Як Тадэвуш Касьцюшка стаў героем ЗША. Да народзінаў слыннага беларуса
Пра кіраўніка паўстаньня 1794 года супраць расейскай акупацыі вядомыя шматлікія факты і падрабязкі яго збройнай барацьбы з ворагам з усходу. Аднак перш чым аддана служыць бацькаўшчыне, Тадэвуш стаў героем вайны за незалежнасьць новых амэрыканскіх штатаў. Як так атрымалася?
Вайсковая адукацыя Тадэвуша складалася з некалькіх этапаў. Напачатку ў 1765 годзе ён быў скіраваны ў Варшаўскі кадэцкі корпус — Рыцарскую школу. У 1769 годзе ў чыне харунжага па пратэкцыі суседа па Берасьцейшчыне князя Адама Казіміра Чартарыйскага — быў адпраўлены ў Францыю, дзе ўдасканальваў свае веды па фартыфікацыі, інжынэрыі, матэматыцы. Напрыканцы 1774 года Касьцюшка быў вымушаны вярнуцца на радзіму, у асноўным праз недахоп сродкаў для працягу адукацыі. Ён меў ужо званьне артылерыйскага капітана, але атрымаць пасаду ў войску Рэчы Паспалітай Тадэвуш не здолеў — у 1772 адбылося першае разгрызаньне агрэсарамі нашай краіны, і само войска было моцна скарочанае.
Касьцюшка быў вымушаны прыняць прапанову Юзэфа Сасноўскага (які між тым прыходзіўся Касьцюшкам сваяком, хоць і далёкім) стаць хатнім настаўнікам яго дочак. У будучага героя да 1776 года склалася драматычная сітуацыя. Як вядома, Тадэвуш Касьцюшка заляцаўся да адной з сёстраў Сасноўскіх – Людвікі. І нават прасіў яе рукі, на што атрымаў адмову праз «недастатковую вартасьць маёнтку Тадэвуша». Так мы і падыйшлі да прычынаў ад’езду з радзімы.
Вядома, гаворкі пра паездку праз акіян яшчэ не было, Тадэвуш скіраваўся зноў у Францыю. Не захавалася ніводнага радка, напісанага ім, ніводнай паперы, якія здолелі бы праліць дакумэнтальнае сьвятло на прычыну ад’езду ў сярэдзіне 1776 года ў Амэрыку. Вядома толькі, што ўжо год як Джордж Вашынгтан зьяўляўся кіраўніком барацьбы, якую распачалі жыхары амэрыканскіх калёній супраць Брытаніі. У гэты ж час Францыя таемнымі (і не толькі) шляхамі імкнулася дапамагчы ў змаганьні са сваім адвечным ворагам на брытанскіх выспах і фінансава стымулявала барацьбу за незалежнасьць.
Афіцыйны французскі ўрад адмаўляў у продажы гарматаў паўстанцам, якія прыехалі на перамовы ў Парыж, але знакаміты паэт Бамаршэ (той самы, што напісаў «Шлюб Фігара») прадаў 200 штук амэрыканцам. Вядома, загадзя яму была перададзеная гэтая зброя. Выглядае цалкам натуральным, што Тадэвуш Касьцюшка выправіўся ў складзе добраахвотнікаў у тым ліку праз уплыў і ўдзел паэта, які адважна ўзяўся за справу дапамогі заакіянскім сябрам.
Ці ня быў ад’езд Тадэвуша ў далёкія краі – учынкам звычайнага наёмніка, які не здолеў атрымаць афіцэрскага прызначэньня на радзіме? Вядома не, найпростым крокам у такім выпадку быў бы запіс у армію Англіі ў іх паходзе супраць бунтаўнікоў, альбо сярод шэрагу нямецкіх армій, якія славіліся выбітнай падрыхтоўкай. Але Тадэвуш плыве відавочна пад узьдзеяньнем нейкага нутранага парыву, на змаганьне супраць імпэрыі, хай пакуль што з Брытанскай. Касьцюшка адчуваў увесь патас барацьбы за акіянам, і з галавою пайшоў туды.
Тадэвуш Касьцюшка відавочна бачыў падабенства штатаў, якія кіруюцца і
ствараць лучнасьць дзяржавы з ваяводзтвамі, якія ўваходзілі ў Вялікае Княства
Літоўскае і Каралеўства Польскае і злучаліся ў Рэчы Паспалітай.
