Як «літоўская хатка» стала «беларускай»: прыгоды Уладзіслава Сыракомлі ў БССР

Уладзіслаў Сыракомля быў для многіх інтэлектуалаў любімым паэтам, якога арганічна ўпісалі ў беларускі нацыянальны рух. Але для савецкіх часоў ён быў яўна «класава варожым элементам». Як склаўся лёс творчай спадчыны Сыракомлі ў Савецкай Беларусі?  

Уладзіслаў Сыракомля

Уладзіслаў Сыракомля

У эпоху панавання савецкай ідэалогіі беларуская культура старанна прасейвалася партыйнай цэнзурай. Пільныя функцыянеры аддзялялі зерні ад пустазелля, вырашаючы: хто годны ўвайсці ў савецкую культуру. Адны творцы выкрэсліваліся, адмяталіся і забараняліся, іншых — узводзілі на Алімп. Але гэта дзве крайнасці, большасць дзеячаў культуры «дакастрычніцкай эпохі» атрымлівалі сабе які-небудзь «тытул» накшталт будзіцеля, народніка, паэта-дэмакрата і пад гэты вобраз вылучалася творчая спадчына. Галоўнае, каб творца быў правільнага паходжання, пажадана, каб пацярпеў ад царызму, ну і меў у сваёй спадчыне колькі рэвалюцыйных радкоў ці радкоў аб гаротнай долі народ. Каб адчуваў надыход «вялікага кастрычніка». 

Глядзіце таксама

Канешне, праз такое сіта большасць творцаў з ХІХ стагоддзя не прайшла. Мала таго, што яны ці ж не кожны шляхецкага роду, дык яшчэ — пераважная большасць пісала па-польску. Уваход у беларускую савецкую культуру ім быў закрыты. Рэдкім выключэннем аказаўся паэт Людвіг Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля), які са скрыпам, але прасачыўся.

Янка Купала застаецца паслядоўным

Яшчэ ў 1910 годзе Янка Купала пісаў, што лічыць Уладзіслава Сыракомлю адным з самых любімых сваіх пісьменнікаў. І час ад часу Купала браўся за пераклад вершаў Сыракомлі на беларускую, якія выходзілі на старонках «Нашай Нівы» і ў зборніку паэзіі «Шляхам жыцця». Але ж тое было да кастрычніцкага перавароту і ўсталявання ўлады бальшавікоў! 

Янка Купала, 1930 год

Янка Купала, 1930 год

Аднак Купала застаўся паслядоўным прыхільнікам творчасці Сыракомлі. Нават у тыя часы, калі гэта было ўжо небяспечна. Мала таго, што Купала ў лісце да крытыка Л. Клейнбарта, датаваным 1928 годам, пацвярджае сваю вялікую зацікаўленасць творчасцю У. Сыракомлі, падкрэсліваючы народнасць і дэмакратычнасць яго паэзіі, ён робіць новыя пераклады і публікуе іх у галоўным літаратурным часопісе краіны — «Полымі».

Фрагмент паэмы Сыракомлі ў перакладзе Купалы ("Полымя", 1930 год)

Фрагмент паэмы Сыракомлі ў перакладзе Купалы ("Полымя", 1930 год)

Было гэта ў 1929 і 1930 гадах. Той яшчэ час! І для краіны, і для Купалы — вельмі неспрыяльны. У канцы 1920-х гадоў у БССР па згортванні палітыкі беларусізацыі стаўленне да нацыянальных дзеячаў пагоршылася і бальшыня з іх трапіла пад палітычны пераслед. Янка Купала папаў пад рэзкую крытыку, яго абвінавачвалі ў так званай «нацдэмаўшчыне», ідэалізацыі мінулага. Далей — горай. Улетку 1930 года ў газеце «Звязда» з’явіўся артыкул Лукаша Бэндэ «Шлях паэта», у якім Янка Купала абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». Неўзабаве Купалу пачалі выклікаць на допыты ў ДПУ… Скончылася гэта ўсё спробай самагубства паэта.

