Таўруюць «дзеравеншчынай» і «мамбетамі». Як у Расіі знішчаюць мовы малых народаў

«Дзяржаўная падтрымка моўнага актывізму прыйшла, адкуль не чакалі». Так этнаактывісты каментуюць заяву Рамзана Кадырава аб тым, што ён будзе звальняць чыноўнікаў, чые дзеці не гавораць на чачэнскай мове. Конкурс на веданне роднай мовы ў Чачні можа пахваліцца прызавым фондам у 8 мільёнаў расійскіх рублёў, а адной з удзельніц конкурсу ў гэтым годзе нават вылучылі дадатковую прэмію ў памеры 1 мільёна рублёў.

Фота: getty images

Фота: getty images

Падтрымка роднай мовы з боку Кадырава не выглядае чымсьці нечаканым, аднак выбіваецца з генеральнай лініі расійскай дзяржавы ў дачыненні да моў «малых народаў». Паводле даных Інстытута мовазнаўства РАН, цяпер у Расіі выкарыстоўваюцца прыблізна 155 моў, з якіх толькі крыху больш за палову (81) выкладаюцца ў школах. Яшчэ 15 моў лічацца спячымі або мёртвымі.

У 2018 годзе быў нават арганізаваны Фонд захавання і вывучэння родных моў. Аднак дэклараваная дзяржавай падтрымка моў малалікіх народаў была фактычна адразу ж згорнута: фонд атрымаў усяго каля 90 млн рублёў фінансавання (пры запытаных 800 млн), а ў 2021 годзе і зусім быў закрыты — з мэтай «аптымізацыі структуры».

Адначасова ўлады разгарнулі супраць мінарытарных моў маштабны наступ. 19 кастрычніка прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб дэнансацыі Канвенцыі Савета Еўропы аб абароне нацыянальных меншасцей, што фактычна азначае маштабны наступ русіфікацыі.

Што адбываецца з мінарытарнымі мовамі Расіі проста цяпер, разбіралася «Новая газета. Еўропа».

Ціск

Раніцай 10 верасня 2019 года ўдмурцкі навуковец і этнаактывіст Альберт Разін выйшаў з адзіночным пікетам да будынка Дзяржаўнага савета Удмуртыі ў Іжэўску. На яго плакаце была цытата Расула Гамзатава: «І калі заўтра мая мова знікне, то я гатовы сёння памерці!». У 9 гадзін 45 хвілін па мясцовым часе Разін абліў сябе бензінам і падпаліў. Пазней самагубства Разіна параўнаюць з фіна-ўгорскім рытуалам ціпшар: здзяйсняючы абрад самаспалення, чалавек наклікае на свайго ворага праклён.

Дзеянні расійскіх улад у дачыненні да мясцовых моў рэгіёнаў інакш як варожымі сапраўды назваць цяжка. У 2018 годзе былі прыняты папраўкі ў федэральны закон «Аб адукацыі», якія адмянілі абавязковае вывучэнне роднай мовы ў 22 нацыянальных рэспубліках Расіі і зрабілі яго добраахвотным, нягледзячы на шматлікія пратэсты экспертаў-лінгвістаў і настаўнікаў.

Аднак курс на адмену абавязковага вывучэння мовы быў узяты яшчэ за год да гэтага, пасля заявы Пуціна: ён заўважыў, што прымушаць вучыць любую мову, акрамя рускай, няправільна, і даручыў Генпракуратуры РФ разабрацца з забеспячэннем прынцыпу добраахвотнасці вывучэння родных моў у нацыянальных рэспубліках. Вядома, улады на месцах прадбачылі магчымы канфлікт праз пуцінскае даручэнне. Так, у Комі праз пратэсты этнаактывістаў забарона на абавязковае вывучэнне роднай мовы была прыпынена — аж да прыняцця рэзананснага закона.

І ўсё ж такі трывогі актывістаў і лінгвістаў спраўдзіліся: замест таго каб «падтрымаць моўную і культурную самабытнасць», як абяцаў тагачасны кіраўнік камітэта па адукацыі і навуцы Дзярждумы Вячаслаў Ніканаў, закон толькі спрыяў таму, каб у якасці роднай мовы дзіцяці ў школе бацькі выбіралі рускую, а колькасць настаўнікаў, якія выкладаюць на нацыянальных мовах, скарацілася.

Вось як тлумачыў гэта ў інтэрв'ю «Белсату» сацыялінгвіст Тодар Бактэмір: «У некаторых рэспубліках сталі прымушаць дзяцей пісаць, што іх родная мова — руская, бо калі ў школе вучыцца, дапусцім, 100 рускіх дзяцей і ўсяго 10 татараў, школе можа быць нявыгадна ці ляніва шукаць настаўніка татарскай; тады яны проста націснуць на бацькоў гэтых 10 вучняў».

