Ігар Ільяш: Дата 7 лістапада — не пра рэвалюцыю, а пра абсалютную ўладу і неабмежаваны гвалт

Журналіст і публіцыст Ігар Ільяш разважае, чаму Беларусь засталася адзінай краінай, у якой 7 лістапада засталося святочнай датай. І лічыць, што сапраўдны сэнс гэтага «свята» стаў відавочны пасля 2020-га.

24091921.jpg


Захаванне 7 лістапада ў якасці святочнага дня ў Беларусі — адна з самых недапанятых з'яў у масавай свядомасці. Варта прызнаць, што ў нашым грамадстве ў апошнія гады было прынята хутчэй іранізаваць над гэтым, чым сур'ёзна асэнсоўваць прычыны. Было прынята тлумачыць падобную традыцыю не тое пацешнай сентыментальнасцю ў дачыненні да савецкага мінулага, не тое недарэчным маніпуляваннем ідэалагічнымі наратывамі, якія не маюць ніякай сувязі з сучаснасцю. Толькі лянівы не паказваў на абсурднасць сітуацыі: святкаваць гадавіну крывавай рэвалюцыі ў краіне, дзе нават самы нявінны негвалтоўны пратэст дэманізуецца і бязлітасна пераследуецца.

Толькі пасля 2020 года стаў відавочны сапраўдны сэнс гэтай даты, і чаму наогул усе гэтыя гады яна заставалася чырвоным днём календара. Толькі пасля 2020-га ўдалося намацаць гармонію і логіку ў тым, што некаторыя раней лічылі бессэнсоўным анахранізмам. Нарэшце ўсё ўстала на свае месцы.

Справа ў тым, што дата 7 лістапада — яна зусім не пра рэвалюцыю. Не пра пабудову новага грамадства. І ўжо тым больш не пра камунізм, не пра «фабрыкі — рабочым, зямлю — сялянам». Яна пра абсалютную неабмежаваную ўладу і гвалт. Пра права сілы. Пра ленінскае «павесіць, абавязкова павесіць, каб народ бачыў». Пра яго ж «падавіць супраціўленне з такой жорсткасцю, каб яны не забылі гэтага на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў». Пра ЧК, катаванні, расстрэлы закладнікаў і газавыя атакі супраць нязгодных. Пра права выразаць сям'ю свайго палітычнага апанента.

Ну і, вядома, пра «не шукайце на следстве матэрыялаў і доказаў таго, што абвінавачаны дзейнічаў справай ці словам супраць савецкай улады...», што на новым вітку гісторыі трансфармавалася ў лаканічнае «часам не да законаў».

Так што ніякага абсурду тут ніколі і не было. Наадварот, тут праглядаецца дзіўная цэласнасць і лагічнасць светапогляду. Проста сэнс у гэтую дату ўкладваецца крыху іншы. На месцы 7 лістапада цалкам мог аказацца дзень нараджэння Івана Грознага або Чынгісхана, сутнасці б гэта не змяніла. Але Кастрычніцкі пераварот нам аб'ектыўна бліжэй гістарычна.