Дзе шукаць беларускія вершы Уладзіслава Сыракомлі? Літаратурнае расследаванне «Новага Часу»

На сённяшні дзень вядома, што ў творчай спадчыне Уладзіслава Сыракомлі ёсць толькі два вершы на беларускай мове — «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды…». Няўжо гэта ўсё, і знакаміты паэт больш не пакінуў радкоў на беларускай мове?

00_vokladka_53.jpg

Сёлета мы адзначалі 200-годдзе з дня нараджэння знакавага творцы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, любімага паэта нашых класікаў і натхняльніка дзеячаў беларускага нацыянальнага руху Уладзіслава Сыракомлі. На афіцыйным узроўні паэта ўшанавалі сціпла — паштовым канвертам і дзяжурнымі публікацыямі пра жыццё і творчасць… Канешне, Сыракомля заслугоўвае больш пашаны ад нашчадкаў. Але ўсяму свой час.

І, як гэта часта бывае ў юбілейныя гады, мінула дата — забылі героя. Сапраўды, пасля верасня, калі ўласна і быў юбілей, імя Сыракомлі крыху выпала з інфармацыйнага поля. У чымсьці гэта натуральна для перанасычанага рознай інфармацыяй цяперашняга свету. Але творчая спадчына і жыццё Сыракомлі настолькі багатыя, што глеба для разваг і пераасэнсаванняў тут звыш плённая. Напрыклад, лёс вершаў паэта на беларускай мове. Пытанняў тут шмат, а адказаў?

Адмыслова напрыканцы юбілейнага года, каб постаць Сыракомлі не гублялася з відавоку, «Новы Час» падрыхтаваў літаратурнае расследаванне. Гэта спроба адказаць на пытанне: дзе шукаць беларускія вершы Уладзіслава Сыракомлі?

Уладзіслаў Сыракомля

Уладзіслаў Сыракомля

Ці ведаў Сыракомля беларускую мову?

Парадокс, але і ў ХХІ стагоддзі многія працягваюць вызначаць нацыянальную прыналежнасць пісьменнікаў мінулага выключна (!) па мове, на якой яны пісалі. Робіцца гэта не зважаючы на гістарычны кантэкст і, пераважна, у мэтах маніпуляцый ці якіх фальсіфікацый. У выпадку Сыракомлі, маўляў, гэта ж польскі паэт, бо пісаў па-польску, вершаў па-беларуску не пісаў, то і няма чаго яго ўшаноўваць. Такое цемрашальства, на жаль, жыве — і не проста жыве, але і ўплывае на культурную павестку.

Здавалася б, падобную дыскусію можна абрубіць аргументам, што Мікола Гусоўскі напісаў «Песню пра зубра» на лаціне, то значыць ён — рымскі паэт? Гучыць камічна, але менавіта так вызначаецца прыналежнасць усіх творцаў з былога Вялікага Княства Літоўскага, якія мелі неасцярожнасць пісаць па-польску. Бо быў такі час і менавіта польская была мовай культуры, адукацыі і навукі. Але і беларуская мова таксама прабівала сабе шлях у гэтыя сферы. Як прабівала, яе туды прасоўвалі інтэлектуалы. Той жа Сыракомля і яго паплечнікі з пакалення «апошніх літвінаў»: Вінцэнт Каратынскі, Адам Плуг, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч…

Глядзіце таксама

Што ж, калі ёсць выклік, то яго трэба прымаць і шукаць. Канешне, знайсці больш, чым два, верша аўтарства Сыракомлі на беларускай мове, была б сенсацыйная справа. Паспрабуем на гэта праліць святло. Пытанняў тут шмат: як ставіўся да беларускай мовы Сыракомля? Ці былі наогул тыя вершы, якія мы намагаемся знайсці? А калі былі, то дзе шукаць іх сёння? Толькі на адно пытанне адказаў сам Сыракомля. 

Стаўленне да мовы ён акрэсліў у артыкуле-рэцэнзіі на творчасць Дуніна-Марцінкевіча ў 1855 годзе. І стаўленне гэта — пазітыўнае, з захапленнем, «бо гэта мова нашага Літоўскага статута!». Яшчэ Сыракомля пісаў, што беларуская (або крывіцкая) мова — пекная галіна славянскай мовы. І канешне ж, адкрытае і самае важнае пытанне: ці наогул ведаў Сыракомля беларускую мову? Ведаў: «І я навучыўся крывіцкай мове і валодаў ёю з пэўнай элеганцыяй у размовах з добрым сялянствам Жукава Барка. Выгнаны з тых старонак бураю жыцця, я запомніў, аднак, гэту мову…».