І вось у гэты час выходзяць на старонках «Полымя» пераклады з польскай Сыракомлі. У 1929-м у рубрыцы недрукаваных дарэвалюцыйных твораў з’яўляецца верш «На Палессі», які Купала пераклаў яшчэ ў 1905-м… А гэта пачатак яго творчага шляху! У 1930-м, да 25-годдзя творчай дзейнасці Купалы, таксама выходзіць падборка яго вершаў. Як напісаў сам паэт, «прыводзячы ў парадак свае старыя архівы, я знайшоў сярод рукапісаў друкуемыя тут вершы, якія раней па цэлым шэрагу прычын, у тым ліку цэнзурным, нідзе не друкаваліся». Канешне, знайшлося тут месца і перакладам вершаў яго любімага паэта Уладзіслава Сыракомлі. Што праўда, былі там пераклады і з Міцкевіча, і з Някрасава, і з Шаўчэнкі. Змясціць польскія пераклады — смела. Чаму? Бо «буржуазная» Польшча лічылася краінай, варожай для СССР. Больш за тое, у БССР было цэлае дзяржаўнае свята — Дзень вызвалення Беларусі ад белапалякаў, якое адзначалася 11 ліпеня і было галоўным ідэалагічным святам рэспублікі. А тут вершы польскія…

Здаецца, потым Сыракомля ў беларускім друку асабліва і не з’яўляўся.

Ілюстрацыя са святкавання Дня вызвалення Мінска ад белапалякаў

Ілюстрацыя са святкавання Дня вызвалення Мінска ад белапалякаў

Не стаў сімвалам сяброўства народаў

Сітуацыя ў адносінах краін змянілася пасля Другой сусветнай вайны. Тады ўжо не было варожай «буржуазнай» Польшчы, наадварот — Польшча стала на шлях сацыялізму. Дакладней, яе туды паставілі. Краіны і народы сябравалі, а для сяброўства трэба сімвалы. У Сыракомлі з’явіліся неблагія магчымасці выйсці зноў на авансцэну. Але ж…

У 1947 годзе ў адрас братоў-палякаў Якуб Колас піша адкрыты ліст. Між пафасу «брацкіх слоў» аб спрадвечных добрых адносінах беларускага і польскага народаў класік піша, што і Адам Міцкевіч, і Эліза Ажэшка, і Сыракомля, і цудоўны кампазітар Манюшка жылі на Беларусі. «Прырода і быт беларускага народа адлюстраваны ў іх мастацкай творчасці праўдзіва, ярка, поўна. Яны для нас, беларусаў, такія ж блізкія і такія ж дарагія, як і для польскага народа», — заключае Колас. Паварот моцны! Гэта магло б стаць своеасаблівым «зялёным святлом» для дзеячаў культуры, якія аказаліся ў «польскім полі». Усё ж сам народны паэт і дэпутат Вярхоўнага Савета пра іх піша… 

Якуб Колас, 1940-я

Якуб Колас, 1940-я

Аднак гэты ліст нікуды не пайшоў, надрукаваны ён не быў. Пад самім тэкстам Колас напісаў: пераглядзець — пашырыць, развіць. Чаму пісьменнік не надрукаваў яго? Няўжо была перасцярога аб такіх смелых прызнаннях у адрас палякаў і не менш смелых акрэсленых сувязях Міцкевіча і Сыракомлі з беларускай культурай? Гэта застанецца загадкай, а фактам: ліст застаўся ў рукапісе і быў схаваны «у стол».

А сімвалам сяброўства стаў Адам Міцкевіч. Пра гэта таксама напіша Колас у 1955-м, калі выйдзе зборнік выбранага Міцкевіча ў перакладзе на беларускую.    

Афіцыйная гісторыя маўчыць: і добра!

Натуральна, што пра жыццё і творчасць Уладзіслава Сыракомлі афіцыйная гістарычная навука маўчала, нібыта і не было на нашых землях такога паэта і публіцыста. Яскравым з’яўляецца змест хрэстаматыі па гісторыі БССР 1954 года выдання.

