«Жыве Беларусь!» у Таронта: як у Канадзе адзначылі Дзень Волі

 Беларусы ў Таронта адзначылі Дзень Волі — з мітынгам, шэсьцем і ўрачыстай акадэміяй. Гучалі словы пра незалежнасьць, салідарнасьць з Украінай і ролю дыяспары, а само сьвята зноў стала праявай еднасьці — нават далёка ад Беларусі.

dzen_voli_2026_u_taronta_novy_czas1.jpeg

Сьвяточная праграма пачалася мітынгам беларусаў ва Ўкраінскім квартале гораду — на скрыжаваньні вуліц Блур і Джэйн. Сьвятар Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (БАПЦ) ярэй Вячаслаў прачытаў малітву за Беларусь.

На мітынгу з прамовамі выступілі прадстаўнікі Рады БНР і Згуртаваньня беларусаў Канады.

Сьцяганосцы калёны беларусаў ля Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага, БАПЦ

Прамаўляе Старшыня Канадыйскага сэктару Рады БНР Алесь Кот

У іх было падкрэсьлена непарыўнасьць беларускае дзяржаўнае ідэі ад БНР да сучаснасьці і права беларусаў на ўласную незалежную дзяржаву.

Была выразна агучаная пазыцыя адносна расейскай імпэрскай агрэсіі супраць Украіны і гібрыднай акупацыі Беларусі, а таксама выказаная салідарнасьць з украінскім народам у змаганьні за свабоду. Асобны акцэнт быў зроблены на адказнасьці дыяспары — заставацца голасам Беларусі, падтрымліваць змаганьне і захоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць праз мову, гістарычную памяць і дзеяньне. Таксама была падкрэсьлена важнасьць еднасьці і веры беларусаў у працяглай барацьбе за волю Бацькаўшчыны. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне за свабоду ўкраінскага і беларускага народаў, за незалежнасьць абедзьвюх братэрскіх дзяржаваў.

Затым удзельнікі мітынгу рушылі ў накірунку Беларускага цэнтру. Людзі несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама сьцягі Канады і Ўкраіны.

dzen_voli_2026_u_taronta_novy_czas4.jpeg

Шэсьце праходзіла пад дэвізам «За нашу і вашу свабоду!» і суправаджалася гучнымі лёзунгамі: «Жыве Беларусь! Жыве вечна!», «Слава Ўкраіне! Героям слава!». Гэтыя ж словы салідарнасьці гучалі і па-ангельску. Шмат хто зь мінакоў салютаваў беларусам узьнятаю праваю рукою з выразна складзенымі пальцамі, што ўтваралі літару V — Victoria, Перамога.

Варта адзначыць, што ў мітынгу і шэсьці прыняла ўдзел група выхадцаў з Ганконгу — людзей, якія таксама на чужыне змагаюцца за захаваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў у сваёй краіне. З мяккім кітайскім акцэнтам яны скандавалі па-беларуску «Жыве Беларусь!». Хтосьці зь іх выконваў на дудзе ўкраінскія народныя мэлёдыі, што надавала шэсьцю асаблівую кранальнасьць.

Прыбыўшы да будынку Беларускага цэнтру, удзельнікі шэсьця ўсклалі бел-чырвона-белыя кветкі да памятнай дошкі ў гонар Кастуся Акулы, урачыста адкрытай 16 лістапада 2025 году з нагоды ягонага стагодзьдзя. 

Сьцяганосцы калёны беларусаў ля Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага, БАПЦ

Сьцяганосцы калёны беларусаў ля Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага, БАПЦ

Былі сказаныя словы ўдзячнасьці пра нашага знакамітага суродзіча, які стаяў у вытокаў зарганізаванага беларускага жыцьця ў Канадзе.

Кветкі да мемарыяльнае дошкі ў гонар Кастуся Акулы

Кветкі да мемарыяльнае дошкі ў гонар Кастуся Акулы

А 15:00 у Беларускім цэнтры пачалася ўрачыстая акадэмія, на якую агулам сабралася блізу 75 чалавек. На ўрачыстасьць таксама былі запрошаныя прэзыдэнт Асацыяцыі ўкраінскіх вэтэранаў вайны Канады Андрій Сочаніўській, прэзыдэнт Канадыйскае асацыяцыі NATO Роберт Бэйнз, старшыня Эстонскае цэнтральнае рады ў Канадзе Рііт Мартэн Сэйр, прадстаўнік ганконгскае грамады ў Канадзе Льюіс Вонг.

Вядоўцы Ўрачыстае акадэміі: Ірына і Сафія — маці і дачка

Вядоўцы Ўрачыстае акадэміі: Ірына і Сафія — маці і дачка

Напачатку былі выкананыя дзяржаўныя гімны Канады і Беларускае Народнае Рэспублікі — «О, Канада — наш дом і родная зямля» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Прысутныя як адзін, стоячы, падхоплівалі да болю родныя і блізкія словы. У паветры вітаў дух еднасьці.

Першагерарх БАПЦ архцыбіскуп Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў Логін прачытаў малітву за Беларусь, перадусім распавёўшы пра шматгадовую традыцыю гэтае дзеі і вялікае значэньне яе захаваньня для будучых пакаленьняў беларусаў на чужыне і Бацькаўшчыне.

З прывітальным словам да прысутных зьвярнулася старшыня Галоўнае ўправы Згуртаваньня беларусаў Канады Аляксандра Логвін. Яна адзначыла важнасьць адзначэньня беларускіх сьвятаў, захаваньня нацыянальных духоўных традыцыяў і ўмацаваньня нашае ідэнтычнасьці.

Прамаўляе Старшыня Рады Парахвіі Царквы Сьв.Кірылы Тураўскага ў Таронта, БАПЦ

Прамаўляе Старшыня Рады Парахвіі Царквы Сьв.Кірылы Тураўскага ў Таронта, БАПЦ


Падчас імпрэзы прагучалі віншавальныя відэазвароты Івонкі Сурвіллы, Зянона Пазьняка, Сьвятланы Ціханоўскае, Паўла Севярынца. У жывым эфіры да прысутных зьвярнуліся Івонка Сурвілла і Алесь Бяляцкі. Прамовы, што гучалі з трыбуны ўрачыстае акадэміі па-беларуску, перакладаліся на ангельскую мову, а відэазвароты, якія трансляваліся на экран, суправаджаліся ангельскімі тытрамі, што дазваляла гасьцям — прадстаўнікам нацыянальных супольнасьцяў Канады — разумець выступоўцаў.

На працягу ўсяе акадэміі ў залі панавала натхняльная атмасфэра еднасьці: кожны выступ сустракаўся магутнымі воклічамі «Жыве Беларусь! Жыве вечна!», «Слава Ўкраіне! Героям слава!». Гэтыя словы гучалі як адзін голас — і дарослых, і моладзі, і дзяцей.

У Беларускім цэнтры была разгорнутая кніжная выстава выданьняў выдавецтваў «Беларускія ведамасьці» (Варшава — Нью-Ёрк) і «Грунвальд» (Міндэн, Канада). Па сканчэньні ідэёвае часткі акадэміі прэзыдэнтка «Грунвальда» Воля Яноўская асабіста прэзэнтавала выдадзеныя ёю кнігі. Таксама былі прадстаўленыя ўнікальныя гістарычныя выданьні — зборы газэты «Беларускі эмігрант», часапісу «Зважай», што выдаваліся Кастусём Акулам у 1947–1994 гг., а таксама нумары газэты «Бацькаўшчына» 1948 і 1961 гг., прысьвечаныя 25 сакавіка. Гэтыя матэрыялы яскрава сьведчаць, што традыцыя адзначэньня Дня Волі мае глыбокія карані і працягваецца дагэтуль.

Пасьля афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт. Кранальна гучалі выступы гуртоў «Яваровы Людзі» і «Яваровы Дзеці», а таксама сольныя выступы.

Напрыканцы ўдзельнікаў чакаў фуршэт, сяброўская гамонка і цёплыя сустрэчы, якія працягваліся да позьняга вечара. Апошнія госьці разыходзіліся блізу дзявятае гадзіны.

dzen_voli_2026_u_taronta_novy_czas13.jpeg

Сьвяткаваньне пакінула надзвычай прыемныя ўражаньні і яшчэ раз пацьвердзіла: Дзень Волі застаецца беларускім нацыянальным сьвятам, якое аб’ядноўвае беларусаў па ўсім сьвеце.

Са сьвятам, спадарства!

Жыве Беларусь!