Яго «Калыханка» складае генетычны код беларуса, а ўлады адмаўляюцца назваць вуліцу ягоным імем

Сёння Генадзю Бураўкіну магло б споўніцца 88 гадоў. Паэт пражыў доўгае жыццё, поўнае кахання, змагання і працы. Беларускія малечы засынаюць пад яго «Доўгі дзень, цёплы дзень», маладзёны заляцаюцца пад «Зачароўваю», а людзі сталага веку ўзгадваюць шчаслівыя імгненні пад «Белы снег», у той час як рэжым упарта інгаруе ягоную спадчыну. 

Генадзь Бураўкін. Фота Сяргея Шапрана

Генадзь Бураўкін. Фота Сяргея Шапрана

Дзяцінства паэта прайшло праз жахі вайны

 «Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было пяць гадоў. Бацька пайшоў на фронт, а маці засталася з намі, — узгадваў Генадзь Бураўкін.

— Самае страшнае было наперадзе, калі зімой 1943 года прыйшлі ў вёску карнікі, помсцячы сем’ям партызан і ўсім вяскоўцам. Карнікі выгналі людзей з хат, выстраілі перад кулямётам і доўга трымалі на холадзе. Мы стаялі на ўзгорку трыма радамі: першы рад мужчыны і дзяды, другі —заплаканыя жанчыны з малымі на руках і трэці — мы, шэсць, дзесяць, дванаццаць гадоў. На нас быў нацэлены кулямёт. Мы чакалі стрэлаў. Плачуць жанчыны, маўчаць дзяды. А стрэлаў усё няма.

Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі. Было цёмна і цесна. Для малых адвялі палок, мы сагрэліся на ім і пачалі валтузню, а маці нашы плакалі і чамусьці пачалі абдымацца. Я тады не ведаў, што дзверы лазні забіты цвікамі, што лазня абкладзена саломай і паліцаі пайшлі шукаць бензін. Я тады многае не разумеў. Шчаслівы выпадак выратаваў людзей. Я не памятаю твару таго, хто вызваліў нас. Памятаю толькі, што гэта быў стары немец-салдат. Ён не ўмеў гаварыць па-руску і ўсё махаў рукамі ў бок лесу. Мы ўсё ўцяклі і выратаваліся».

Генадзь Бураўкін з сястрой, мамай і татам. Фота: baj.by

Генадзь Бураўкін з сястрой, мамай і татам. Фота: baj.by

Мама — пявуння, бацька — адданы камуніст

«Мама і бацька былі вельмі розныя людзі. Мама больш парывістая, эмацыйная, бацька ў нечым быў больш грубы, рэзкі. Бацька быў чалавек свайго часу: камуніст, атэіст. Мама ж у маладосці была пявуння, вясёлы чалавек — відаць, тым яна і ўпадабалася бацьку, які прыехаў на Расоншчыну з-пад Віцебска.

Калі мы аднойчы прыязджалі да нас з Рыгорам Барадуліным, будучы яшчэ зусім маладымі, мама наспявала многа песень, Рыгор нават іх запісаў на нейкі прымітыўны магнітафончык… Ува мне, відаць, жывуць карані ад іх абодвух: маміна эмацыйнасць і бацькава сур’ёзнасць, прынцыповаць. Бацька быў адданы камуніст, але шчыры і справядлівы чалавек», — распавядаў Генадзь Бураўкін у размове з Глебам Лабадзенкам.

Менавіта маці прывіла яму любоў да паэзіі.

«Памятаю, у час вайны, калі былі чорныя ночы і мы сядзелі без святла і баяліся, бо не ведалі, хто прыйдзе (партызаны, паліцаі?), мама нам па памяці расказвала вершы, якія вучыла ў школе. Гэта былі творы Купалы, Коласа і вельмі многа вершаў Кандрата Крапівы. Памятаю, калі ўжо студэнтам пазнаёміўся з Крапівой, стаў цытаваць яму: «Я сялянская карова, прашу слова, дайце слова…» Крапіва вельмі здзівіўся, адкуль я ведаю такія старыя вершы, якія даўно не перадрукоўваюцца і не ўключаны ў падручнікі!»...