У главе пра «воссоединении Белоруссии и России», раздзеле пра культуру першай паловы ХІХ стагоддзя хоць і згаданыя першыя апублікаваныя ананімныя творы на беларускай мове — «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» — некаторым творцам дасталася напоўніцу! Вось, напрыклад:

«Прогрессивно-демократическому направлению в белорусской художественной литературе противостояло шляхетско-реакционное направление, представленное идеологом польско-шляхетского либерализма Яном Чечетом, ярыми реакционерами и мракобесами А. Рыпинским и Я. Борщевским. Их произведения отражали интересы польских панов, пытавшихся заигрывать с белорусским крестьянством, чтобы укрепить свои позиции в борьбе с Россией». 

І гэтак далей, і да таго падобнае…

У такіх варунках у Сыракомлі трапіць на старонкі «Гісторыі БССР» — нулявыя. І ў кнізе, канешне, пра яго ні слова. Але ж можа і добра, што не згадалі зусім, чым так? Не назвалі цемрашалам і на тым — дзякуй!

Адліга — для ўсіх

Пасля смерці Сталіна і выкрыцця культу яго асобы ў СССР пачалася рэабілітацыя. Падпала пад рэабілітацыю і культура. Дакладней, некаторыя дзеячы культуры з мінулага, пра якіх стала можна пісаць.

Адным з першых, хто зноў пачаў казаць пра Сыракомлю, быў літаратуразнавец Сцяпан Майхровіч. У 1957 годзе выходзіць яго праца «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя», дзе згадваецца і Уладзіслаў Сыракомля. У той час адбываецца перамена поглядаў. Кніга С. Майхровіча паклала пачатак прынцыпова новаму падыходу да ацэнкі беларускай літаратуры пазамінулага стагоддзя. Людзей з ХІХ стагоддзя ўжо не ганьбілі, іх пакрысе вярталі з небыцця, хоць і вельмі асцярожна, вельмі пільна.

Нарысы гісторыі беларускай літаратуры ХІХ ст.

Нарысы гісторыі беларускай літаратуры ХІХ ст.

Справу з «рэабілітацыяй» Сыракомлі падхапіў Сцяпан Александровіч. На самым пачатку 1960-х даследчык піша і публікуе некалькі артыкулаў, у якіх уздымае вострае пытанне: чаму Сыракомля не атаясамліваецца з беларускай культурай? Александровіч намагаецца пабудаваць масток паміж літвінам Сыракомлем і беларусамі, маўляў, паміж імі сувязь, як у продкаў з нашчадкамі. Нібыта атрымалася давесці, што Сыракомля — не чужы.

Сцяпан Александровіч

Сцяпан Александровіч

Сыракомлю вярталі «ворагі народа»  

Паказальным у працэсе вяртання імя Уладзіслава Сыракомлі, і не толькі яго, з’яўляецца адзін цікавы ліст. Напісаў яго гісторык Мікалай Улашчык рэдактару «Літаратуры і Мастацтва» Станіславу Пятровічу Шушкевічу ў 1960 годзе: 

«Я думаў, што трэба было б дзе-небудзь друкаваць перыядычна звесткі пра старую літаратуру, якая тычыцца Беларусі XVIII–XIX ст., бо з нашых гісторый выходзіць, што ў гэты час Беларусь выглядала нібы нейкая пустыня, дзе былі зубры і каўтун. Я думаю, што ў Вашай газеце належала б змясціць некалькі артыкулаў пра Сыракомлю, які не толькі ўсё жыццё пражыў на Беларусі, але выпусціў тры кніжкі пра свае вандраванні па Беларусі».

Мікалай Улашчык

Мікалай Улашчык

Так паэт з ХІХ стагоддзя, дзякуючы навукоўцам і інтэлектуалам эпохі, вяртаўся ў культуру з якой быў выкраслены. Што цікава, Сыракомлю вярталі яго ж «калегі» па рэпрэсіям. Як вядома, напрыканцы жыцця паэт быў зняволены царскімі ўладамі і памёр у статусе «падследнага». І вось праз 100 год яго імя вярталі распрасаваныя гісторык Улашчык і паэт Шушкевіч… Гэты факт будзе датычны і перакладчыкаў першага зборніку беларускіх вершаў, якія рабілі былы «вораг народа» Уладзімір Дубоўка і былы ссыльны Максім Лужанін.