Вялікі беларус прыплыў у Філадэльфію. У гэты час 4 ліпеня 1776 года была абвешчаная дэклярацыя аб незалежнасьці. У гэтым горадзе Тадэвуш далучыўся да амэрыканскай арміі і ягонай першай справай была абарона горада (а Філадэльфія выконвала ролю сталіцы, дзе знаходзіўся кангрэс). Касьцюшка вывучыў абарончыя збудаваньні і распрацаваў плян па ўмацаваньні порту, каб не даць брытанцам высадзіцца і ўзяць яго. Касьцюшка перагарадзіў раку Дэлавэр, чым і забясьпечыў дадатковую бясьпеку. Яго першы заробак склаў 50 фунтаў стэрлінгаў ад штата Пэнсільванія 24 кастрычніка 1776 года.
Плян палягаў у наступным: у трох кілямэтрах ад горада, дзе было вусьце ракі Дэлавэр, усю яе шырыню зачынілі дзякуючы шэрагам палісаднікаў, якія тырчэлі з вады. Разам з гэтым умацоўваліся рэдуты, ствараліся рвы абароны, будаваліся казематы. Філадэльфія была абароненая такім вайсковым майстэрствам, пра якое ў Амэрыцы яшчэ ня чулі. Хаця да канца 1776 года яшчэ не ўсе прыгатаваньні былі зробленыя, Кангрэс выехаў у Балтымар. Войску было загадана трымаць абарону перад наступам брытанцаў да апошняга.
Імя Тадэвуша ў гэтыя час яшчэ не было вядомае Вашынгтану, бо вядомы яго ліст да кіраўніцтва Кангрэсу 8 сьнежня 1776 года, дзе ён кажа аб тым, каб пры нагодзе абазнаны ў абароне знакаміты францускі інжынэр здолеў працягваць сваю працу ў ваколіцах Філадэльфіі. Францускі інжынэр – гэта вядома Тадэвуш, які працаваў па францускім патэнце. Праз некалькі тыдняў Вашынгтон у іншым лісьце піша пра тое, што вельмі расчараваны працай францускіх адмыслоўцаў, якія прыехалі з Эўропы, бо не маюць разуменьня ў тым, што неабходна рабіць. Акрамя аднаго – вельмі здольнага, як паведамлялі Джорджу, і які знаходзіцца ў Філадэльфіі.
У студзені 1777 года Кангрэс вярнуўся ў Філадэльфію.
Быў і другі тэатар ваенных дзеяньняў, здалёк ад Філадэльфіі, куды закінула Касьцюшку. Даліна ракі Гудзон, якая мела вялізнае стратэгічнае значэньне – гэта быў водны шлях паміж Нью-Ёркам і Канадай. На возеры Чэмплэйн базавалася флятылія амэрыканцаў, а на беразе – вайсковы форт. Разам з іншым, драбнейшым возерам гэтае месца межавала са скалой, на якой базаваўся яшчэ адзін форт. Джордж Вашынгтан называў гэтае месца «ключом да ўсіх калёній Новай Англіі». А гэта значыць, штаты Мэн, Нью Гэмпшыр, Канэктыкут, Род Айлэнд, Нью-Ёрк, Масачусэтс. Калі б брытанцы авалодалі гэтым месцам ля ракі Гудзон — яны б цалкам адрэзалі ўсю тую тэрыторыю ад іншай часткі непакорных будучых Злучаных Штатаў на чале з Філадэльфіяй. Амаль уся армія амэрыканцаў знаходзілася ля сталіцы.
25 сакавіка 1777 года генэрал Гейтс быў прызначаны Кангрэсам так званым камэндантам паўночнай амэрыканскай арміі. Ён паклікаў Тадэвуша да сябе і даў яму загад высьветліць, якія мерапрыемствы можна ажыцьцявіць, каб утрымаць пазначаны «ключ да калёній Новай Англіі». Касьцюшка неўзабаве прапанаваў канкрэтныя загады, якія былі зьвязаныя з месцамі ўсталяваньня гарматаў, і нечаканымі інжынэрнымі хадамі. Аднак у гэты час Гейтса пераводзяць на іншую пасаду і прызначаюць новага кіраўніка арміяй. На жаль, як пазьней пісалі амэрыканскія генэралы, яны палічылі пляны занадта складанымі, бо ніводзін з інжынэраў раней не рабіў нічога падобнага.
