«Сканцэнтраваны ўжо не на спорце, а на прапагандзе». Аляксей Талай завяршыў спартыўную кар'еру?
Цяпер у Парыжы праходзяць Паралімпійскія гульні, на якіх беларусы выступаюць у нейтральным статусе. Сярод беларускіх паралімпійцаў чамусьці няма чаканай «зоркі» — Аляксея Талая. Спорт яго больш не цікавіць?
28 жніўня ў Парыжы стартавалі Паралімпійскія гульні-2024. Беларусь прадстаўленая васьмю спартсменамі: плыўцамі Ігарам Бокім (ужо паспеў узяць тры «золаты» і ўвогуле зарабіў амаль мільён долараў на паралімпійскіх прызавых), Дзмітрыем Салеем, Максімам Вашкевічам, Яўгенам Кавалёнкам, Ягорам Шчалканавым, Настай Зудзілавай, лёгкаатлетамі Лізаветай Дабравольскай і Уладзіславам Грыбам. Усе адправіліся ў Францыю ў нейтральным статусе, то-бок абыходзяцца без гімна, сцяга і любога намёку на дзяржаўную прыналежнасць.
Сярод спартсменаў не аказалася плыўца і аднаго з самых вядомых фанатаў Лукашэнкі Аляксея Талая. На мінулых гульнях, у 2021 годзе, ён заняў сёмае месца на дыстанцыі 50 м брасам у групе SB-1, але ў Парыж не паляцеў. «А ці былі ў яго шанцы туды трапіць?» — задаецца пытаннем «Трыбуна».
На сёння Талай па-ранейшаму знаходзіцца ў спісах нацыянальнай зборнай. Аднак, як паведамляюць крыніцы «Трыбуны» з паралімпійскага спорту, пасля Алімпіяды ў Токіа Талай зразумеў, што «для дасягнення рэальнага значнага і важкага выніку трэба шчыраваць, а шчыраваць больш ён не хацеў». Тым не менш, спартсмен-прапагандыст у першую пару працягваў трэнавацца, часта яго заўважалі ў басейне. Больш за тое, у кастрычніку 2022 года на летніх гульнях паралімпійцаў «Сочы-2022» ён узяў золата на 200 метрах вольным стылем у катэгорыі S1, срэбра ў 150 метрах комплексным плаваннем SM3 і бронзу на стометроўцы вольным стылем S3.
Аднак тое спаборніцтва не было адборачным на Паралімпіяду. У адрозненне ад чэмпіянату свету па паралімпійскім плаванні, дзе для ўдзелу ў гульнях патрабуецца заняць першае або другое месца ў фінальным заплыве на той ці іншай дыстанцыі. Турнір праходзіў у ліпені-жніўні 2023 года. Талая там не было.
Да таго моманту, як кажуць крыніцы спартыўнага выдання, Талай «забіў на спорт, праўда, пры гэтым пра заканчэнне кар'еры не заяўляў». Паводле слоў суразмоўцаў «Трыбуны», у прыватных гутарках прыхільнік Лукашэнкі гаварыў калегам, што пакуль на «пенсію» не хоча, аднак «самі калегі яго ўжо як спартсмена не ўспрымалі». Ды і наогул, як кажуць крыніцы, большасць цураецца гэтага чалавека.
Больш за тое, крыніцы сцвярджаюць, што, хоць Талай па-ранейшаму і знаходзіцца ў спісах зборнай, нават у паралімпійскім камітэце Беларусі на яго асабліва не разлічваюць. Чыноўнікі ўбачылі, што дзеяч сканцэнтраваны ўжо не на спорце, а на прапагандзе і ўдзеле ў мерапрыемствах па падтрымцы Лукашэнкі і вайны ва Украіне. І яшчэ да ЧС-2023 Паралімпійскі камітэт і Талай прыйшлі да сумеснага рашэння, што спартыўныя планы ў прынцыпе, а тым больш на Паралімпіяду, можна не будаваць. Маўляў, і форма растрачаная, і жадання канцэнтравацца на плаванні пакуль няма. У выніку можна сказаць, што няхай і негалосна, але па факце Талай завяршыў кар'еру.
Сёлета паралімпіец, які раней любіў пахваліцца здымкамі з басейна, такім фотаздымкам падзяліўся толькі аднойчы.
Ну а ў лютым 2024 года ён трапіў у 13-ты санкцыйны спіс Еўрапейскага саюза за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторыяй. Санкцыі ў тым ліку забаранялі перамяшчэнне па Еўрасаюзе. Такім чынам дарога ў Парыж, нават пры наяўнасці ліцэнзіі, была б закрытая.
А нават калі не браць пад увагу спартыўны складнік, то і так шанцаў трапіць на Паралімпіяду ў Талая не было. Як вядома, выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта рэкамендаваў не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў, якія маюць дачыненне да лукашэнкаўскіх сілавікоў, а таксама тых, хто адкрыта падтрымлівае вайну ва Украіне. Тыя ж рэкамендацыі распаўсюджваліся і на Паралімпіяду. Па падтрымцы вайны ў Талая поўнае бінга.
На сёння дзейнасць 41-гадовага прыхільніка Лукашэнкі сканцэнтраваная на падтрымцы расійскай агрэсіі і наведванні розных прапагандысцкіх мерапрыемстваў. Пакуль паралімпійцы рыхтаваліся да ад'езду ў Парыж, стала вядома, чым заняты спартсмен-лукашыст. У гэтым месяцы ён здымаўся ў ролі пакалечанага чырвонаармейца ў фільме «У спісах не значыўся». Сярод галоўных зорак карціны — расійскі актор Уладзімір Машкоў, таксама адэпт Пуціна і вайны ва Украіне. Нібыта менавіта Машкоў і запрасіў Талая паўдзельнічаць у здымках.