Генадзь Бураўкін з сястрой і мамай. Фота: baj.by

Генадзь Бураўкін з сястрой і мамай. Фота: baj.by

Хрышчоны, таму што «нехта пусціў чутку: нехрышчоных немцы забіваюць»

«Я выхоўваўся як атэіст. Калі пачалася вайна і прыйшлі акупанты (бацька пайшоў на фронт), нехта пусціў чутку: нехрышчоных немцы забіваюць. Мама стала шукаць папа, каб нас з сястрой хрысціць — і знайсці было нялёгка», — узгадваў паэт.

«Так што я хрышчоны. І ў Бога як у найвышэйшую сілу, найвышэйшую справядлівасць  свята веру».

Пайшоў у журналістыку, каб «змагацца за самыя светлыя ідэалы»

«Я сабе ставіў за мэту стаць журналістам. Бо замахвацца на літаратуру было дужа рызыкоўна!(смяецца)Я разумеў, што журналіст — гэта чалавек, які працуе са словам, які змагаецца за справядлівасць і самыя светлыя ідэалы, якія ёсць (усміхаецца), і для гэтага хацеў авалодаць нейкімі рэчамі, якія б давалі мне магчымасць змагацца за гэтыя ідэалы і авалодваць словам», — распавядаў Бураўкін Лабадзенку.

«Адстойваць самыя светлыя ідэалы» паэту давялося ў газетах з характэрнымі назвамі «Рабочае юнацтва» і «Камуніст Беларусі».

«Я ж сам выбраў такую прафесію, разумеў, што давядзецца пісаць пра рознае. А «змагацца за справядлівасць і светлыя ідэалы» стараўся нават там: крытыкаваў дрэнныя справы, стараўся дапамагчы добрым людзям. Але я быў чалавекам свайго часу. Успрымаў тую ж кукурузную кампанію як даручэнне, як патрабаванне часу», — тлумачыў паэт.

З каханай жанчынай Юліяй Генадзь Бураўкін ажаніўся 9 мая. Яны пражылі разам 55 гадоў!

«Мы пазнаёміліся падчас вучобы ва ўніверсітэце. Генадзь распавядаў, што ўпершыню звярнуў на мяне ўвагу, калі мы стаялі ў чарзе ва ўніверсітэцкім буфеце. Але я, прызнацца, не заўважыла яго тады і ўвогуле яшчэ цэлы год не звяртала на яго аніякай увагі. Гэткім чынам кахання з першага позірку — прынамсі, у мяне — не было. Генадзь жа гаварыў, што адразу захапіўся мною — хоць прыгажуняй я не была, але была сімпатычная», — распавяла спадарыня Юлія ў размове з Сяргеем Шапранам.

Юля і Генадзь Бураўкіны. Фота з сямейнага архіва Бураўкіных

Юля і Генадзь Бураўкіны. Фота з сямейнага архіва Бураўкіных

Будучая жонка Бураўкіна паходзіла з Украіны, дзяцінства правяла ва Умані, рускай мовы не ведала.

«Генадзь літаральна «ўліваў» у мяне беларушчыну — ён ужо тады жыў беларускай ідэяй, з чым раней я ніколі яшчэ не сутыкалася».

«Зблізіла нас Генадзева хвароба: на пятым курсе ён раптоўна захварэў на сухоты. Захварэў, мусіць, праз тое, што адмовіўся ад дапамогі сваіх бацькоў, якія жылі вельмі бедна. Генадзь жыў на адну стыпендыю і ганарары за свае вершы, але гэтых грошай, вядома, не хапала. Ён быў такі худзенькі, што проста жах! І аднойчы ўзімку захварэў на грып, які даў ускладненне — запаленне лёгкіх». Юлія пачала даглядаць хворага юнака. Ёй і самой тады было толькі 19.

Глядзіце таксама

Супраць іх адносін рэзка стала выступаць маці спадарыні Юліі.

«Хварэў Генадзь са студзеня да сакавіка ўключна. А 1 мая мы, узяўшыся за рукі, паведамілі маім бацькам, што хочам пабрацца шлюбам…

Пазней Генадзь казаў, нібыта я праз акно збегла, але ні праз якое акно я насамрэч не збягала: маці, пакідаўшы мае рэчы ў чамадан, скруціла дыван — гэта быў увесь мой «пасаг» і, сказаўшы на развітанне, каб я не вярталася, зачыніла за намі дзверы…», — прызнавалася жанчына.

