Палітзняволеным музыкам гурта Tor Band вынеслі сталінскія прысуды (абноўлена)

Палітвязням, удзельнікам музычнага гурта Tor Band прызначылі вялізныя тэрміны зняволення па выніках разгляду крымінальнай справы ў Гомельскім абласным судзе. Падрабязнасці распавядае «Гомельская вясна».

tor_band_logo.jpg.webp

Як стала вядома, Дзмітрыю Галавачу прысудзілі 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Таксама ў даход дзяржавы ў мужчыны канфіскавалі ноўтбук і тэлефон.

Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон.

Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 год узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яго мабільны тэлефон таксама пойдзе ў даход дзяржавы.

Гурт Tor Band стаў знакамітым у Беларусі падчас пратэстаў 2020 года, іх песні «Мы — не народзец», «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?» набіралі мільёны праглядаў на YouTube.

Музыкі Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчук былі затрыманы ў кастрычніку 2022 года. Іх некалькі разоў запар асуджалі да 15 сутак, а затым перавялі ў СІЗА.

Сёлета 14 верасня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме распачаў разгляд справы палітвязняў. Працэсам кіраваў Сяргей Салоўскі.


Глядзіце таксама

Музыкаў абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў — у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (частка 1 і 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса, такім фарміраваннем прызналі рок-гурт), у распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК), дыскрэдытацыі Беларусі (369-1 КК) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК).

У канцы жніўня 2022 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацсеткі гурта і песні «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мацi», «Мы — не народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!» і «Родная Зямля». Да таго ж «экстрэмісцкімі матэрыяламі» назвалі інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лагатып гурта «Tor Band».

20 студзеня групу прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Падчас ператрусаў у музыкаў канфіскавалі гітары, барабаны, устаноўкі — некалькі дзясяткаў інструментаў і тэхнікі. Фактычна ва ўсіх музыкаў забралі ўсё канцэртнае абсталяванне.

UPD. Як стала вядома «Свабодзе», Яўген Бурло быў на мыліцах у час прысуду, ён нават ня змог устаць.

На прысудзе, які быў адкрытым, былі сваякі музыкаў. «Яны ўсе плакалі падчас прысуду. Адна са сваячак у час агучваньня прысуду страціла прытомнасьць. Яўген Бурло быў на мыліцах, ён зь цяжкасьцю перасоўваецца. Ён нават не ўставаў падчас абвяшчэньня прысуду – судзьдзя Сяргей Салоўскі яму дазволіў», – расказала «Свабодзе» крыніца.

Вядома, што Яўгену Бурло патрэбна апэрацыя на хрыбце. Яму абяцалі яе правесьці. «Стан здароўя ў яго вельмі кепкі. Цяпер яго правяраюць яшчэ і на анкалёгію», – дадала крыніца.