З іншым пастараемся разабрацца мы.

Жукаў Барок — месца, дзе Сыракомля вучыў беларускую мову

Жукаў Барок — месца, дзе Сыракомля вучыў беларускую мову

Няздзейснены праект

Сакратаром-памочнікам Сыракомлі быў Вінцэнт Каратынскі. Сыракомля для Каратынскага быў не толькі, так бы мовіць, кіраўніком, паперамі якога той распараджаўся. Фактычна ён, адчуваючы талент і здольнасці сакратара, падштурхнуў Каратынскага да творчасці: сакратар бярэцца за вершаскладанне. Годам літаратурнага дэбюту Каратынскага лічыцца 1856 год. Тады выйшаў у друку яго першы верш «Над калыскай» і ў той жа год пабачыў свет першы зборнік уласнай паэзіі «Чым хата багата». Канешне, дзякуючы пратэкцыі Сыракомлі.

Вінцэнт Каратынскі, 1860-я

Вінцэнт Каратынскі, 1860-я

Каратынскі, як і Сыракомля, пісаў па-польску, але ў творчай скарбонцы абодвух былі вершы, напісаныя і па-беларуску. Вядома, што ў 1856 годзе пры падрыхтоўцы свайго першага паэтычнага зборніку Каратынскі хацеў уключыць туды і вершы на беларускай мове. Але ў Сыракомлі была іншая думка: «Сярод маіх твораў ёсць таксама трошкі беларускіх. Прапаную тады, каб мы разам, у адной кнізе, выдалі нашу беларускую паэзію». Падрыхтаваць сумесны беларускі зборнік! Феерычны літаратурны праект для 1850-х, а вось гэта ўжо зусім іншая справа! Трэба меркаваць, што, калі гаворка пра цэлы зборнік, то і вершаў трэба не адзін дзясятак. Справа сапраўды сур’ёзная… І цалкам верагодна, вершы былі напісаныя і гатовыя да друку.

Глядзіце таксама

Але не збылося. На вялікі жаль, той зборнік Сыракомлі і Каратынскага з беларускімі вершамі ў 1850-я не пабачыў свет. Чаму? Цяжка сказаць, ці то былі перашкоды і пераслед за мову, ці паўплывалі якія іншыя абставіны. Магчымасць выдаць іх у 1850-я сапраўды была, але яе ўпусцілі, а пазней — было не да вершаў на беларускай.

І дзе ж дзеліся тыя вершы?

Хто апекаваўся спадчынай Сыракомлі?

Пасля смерці Сыракомлі апекуном творчай спадчыны паэта стаў усё той жа Каратынскі. У яго архіве знаходзіліся матэрыялы, перададзеныя сям’ёй паэта, і рукапісы, дасланыя рознымі асобамі. Канешне, там былі і вершы на беларускай мове! Паперы Каратынскаму былі патрэбны не проста так, каб былі і пыліліся на паліцах, але для годнай справы. 

Міне амаль дзесяцігоддзе з дня смерці паэта — усё ж віравала паўстанне 1863-га! — і Каратынскі возьмецца за выданне твораў Сыракомлі. Толькі адной паэзіі назбіраецца 10 тамоў. У прадмове да 10-томніка Каратынскі скажа, што выданне — поўнае, але ў яго не былі ўключаныя вершы на беларускай мове, як і шэраг іншых твораў на польскай, якія не маглі быць апублікаваныя па прычынах цэнзуры. Напрыклад, антыімперскі верш «Сахар-мароз», які і пры жыцці Сыракомлі хадзіў па чытачах толькі ў рукапісах.

Збор паэзіі Сыракомлі ў 10 тамах

Збор паэзіі Сыракомлі ў 10 тамах

Гэта зразумела, Сыракомля — паэт, які памёр у статусе падследнага, нават на яго пахаванні дзяжурылі жандары, і тайныя агенты даносілі, як усё прайшло. І канешне, яго творчая спадчына бруілася словамі, у якіх царскі рэжым бачыў крамолу і пагрозу расійскаму самадзяржаўю.

Глядзіце таксама

Каб выдаць зборнікі вершаў і залагодзіць цэнзараў, Каратынскі ўважліва выбіраў творы спачылага сябра. Цалкам верагодна, што з перастрахоўкі вершы на беларускай мове так і засталіся ў рукапісах чакаць лепшых часоў, а, магчыма, Каратынскі ўсё яшчэ спадзяваўся выдаць запланаваны калісьці сумесны зборнік. Гэтага ўжо не даведаемся. Фактам застаецца тое, што вершы лепшых часоў не дачакаліся. Але захоўваліся ў сямейным архіве ў Варшаве, куды пераехаў Каратынскі ў 1860-я. Запомнім гэта і крыху збочым у нашым расследаванні на іншыя сцежкі, звязаныя з блізкім атачэннем Сыракомлі. Яўна ж пра вершы на беларускай мове ведаў не толькі Каратынскі…

Вінцэнт Каратынскі, 1880-я

Вінцэнт Каратынскі, 1880-я

Што ведаў Адам Кіркор?