Брытанцы напалі на гэтыя форты і ў хуткім часе зрабілі прыблізна тое, што прапаноўваў Касьцюшка для амэрыканцаў. Тых няўдалых генэралаў, якія былі адказныя за правал абароны, зьбіраліся аддаць пад трыбунал, кіраўніцтва зноў прыняў Гейтс. З дапамогай, як бы сказалі ў Вялікім Княстве, паспалітага рушэньня, паўночная амэрыканская армія дасягнула 13 тысячаў вайскоўцаў. Тадэвуш Касьцюшка зноў удзельнічаў у плянаваньні апэрацый, ужо ў якасьці палкоўніка. Ён у жніўні 1777 года распрацаваў плян фартыфікацыі гары ля той жа ракі Гудзон. Але ў іншым, не занятым яшчэ брытанцамі месцы, што называлася Саратога.
Пасьля некалькіх атакаў брытанцы ўбачылі беспэрспэктыўнасьць сваіх спробаў, бо месца было надзвычай удала абароненае дзякуючы Тадэвушу Касьцюшку. 7 кастрычніка брытанцы зрабілі новую спробу атакаваць пазыцыі амэрыканцаў, але атрымалі балючую паразу, больш за тое, войскі калёній перасьледавалі іх і працягвалі зьнішчаць. Праз некалькі дзён цэлы брытанскі корпус у амаль 6 тысячаў жаўнераў здаўся ў палон амэрыканцам. Гэтая перамога надзвычай палепшыла як стратэгічнае становішча ў вайне, так і агульны маральны дух грамадзтва.
10 лістапада 1777 года Джордж Вашынгтан упершыню вылучыў імя Тадэвуша і ў лісьце да Кангрэсу напісаў, што ён заслугоўвае найвышэйшай хвалы і памяці амэрыканскага народу.
Трыюмф пад Саратогай прывёў і да дыпляматычнага прарыву. 16 сьнежня 1777 года міністэрства замежных справаў Францыі паведаміла амэрыканскім амбасадарам, што кароль Людовік XVI зьбіраецца прызнаць Злучаныя Штаты незалежнай дзяржавай. Пры гэтым, як было заяўлена, Францыя не чакае ніякіх прывілеяў, узнагародаў, гандлёвых прэфэрэнцый. Адзінае, што чакала Францыя – гэта працягу барацьбы з брытанцамі да канца і непрыняцьця іх панаваньня. Гэтаму садзейнічаў перадусім амэрыканскі «амбасадар» у Парыжы Франклін. На падставе той заявы быў падпісаны каралём Францыі трактат 6 лютага 1778 года, непазьбежным наступствам якога мусіла быць карысная амэрыканцам француска-брытанская вайна.
Аднак разам з тым брытанцы захапілі Філадэльфію, пры гэтым армія амэрыканцаў адыйшла за два дзясяткі кілямэтраў.
Тадэвуш Касьцюшка ў гэты час быў зноў заняты справамі на поўначы. Новае складанае заданьне – пабудова фартэцыі Уэст-Пойнт. Джордж Вашынгтан нават зрабіў адмысловы загад, па якім быў адкліканы іншы інжынэр, які супярэчыў і канфліктаваў з Касьцюшкам, бо
Заслугу Тадэвуша ў будаўніцтве форта вычарпальна апісаў генэрал Армстранг: «Ён мае заслугу, што надаў фартэцыі Ўэст-Пойнт такую моц, якая застрашыла ворага ад любога пакушэньня на здабыцьцё панаваньня над гэтай тэрыторыяй». На арганізацыю абароны фартыфікацыйнах пабудоваў былі неабходныя 2500 жаўнераў.
У чэрвені 1778 года француская флятылія падплыла да берагоў Пэнсыльваніі, што прымусіла брытанцаў пакінуць Філадэльфію, а амэрыканцаў заняць яе зноў. Гэта дазволіла Вашынгтану зьвярнуць усю вайсковую ўвагу на поўнач, дзе працягваў служыць Тадэвуш Касьцюшка. У верасьні 1778 года адбылася ўрэшце асабістая сустрэча дваіх выбітных людзей двух цудоўных народаў.
Уэст-Пойнт стаў арэнаў ваенных дзеяньняў у 1779 годзе. Штаб-кватэра самога Вашынгтана знаходзілася ў гэтым форце.
