Як і дзе вучыліся нашы продкі: яскравыя гісторыі з мінулага
Традыцыйна 1 верасня ў Беларусі пачынаецца новы навучальны год у шкаляроў і студэнтаў. Хтосьці з радасцю, а хто і не, ідзе атрымліваць веды. Адукацыя стала даступнай і… абясцэнілася. Гэта павеў ХХІ стагоддзя. Як, хто і дзе навучаўся ў былыя часы? Што было дзіўным, а што варта і пераняць? Разбіраемся з гэтым у Дзень ведаў.

У эпоху XVІ–XVІІІ стагоддзяў, калі імпульс «залатога веку» яшчэ не згас, узровень адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім мала адрозніваўся ад еўрапейскага. У Рэчы Паспалітай існавалі парафіяльныя, сярэднія і вышэйшыя школы. Час патрабаваў выкладаць па-сучаснаму!
Развіццё сеткі самых разнастайных школ прывяло да таго, што розныя саслоўі атрымалі доступ да адукацыі. Канечне, моладзь шляхецкага паходжання складала значны адсотак студэнтаў, але ў розных гарадскіх цэнтрах гэтыя долі былі рознымі. Гараджане таксама адчувалі патрэбу ў навучанні сваіх сыноў. Не мінала адукацыя і сялянскіх і святарскіх дзяцей.
Глядзіце таксама

Самымі пашыранымі былі парафіяльныя школы — аналаг пачатковых. Акрамя таго, адукацыю давалі езуіцкія калегіумы (сярэдняя адукацыя), школы пры розных кляштарах, якія давалі досыць высокі ўзровень адукацыі. Канечне, адукацыю атрымлівалі ў Вялікім Княстве Літоўскім не ўсе запар, пры вялікім жаданні атрымаць адукацыю магчымасць была, толькі было б чым за яе заплаціць. Адукаваныя людзі цаніліся і шанаваліся.

Навучанне ў езуітаў
Што трэба ведаць, каб пайсці на службу?
Аб тым, які быў узровень адукацыі ў асяродку сярэдняй шляхты ў XVІ стагоддзі, можна даведацца ад яе прадстаўніка Фёдара Еўлашоўскага. Ён пра гэта напісаў у сваіх мемуарах. Дарэчы, першых у Вялікім Княстве Літоўскім. І гэта ўжо сведчанне: калі чалавек вырашае запісваць тое, што з ім адбываецца на паперы, разважаць над сваім жыццём і жыццём краіны, то гэта істотны паказчык культуры і адукаванасці. Невукі дзённікаў не вялі.
Еўлашоўскі нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара шляхецкага паходжання, уласнай зямлі ў сям’і не было, займець яе — мэта жыцця. А каб яе дасягнуць, трэба ісці на службу. Зразумела, што для службы патрэбныя здольнасці і веды. І ў Еўлашоўскага яны былі!
Як піша ён сам, навучаць яго пачалі яшчэ ў пяцігадовым узросце «навукаю рускаю», што значыць — вывучэннем старабеларускай мовы. Мемуарыст адзначыў, што іншых навук у той час яшчэ не было. Але разам з тым ён навучыўся польскай мове, а таксама пісаць па-яўрэйску. Гэтага было дастаткова, каб пачаць службу!

Службоўцы ВКЛ
Ужо потым, так бы мовіць, на практыцы Еўлашоўскі вывучыў арыфметыку і абучыўся вядзенню рахункаў, засвоіў асновы юрыспрудэнцыі. А гэта ўжо адкрывала шлях угору па кар’ернай лесвіцы. Еўлашоўскі паспяхова па ёй узыходзіць. Канечне, цягам жыцця ён удасканальваўся ў гуманітарных ведах — тэалогіі, літаратуры, іншых навуках пра свет і жыццё, але асновай была — родная і польская мовы, навыкі вядзення рахункаў.
Каму былі адкрыты ўніверсітэты?
У часы Вялікага Княства Літоўскага былі магчымасці адправіць сваіх дзяцей навучацца і ў замежныя ўніверсітэты. Гэта не было рэдкасцю. Канечне, большасць такіх студэнтаў — дзеці магнатаў, але магчымасці былі для ўсіх. Красамоўныя прыклады: сын полацкага купца Францыск Скарына і сын лоўчага Мікола Гусоўскі выправіліся ў Кракаў, а пасля і ў Еўропу. Купец і паляўнічы — яўна ж не магнаты, але магчымасці даць сынам еўрапейскую адукацыю былі.