Яшчэ адным блізкім сябрам Сыракомлі быў Адам Ганоры Кіркор. Іх звязвалі не толькі асабістыя стасункі, але і сумесныя праекты. Калі коратка, то менавіта ён выдаваў і прасоўваў у друк творы Сыракомлі. І каму, як ні Кіркору, ведаць пра лёс спадчыны паэта на беларускай мове?

Адам Кіркор

Адам Кіркор

Сапраўды, Адам Кіркор пралівае святло на гэтае пытанне. Вядома, што многія вершы Сыракомлі сталі песнямі, да іх напісаная музыка. Вядома, і намі ўжо згадвалася, што шмат вершаў вясковага лірніка хадзіла выключна ў рукапісах ці вусна. З вялікай верагоднасцю падобныя шляхі захоўвання і распаўсюду былі і ў беларускіх вершаў. Пацвярджае гэта Кіркор на старонках «Живописной России»:

«Известный польский поэт Сырокомля не только отлично знал язык белорусский, но знал народ, любил его, понимал его нужды, его желания ,проникал всю глубину его чувства, знал его предания, поговорки. Поэтому не удивительно, что его белорусские песни особенно любимы народом. Их поют везде, хотя немногие уже знают, кто был их автором».

Калі гэта сапраўды так, то знайсці нітачкі да аўтарства Сыракомлі ўжо немагчыма. Хто ведае, раптам знакамітыя беларускія народныя песні не такія ўжо і народныя, а маюць канкрэтнага аўтара — вясковага лірніка Людвіка Кандратовіча? Для фальклору гэта натуральная справа.    

Амплуа Сыракомлі вясковага лірніка

Амплуа Сыракомлі вясковага лірніка

«Што будзе з забароненымі вершамі Людвіка?»

Аляксандр Валіцкі. Яшчэ адзін чалавек, які быў захоплены спадчынай Сыракомлі і намагаўся выдаць яе нявыдадзеныя часткі. Валіцкі быў інтэлектуалам свайго часу: у 1863 годзе заснаваў у Мінску кнігарню, вакол якой утварыўся літаратурны клуб, але ў тым жа 1863-м за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях быў сасланы ў Тамбоў. З 1868 года жыў у Варшаве, быў журналістам і выдаўцом, а ў 1890-х быў захавальнікам бібліятэкі і архіва Радзівілаў у Нясвіжы. І прывялі яго туды пошукі вершаў Сыракомлі!

Аляксандр Валіцкі

Аляксандр Валіцкі

Як нам ужо вядома, у 10-томны збор вершаў Сыракомлі не ўвайшло шмат твораў. І пра гэта прыхільнікі яго творчасці ведалі. У 1886 годзе, калі рэакцыя пасля паўстання 1863-га крыху прыглухла, Валіцкі намерыўся выдаць асобнай кнігай усё тое, што не ўвайшло ў збор твораў. З лістоў Валіцкага да ўдавы Сыракомлі Паўліны Кандратовіч вядома, што ён збіраў «забароненыя вершы Людвіка»! Няма сумневу, што пад «забароненымі вершамі» маюцца на ўвазе і вершы на беларускай мове. Паўліна звярнулася да Каратынскага, а той вось што паведамляе:

«Нарэшце, што да не друкаваных рэчаў, хай Валіцкі выдае хоць бы зараз. У мяне гэтага ёсць не многа; напэўна не надта многа мае таксама і Валіцкі: шмат пагінула, ходзячы па руках. З маіх уласных вершыкаў не засталося ніводнага кавалка; так і з некаторымі творамі нябожчыка. Заўсёды, аднак, томік гэтага збярэцца».

Які ж гэта красамоўны адказ! Тут сыходзіцца ўсё ў адну кропку: забароненыя вершы — раз, вершы аўтарства Каратынскага — два, вершы Сыракомлі, якія хадзілі па руках — тры, але ж «томік гэтага збярэцца» — чатыры… Ці ж не пра той самы томік вершаў на беларускай мове, які хацеў пры жыцці выдаць Сыракомля сумесна з Каратынскім, тут вядзецца? Здаецца, усё відавочна.   

