«Дзеці-эмігранты траўмаваныя двойчы»

Вымушаная эміграцыя — вялікі стрэс не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Апошнія часта пераносяць яе яшчэ цяжэй, чым бацькі. Каб дапамагчы дзецям акрыяць ад душэўных ранаў і інтэгравацца ў польскае кам’юніці, каманды беларускіх валанцёраў, фондаў і дыяспар зладзілі ў Польшчы інтэграцыйна-спартыўны летнік «Бліскавіца». «І ідэя цалкам сябе апраўдала», — гавораць арганізатары праекту.

Інтэграцыйна-спартыўны летнік «Бліскавіца»

Інтэграцыйна-спартыўны летнік «Бліскавіца»

«Мы запрасілі ў летнік трыццаць дзяцей: дзесяць беларускіх, дзесяць украінскіх і дзесяць польскіх. Гэта дзеці беларускіх палітвязняў, украінскіх ваяроў, што загінулі на фронце альбо працягваюць ваяваць, і польскія падлеткі, — кажа праваабаронца, кіраўніца фонду «Краіна для жыцця», саарганізатарка праекту «Хуткая гуманітарная дапамога» Вольга Зазулінская. — Мы вырашылі запрасіць і палякаў, каб яны дапамаглі нашым дзецям разняволіцца, тлумачачы, што такое польская культура, польская супольнасць — не на дарослым, а на сваім, дзіцячым узроўні».

Глядзіце таксама

Падчас летніка з дзецьмі працавалі псіхолагі і педагогі, да іх завіталі вядомыя беларускія музыкі, а футбалісты польскага клубу «Ломжа» правялі для дзяцей захапляльную экскурсію, падчас якой распавялі пра гісторыю клуба і згулялі з імі ў футбол.

Інтэграцыйна-спартыўны летнік «Бліскавіца»

Інтэграцыйна-спартыўны летнік «Бліскавіца»

«Дзеці палітвязняў шмат чаго перажылі, яны траўмаваныя і падзеямі ў Беларусі, і выклікамі незапланаванай эміграцыі, — працягвае Вольга. — Многія з іх сталі сведкамі арышту бацькоў, жорсткага з імі абыходжання, ператрусаў. Дзецям цяжка гэта перажыць, бо яны не ўмеюць абараняцца. У новай краіне, на новым месцы ўзнікаюць новыя праблемы: часта гэта непрыняццё нашых дзяцей у польскае кам’юніці. Таму перыяд адаптацыі для іх вельмі доўгі. Дзеці беларускіх палітвязняў траўмаваныя двойчы».

Інтэграцыйна-спартыўны летнік «Бліскавіца»

Інтэграцыйна-спартыўны летнік «Бліскавіца»

У планах арганізатараў — зладзіць такое ж мерапрыемства зімой. «З майго пункту гледжання як педагога і псіхолага, такія інтэграцыйныя мерапрыемствы спрыяюць псіхалагічнай падтрымцы дзяцей і даюць ім магчымасць асэнсавць сябе, навучыцца камунікаваць са сваімі равеснікамі, у тым ліку польскімі. Плюс траўмаваныя дзеці могуць атрымліваць прафесійную псіхалагічную дапамогу з нашага боку. І, калі яны кругласутачна знаходзяцца пад наглядам спецыялістаў і ў кантакце ў іншымі дзецьмі, у лёгкай, нязмушанай абстаноўцы, — гэта насамрэч вельмі дапамагае акрыяць і паверыць у сябе», — дзеліцца меркаваннем адна з каардынатарак праекту, псіхолаг і педагог, кіраўніца фонду «Zachód Wschód Wsparcie» Вольга Сцяпанава

Арганізатары летніка выказваюць падзяку за дапамогу ў яго падрыхтоўцы беларускім валанцёрам і беларускай дыяспары Канады.