А вось паказальным прыкладам навучання сына магната за мяжой — вучоба Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Па адукацыю ў Еўропу Сіротка адправіўся ў 1563 годзе. Шлях прывёў у Страсбург. Гімназія ў Страсбургу, а з 1566 года — акадэмія, была даволі вядомай сярод пратэстанцкіх колаў Вялікага Княства Літоўскага. У праграме навучання там рабіўся ўпор на вывучэнне замежных моў і асабліва лаціны. Навучанне там лічылася даволі складаным.

Вучань Мікалай Радзівіл Сіротка (H. Köler, 1565)
Мікалай Крыштаф «Сіротка» пачаў навучанне ў жніўні 1563-га і працягваў да жніўня 1564 года. Акрамя лаціны вывучаў нямецкую мову, магчыма, французскую, але апошняй не авалодаў, вывучыў асновы геаметрыі Эўкліда і атрымаў уяўленні пра грамадзянскае права. Радзівіл «Сіротка» даволі паспяхова навучаўся ў Страсбургскай гімназіі. Яго апякун пан Язерскі, у сваю чаргу, дужа нахвальваў Радзівілу Чорнаму, бацьку «Сіроткі», поспехі свайго падапечнага. «Сіротка» быў надзвычай здольным вучнем, аб гэтым сведчыць велізарная колькасць прысвячэнняў яму ад розных вядомых тагачасных інтэлектуалаў.
Глядзіце таксама

У жніўні 1564 года, з прычыны заразы ў Страсбургу, Мікалай Крыштаф пакінуў гэты горад і накіраваўся ў Цюбінген, дзе пачаў хадзіць на заняткі ў мясцовую акадэмію, а таксама слухаў прыватныя лекцыі. Акадэмія мела артадаксальны лютэранскі характар і паводле праграмы нагадвала Страсбургскую гімназію. Сіротка працягваў вывучаць лаціну і нямецкую мову, паглыбляў веды ў рыторыцы і класічным рымскім грамадзянскім праве.
Глядзіце таксама

На радзіму ён вярнуўся адукаваным чалавекам. Аб гэтым казала яго пазнейшая рэпутацыя інтэлектуала. Праверыць гэта можна і сёння: вынік навучання ўвасобіўся ў яго пісьменніцкай дзейнасці. Наўрад ці невук змог бы напісаць твор узроўню яго знакамітай «Перэагрынацыі…» аб вандроўцы на Святую Зямлю. У Еўропе вучылі нашых хлопцаў добра.
Глядзіце таксама

Як вучыліся пры кляштарах?
Пра гэта можна даведацца дзякуючы знакамітым вучням, жыццё якіх дасканала вывучана. Напрыклад, нам добра вядома пра вучня Адама Міцкевіча. 13 верасня 1807 году з бацькоўскага дому і за кошт бацькоў будучы паэт сусветнага ўзроўню пайшоў у першы клас павятовай Наваградскай школы, якою тады кіравалі мясцовыя айцы дамініканцы ў сваім кляштары.

