваным выданням, прычым абедзве тэндэнцыі характэрныя не толькі для дарослых людзей, але і для моладзі. Сярод чытачоў «абсалютна дамінуе руская мова», і толькі каля 15% апытаных чытаюць па-беларуску, англамоўныя выданні больш за ўсё папулярныя сярод моладзі.

Ідэалогія ў музеях

Эксперты таксама прааналізавалі тэмы, фарматы і прысутнасць ідэалогіі ў музейных выставах у Беларусі ў 2019-2022 гадах. Даследаванне ахоплівае 6,5 тысяч паведамленняў пра выставы ў 162 музеях. Паводле слоў Казакевіча, сярод іх усё яшчэ дамінуюць «непалітычныя тэмы», якія, верагодна, карыстаюцца большай папулярнасцю. Але колькасць выстаў, звязаных з беларускай ідэалогіяй, у апошнія гады павялічваецца.

«У першую чаргу за кошт росту ўвагі да Другой сусветнай вайны, тэмы "генацыду беларускага народа", "Дня народнага адзінства" і агульнай патрыятычнай тэматыкі», — адзначае Казакевіч. Ён таксама звяртае ўвагу, што вырасла і колькасць выстаў расійскай тэматыкі, але гэты сегмент усё роўна пакуль застаецца нязначным.


Глядзіце таксама

Уплыў расійскіх наратываў мацней адчуваецца на выставах, звязаных з ідэалогіяй. Таксама аўтары даследавання адзначаюць зніжэнне ўвагі да гісторыі дасавецкага перыяду, захаванне на маргінальным узроўні ўвагі да беларускай мовы і літаратуры.

Ленін — у кожным абласным горадзе

Дасавецкі перыяд слаба прадстаўлены і ў беларускім гарадскім ландшафце. Пра гэта сведчыць матэрыял, сабраны даследчыкамі пра помнікі, манументы і месцы памяці ў Беларусі. Гаворка пра 1065 аб'ектаў у пяці абласных цэнтрах (за выключэннем Мінска. — Заўв. рэд.). Паводле слоў гісторыка, даследчыка гістарычнай памяці Андрэя Мастыкі, абсалютная большасць гэтых месцаў — 75% — савецкага перыяду.

Усяго 48 аб'ектаў у беларускіх абласных цэнтрах адносяцца да перыяду «ад стаянак жалезнага веку да XIX стагоддзя», але большасць з іх адлюстроўвае менавіта беларускую гістарычную памяць. Часта яны звязаны з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) або лакальнай гісторыяй.

У помніках XIX стагоддзя значна шырэй прадстаўлены «расійскі імперскі наратыў», а вось беларуская культура гэтага перыяду амаль ніяк не адлюстраваная. 

Мастыка таксама нагадаў, што ў Гродне быў адзіны помнік, прысвечаны паўстанню 1863 года, але нядаўна ўлады яго прыбралі. 


Глядзіце таксама

У XX стагоддзі дамінуюць савецкія помнікі, прысвечаныя Другой сусветнай вайне, Кастрычніцкай рэвалюцыі, вайне ў Афганістане.  Гісторык таксама звяртае ўвагу, што ў кожным абласным горадзе «ёсць Ленін», а ў Гомелі яму ўсталявана нават некалькі помнікаў, у тым ліку і «помнічак» маленькаму Валодзю Ульянаву. «Калі казаць пра літаратараў, то ў нас усяго тры помнікі беларускім літаратарам: два Купалe і адзін Караткевічу, Пушкін ёсць у чатырох гарадах», — адзначае Мастыка.

Таксама ў абласных гарадах усяго два помнікі ахвярам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — у Гомелі і Магілёве. У Брэсце ж ёсць помнік у гонар удзельнікаў стварэння ядзернага шчыта СССР — Брэсцкі гарнізон удзельнічаў у ядзерных выпрабаваннях пад Свярдлоўскам (цяперашні Екацярынбург. — Заўв. рэд.). Аднак манумент узведзены не ў памяць пра ахвяр выпрабаванняў, а ў «гонар таго, што шчыт быў пабудаваны».

Цяперашнія беларускія ўлады, адзначае эксперт, выкарыстоўваюць савецкія помнікі ў ідэалагічных мэтах: каля іх праходзяць мітынгі, шэсці і іншыя мерапрыемствы.