9 траўня яны згулялі сапраўднае студэнцкае вяселле. Маці Юлі Бураўкінай усё ж прыйшла на свята і прынесла падарунак — белыя басаножкі для нявесты. А маладыя больш ніколі не пакідалі адно аднаго.

«Ці шкадую цяпер, што пабралася шлюбам з Генадзем?.. Божа мілы, апроч яго, ніхто больш не быў мне цікавы. Сваім спадарожнікам я бачыла чалавека разумнага, з добрым пачуццём гумару, каб ён нешта значыў, каб быў асобай…».

Генадзь Бураўкін з жонкай Юліяй Якаўлеўнай. Фота з сямейнага архіва Бураўкіных

Генадзь Бураўкін з жонкай Юліяй Якаўлеўнай. Фота з сямейнага архіва Бураўкіных

Бураўкін працаваў спецыяльным карэспандэнтам па Беларусі ў газеце «Правда»

«Правда» для мяне як журналіста была вельмі добрай, сур’ёзнай і патрэбнай школай. Яна навучыла мяне перш за ўсё адказнасці за слова. Калі ты павінен несці абсалютную адказнасць за тое, што пішаш. Мне здаецца, не заўсёды ў журналістаў гэта ёсць… І яшчэ гэта быў такі час, калі ты бачыў дзейснасць друкаванага слова. Рэагавалі нават на невялікія нататкі!..» — казаў Бураўкін у інтэрв’ю.

Знаходзіўся пад пратэктаратам Машэрава

Прызначэнне Бураўкіна на пасаду карэспандэнта «Правды» падпісаў асабіста Брэжнеў. У той жа час з Мінска ў Маскву прыйшоў ліст ад 2-га сакратара ЦК кампартыі Беларусі Сурганава, дзе адзначалася, што «Правда» і бюро ЦК Кампартыі Беларусі, у прыватнасці, першы сакратар Машэраў дапускаюць вялікую палітычную памылку, беручы на працу агалцелага нацыяналіста і антысаветчыка Бураўкіна. Але тады перад Брэжневым за Бураўкіна паручыўся асабіста Машэраў.

Генадзь Бураўкін і Пётр Машэраў. Фота: baj.by

Генадзь Бураўкін і Пётр Машэраў. Фота: baj.by

«Здаралася, пісалі на мяне даносы, называлі нацыяналістам. Але пакуль быў жывы Машэраў, усе ведалі, што за мной стаіць ён. Пётр Міронавіч аднойчы сказаў: "Я не магу падтрымаць цябе ў справе беларушчыны афіцыйна з трыбуны, бо мяне тут жа здымуць. Але ты рабі справу. Чыноўнікі ведаюць, што ў цябе за спінай стаю я, і яны не насмеляцца табе замінаць"».

«Так, ён мне зрабіў многа добрага — і я яму за гэта ўдзячны. Але ж я, даруйце, не такі ўжо наіўны хлапчук і добра бачу ўсё тое, што ён зрабіў для Беларусі. І некаторыя рэчы ведаю «з сярэдзіны». Што, так проста было ствараць «Хатынь»?.. А помнікі Купалу і Коласу ў Мінску?.. На яго пісалі ў ЦК КПСС: "Замест таго, каб будаваць кватэры ветэранам, ён помнікі ставіць нацыяналістам". А тое, як ён любіў і падтрымліваў творчую інтэлігенцыю — такога не было, і не ведаю, ці будзе калі. І пры гэтым ён, зразумела, быў чалавекам сваёй пасады і свайго становішча і рабіў тое, што яму казалі з Масквы», — дадаваў Бураўкін.

12 гадоў (1978—1990) працаваў на пасадзе cтapшынi Дзяpжкaмiтэтa БССР пa тэлeбaчaннi i paдыёвяшчaннi

Спадар Генадзь распавядаў, што не меў жадання працаваць на тэлебачанні — яму падабалася праца галоўным рэдактарам у «Маладосці». Але пасля асабістай просьбы Машэрава давялося згадзіцца.

На гэтай высокай пасадзе ён здолеў дамагчыся стварэння самастойнага беларускага тэлеканала.

