Лічбавы культ вайны. У Беларусі да помнікаў дзеячам Другой сусветнай дадаюць QR-коды
Палацы, касцёлы, сядзібныя комплексы і замкі-кастэлі — турыстычнае полымя Беларусі, што ўпэўнена працягвае згасаць праз тугу ўладаў па савецкай акупацыі. Укладанне сродкаў у спрадвечныя беларускія славутасці цалкам замясцілася на апдэйт нерамантычных помнікаў, якім ужо даўно падрыхтавана месца ў музеі ці на смеццевым палігоне.

Ілюстрацыйная выява, створаная з дапамогай штучнага інтэлекту
Летась 12 верасня грамадскае аб’яднанне «Патрыёты Беларусі» і Федэрацыя прафсаюзаў абвясцілі старт сумеснага праекта «Сімвалы адзінства». Ідэолагі патлумачылі, што цэнтральнай ідэяй шэрагу мерапрыемстваў будзе ўсталяванне каля помнікаў і мемарыялаў, прысвечаных так званай «Вялікай Айчыннай вайне», інфармацыйных таблічак з нанесеным QR-кодам. Перайшоўшы па ім на сайт, наведвальнік зможа азнаёміцца з падрабязнай інфармацыяй пра ваенныя падзеі ў гэтых мясцінах. З першай жа заявы арганізатары цвёрда вызначылі менавіта вайсковую афарбоўку праекта, хаця гэтую ж ідэю (ужо не новую) магчыма было направіць у станоўчае рэчышча — у будзь-якія славутасці мірнага характару.

Інавацыйная таблічка з QR-кодам. Фота «Лічбавая зорка»
Прапагандысты паведамілі, што пасля пераходу па QR-кодзе чытач убачыць не проста пераказ асобных даведачных матэрыялаў, а «жывое, эмацыйнае апавяданне», з уключэннем успамінаў відавочцаў ды гісторый канкрэтных людзей. Ужо да канца лістапада 2022 года па розных рэгіёнах краіны было «аблічбавана» больш за тысячу помнікаў і мемарыялаў. Кожнае ўсталяванне такога аб’екта суправаджаецца шэсцямі, скокамі, чырвонымі сцягамі і жанчынамі з начосамі. Нягледзячы на тое, што ў свядомасці лукашыстаў гэта выглядае як прагрэсіўная айчынная інавацыя, па сутнасці «ўрачыстае адкрыццё» з’яўляецца закапваннем палкі з QR-кодам у зямлю.
Прамы ўдзел у гэтай ініцыятыве браў і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. На «ўрачыстым адкрыцці» ідэолаг абурыўся краінам, якія не хочуць мець нічога агульнага з савецкай акупацыяй у паўсядзённым жыцці:
«Мы бачым, што ў суседніх краінах зносяць, апаганьваюць помнікі. У чалавечым разуменні гэта немагчыма ўсвядоміць: як апаганьваць памяць свайго дзеда ці прадзеда, які ваяваў за наша мірнае неба? Гэта не беларускі шлях. У нашай краіне заўсёды трапятліва і беражліва ставіліся да гісторыі. Мы бачым, што сёння ёсць шмат жадаючых перапісаць яе ва ўгоду сваім палітычным інтарэсам і мэтам, і наш святы абавязак — не дапусціць гэтага», — заявіў Орда.

Дэмантаж помніка савецкім войскам у Рызе, Латвія
Прамова, відавочна, ідзе пра Літву і Латвію, дзе грамадскія прасторы практычна цалкам пазбавіліся савецкіх помнікаў, а таксама Украіну, у якой актыўна працягваецца працэс дэсаветызацыі населеных пунктаў.
Да марафону апгрэйду помнікаў далучыўся БРСМ і назваў сваю ініцыятыву «міжнародным праектам», накіраваным на фарміраванне духоўна-маральных якасцяў. З «міжнароднасці» ў ім відавочна толькі краіна-агрэсарка, у якой з маральнымі якасцямі пакуль неяк не атрымліваецца. Падкрэслім, што БРСМ падыход таксама не змяніў: аб’екты невайсковага характару зноў засталіся ў чаканні грантаў ад Еўразвязу.
Як адзначалася раней, любое «ўрачыстае адкрыццё» не можа прайсці без усіх атрыбутаў культа Савецкага Саюза і вайны.
Напрыклад, напрыканцы лістапада 2023 года на Верхнядзвіншчыне арганізавалі свята ў гонар аблічбоўкі помніка воінам-вызваліцелям з людзьмі ў дэсантнай форме, памінальнымі вянкамі і чырвона-зялёнымі сцяжкамі. Людзям прыходзілася стаяць на замерзлым брудзе, але, на думку ўладаў, QR-код значна важнейшы за нармальнае дарожнае пакрыццё.

Адкрыццё таблічкі з QR-кодам на Верхнядзвіншчыне
У Віцебску паглядзець на ўстаўленне трубы ў зямлю сабралі вялікую групу дзяцей — яны як заўсёды становяцца ахвярамі спроб ідэолагаў навязаць любоў да неіснуючай краіны. На мерапрыемства прыехалі дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Палякова і намесніца главы Віцебскай адміністрацыі Алена Шарай. Як бачна на фота, сам помнік пакрыты падцёкамі і брудам.
«Запомніце простую рэч: любая дзяржава, вялікая ці маленькая, існуе толькі тады, калі жывая памяць людзей, якія пакінулі свой след на роднай зямлі», — адзначыла ідэолаг Наталля Ткачова. Чаму жывая памяць тычыцца выключна аб’ектаў вайсковай тэматыкі, а без таго нешматлікія згадкі пра Кастуся Каліноўскага, Ларысу Геніюш і польскіх жаўнераў працягвае знішчаць рэжым, не паведамляецца.

Дзеці аддаюць воінскае прывітанне, Віцебск
У Печах, што на Барысаўшчыне, акрамя «ўрачыстага адкрыцця» QR-кода ля помніка партызанскай брыгадзе «Дзядзьку Колю» быў праведзены пешаходны мітынг. Удзельнікі (пераважна дзеці) крочылі па вуліцах ваеннага гарадка пад чырвоным сцягам. Мэту і сэнс мітынгу прапагандысты не адзначаюць.

Мітынг пад чырвоным сцягам у Печах
Школьнікі прачыталі «ваенна-патрыятычныя вершы», выканалі «патрыятычны танец» і памахалі палотнамі ў выглядзе сцяга Мадагаскара: будзь-які арнамент тут адсутнічае.

Дзеці з палотнамі чырвонага, зялёнага і белага колеру
Лідарка барысаўскага БРСМ Уладзіслава Крыгалёва падкрэслівае, што праект міжнародны: такім чынам ідэолагі спрабуюць унушыць сабе і іншым, што яны не знаходзяцца ў адзіноце. Тое, што «міжнародны» праект складзены з двух удзельнікаў, Уладзіслава на публіку не абвяшчае, але лезе ў асабістыя справы замежных дзяржаў:
«Праект будзе садзейнічаць захаванню памяці аб падзеях тых гадоў. У той час, калі заходнія краіны руйнуюць помнікі, нашу гісторыю, мы, маладое пакаленне, захоўваем і беражом памяць аб кожным героі Вялікай Айчыннай вайны».
Больш за тое, ідэолагі ўсе як адзін кажуць, што праект з аблічбоўкай QR з’яўляецца перадавым і ўнікальным для нашай краіны. Насамрэч жа не. Да ўвядзення санкцый Еўразвяз усталяваў сотні стылёвых указальнікаў ля касцёлаў, палацаў, азёр ды іншых славутасцяў Віцебскай і Гарадзенскай абласцей. Мірных славутасцяў, што тычацца Беларусі, а не вайны і неіснуючай дзяржавы.