Паўліна Кандратовіч (удава паэта)

Паўліна Кандратовіч (удава паэта)

Выглядала на тое, што справа выдання не апублікаваных вершаў Сыракомлі, сярод якіх былі і беларускія, наладжвалася. Але праект зрываецца! Чаму? Тут хутчэй за ўсё справа ўзаемаадносін і канкурэнцыі. Падаецца, што Каратынскі і Валіцкі не надта ладзілі паміж сабой. Да таго ж, у тым жа лісце, дзе Каратынскі пісаў «хай Валіцкі выдае хоць бы зараз», ёсць працяг: «Што за гэта зажадаць [за забароненыя вершы]? Належала б зажадаць 500 руб. ці саступіць за 300».

У сваю чаргу, Валіцкі напісаў удаве Сыракомлі: «Не прыстала займацца справай продажу забароненых вершаў».

Значыць, Каратынскі не перадаў сваю тэчку вершаў Валіцкаму і беларуская спадчына засталася ў яго сям’і.

Імпэт Валіцкага не згас. У маі 1891-га ён пераязджае ў Нясвіж, дзе працягваў пошукі забароненай паэзіі Сыракомлі. А дзе ж яшчэ яе шукаць, як ні ў былых ваколіцах паэта? Што праўда, слядоў збору Валіцкага сёння не выяўлена. Але ж, калі штосьці навукоўцам не вядома, не значыць, што гэта знікла… Зборы Аляксандра Валіцкага яшчэ могуць быць знойдзеныя і раскрыць шмат чаго новага.   

Інтэр'еры Нясвіжскага замка

Інтэр'еры Нясвіжскага замка

Вершы Сыракомлі шукае «Наша Ніва»

Час ішоў. У лепшы свет адышоў і Аляксандр Валіцкі, і Вінцэнт Каратынскі. Архіў апошняга дастаўся яго дзецям. А ў гэты час паўставаў беларускі нацыянальны рух і асоба Уладзіслава Сыракомлі для дзеячаў руху была не другараднай. Што казаць, Сыракомля — любімы паэт Янкі Купалы, браты Луцкевічы публікавалі адзіны тады вядомы беларускамоўны верш Сыракомлі ў рэвалюцыйнай газеце, Сыракомлю перакладалі на беларускую. Напрыклад, Янка Лучына, якога падтрымліваў… Аляксандр Валіцкі!

Але ўсё ж Сыракомля меў адзін «істотны недахоп»: пісаў па-польску. А для нацыянальнага руху мова была істотным чыннікам. Дый яшчэ ў кантэксце таго, што беларускі рух як раз такі супрацьпастаўляўся ідэі польскасці. Трэба было апраўдаць паэта! Ці, прынамсі, растлумачыць: навошта ён пісаў па-польску.

Глядзіце таксама

За справу бярэцца Вацлаў Ластоўскі. На старонках «Нашай Нівы» з нагоды 50-годдзя з дня смерці (1912 год) выходзіць артыкул «Людвік Кандратовіч (Сыракомля)». Пачынаецца артыкул з невялічкага ўступу і кароткай біяграфіі паэта. А далей Ластоўскі пачынае нібыта апраўдваць Сыракомлю: «Кандратовіч пісаў па-польску, але дух яго твораў чыста мясцовы, беларускі». Тлумачыць ён гэта тым, што ў паднявольных народаў часам бываюць дзіўныя моманты, калі найлепшыя сілы, найлепшыя сыны ідуць скародзіць чужыя нівы. І задаецца пытаннем: «Ці мала наша Беларусь дала здольных людзей Польшчы на полі літаратуры?». Тут і Міцкевіча прыгадаў, і падобны прыклад з Фінляндыі прывёў.

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы»

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы»

Таксама Ластоўскі піша, што творамі Сыракомлі зачытвалася шляхта, на Літве яго цанілі, а польскія крытыкі наадварот — ганілі. І самы важкі аргумент, які робіць Сыракомлю «сваім», дык гэта тое, што «апрача польскіх вершаў, Кандратовіч, для нас, беларусаў, даў яшчэ творы на чыста беларускай мове. Беларускія творы Кандратовіча, апрача двух-трох кавалачкаў дагэтуль яшчэ не друкаваныя. Часць рукапісаў беларускіх твораў Кандратовіча мае пан Каратынскі ў Варшаве, і кажуць, быццам гэтыя вершы маніцца выдаць адна з варшаўскіх кнігарань».

Вось гэта паварот! У 1912 годзе Ластоўскі дакладна ведаў, што вершы Сыракомлі на беларускай мове былі, усё яшчэ захоўваліся ў варшаўскім архіве Каратынскіх (у артыкуле гаворка пра сына Вінцэнта — Уладзіслава, журналіста і публіцыста) і нават рыхтаваліся зноў да друку.