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Першы беларускі… зборнік вершаў

Адліга скончылася, але яе імпульс застаўся. У 1966 годзе з друку выходзіць першы зборнік перакладаў Сыракомлі на беларускую мову. Акрамя таго, што ў зборнік былі ўключаныя вершы, якія пераклалі Купала і Лучына, для новай кнігі таксама рыхтаваліся адмысловыя пераклады. За справу ўзяліся лепшыя — паэт Уладзімір Дубоўка, Максім Лужанін і яго жонка Яўгенія Пфляўмбаўм. Уступны артыкул для кнігі піша Александровіч. Некалькі дзясяткаў вершаў, паэм, гавэнд зноў пабачылі свет, але ўжо па-беларуску.

 Першая кніга Сыракомлі ў перакладзе на беларускую

 Першая кніга Сыракомлі ў перакладзе на беларускую

Як адбываўся працэс падрыхтоўкі першага беларускага зборніка вершаў Сыракомлі, можна крыху даведацца з ліста Дубоўкі да Лужаніна:

«…не высветліў з табой канчаткова справы наконт Сыракомлі. Калі гэта справа рэальная, калі ты не змяніў сваёй думкі наконт «прыцягнення» мяне ў пераклады, будзь ласкаў, напішы, што мне можна перакладаць і ў якія тэрміны».

Гэта было напісанае ў 1964-м, а праз два гады кніга вясковага лірніка была ўжо на бібліятэчных паліцах і ў кнігарнях. Аператыўна!

«Беларусізацыя» паэта

Кніга выйшла, Уладзіслаў Сыракомля зноў трапіў да чытача. Зразумела, што для «Выбранага» перабіралася ўсё вельмі дасканала, без намёку на крамолу ці якія ідэалагічныя адхіленні. Але, калі ўважліва прыглядзецца да перакладаў, то ці сапраўдны там Сыракомля?

Напрыклад, свядома ці не, перакладчыкі замянілі Літву і літвінаў на Беларусь і беларускае. Усё ж момант важны, бо Сыракомля — з іншай эпохі і з іншымі каштоўнасцямі. Ён не сучаснік Багушэвіча і Купалы, яго муза (паводле аднаго рускага крытыка) — менавіта Літва, колішняе Вялікае Княства Літоўскае.

Можна параўнаць пераклад Лужаніна: «Заўжды выйдзе ў мяне беларуская хатка, ці касцельчык, ці двор і з буслянкаю бусел», а ў арыгінале «Zawsze wyjdze zpod ręki lub litewska chatka, lub kościołek wioskowy, lub Dworek litewski».

Не адставаў і Дубоўка. У вершы «Лялька» ён піша: «Маліцца ж не варта мужыцкаю мовай, хоць я і жыву ў Беларусі». А ў арыгінале: «Mnie się głośno po polsku modlić nie wypada, сzy to ja chłopka wioskowa?». Прыкметна, што гэты верш на беларускую мову перакладаўся ў 1927-м годзе Баляславам Друцкім-Падбярэскім у Вільне. Там чытаем: «А мне дык папольску нягожа маліцца, быццам мужычцы якой».

Такая вось «беларусізацыя» паэта. Канешне, тут зразумела што да чаго і чаму… Для цвердалобых ідэолагаў трэба было дасціпна, нават шляхам падмены тэрмінаў, давесці, што Сыракомля — не чужы для нашай культуры паэт. Імя і творчасць вярталіся, а ці ж не гэта галоўнае?

Адгукаецца Уладзімір Караткевіч

Імя Сыракомлі сапраўды вярталася. У спрыяльныя для яго 1960-я ён з’яўляецца ў нечаканым месцы — на старонках раману Уладзіміра Караткевіча.

«Каласы пад сярпом тваім»! Гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча, адзін з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў. Упершыню раман быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1965 годзе ў № 2–6. Асобным выданнем — у 1968 годзе ў Мінску. Са старонак рамана Караткевіча гаворыць і Сыракомля.

