Як жыла беларуская шляхта
На нашых землях да шляхты належала амаль пятнаццаць працэнтаў насельніцтва. Шляхцічы з’язджаліся на павятовыя і ваяводскія соймікі, а таксама на агульнадзяржаўны Сойм і ўдзельнічалі ў кіраванні краінай. Галоўным абавязкам шляхты, якую называлі «палітычным народам», была абарона Айчыны ад ворагаў.
Аднак з шляхецкага асяроддзя выходзілі не толькі славутыя рыцары і ваяводы, але і палітычныя ды рэлігійныя дзеячы,вучоныя і асветнікі, пісьменнікі і мастакі. Калі Літва-Беларусь апынулася ў царскай імперыі, найперш шляхта змагалася за вяртанне дзяржаўнасці. Улады ўсяляк імкнуліся скараціць колькасць шляхцічаў. Тым не менш, і ў ХІХ стагоддзі яны складалі значную частку жыхароў края. Гісторыкі падлічылі, што шляхецкія карані мае прыблізна мільён грамадзянаў сучаснай Беларусі.
Нашчадкі сарматаў
Часам нашу шляхту называюць палякамі. Гэта вялікая памылка, бо шляхта мела мясцовае паходжанне, лічыла радзімай не Польшчу, а Літву-Беларусь, бараніла яе ад захопнікаў, паўставала супроць прыгнёту чужынцаў. Хоць шляхцічы ў тыя часы гаварылі пераважна па-польску, кожны з іх ведаў беларускую мову, паважаў айчынныя звычаі і традыцыі.
Літва-Беларусь не была тут выняткам з агульнаеўрапейскай гісторыі. Адыход вярхоў грамадства ад сваёй мовы адбываўся і ў іншых краінах. Нарвежскія дваране, напрыклад, засвоілі дацкую культуру, чэшскія — нямецкую, а расейскія — размаўлялі па-французску. Але, калі надыходзіла новая гістарычная эпоха, адбывалася вяртанне да ўласных нацыянальных каранёў. Менавіта з шляхты выйшлі стваральнікі новай беларускай літаратуры, дзеячы нацыянальнага Адраджэння і змагары за дзяржаўную незалежнасць Беларусі.
Шляхта па-ранейшаму падзялялася на арыстакратыю, сярэдніх і дробных землеўласнікаў. Але, як і ў часы Жыгімонта Аўгуста або Сцяпана Батуры, кожны беларускі шляхціч лічыў сябе спадкаемцам сарматаў — старажытнага народа, што вызначаўся ваярскім майстэрствам, адданасцю роднай зямлі і высокім пачуццём уласнай годнасці.
У шляхецкіх сем’ях трымаліся даўніх рыцарскіх правілаў і добра ведалі свае радаводы. Прадаўжальнікам роду — хлопчыкам — бацькі імкнуліся разам з адукацыяй даць уменне абыходзіцца з канём, шабляю і стрэльбай. Дзяўчынак вучылі не толькі добрым манерам, але і коннай яздзе, а часам і абыходжанню з зброяй.
Шляхетныя манеры прадугледжвалі нязменную павагу да жанчын рознага веку. Невыпадкова за святочным «сармацкім» сталом часта гучаў тост-дэвіз: «Славу — Айчыне, сэрца — жанчыне, гонар — нікому!»
Былы «палітычны народ» Вялікага Княства ўпарта не хацеў прымаць мову і культуру каланізатараў. У 1840 годзе віцебскі генерал-губернатар паведамляў міністру ўнутраных справаў у Пецярбург, што ў губерні 26 тысяч асобаў шляхецкага паходжання. Прызнаючы іх адукаванасць, царскі вяльможа заклапочана адзначаў: «На жаль, шчырая прыхільнасць да ўрада і сапраўдныя якасці рускага характара сустракаюцца ў шляхты вельмі рэдка. Пераважная яе частка чужаецца ўсяго нашага».
Словы генерал-губернатара па-свойму пацвердзіў брат паэта Адама Міцкевіча — Францішак. Успамінаючы іхні родавы маёнтак Завосссе на Наваградчыне, ён пісаў: «Ні вялікага багацця, ні тытулаў не мелі, але з дабрачыннасцяў уласных былі слаўныя, са згоды ў сям’і, з любові да бліжніх, з літасці да бедных, з любові да Бога, з шчырасці, з праўды, з гасціннасці, з сумленнасці і гаспадарлівасці, з выхаваных дзетак, а ў цэлым — з любові да каханай Літвы, зямлі мілай, Айчыны нашай».