Наваградак. Дамініканскі кляштар і школа
У першым класе ўсе абавязковыя дысцыпліны вёў адзін настаўнік: рэлігію, польскую і лацінскую мовы, этыку, геаграфію Еўропы, арыфметыку і каліграфію. Іншыя мовы — французская, нямецкая, руская — былі неабавязковымі. Школьны дзень па завядзёнцы пачынаўся а 6-й гадзіне раніцы, затым наведванне кароткай касцельнай літургіі, сняданак, пасля якога ад 8-й да 10-й ішлі заняткі. Пасля доўгага перапынку, на якім праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы, вучоба працягвалася з 14-й да 16-й. Потым — вольны час вучняў. Прыкладна па такой жа схеме навучаліся па ўсіх школах.
Глядзіце таксама

Ці добра вучыўся Міцкевіч? Дзякуючы дакументам, якія захаваліся і ў якіх адлюстраваныя поспехі яго па вучобе, пра гэта можна даведацца. Адзнакі тады ставіліся не лічбамі, а словамі: пасрэдны, надзвычайны, добры, выдатны, нядбайны… У «дзённіку» Міцкевіча было рознае — у адзін год у геаметрыі, латыні і чыстапісанні пасрэдны, а ў другі ў маральным праве, красамоўстве, гісторыі — добры, а то і надзвычайны. Абагуленае меркаванне пры яго выпуску было такое: здольнасць да навук — добрая, поспехі і паводзіны — добрыя.
Глядзіце таксама

Але за гады вучобы не абышлося без інцыдэнтаў! З-за свайго другога паэтычнага твору Адам Міцкевіч быў спярша пасаджаны ў карцар, а пасля ўшанаваны! Тэмай для другога верша Міцкевіча — «Ода аб Міндоўгу» — паслужыла знакамітая наваградская легенда, аб душы караля Літвы, якая блукае ў розных вобразах чалавечых і звярыных на могілках. Калі Адам прынёс у школу гэты свой твор, дык дырэктар Ракіцкі пасадзіў яго ў карцар, не верачы, што хлопчык мог напісаць такі верш. Канешне, хутка памылка педагогаў адкрылася, а імя маладога паэта ўпісалі ў залатую кнігу школы.
Ці было патрыятычнае выхаванне?
Некаторыя бакі навучання ў ордэнскай школе апісвае Генрык Жавускі на старонках твору «Успаміны пана Севярына Сапліцы». Канешне, гэты твор — пераважна мастацкі, але ж ці можа быць уся факталогія ўзятая са столі? Здаецца, некаторыя аспекты навучання ў школах аўтарам прыводзяцца праўдападобныя.
Напрыклад, пра патрыятычнае выхаванне. Жавускі піша, што ў сваіх школах ксяндзы ўвялі нямала цікавых гульняў, заснаваных на старасвецкіх традыцыях. Адна з такіх гульняў — бой на дубінках, якая дужа падабалася шкалярам. За кляштарам на шырокім пляцы, з двух бакоў якога насыпалі пагоркі, усе вучні разбіваліся на дзве групы, нібы два войскі перад бітвай. Гульня канчалася, калі адна група займала табар другой. З дапамогай дубінак вучні стараліся: абараніць свой табар i заваяваць чужы. Звычайна падзяляліся на сваіх i маскалёў, цягнулі паперкі, дзе было напісана, каму за каго выступаць.

А яшчэ ў школах практыкавалі самакіраванне ў традыцыях шляхецкай дэмакратыі. Справа ў тым, што ў студэнтаў пастаянна бывалі ў горадзе нелады з гандляркамі, якія прафесарам часта скардзіліся на ix: то гаршкі патрушчаць, то прылавак перавярнуць, то яшчэ якой шкоды наробяць.

Ксяндзам прыйшла цікавая думка, каб стварыць свой школьны суд з ліку выбраных самімі студэнтамі вучняў, які хутка вырашаў бы ўсе спрэчкі. Калі так зрабілі, то напачатку гандляркі пабойваліся спадзявацца на справядлівасць суддзяў-студэнтаў, але потым толькі радаваліся такой завядзёнцы, бо пераканаліся, што большай справядлівасці яны нідзе пад сонцам не знойдуць. Суды ладзіліся кожны чацвер пасля абеду, яны складаліся з прэзідэнта, чатырох суддзяў, двух пісараў i рэгента. Студэнты самi вялi ўсю справу, нават скаржнікам давалі студэнта абаронцу. Усё рабілася так, як у гродскім судзе, студэнты праз гэта няблага практыкаваліся ў вядзенні справаводства, публічных выступленнях. На сваіх сейміках студэнты штогод выбіралі ўсіх судовых чыноўнікаў.
Паглядзеўшы як было тады, становіцца крыху сумна ад таго, як робіцца зараз.
Як сабраць дзіця ў школу?
Гэтае пытанне актуальнае і зараз! Зборы ў школу — тыя яшчэ выдаткі, клопаты і мітусня. Пачатак навучальнага году быў заўжды «гарачым часам». Досыць камічны выпадак пра зборы ў школу і пачатак навучальнага году адбыўся ў 1820-я.
Прыехаў раз пан Францішак Сапега ў сваіх уладаннях у адну капліцу, каб ушанаваць тамтэйшае распяцце. Калі прыехаў на месца, каплічка была зачыненая, слугі ледзь адшукалі ксяндза, князь увайшоў і памаліўся, а падняўшыся, агледзеўся ў гэтай убогай пабудове і з абурэннем заўважыў, што скульптура Езуса, пакрытая пылам і павуціннем, была ў вялікім запушчэнні. Рэзка сказаў пра гэта плябану, але той, прызнаючы сваю віну, расказаў князю, што з’яўляецца сапраўдным галадранцам, а поле, якое належыць цэркаўцы, зусім неўрадлівае, што няма чым падняць гаспадарку, а абцяжараны сваёй сям’ёй, ледзь можа выжыць. «Вось і зараз, міласцівы князю, павінен двух старэйшых хлопцаў адвезці ў Жыровічы ў школы ксяндзоў базыліянаў, якія з міласэрнасці даюць памяшканне і стол бедным дзецям, але трэба іх апрануць і абуць, а, бачыць Бог, за душой не маю ні грашу, і сэрца рвецца з жалю, што не змагу выправіць іх на вучобу».

Жыровічы, ХІХ ст.
Князь Францішак абяцаў яму дапамагчы і, вярнуўшыся дадому, у Дзярэчын, загадаў нагрузіць некалькі вазоў збожжам і вяндлінай, а камердынеру сказаў, каб падабраў з гардэробу некалькі пар адзення, якое ўжо не носіцца, і разам з некалькімі дзясяткамі рублёў з касы даслаў таму гаротнаму святару.
Праз нейкі час выпала князю зноў выбрацца ў далёкую дарогу. Дык вось, паехаў ён у тую капліцу, каб заручыцца апекай Пана Езуса. Але як жа быў здзіўлены Сапега, калі пасля адкрыцця фіранкі ўбачыў Пана Езуса ў тафтовай камізэльцы і ў фраку з бліскучымі гузікамі!
Дабрадушны ксёндз зразумеў так, што гэтакія прыгожыя рэчы не маглі быць дасланыя для яго хлопцаў, але гэта павінна было быць для аздобы алтара. Застаецца толькі гадаць: у чым жа дзеці святара паехалі ў школу?
Хто вучыў сялян?
Аб выхаванні і адукацыі сялян свае назіранні добра выказаў Уладзіслаў Сыракомля. Ён піша, што селяніна выхоўвала праца. Калі надыходзіў адпаведны ўзрост, сяляне мусілі хадзіць на летнія талокі, і менавіта там яны паглыналі асноўныя жыццёвыя веды. Маральнае і духоўнае навучанне сялян абмяжоўвалася засваеннем простых малітваў, мясцовых песень і казак. Настаўнікамі былі дарослыя, а часцей — дзед ці баба.

