Сусветныя цікавосткі: прычоска толькі для дачкі дыктатара, падатак на царкву

Рэжым Артэгі ў Нікарагуа пагражае даходам царквы. У КНДР простым людзям забаранілі прычоску, якую носіць дачка дыктатара. Расійскі Валгаград магчыма стане Сталінградам. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».

Падатак на царкву

Даніэль Артэга. Фота AP Photo / Alfredo Zuniga

Даніэль Артэга. Фота AP Photo / Alfredo Zuniga

Нікарагуанская ўлада ў асобе прэзідэнта Даніэла Артэгі даўно пікіруецца з мясцовым каталіцкім клірам. Справа даходзіла нават да турэмнага зняволення і выгнання рэлігійных дзеячаў. Цяпер рэжым Даніэля Артэгі нацэліўся на эканамічныя рэсурсы прыходаў праз радыкальную падатковую рэформу. Згодна з прэзідэнцкім указам ад 23 жніўня, ахвяраванні, якія вернікі робяць сваім парафіям, а таксама прынашэнні і міласціна, больш не будуць карыстацца падатковай абаронай. Гэтыя ахвяраванні будуць абкладацца падаткам, як камерцыйны даход. Памер падатку можа складаць ад 10 да 30%. Гэты крок пагражае фінансава задушыць царкоўныя ўстановы, якія часта існуюць выключна на ахвяраванні для падтрымкі сваёй адукацыйнай, дабрачыннай і пастырскай працы. Як піша прэса, нікарагуанская царква апынулася на ростанях: супрацьстаяць ціску ўрада, адаптавацца да новага і складанага прававога асяроддзя ці знайсці крэатыўныя спосабы працягнуць сваю місію ў краіне. 

Варта дадаць, што не толькі каталіцкая царква стала ахвярай новай палітычнай зачысткі. Напярэдадні ўвядзення новага падатку на касцёл Артэга таксама падпісаў закон аб забароне 1500 (!) грамадзянскіх няўрадавых арганізацый.

Прычоска толькі для дачкі дыктатара

760645.webp

У пачатку жніўня ўлады Паўночнай Карэі аб'явілі жыхарам краіны, што т.зв. жаночая «кактэйльная стрыжка» больш недапушчальная для нашэння звычайнымі грамадзянкамі. Дадзеная прычоска складаецца з таго, што валасы завязваюцца на верхавіне і вялікая пасма спадае на лоб да вока. Пачатак такому фасону паклала былая паўночнакарэйская поп-зорка Хён Сон Воль. Таксама яго носяць жонка паўночнакарэйскага лідара Лі Соль Джу і яго любімая дачка Кім Чжу Е. Таму прычоска была папулярнай сярод маладых дзяўчат і жанчын, асабліва ў сталіцы Пхеньяне. Але гэта і стала прычынай забароны «кактэйльнай стрыжкі» ў КНДР. Кім Чэн Ыну не спадабалася, што жанчыны і дзяўчыны пераймаюць вобраз чальцоў яго сям'і. 

Цяпер уладальніцы гэтай прычоскі могуць, па-першае, быць прымусова падстрыжаныя, пасля атрымаць ад трох да шасці месяцаў працоўнага лагера або курсаў ідэалагічнага перавыхавання, якія таксама праходзяць у турме. 

Дарэчы Кім Чэн Ын, не першы раз манапалізуе нейкія фасоны. Так, напрыклад, толькі ён адзін мае права насіць скураны плашч.

Рыхтуйцеся да выбараў у парламент ААН

Беларускі палітыкум жыве тэмай прэзідэнцкіх выбараў 2025-га, у той час як некаторыя думаюць куды больш маштабна. Першага жніўня быў апублікаваны даклад Рымскага клуба (славуты міжнародны аналітычны цэнтр) «Круглы стол аб будучыні чалавецтва». Даклад па сутнасці прапануе абнуліць папярэднюю глабальную дамову супердзяржаў, што была заключана пасля Другой сусветнай вайны і вынікам якой стала сучасная сістэма міжнароднага права. У дакуменце Рымскага клуба прапануецца прыняць тэрміновыя меры для стварэння органаў кіравання на сусветным узроўні і гаворыцца аб неабходнасці краін адмовіцца ад часткі свайго суверэнітэту. Для гэтага мяркуецца стварэнне Парламенцкай асамблеі ААН і «Савета Зямлі», якія будуць прымаць абавязковае для ўсіх краін заканадаўства. Акрамя таго, глабальныя эліты гатовыя рэфармаваць Брэтан-Вудскія (сусветныя валютныя) інстытуты і ўвесці адзіную валюту Зямлі. Пры гэтым правесці ўсе пералічаныя вышэй глабальныя рэформы прапануецца да сярэдзіны ХХІ стагоддзя, інакш, маўляў, чалавечай цывілізацыі пагражае катастрофа. 

Цяжка сказаць, ці ўрады вядучых краін прыслухаюцца да гэтых тэзісаў, але такога варыянту выключаць не варта. І не толькі таму, што дакумент можна лічыць новай праграмнай дэкларацыяй часткі сусветнай эліты. Пасля заканчэння вайны ва Украіне (яна так ці інакш скончыцца) будзе стаяць пытанне аб новай формуле глабальнага парадку, і даклад Рымскага клубу абавязкова згадаюць.  

Валгаграда не будзе?

kmo_192303_00004_1_t222_124040.jpg

Расійскія СМІ адзначаюць цікавыя трэнды ў мясцовай нарматыўна-прававой базе. У прыватнасці, пытанне аб перайменаванні гарадоў і населеных пунктаў у Валгаградскім рэгіёне зараз будзе вырашацца не на мясцовым, а на абласным рэферэндуме. Адразу пайшлі чуткі, што ствараецца прававы падмурак для вяртання Сталінграда на карту. Справа ў тым, што самі жыхары горада не гараць жаданнем стаць «сталінградцамі». Паводле апошніх апытанняў, 67% гараджан выступаюць за захаванне назвы Валгаград (за Сталінград толькі 20%). Аднак, здаецца, пачаліся новыя часы. Без уплыву федэральнага цэнтра наўрад ці валгаградскія дэпутаты ўнеслі папраўкі ў рэгіянальны закон аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні вобласці. Цяпер змяняць назву Валгаграда могуць нават людзі без гарадской прапіскі. Як паказвае сацыялогія, у выпадку правядзення рэферэндуму адносна перайменавання Валгаграда ў Сталінград ва ўсёй вобласці, «сталінградская» партыя атрымае большасць. Хутчэй за ўсё Валгаград знікне з карты напярэдадні 9 мая 2025 года ў рамках святкавання юбілею перамогі над нацызмам. Застаецца згадаць адзін кур'ёз: 10% жыхароў Валгаграда або не вызначыліся, або падтрымліваюць вяртанне гораду назвы Царыцын — першапачатковага наймення Валгаграда.