Дзень Волі ў год Аляксандра Надсана
Дзень Волі для многіх беларусаў зноў праходзіць на чужыне. Але гэта не новая рэальнасьць — яшчэ паваенная эміграцыя навучылася жыць і думаць пра Беларусь у выгнаньні. Сёлета, у стагодзьдзе айца Аляксандра Надсана, ягоныя словы пра волю і адказнасьць гучаць асабліва актуальна.

Чарговы год, чарговае дзесяцігодзьдзе многія беларусы ды беларускі сьвяткуюць Дзень Волі не дома, бо Бацькаўшчына ў няволі. Многім падаецца, што так сталася нядаўна, аднак праўда іншая: яшчэ ранейшая, паваенная беларуская эміграцыя гэта зразумела здаўна і навучылася жыць і чакаць на выгнаньні.
Адным з тых, хто ня проста навучыўся жыць, апынуўшыся мімаволі ўдалечыні ад дому, а скарыстаўся з вольніцы чужыны і выбудаваў цэлы беларускі сусьвет, своеасаблівы ляпідарны «беларусаград», быў айцец Аляксандар Надсан. Сёлета мы адзначаем стагодзьдзе лёнданскага беларуса. 2026 год можна сьмела лічыць годам айца Аляксандра — сьвятара і, бадай, найвыбітнейшага беларусіста Захаду другой паловы ХХ стагодзьдзя.
Ён вельмі шанаваў 25 сакавіка — Дзень Волі, які адзначаў на чужыне. Адно зь ягоных наймацнейшых казаньняў так і называецца — «Казаньне на 25-га Сакавіка», апублікаванае ў «Божым Шляху» ў 1964 годзе. Напісанае і прамоўленае шэсьцьдзесят два гады таму, яно дасюль не згубіла актуальнасьці і праніклівасьці.

Гэтае ўнівэрсальнае казаньне, дбайна створанае ў эўрапейскім палемічным духу, ёсьць больш чым проста казаньне, скіраванае да вернікаў — гэта моцная філязофская рэфлексія, вартая ўвагі ўсіх: і вернікаў, і бязьвернікаў. Гэта ня проста чарговае віншаваньне з Днём Волі і малітва за Беларусь. Насамрэч гэты тэкст і сёньня не губляе актуальнасьці, бо нясе моцнае пасланьне ўсім беларусам, якія апынуліся ў выгнаньні і ня могуць вярнуцца дамоў. Гэтае казаньне — інструкцыя, што і чаму трэба рабіць на эміграцыі. Гэта тэкст, які надае сэнс выгнаньню. Да таго ж казаньне выразна раскрывае канцэпцыю сацыяльнай справядлівасьці, якой прытрымліваўся айцец.

Панятак «волі» як у часы айца Аляксандра, так і сёньня мае ў беларускім кантэксьце асаблівае гучаньне. Гэта ня проста сьвята дзяржаўнасьці, жаданьня волі і незалежнасьці для краіны, якая апынулася ў няволі і акупацыі, але і сьвята індывідуальнай волі кожнага і кожнай — асабліва ў Беларусі, дзе тысячы людзей зьняволеныя і запалоханыя. Але і на выгнаньні, у вольным сьвеце, многім беларусам ня так лёгка здабыць сапраўдную нутраную і вонкавую волю, калі нават дэмакратычныя рэжымы часам абмяжоўваюць іх — перадусім адміністрацыйна — з-за страху перад рэжымам Лукашэнкі.
Айцец Аляксандар пісаў пра гэта ў сваім казаньні:
«Будучы адарванымі ад Бацькаўшчыны […], мы можам лёгка зьняверыцца і пакінуць усё беларускае. Не рабем гэтага. Бо Беларусь таксама патрабуе нас. Не забываймася, чаму мы цяпер на чужыне і што мы апынуліся тут не дабравольна. Памятайма аб нашых братох на Бацькаўшчыне і будзем рабіць тое на карысьць Беларусі, чаго яны там ня ў стане цяпер рабіць».
Зрэшты, улічваючы тое, што Дзень Волі беларусам у Беларусі не адзначыць, бо сьвята там ня проста забароненае, але і затаўраванае, мы тым больш у выгнаньні — дзякуючы прывілею дэмакратыі — мусім сьвяткаваць гэты дзень і, як заклікаў айцец Аляксандар:
«Мы павінны быць амбасадарамі Беларусі ў вольным сьвеце, не даючы заснуць сумленьню іншых народаў і пагадзіцца з фактам, што нашая Бацькаўшчына да гэтага часу церпіць у няволі».