Да 1780 года зьявілася неабходнасьць даслаць генэрала Гейтса на поўдзень, дзе трэба было выконваць задачы па вяртаньні Паўднёвай Караліны і верагоднага наступу брытанцаў на іншыя паўднёвыя штаты. Разам са сваім баявым сябрам туды вырашыў скіравацца і палкоўнік Тадэвуш Касьцюшка. У сувязі з гэтым захаваўся адзіны ліст, напісаны Джорджам Вашынгтанам непасрэдна Тадэвушу.
Бацька амэрыканскай нацыі ў ім напісаў, што Касьцюшка як ніхто іншы патрэбны ў форце Ўэст-Пойнт, бо толькі ён ведае ўсе асаблівасьці і моцныя бакі, у той час як на поўдні ў дадзены час не асабліва патрабуецца інжынэрная праца і талент, які мае Тадэвуш. Разам з тым, працягваў Вашынгтан, ён безумоўна не будзе ствараць перашкоды, калі Касьцюшка ўсё ж вырашыць паехаць на паўднёвы фронт.
У сваім адказе Тадэвуш Касьцюшка падзякаваў за права выбару і выправіўся ў Філадэльфію. Пакуль палкоўнік Касьцюшка ехаў здарылася наступнае: генэрал Гейтс наважыўся на авантурную атаку на брытанцаў у Паўднёвай Караліне. Гэта была такая няўдалая атака, што Кангрэс аддаў яго пад ваенны суд, які аддаў генэрала пад арышт на два гады. Як вядома, за наступныя два гады вайна ўжо скончылася.
Замест Гейтса кіраваць паўднёвай арміяй быў прызначаны генэрал Грын, які быў вельмі сьціснуты ў мэтадах вайны, бо людзей у арміі было вобмель, і прыходзілася дзейнічаць у форме партызанскай барацьбы. Тадэвуш Касьцюшка атрымаў загад дасьледаваць мясцовасьць і абіраць месцы для заснаваньня фартоў.
Тым часам у амэрыканскай арміі пачаўся нутраны разлад — былі выпадкі бунтаў, паўночная армія таксама не была прыкладам ваеннай машыны. Прадстаўнік штатаў у Францыі ў студзені 1781 года такім чынам апісваў становішча свайго народу: «Амэрыка дайшла да крытычнага стану, акрамя ваенных цяжкасьцяў, папяровыя даляры, якія выпускаў кангрэс, не мелі дастатковай вагі, і вайскоўцы ўсё часьцей пачынаюць бунты. Існуе небясьпека, што мірныя жыхары і гандляры стомяцца жыць у нястачы, нягледзячы на высокія ідэалы вайны за незалежнасьць».
Кароль Францыі адгукнуўся на просьбу амэрыканцаў, і даў велізарную пазыку, якую неабходна было вярнуць з набыцьцём незалежнасьці.
Генэрал Грын разам з палкоўнікам Касьцюшкам працягвалі спробы змаганьня з брытанцамі на поўдні. Іх войска здолела дасягнуць ліку 5000 чалавек. Тадэвуш ствараў інжынэрныя захады да ўсталяваньня гарматных батарэй у самых нечаканых месцах. Праз пэўны час ён стаў палявым афіцэрам, які выводзіў на бой жаўнераў.
У хуткім часе вайна была скончаная. Напрыканцы 1781 года была разгромленая армія брытанцаў на чале з лордам Карнуолісам. Каля 7000 брытанцаў трапіла ў палон. Калі навіна дайшла да Лёндана – гэта вымусіла брытанскі ўрад прызнаць караля недзеяздольным кіраваць амэрыканскімі калёніямі. Парлямэнт прагаласаваў за сканчэньне вайны і прызнаньне незалежнасьці Злучаных Штатаў.
13 кастрычніка 1783 года амэрыканскі ўрад надаў Тадэвушу Касьцюшку новае званьне — брыгадны генэрал. З рук Джорджа Вашынгтана слаўны сын Берасьцейшчыны атрымаў ордэн Цынцынанта, на якім можна прачытаць дэвіз «Усё аддаў дзеля выратаваньня Рэспублікі».
Герой Злучаных Штатаў адплыў з Нью-Ёрку ў Францыю ў ліпені 1784 года і прыблізна ў канцы гэтага года быў ужо на радзіме, у Вялікім Княстве Літоўскім, у Сяхновічах, што сёньня адносяцца да Жабінкаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці Беларусі.