Першае выданне "Каласоў..." Караткевіча

Першае выданне "Каласоў..." Караткевіча

Аўтар апісвае элітарны салон на кватэры Адама-Ганорыя Кіркора, рэдактара «Віленскага Кур’ера». У яго збіралася цікавае таварыства, і можна было гаварыць аб жыцці. Бывала і музыка, а ўжо спрэчкі — заўсёды. І вось галоны герой раману Алесь Загорскі і Усяслаў Грыма трапляюць да Кіркора. Канешне ж, быў там і Людвіг Кандратовіч. Караткевіч так яго апісвае:

«У кутку, асобна ад усіх, сядзеў худы высакалобы чалавек у бутэлечнага колеру сурдуце і шырокім белым гальштуку. Рукі з доўгімі пальцамі нервова гулялі брэлокамі гадзінніка, перабіралі іх, як ружанец. Калі спрэчка выбухала раптам пагрубелымі ад запалу галасамі — чалавек моршчыўся, як моршчыцца меламан з абсалютным слыхам, пачуўшы скрогат цагліны аб цагліну. Мяккае, вельмі беларускае аблічча чалавека было тонкае і жоўчнае. Доўгія, трохі блізка адно да аднаго пасаджаныя вочы глядзелі сумна і засяроджана. І буйнымі добрымі хвалямі падалі на плечы русыя валасы.

— Хто такі? — спытаў Алесь.

— Сыракомля. Паэт.

— Па-польску піша?

— І па-беларуску таксама».

І яшчэ Караткевіч дадае:

«Ягонае, маладое яшчэ, тонкае аблічча выглядала на хворае. Ён моўчкі хутаўся ў футра і нагадваў худую зябкую птушку».

Такім уявіў Караткевіч паэта. Наогул, Сыракомля ў творы паўстае станоўчым персанажам: ён абараняе пазіцыю Алеся Загорскага ў спрэчцы таго з Ходзькам.    

Сыракомля пад прыцэлам навукі 

Імя пісьменніка і літаратара Кастуся Цвіркі вядома добра. Але найперш — як заснавальніка і галоўнага рэдактара залатой серыі «Беларускі кнігазбор», пісьменніка. Мала хто ведае Цвірку, як даследчыка жыцця і творчасці Уладзіслава Сыракомлі. Але яго ўнёсак — вельмі істотны.

15_kastus_cvirka__1970_ja.jpg

Далёкія і беспрасветныя 1970-я, разгар «застою». У гэты час аспірант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Кастусь Цвірка пачынае дысертацыйнае даследаванне творчасці Уладзіслава Сыракомлі. Гэта, падаецца, смела! Мог жа пра каго больш сістэмнага пісаць. А тут — шляхціц з XIX стагоддзя, які пісаў на польскай... Канешне ж, з акалічнасцямі і правіламі часу, але ж голас пра Сыракомлю быў пададзены моцны!

Кнігі Цвіркі, прысвечаныя Сыракомлю

Кнігі Цвіркі, прысвечаныя Сыракомлю

Вынікам стала паспяховая абарона дысертацыі і дзве сціплыя кніжыцы. Зялёная — дысертацыя Цвіркі пра Сыракомлю і яго творчасць, а памаранчавая — яго вандроўка па мясцінах Сыракомлі. Годныя працы!

Пазней, Кастусь Цвірка зробіць шмат перакладаў з паэтычнай спадчыны Сыракомлі, а таксама з яго прозы.

***

Канешне, пра Сыракомлю пісалі пазней шмат. Тут і Адама Мальдзіса варта прыгадаць. У яго кнізе «Восень пасярод вясны» галоўны герой — Уладзіслаў Сыракомля нароўні з Кастусём Каліноўскім. І навуковыя даследаванні Уладзіміра Мархеля будуць тут дарэчы: ён шмат прысвяціў паэту навуковых радкоў. 

Але шырокай папулярнасці асоба Сыракомлі не набыла: усё ж і паходжанне не тое, і мова творчасці не такая. «Чужым» аказаўся для мас. Ён заставаўся — дый і застаецца! — маргінальным? Хутчэй элітарным. Сыракомля не для ўсіх, інтэлектуал можа данесці штосьці толькі да сябе падобных. Сыракомля ім быў, як і былі тыя, хто яго чытаў, любіў, перакладаў і вывучаў.