Сусветныя цікавосткі: Жанчынам забаранілі гаварыць публічна, празорцы ідуць у палітыку

 У Афганістане жанчынам забаранілі гаварыць публічна: маўляў, галасы гучаць занадта інтымна. У Індыі задумаліся пра дэкаланізацыю і заклікаюць адмовіцца ад «акадэмак». А ў Польшчы празорцы хочуць падказаць, як вырашаць праблемы краіны. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».

Жанчынаў пазбавілі голаса. Літаральна

afghanistan_60641_1280.jpg

Рэжым Талібана ў Афганістане працягвае біць рэкорды ў галіне дыскрымінацыі кабетаў. Цяпер уведзены новыя правілы, якія абмяжоўваюць правы жанчын… гаварыць на публіцы, праз тое, што іх галасы нібыта гучаць занадта «інтымна». Каб не выклікаць сексуальнай узрушанасці прысутных мужчынаў, з гэтага часу жанчынам забаронена спяваць ці чытаць досыць гучна, каб іх было чутна, на публіцы. Гэта датычыцца і сітуацый, калі жанчыны знаходзяцца ў сваім уласным даме.

Новыя законы «пра загану і цноты» не толькі патрабуюць ад жанчын насіць паранджу і цалкам закрываць твар, але таксама забараняюць ім глядзець проста на любога мужчыну, які не з'яўляецца сваяком. Раней жанчынам і дзяўчынкам ужо было забаронена выходзіць з дому без суправаджэння сваяка-мужчыны, працаваць на большасці работ або наведваць школу пасля 12 гадоў. Абмежаванні «неверагодна жудасныя», кажуць міжнародныя феміністычныя цэнтры. 

Тым часам свет паводзіць сябе так, быццам гэта нармальна. На мінулым тыдні Казахстан выключыў «Талібан» са спісу забароненых у краіне арганізацый, што можа быць знакам аб намеры дыпламатычна прызнаць рэжым у Кабуле.

Коні супраць дэкамунізацыі

Помнік Катоўскаму ў Кішынёве. Фота Барыса Маўлютава, Wikimedia Commons

Помнік Катоўскаму ў Кішынёве. Фота Барыса Маўлютава, Wikimedia Commons

Мода на дэкамунізацыю, здаецца, дайшла да Малдовы. Уласна кажучы, помнікі Леніна ў малдаўскіх гарадах даўно дэмантавалі. Яны засталіся толькі ў Прыднястроўі. А вось іншых манументаў савецкай эпохі ў малдаўскіх гарадах хапае. І найперш гэта помнік Рыгору Катоўскаму — заснавальніку савецкага малдаўскага праекта, у самым цэнтры Кішынёва. На днях шэраг нацыянал-дэмакратаў заклікалі ўрад знесці помнік. Здавалася б, помнік сапраўды асуджаны хаця б таму, што пры ўладзе ў краіне праеўрапейскія правыя цэнтрысты. Але нечакана ў кабміне ініцыятыву не падтрымалі. Як заявіў міністр культуры Серджыу Прадан, адна з прычын, па якой помнік расійскаму рэвалюцыянеру і члену Саюзнага, Украінскага і Малдаўскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта СССР не будуць дэмантаваць — гэта адзіны конны помнік у краіне. Прадан пры гэтым падкрэсліў, што «ў кожнай еўрапейскай сталіцы павінен быць конны помнік». «Можна ўсталяваць побач інфармацыйную таблічку з QR-кодам, дзе будзе інфармацыя пра Катоўскага, праводзіць выхаваўчую працу. Мы павінны ведаць праўду, але савецкую спадчыну архітэктуры ні ў якім разе нельга зносіць, таму што гэта ўжо частка нашай культуры і рэальнасці», — заявіў міністр.

Дэкаланізаваць «акадэмкі»

Выява artursafronovvvv на Freepik

Выява artursafronovvvv на Freepik

Універсітэты з'явіліся ў Індыі ў часы брытанскага каланіялізму. Нядзіўна, што яны да гэтага часу захавалі многія традыцыі каланіяльных часоў. Напрыклад, на выпускныя цырымоніі студэнты апранаюць квадратныя шапачкі «акадэмкі» і мантыі. Аднак зараз ад гэтага перажытку мінулага вырашылі радыкальна пазбавіцца. Індуісцкі нацыяналістычны ўрад прэм'ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі асобным законам забараніў брытанскія «акадэмкі» і мантыі на выпускных універсітэцкіх цырымоніях, назваўшы іх «каланіяльнай спадчынай». Міністэрства аховы здароўя ў сваю чаргу адправіла лісты дзяржаўным медыцынскім каледжам аб тым, што студэнты павінны насіць «адпаведнае індыйскае адзенне» на выпускной цырымоніі. А дзяржаўны орган, які рэгулюе ўніверсітэты, прапанаваў выпускнікам апранаць у дзень атрымання дыпломаў маляўнічыя «ручныя ткацкія вырабы», каб «узмацніць пачуццё гонару за тое, што яны індыйцы». Застаецца дадаць, што ў прынцыпе тэма барацьбы з праклятай спадчынай каланіялізму не новая. Модзі пачаў заклікаць да такіх зменаў два гады таму ў межах кампаніі ліквідацыі таго, што ён сам называе «любы след каланіяльнага мыслення». Даходзіла да таго, што ягоны ўрад абвясціў па-за законам гульню на валынках.

Прадказальнікі ідуць у палітыку

Ізабэла Трэндавіч, izabelatredowicz.pl

Ізабэла Трэндавіч, izabelatredowicz.pl

У Польшчы зарэгістраваная палітычная партыя «Шчаслівая Польшча». Яе заснавалі прадракальніца, духоўны коўч і тэрапеўт Ізабэла Трэндавіч, а таксама група асоб, якія прайшлі ў яе курс навучання прадказанням. Пра сябе лідар новай палітычнай структуры піша ў Інтэрнэце так: «Яшчэ маленькай дзяўчынкай я ведала, што магу задаць любое пытанне, і адказ прыйдзе ў сне». Далей яшчэ весялей. Ізабэла Трэндавіч заяўляе, што будзе выкарыстоўваць свае навыкі ў палітыцы: «Мы з маёй лепшай вучаніцай хочам стварыць серыю сустрэч, падчас якіх прадракальнікі будуць распавядаць, якія рашэнні праблем нашай краіны яны бачаць. Да гэтага часу палітыкай займаліся палітыкі, час засяродзіцца на людзях, якія хочуць і могуць нешта змяніць. Давайце раскрыем патэнцыял палякаў, і гэты свет стане іншым».

Дарэчы сама пані Трэндавіч да ўлады не імкнецца і гатова абмежавацца статусам дарадцы. Больш падрабязна пра новую партыю і яе стратэгію можна будзе даведацца на сайце партыі. Вэб-сайт «Шчаслівай Польшчы, як абяцае Ізабэла, будзе запушчаны ў верасні. Гэта другая дзіўная партыя, якая з'явілася ў Польшчы ў апошнія гады. Раней артысты аднаго з кабарэ стварылі і зарэгістравалі ўласную партыю.