«Палацык стары ў атачэнні лістоўніц»
Значная частка беларускай шляхты жыла заможна і мела маёнткі — уладанні, што складаліся з жылых і гаспадарчых пабудоў ды навакольных земляў. Знаны мастак Напалеон Орда часта і з любасцю маляваў гэтыя старасвецкія сядзібы. Ён называў іх астраўкамі ранейшай ліцьвінскай цывілізацыі, якую намагалася знішчыць чужая ўлада, бо маёнткі заставаліся агменямі вальнадумства.
Гаспадар маёнтка з сям’ёю, а часам і са слугамі жыў у вялікім мураваным, але часцей драўляным адна- ці двухпавярховым доме або палацыку. Вакол гэтага будынка, звычайна аздобленага калонамі, разлягаўся парк з цяністымі прысадамі з ліпаў, клёнаў, каштанаў, таполяў, ясеняў. З-за дрэваў паблісквала люстэрка прыроднай ці штучнай азярыны з белымі лілеямі і жоўтымі гарлачыкамі. Там былі вызначаныя месцы для купання і рыбалкі. Нярэдка азярыну аздабляла зялёная выспа з рамантычнай альтанкаю, куды вёў каменны або драўляны масток. На выспу можна было пераправіцца і на чоўне. Некаторыя сядзібныя паркі лічыліся сапраўднымі творамі мастацтва.
Напярэдадні імянінаў кагосьці з шляхецкай сям’і перад домам ці перад уездам у парк будавалі святочную вітальную браму, упрыгожаную зелянінай і кветкамі. На свята гаспадары запрашалі да сябе суседзяў з усёй ваколіцы. Ім абавязкова паказвалі партрэты продкаў, нярэдка цэлыя карцінныя галерэі. Шляхта наогул вызначалася гасціннасцю і здавён кіравалася прыказкай «Госць у доме — Бог у доме». Для чаканага або раптоўнага госця заўжды трымалі асобны пакой з падрыхтаваным ложкам. Да такога візіту рыхтаваліся і на кухні.
Вось як рамантычна апісвае адзін з гасцей маёнтак Юллянава ў Дрысенскім павеце: «Палацык стары, у атачэнні чорных мяккіх лістоўніц. Побач глыбокае, ажно чорнае ад глыбіні возера. Ганак на магутных калонах і доўгая веранда. У доме старая мэбля і старыя люстэркі ў пазалочаных рамах. На люстэрках матавыя плямы: месцы, запацелыя ад подыху пакаленняў, якія ўжо адышлі. Кабінет гаспадара і два прылеглыя пакоі застаўленыя шафамі, поўнымі кніжак. Гаспадар асвоіў рамяство пераляплётніка і сам рабіў да кніг скураныя аправы. Почасту ён, уладкаваўшыся ў мяккім зручным фатэлі, чытаў суседзям уласныя вытанчаныя вершы пра былыя дні, шчаслівае каханне, разбітыя сэрцы і няспраўджаныя дагэтуль мроі аб вольным краі».
Не ўяўлялі жыцця без кніг
Чытаць любіў не адзін гаспадар маёнтка Юллянава, а ўся шляхта. Сваімі бібліятэкамі ганарыліся многія з маянткоўцаў. Чыталі на розных мовах, але перавагу аддавалі польскамоўнай літаратуры. Праўда, многія з тых кніг, альманахаў і часопісаў нельга было назваць польскімі. Яны друкавалася ў Вільні, Полацку, Горадні. Аўтары былі патрыётамі і прысвячалі свае творы мінуламу Літвы-Беларусі. У тагачасных выданнях адводзілася месца народным песням, легендам і паданням.
У беларускім Прыдзвінні шмат падпісчыкаў меў альманах «Рубон» (так некалі называлася Дзвіна). У першым нумары альманаха былі змешчаныя вершы, што заклікалі ліцьвінаў-беларусаў абудзіцца ад сну і змагацца за лепшую долю. «Рубон» пісаў, што багатая беларуская мова, на якой размаўляе сялянства некалькіх губерняў, чакае свайго адраджэння. Аўтары альманаха заклікалі маладых навукоўцаў вывучаць народную творчасць, называючы яе бясцэнным скарбам і падмуркам наступных стагоддзяў.