«Мяне паклікаў Кузьмін і паказаў праект рашэння Бюро ЦК: вярнуцца да старой практыкі, скасаваць самастойную праграму. Усе завізіравалі, не хапала майго подпісу. Я адмовіўся. Кузьмін раззлаваўся, сказаў: "Пакідаю цябе ў кабінеце на паўгадзіны, вярнуся — каб твой подпіс быў". Я дачакаўся яго, але не падпісаў. Наступныя пару месяцаў мяне фактычна байкатавалі: прыходзіў на работу, але са мной ніхто з начальства ніякіх спраў не вырашаў. На нарады, дзе паводле статусу я мусіў быць, клікалі майго першага намесніка Віталя Чаніна… Машэраў тады ўжо загінуў, першым сакратаром быў Кісялёў, які вельмі баяўся, што яго абвінавацяць у нацыяналізме і гэтае пытанне ўзнікне на з’ездзе Кампартыі Беларусі, які ўжо набліжаўся…

А потым прайшоў з’езд, пытанне не ўзнікла, мяне зноў уключылі ў спіс членаў ЦК Кампартыі Беларусі — і ўсё вярнулася на кругі свае», — казаў Бураўкін у размове з Лабадзенкам.

З 1990 пa 1994 гады быў пacтaянным пpaдcтaўнiкoм Бeлapyci ў ААН

Вось што спадар Генадзь распавядаў пра гэтую працу:

«У мяне ў ААН было два перыяды: калі наша краіна была БССР і калі мы сталі Рэспублікай Беларусь. Памятаю добра той момант, як нашы жонкі ўначы прасавалі бел-чырвона-белы сцяг, каб на раніцу ён узняўся каля будынка ААН у Нью-Ёрку.

На першым этапе было небагата работы, бо рэальна мы не ўдзельнічалі ў вырашэнні сур’ёзных спраў. Усе ведалі, што для таго, каб атрымаць галасы Беларусі і Украіны, можна абысціся дамоўленасцямі з прадстаўніком Савецкага Саюза. А вось калі мы сталі самастойнай дзяржавай, работы было вельмі і вельмі шмат. І мы, скажу шчыра, былі да яе не надта гатовыя. У нас не хапала сур’ёзных прафесійных кадраў, не было вопыту самастойнай працы… Помню, як мы разам з украінцамі вельмі цяжка вырашалі пытанне пра змяншэнне нашых унёскаў у ААН. Бо ў свой час усё гэта за нас рабіла Масква. У нас у бюджэтах проста не было адпаведных сум! Мы мусілі ўсім адпаведным структурам даказваць, што для нас гэта непасільна».

У 1993 годзе Генадзь Бураўкін звярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад пасады прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН.

Аўтар слоў той самай беларускай калыханкі – «Доўгі дзень, цёплы дзень…»

На вершы Генадзя Бураўкіна напісана мноства лепшых сучасных беларускіх кампазіцый. Ягоныя словы «Доўгі дзень, цёплы дзень», пакладзеныя на чароўную мелодыю, назаўжны ўпісаны ў генетычны код беларусаў.

Закаханыя маладзёны бавяць лепшыя хвіліны ў жыцці пад «Зачароўваю» на вершы Бураўкіна.

Крыніца: Музыка на советском телевидении [ youtube ]

А людзі больш сталага веку згадваюць чароўныя імгненні пад «Белы снег» — і гэта таксама словы спадара Генадзя.

Генадзь Бураўкін з унукамі. Фота: baj.by

Генадзь Бураўкін з унукамі. Фота: baj.by

Уладзімір Някляеў здзейсніў апошняе жаданне паэта

За два тыдні да смерці Генадзь Бураўкін агучыў сябрам-беларускім паэтам сваё перадсмяротнае жаданне — убачыць выдадзенай сваю развітальную кнігу вершаў «Нагаварыцца з зоркамі».

«За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна — развітальная… І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці — гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў як належыць. Зрабіў у ім, што мог. Так сыходзяць паэты», — згадваў Уладзімір Някляеў. 

Генадзь Бураўкін і Васіль Быкаў. Фота: baj.by

Генадзь Бураўкін і Васіль Быкаў. Фота: baj.by