Калі Марыю Калеснікаву кудысьці вядуць, перакрываюць усю калонію — крыніца

Крыніца «Новага Часу» расказала надзвычай трывожныя навіны з гомельскай калоніі ПК-4,  дзе ўтрымліваюць Марыю Калеснікаву, Насту Лойка і іншых палітзняволеных. 

Ілюстрацыйны здымак Sputnik

Ілюстрацыйны здымак Sputnik

З Марыі Калеснікавай «усяляк здзекуюцца»

Крыніца «Новага Часу» расказвае, што з кастрычніка 2023 года Марыі Калеснікавай не перадаюць лісты, пры гэтым «рвуць іх» на вачах у палітзняволенай і «ўсяляк здзекуюцца» з яе. 

Таксама вядома, што Марыя прасіла пра медыцынскую дапамогу, аднак лекараў да яе «вельмі доўга» не дапускалі. Аднойчы, паводле слоў крыніцы, жанчыну ўсё ж вадзілі ў медчастку, «аднак незразумела, што ў выніку». 

«Калі Марыю Калеснікаву кудысьці вядуць, перакрываюць усю турму, — кажа суразмоўца «НЧ». — Такое адчуванне, нібыта ваеннае становішча». 

«Насце Лойка маніпулююць звесткамі пра тое, ці памёр яе сабака»

Суразмоўца кажа, што супрацоўнікі калоніі маніпулююць любымі чуткамі, плёткамі і асабістымі звесткамі пра зняволеных. 

«Зняволенай, мужа якой затрымалі адразу пасля спаткання з ёй, паўтараюць, што гэта яна яго пасадзіла», — расказвае крыніца. 

«Яны не збіваюць, але вось гэтыя здзекі — паўсюль. У прыватнасці, да апошняга не кажуць зняволеным, ці будзе ў іх спатканне са сваякамі. Альбо проста пазбаўляюць спаткання». 

Гнілая бульба

Суразмоўца кажа, што жанчын у гомельскай калоніі вымушалі разбіраць мяхі з гнілой бульбай. «Яна цалкам гнілая, уся заражаная. І вось такой бульбай зняволеныя харчаваліся недзе месяц».

Крыніца расказвае, што адна з супрацоўніц калоніі раздавала суп і гаварыла зняволеным: «Я забараняю вам гэта есці». 

Лекар кажа: «Не можаш ісці? Паўзі»

«Медыкі ў калоніі — гэта проста пякельныя стварэнні», — кажа суразмоўца.

«У адной са зняволеных моцныя праблемы з ціскам. На пастраенні яна часам губляла прытомнасць. Ёй хацелі даць нейкую таблетку, але жанчына нават не магла дайсці да стала з лекамі — уставала і падала, уставала і падала. Тады лекар сказаў абыякава: "Не можаш ісці? Паўзі"». 

Іншая зняволеная, кажа крыніца «НЧ», заразілася ў калоніі каростай. «Было відавочна, што гэта кароста, але лекары ўпарта гаварылі, што гэта проста нейкая алергія, бо нібыта жанчына за дзень з'ела 8 марозіваў. Вось такі ўзровень абсурду».