Першымі ластаўкамі новай беларускай літаратуры былі папулярныя ў шляхты творы Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Тамаша Зана, Уладзіслава Сыракомлі. Гэтыя літаратары пісалі па-польску і па-беларуску. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ствараў пераважна ўжо на нашай мове. Па-беларуску былі напісаныя невядомымі аўтарамі і паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат».
Калі ласка, на бяседу!
Неверагодна важным месцам у кожным маёнтку была кухня. Нашчадкі сарматаў любілі шчодрую застоліцу. Шырокі выбар страваў звычайна падаваўся і на сняданак, і на абед, і на вячэру, ну а ў святы сталы ў заможных гаспадароў ледзь не прагіналіся ад разнастайнага смакоцця.
Ганаровае месца ў шляхецкім харчаванні займалі стравы з мяса свойскай жывёлы і здабытай на паляванні дзічыны. Гаспадары і госці частаваліся рознымі каўбасамі і рулетамі, запечанымі шынкамі, галёнкамі і рэбрамі, вэнджанымі кумпякамі і квашанінай, пячонкай з цыбулькаю або часнаком. Ліцьвіны-беларусы ва ўсе часы шанавалі сала. Былі аматары свіных вушэй, хвастоў і лычыкаў. Сярод улюбёных страваў трэба згадаць не раз каштаваныя, напэўна, і вамі мачанку і верашчаку. А ці чулі вы пра такую незвычайную прысмаку, як ласіныя губы ў воцаце? Імі ласуюцца героі гістарычнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
На стол неслі вэнджаных і смажаных «паўгусак» і вяленых качак. Цаніліся мяса індыкоў, юшкі з маладых пеўняў або з адных пеўневых грэбняў. Традыцыйнай стравай з птушкі была печаная ці смажаная гусь — з грыбамі, капустай, яблыкамі, кашай.
Шмат каму смакавалі прыгатаваныя з бульбы дранікі са шкваркамі ды рознымі дадаткамі, бабка, калдуны або клёцкі «з душамі» ( гэта значыць, з мясам або з грыбамі). А тым часам «падплывалі» фаршыраваныя шчупакі, смажаныя судакі, вэнджаныя вугры. Госці прыцмоквалі ад асалоды, каштуючы наварыстую юшку з некалькіх гатункаў рыбы. На Полаччыне гатавалі неверагодна смачны малочны суп з ачышчанымі ад костак бакавінамі ляшчоў. Гэтую нечаканую страву, дзякуючы бабуліным рэцэптам, не раз давялося пакаштаваць у дзяцінстве і аўтару гэтых радкоў.
Высока цанілі продкі і прыправы: перац, каляндру, часнок, пятрушку, кмен, хрэн, гарчыцу, ягады ядлоўцу. З даўніх часоў на стале гасцявала рысавая каша з шафранам.
А былі ж яшчэ супы і поліўкі, ліцьвінскі халаднік, зацірка, іншыя стравы з мукі і крупаў, з гародніны і садавіны. Каб больш даведацца пра ўсё гэта,трэба прачытаць цэлую кнігу. Адна з іх — «Наша страва», укладзеная сучасным знаўцам шляхецкай і наогул беларускай кухні Алесем Белым.
За бяседнымі сталамі звінелі кухлі, кілішкі і келіхі з півам, хмельным мёдам, вінамі: мальвазіяй з Грэцыі, рэйнскім з Нямеччыны, такайскім — з Вугоршчыны. Шляхта любіла пачаставацца настойкамі і наліўкамі: зуброўкай, вішнёўкай, крамбамбуляй. З гарэлкі, мёду і спецый-прыправаў выраблялі крупнік. Не давалі заганы і розным узварам, квасам і кісялям. Пры канцы застоліцы прыносілі каву.
Дзяцей клікалі за стол, калі падавалі дэсерты. І вы не адмовіліся б пакаштаваць запечаныя ў мёдзе яблыкі і грушы з цынамонам, пірагі з ягадамі і сырам або мядовыя пернікі. На Купалле звычайна гатавалі саладуху — кісла-салодкі прысмак з жытнёвай мукі з суніцамі, чарніцамі і незаменным мёдам.