Жыццёвую практыку сяляне бралі з уласных назіранняў, з жыццёвага досведу старэйшых, з прымавак. На гэты конт Сыракомля заўважае: «У прымаўках люду ёсць і здаровае зерне, але ж і атрута. Таму не трэба дзівіцца падуладнасці яго цела і духу».
У тыя часы не было каму растлумачыць селяніну небяспечнасць ад двурушніцтва і фальшу, эгаізму, крадзяжу, ашуканства, нізкага падхалімства, што хаваюцца ў многіх народных прымаўках. Але хто павінен гэтым займацца? Калі ж і з’яўляўся ў вёсках які настаўнік для дзяцей, то аказваўся ці то п’яніцам, ці то зладзеям…

Як навучалі дома?
У XVIII стагоддзі пашыраецца мода на хатняе выхаванне і адукацыю. Асабліва ў асяроддзі магнатаў. Навошта кудысьці ехаць, калі можна настаўнікаў запрасіць да сябе? Пра сваё выхаванне згадвае Адам Чартарыйскі — знакаміты палітык і магнат з пакалення захаду Рэчы Паспалітай.

Адам Чартарыйскі
Яго адукацыя пачалася, калі сям’я пераехала ў свой маёнтак у Пулавах. Дагэтуль, згадвае Чартарыйскі, навучанне было элементарным і з вялікімі перапынкамі. Але потым за справу ўзяліся сур’ёзна. Кожны ранак, як усе толькі прачыналіся, а падымаліся вельмі рана, пачынаўся з урокаў фехтавання ў садзе. Затым былі заняткі.
Навучанне праводзілі запрошаныя настаўнікі. Сімон Люілье выкладаў матэматыку і гісторыю, Францішак Дыянізы Князьнін — літаратуру і лацінскую мову, старажытныя мовы даваў запрошаны датчанін Шоу, а пасля — Готфрыд Эрнст Гродэк. Гувернёрам для вучняў быў Элетер Ірэнэ Дзюпон.
І хто ж усе гэтыя людзі? Сучасніку яны, канешне ж, мала знаёмыя. Але гэта не проста настаўнікі, гэта — навукоўцы і творцы з сусветным імем. І тое, што Адам Казімір Чартарыйскі запрасіў іх для сваіх дзяцей — моцнае сведчанне магчымасцей і статусу вяльможаў з Рэчы Паспалітай. Так, хто ж навучаў Адама Чартарыйскага-малодшага?
Сімон Люілье — выбітны швейцарскі матэматык, вядомы сваімі працамі па аналізе і тапалогіі (якая тады яшчэ нават не сфармавалася!), сябар шэрагу акадэмій навук. Францішак Дыянізы Князьнін — паэт, драматург, перакладчык. Готфрыд Эрнст Гродэк — будучы прафесар Віленскага ўніверсітэта, філолаг-класік нямецкага паходжання, спецыяліст па старажытных мовах. Элетер Ірэнэ Дзюпон — хімік і прамысловец, заснавальнік карпарацыі DuPont (амерыканская хімічная кампанія, адна з найбуйнейшых у свеце, заснавана як прадпрыемства па вытворчасці пораху).

Гувернер і вучні
А яшчэ формай навучання былі зборы накшталт соймаў, дзе вучні абмяркоўвалі розныя палітычныя пытанні. Пры гэтым пытанні не ўзроўню «што есці на абед», не! Будучыя палітыкі выхоўваліся з дзяцінства, і ўзровень дэбатаў быў адпаведны. Напрыклад, Чартарыйскі згадвае, як аднойчы абмяркоўвалі, які дзяржаўны лад трэба прызнаць пераважным: свабоднае кіраванне ці моцную цэнтральную ўладу.
У такіх варунках Адам Чартарыйскі атрымаў выдатную адукацыю. Шкада толькі, што дзяржава, якой ён мог бы паслужыць гэтым, знікла з палітычнай карты Еўропы.