Так, у нас ёсць беларускія вершы знакамітага паэта, ёсць беларуская газета… Чаму б не апублікаваць тыя вершы на старонках «Нашай Нівы» ці ўкласці ў які-небудзь зборнік? Гэтая думка прыйшла і ў светлую галаву Івана Луцкевіча. У тым жа 1912 годзе ён піша ліст Уладзіславу Каратынскаму:

«Некалькі месяцаў таму назад я даведаўся, што шаноўны пан мае беларускія вершы бацькі, а таксама паэтычныя творы Сыракомлі, напісаныя на гэтай самай мове. Прыступаючы зараз да выдання паэтаў, якія пісалі па-беларуску ў палове ХІХ стагоддзя, я вельмі хацеў бы мець гэтыя матэрыялы…».

Не вядома, што адказаў Каратынскі-малодшы Луцкевічу, як і не вядома, каб на старонках «Нашай Нівы» публікаваліся беларускія вершы Сыракомлі і ці выйшаў той анансаваны зборнік паэтаў ХІХ стагоддзя. Здаецца, такой кнігі няма, бо без вершаў Сыракомлі яна яўна была б не поўнай. 

 Іван Луцкевіч і Аляксандар Уласаў

 Іван Луцкевіч і Аляксандар Уласаў

Публікацыя зборніку: спроба №3       

Каратынскі вершы ў Вільню не даслаў. Але ж Ластоўскі пісаў, што «гэтыя вершы маніцца выдаць адна з варшаўскіх кнігарань»… Сапраўды, Уладзіслаў Каратынскі сур’ёзна займаўся складаннем нявыдадзенай паэзіі Сыракомлі, куды ўключаліся і яго беларускія вершы.

Уладзіслаў Каратынскі

Уладзіслаў Каратынскі

Пацвярджае гэта публікацыя аднаго з вершаў на беларускай мове. Так, Уладзіслаў Каратынскі ў 1912 годзе на старонках часопіса «Kurjer Litewski» апублікаваў другі вядомы на сёння верш Сыракомлі на беларускай мове «Ужо птушкі пяюць усюды…». І, як паведамляў Каратынскі, у 1914 годзе была здадзеная ў набор «Нявыдадзеная паэзія» Сыракомлі. Твораў назбіралася аж на 2 тамы!

Публікацыя другога беларускага верша Сыракомлі

Публікацыя другога беларускага верша Сыракомлі

З друку кніга так і не выйшла. Магчыма, Першая сусветная сарвала выдавецкія планы Каратынскага-малодшага. 

Але ж зноў пытанне: дзе вершы Сыракомлі?

 Страшны вердыкт і спроба пасяліць надзею

Па завядзёнцы другой паловы ХХ стагоддзя, калі даследчыкі чагосьці не знаходзілі, то спісвалі ўсё на вайну. Так і тут, маўляў, архіў Каратынскіх быў у большай частцы страчаны ў 1944 годзе падчас Варшаўскага паўстання. А там і вершы Сыракомлі на беларускай мове…

Полымя пажару Варшаўскага паўстання, 1944 год

Полымя пажару Варшаўскага паўстання, 1944 год

Спісваць усё на вайну і полымя Варшаўскага паўстання не варта. Архіў Каратынскіх, канешне, пацярпеў, але ж ці знік цалкам? Не! Гэты архіўны фонд зараз налічвае амаль сотню тысяч (!) аркушаў. І тут нараджаецца спадзеў кожнага даследчыка, што недзе там ляжыць тая самая тэчка... з вершамі Сыракомлі на беларускай мове. Яе пошукі нельга спыняць. Тым больш, што напрамкаў для ўдалага ўлову тут бачыцца цэлых тры.

А што калі ўсё вельмі проста і вершы Сыракомлі сапраўды захоўваюцца ў зборы ацалелага архіву Каратынскіх?

А раптам недзе побач ляжыць і чакае свайго часу тое, што сабраў Аляксандр Валіцкі?

Ці, уяўляеце, Уладзіслаў Каратынскі ўсё ж даслаў вершы Луцкевічу і яны не былі апублікаваныя па самай банальнай прычыне, але захаваліся недзе ў Вільні?

Спадзеў на добрыя весці не згас. І, як гэта бывае ў пошуках, вершы Сыракомлі на беларускай мове будуць знойдзеныя ў самым нечаканым месцы і чацвёртая спроба іх публікацыі абавязкова будзе паспяховай. А як жа інакш?

Архіўныя сховішчы

Архіўныя сховішчы