Дзякуючы шляхце, што захоўвала старыя кулінарныя рэцэпты і стварала новыя, сёння беларуская нацыянальная кухня — адна з самых багатых і разнастайных у Еўропе.
Персікі ў цяплярнях і арфы з Англіі
Шляхцічы былі пераважна руплівымі гаспадарамі. Яны ўмелі выбраць і дасведчаных сумленных аканомаў, якія кіравалі маёнткамі.
Галоўныя прыбыткі давала земляробства. У Заходняй Еўропе павялічыўся попыт на збожжа, і ў адказ нашы землеўладальнікі-абшарнікі ў некалькі разоў павялічылі плошчу ворнай зямлі. На ёй сеялі жыта, авёс, ячмень. У некаторых мясцінах перавагу аддавалі бульбе, цукровым буракам, ільну. У жывёлагадоўлі прыбытковай была гадоўля танкарунных авечак. Некаторыя маянткоўцы нядрэнна зараблялі продажам рыбы і ракаў.
Багатыя маёнткі, апрача гародаў, садоў і вялікіх пасек, мелі аранжарэі-цяплярні, дзе выспявалі абрыкосы, персікі, вінаград, лімоны і апельсіны. Калі будзеце разглядваць нацюрморты з садавіной мастака Івана Хруцкага, ведайце, што ўсе намаляваныя на іх плады паспелі не ў далёкіх цёплых краінах. Яны наліліся сокам у цяплярнях самога мастака і яго суседзяў — прыдзвінскіх маянткоўцаў.
Буйныя абшарнікі будавалі прамысловыя прадпрыемствы — цукраварныя, вінакурныя, суконныя, смалакурныя. Уладальнікі маёнткаў і аканомы сачылі за еўрапейскай эканамічнай літаратурай. Яны пераймалі перадавыя правілы гаспадарання, выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны: сеялкі, малатарні, арфы (фабрычныя веялкі), заводзілі лепшыя пароды жывёлы. Для вырабу смачных сыроў патрэбныя дадаткі часам замаўлялі ажно з Швейцарыі.
У 1830 годзе Аляксандр Скірмунт у маёнтку Моладава на Піншчыне заснаваў першую ў Беларусі цукраварню, дзе сыравінаю служылі буракі. Гэты дапытлівы гаспадар, выпускнік фізічна-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта, атрымаў дзяржаўнае пасведчанне на сваю бліскучую вынаходку — паравы апарат для выпарэння цукровага сіропу.
Гаспадарчай дзейнасці ў краі спрыялі створанае ў Віцебску Беларускае вольнае эканамічнае таварыства і Земляробчы інстытут ў Горы-Горках на Магілёўшчыне. Гэта была першая такая навучальная ўстанова ў імперыі. Яе адкрыццём улады прызналі, што на былых землях Вялікага Княства Літоўскага дасягненні ў сельскай гаспадарцы былі значна вышэйшыя, чым у Расеі.
Новае жыццё даўніх сядзібаў
Цяпер многія былыя маёнткі набываюць новае жыццё.
Некаторыя шляхецкія сядзібы, дзе нарадзіліся і выхоўваліся вядомыя гістарычныя асобы, адноўленыя і ператвораныя ў музеі.
У вёсцы Завоссе Баранавіцкага раёна, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч, цяпер узноўлены цэлы шляхецкі двор продкаў паэта: крыты чаротам аднапавярховы дом з прыгожым ганкам, свіронак, абора і гумно, студня з жоравам і лазня пры стаўку. Вакол двара моцная агароджа, што прымушае ўспомніць даўняе выслоўе: «Шляхціч у загродзе роўны ваяводзе». У двухпавярховым свіронку ўнізе — ва́гі, жорны, бочкі пад гуркі ды капусту, кубельцы для сала і засекі для збожжа. На другім паверсе — летні пакой Адама. Там, як і ў даўнія часы, побач з ложкам ляжыць мядзведжая шкура і стаіць дарожны куфэрак. Экспазіцыя сядзібы-музея прыводзіць на ўспамін неўміручую паэму Міцкевіча «Пан Тадэвуш», якую называюць энцыклапедыяй шляхецкага жыцця.
Кожнаму беларусу абавязкова трэба наведаць і музей-сядзібу класіка нашай літаратуры Францішка Багушэвіча ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна…