Генадзь Зюганаў: У Расіі можа адбыцца рэвалюцыя, падобная да падзей 1917 года

Лідар расійскіх камуністаў Генадзь Зюганаў заявіў пра непазбежныя праблемы ў эканоміцы Расіі і папярэдзіў пра магчымую рэвалюцыю, падобную да падзей 1917 года. Тая рэвалюцыя таксама адбылася на фоне вайны ў Еўропе. Тым не менш, кіраўніцтва РФ не пакідае сваіх планаў захапіць усю Украіну. Ідуць 1519-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Крыніца: culture.ru

Крыніца: culture.ru

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 231 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 51 штурм расіян ў бок Біліцкага, Ніканораўкі, Радзінскага, Шаўчэнка, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі, Мураўкі, Маладзецкага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак у раёнах Плешчыеўкі, Яблонаўкі, Іванаполля і ў бок Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Сафіеўкі, Кучарава Яру і Сцяпанаўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне атакавалі 15 разоў у раёнах Аляксандраграду, Січневага, Злагоды, Андрэеўкі-Кляўцова і ў бок Калінаўскага.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 14 атак у раёнах Залізнічнага, Святапятроўкі, Горкага, Гуляйпільскага, Стараўкраінкі і Зялёнага.

На Ліманскім кірунку армія РФ 10 разоў спрабавала прасунуцца ў бок Ставак, Дробышава, Ліману, Дзіброва, Новасергіеўкі і Зарэчнага.

* * *

Расійскія войскі не пакідаюць спроб прасоўвання, і маюць намер захапіць не толькі Данбас, але і ўсю Украіну, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі на сустрэчы з членамі Ваеннага экспертнага савета ARES (Allied Reform and Expert Support).

Ён правёў змястоўную гутарку з кіраўніком савета генералам сэрам Рычардам Шырэфам і генерал-лейтэнантам Павелам Мацко. Галоўкам УСУ праінфармаваў калег аб аператыўнай сітуацыі на фронце расійска-ўкраінскай вайны, прымяненні новых тактык і відаў узбраенняў.

«Праціўнік не пакідае спроб прасоўвання і мае намер захапіць не толькі Данбас, але і ўсю Украіну. У адказ мы сістэмна аслабляем яго здольнасці весці вайну — мэтанакіравана знішчаем рэсурсы, лагістыку і ваенны патэнцыял, кожны раз зрываючы планы ворага», — распавёў Сырскі.

* * *

У ноч на 22 красавіка Расія атакавала Украіну 215 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 189 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Расія раніцай 22 красавіка атакавала сартавальны парк чыгуначнай станцыі «Запарожжа-Левае», у выніку чаго загінуў памочнік машыніста цягніка.

У выніку масіраванай атакі расійскіх ударных беспілотнікаў ноччу 22 красавіка ў Адэскай вобласці пашкоджаны партовыя аб’екты. Абышлося без пацярпелых.

* * * 

678933112_1314721007507641_4728129909489805496_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў сітуацыю, пры якой ключавыя амерыканскія перагаворшчыкі з лёгкасцю наведваюць Маскву і праводзяць сустрэчы ў Крамлі, але ані разу не здзейснілі візіт у Кіеў. Як паведамляе BBC, Зяленскі назваў такую пазіцыю спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША Стывена Уіткафа і саветніка Джарэда Кушнера «непавагай».

Паводле слоў украінскага прэзідэнта, у гэтым годзе ключавыя прадстаўнікі амерыканскай дыпламатыі ўжо некалькі разоў пабывалі ў Крамлі. Уіткаф у цэлым здзейсніў ужо восем паездак у Маскву, падчас якіх пастаянна сустракаўся з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным.

Нагадаем, што ў красавіку абмяркоўвалася патэнцыйнае прыбыццё амерыканскіх пасланцаў у Кіеў. Аднак гэтыя планы так і не былі рэалізаваны, верагодна, з-за абастрэння сітуацыі ў Іране.

* * *

Еўрапейскі Саюз разглядае забарону на ўезд для расіян, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць Украіны. Згодна з чаканнямі, адпаведная ініцыятыва будзе прадстаўлена на пасяджэнні Еўрапейскага савета ў чэрвені. Пра гэта стала вядома з заявы высокага прадстаўніка ЕС Каі Калас, апублікаванай на вэб-сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (EEAS).

Паводле яе слоў, да чэрвеньскага пасяджэння савета плануецца падрыхтаваць прапановы па абмежаванні ўезду для былых расійскіх ваенных на тэрыторыю ЕС.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга станоўча адрэагаваў на гэтую ініцыятыву, назваўшы яе актуальнай і неабходнай. «Гэта своечасовы і доўгачаканы крок, які прадэманструе кожнаму расіяніну, што, падпісваючы кантракт на ўдзел у злачыннай агрэсіўнай вайне супраць Украіны, ён адначасова падпісвае сабе забарону на ўезд у Еўропу», — адзначыў ён.

* * *

Лідар расійскіх камуністаў Генадзь Зюганаў заявіў пра непазбежныя праблемы ў эканоміцы Расіі і папярэдзіў пра магчымую рэвалюцыю, падобную да падзей 1917 года. Сваё меркаванне ён выказаў на пасяджэнні Дзярждумы, фактычна падтрымаўшы крытыку расійскай блогеркі Вікторыі Боні на адрас улады РФ, якая выклікала шырокі грамадскі рэзананс, піша The Moscow Times.

Паводле слоў Зюганава, Вікторыя Боня агучыла ў сваім відэа пытанні, якія раней падымаліся камуністамі. Ён адзначыў, што, нягледзячы на намаганні партыі па падтрымцы стратэгіі прэзідэнта Пуціна, у Крамлі ігнаруюць гэтыя ініцыятывы, тады як да слоў блогеркі, якая знаходзіцца ў Манака, улада аказалася больш успрымальнай.

«Мы вам дзесяць разоў казалі: эканоміка непазбежна праваліцца. Першы квартал увесь праваліўся да дна. Калі вы тэрмінова не прымеце фінансава-эканамічныя і іншыя меры, дык восенню нас чакае тое, што адбылося ў 17-м годзе», — заявіў лідар КПРФ.

Ён не ўдакладніў, якую рэвалюцыю ён мае на ўвазе: лютаўскую альбо кастрычніцкую.