Хронікі рэпрэсій, 28 жніўня. Супрацоўніка райвыканкаму пачалі судзіць па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі»
Стала вядома па якім артыкуле будуць судзіць гісторыка Ігара Мельнікава. Затрымалі адміністратарку дваровага чата. Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ "Вясна".
Жыхара Брэста затрымалі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што 10 жніўня знаходзіўся на праезнай частцы праспекта Машэрава ў Брэсце разам з іншымі пратэстоўцамі, сярод якіх было двое ягоных знаёмых. Яны, паводле яго слоў, «ужо знаходзяцца пад следствам».
Супрацоўніка райвыканкаму сёння пачалі судзіць па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі»
У Віцебскім абласным судзе 28 жніўня распачнецца суд над 34-гадовым інспектарам сектара спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкаму Аляксеем Кісялёвым.
Па справе ініцыятывы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-5 КК (праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці).
Праваабаронцы адзначаюць, што гэта толькі другі суд у Беларусі паводле арт. 361-5 КК — гэты артыкул быў уведзены ў Крымінальны кодэкс толькі ў 2021 годзе. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Юрый Урбан.
Аляксея затрымалі 13 сакавіка — з ім знялі «пакаяльнае відэа». На камеру мужчыну казаў, што з'яўляецца «вучнем Кадравага рэзерву для новай Беларусі», і ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа. Аляксей працаваў інспектарам сектара спорту і турызму райвыканкама.
У Бярозе распачаўся масавы суд за ўдзел у акцыях пратэсту
У судзе Бярозаўскага раёна 28 жніўня паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) пачынаюць судзіць адразу чатырох мясцовых жыхароў: Сяргея Скробата, Аляксандра Малькова, Ігара Шыманчыка, Сяргея Гоўшу.
У сакавіку 2024 года сілавікі правялі рэйды за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Тады паведамлялася пра затрыманне каля дзесяці чалавек. Так, у межах такога «хапуна» быў затрыманы і Сяргей Скробат — з ім было апублікавана «пакаяльнае відэа». Таксама вядома, што Ігар Шыманчык утрымліваецца пад вартай у СІЗА-7.
Справу супраць мужчын разглядае Дзмітрый Кавалевіч.
У Мінску судзяць Яніну Андраюк паводле трох крымінальных артыкулаў
У Мінскім гарадскім судзе 28 жніўня распачаўся суд над 44-гадовай Янінай Андраюк. Справу разглядае суддзя Тамара Унукевіч.
Яніну абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У чым канкрэтна абвінавачваюць жанчыну, невядома.
23 студзеня КДБ уключыў Яніну ў спіс удзельнікаў чата «Трыэліт/БЧБ-Трыэліт», які прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Стала вядома па якім артыкуле будуць судзіць гісторыка Ігара Мельнікава
Як раней пісала «Наша Ніва», у гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.
Перад затрыманнем ён казаў, што рыхтуе кнігу пад назвай «Прыступіць да ліквідацыі». Па словах гісторыка, яна мусіла распавядаць пра «гісторыю барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў…».
Апошняя актыўнасць Мельнікава ў інстаграме датуецца 21 студзеня, акурат напярэдадні рэйду на салідарных з палітвязнямі, які адбыўся з 23 па 24 студзеня — праўда, невядома, ці патрапіў ён у рэйд або так супала. Сутнасць абвінавачання невядомая.
Суд над Ігарам пачнецца 10 верасня ў Мінгарсудзе. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Судзіць Мельнікава будзе суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Супрацоўніцу сенненскай ЦРБ учора асудзілі за "распаўсюд экстрэмізму"
Вольга Васілёнак — кардыёлаг з Сянно. Яе імя да нядаўняга часу было пазначана ў раскладзе Сенненскай райбальніцы ў якасці загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення. Але зараз ім кіруе іншая жанчына ў статусе "выконваючай абавязкі". Верагодна, жанчыну ўжо звольнілі з працы, піша "Віцебская Вясна".
Справу Вольгі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) 27 жніўня рзглядаў суд Віцебскага раёна. Вынік пакуль не вядомы.
Затрымалі адміністратарку дваровага чата
На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што хадзіла на акцыі пратэсту ў 2020 годзе і адміністравала дваровы чат. Паводле яе, яшчэ ў 2022 годзе сілавікі затрымалі ўсіх адміністратараў гэтага чату, акрамя яе.
Што гэта за чат — невядома. На фотаздымках сілавікоў з кватэры затрыманай бачны сцяг з надпісам «Серебрянка».
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх расшуквае міліцыя». Пры гэтым праваабаронца падчас следства і падрыхтоўкі да судовага працэсу камунікаваў з пракуратурай і гомельскім судом, не хаваючы свайго цяперашняга месцажыхарства.
Нагадаем, 17 чэрвеня завяршыўся завочны суд над Леанідам. Праваабаронцу абвінавацілі па ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Яму прызначылі пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам 650 базавых велічынь.
Каментуючы з'яўленне ў Гомелі арыенціровак на сябе Судаленка адзначае:
«Наш адказ павінен быць наступны, нас не трэба шукаць, вярніце ў краіну канстытуцыйную законнасць і разам з ёй вернемся і мы. Барацьба за свабоду, правы чалавека і дэмакратыю не заканчваецца ніколі!».