Актывісты звярталі ўвагу і на прынцыповае нераўнапраўе моў: фактычна ўлады падышлі з аднолькавай меркай да рускай мовы з усёй яе інстытуцыйнай падтрымкай і да мінарытарных моў, якія яе пазбаўлены. У такіх умовах іх вывучэнне здаецца проста нерацыянальным марнаваннем часу.


Фота: getty images

Фота: getty images

У выніку пакутуюць нават мінарытарныя мовы, якім небяспека раней не пагражала: напрыклад, на АДЭ па татарскай мове ў 2023 годзе ў рэспубліцы запісаліся ўсяго восем чалавек. У Башкірыі башкірскую мову як родную вывучаюць усяго 20% школьнікаў, і гэты лік няўхільна скарачаецца.

У Комі ўсяго паўтары тысячы школьнікаў вывучаюць комі мову як родную: за дзесяць гадоў іх колькасць скарацілася ў чатыры разы. У Рэспубліцы Марый Эл марыйскую як родную мову вывучаюць усяго каля 10% школьнікаў. Амаль напалову (на 84% з 2017-га да 2021 года) скарацілася колькасць тых, хто вывучае чувашскую мову.

Апошняя навіна: Дзяржсавет Татарстана асцерагаецца выключэння татарскай мовы з камерцыйнай сферы і просіць змяніць закон «Аб абароне рускай мовы», які прадпісвае прыватным прадпрыемствам выкарыстоўваць на шыльдах і пры зносінах з кліентамі толькі рускую мову.

Усё гэта адбываецца на фоне скарачэння сфер выкарыстання нацыянальных моў. У Якуціі суд пастанавіў, што прадпрымальнікі не абавязаны выкарыстоўваць на шыльдах якуцкую мову — раней за яе адсутнасць штрафавалі. У Валгаградзе мясцовыя рускія нацыяналісты збілі калмыка, які гаварыў на роднай мове, прыняўшы яго за мігранта з Цэнтральнай Азіі. У лістападзе ў рэспубліцы Комі дэпутат ад КПРФ Кацярына Дзячкова спрабавала задаць пытанне на мове комі ў мясцовым Дзяржсавеце. Ёй адключылі мікрафон. «Калегі, нам выйсці пагаварыць, вас пакінуць ці што? — кінуў Дзячковай старшыня Дзяржсавета Сяргей Усачоў і рэзюмаваў. — У нас тут не калгас».


Глядзіце таксама

На акупаваных падчас поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну тэрыторыях русіфікацыя таксама набірае абароты: украінская мова зведзена ў так званых «ЛНР», «ДНР» і акупаваных частках Запарожскай і Херсонскай абласцей да статусу «факультатыўнай», а для яе выкладання распрацаваны падручнік, які адстае ад бягучай моўнай нормы на дваццаць гадоў. Забараняюць украінскую мову і ў побытавай практыцы: напрыклад, за праслухоўванне музыкі на ўкраінскай мове масквіч быў прысуджаны да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак. У траўні 2023 года пасажырку рэйса Масква — Уладзікаўказ паліцыянты затрымалі ў аэрапорце праз чытанне кнігі на ўкраінскай мове; ці склалі на дзяўчыну пратакол, невядома.

Паводле афіцыйных даных, украінскай мовай у Расіі валодаюць больш за мільён чалавек.

Карэнныя і малалікія народы выміраюць: паводле даных «Важных гісторый», за апошнія 10 гадоў іх колькасць скарацілася на 67%. Менавіта на нацыянальныя рэспублікі прыйшоўся самы цяжкі ўдар мабілізацыі. Прыналежнасць да карэннага малалікага народа — гэта падстава для рэалізацыі права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу, вось толькі на заклік па мабілізацыі гэта права не распаўсюджваецца.

У Бураціі мужчын наўпрост з пасцеляў дастаўлялі ў ваенкаматы, заняткі ў школах, з якіх зрабілі мабілізацыйныя пункты, адмянілі, а настаўнікаў прымушалі разносіць позвы. Масава забіралі мужчын на вайну ў Якуціі і Чувашыі. У некаторых рэгіёнах мужчын мабілізавалі цэлымі сёламі. Напрыклад, у вёсцы Дада, дзе пераважна жывуць нанайцы, з 400 чалавек забралі 40 — практычна ўсё маладое мужчынскае насельніцтва. У Мурманскай вобласці ў сяле Лавозера на вайну забралі саамаў. З вёскі Краснае Ненецкай аўтаномнай акругі мабілізавалі 37 чалавек, з іх 18 — прадстаўнікі карэнных малалікіх народаў. У лістападзе ў Якуціі вайсковы камісар запатрабаваў адпраўляць на вайну па 500 чалавек на тыдзень.


Фота: getty images

Фота: getty images

Мацней за ўсё мабілізацыя ўдарыла па самых малалікіх народах. Напрыклад, удэгейцаў, якія жывуць на Далёкім Усходзе, засталося менш за паўтары тысячы. Аднак у некаторых удэгейскіх вёсках мабілізуюць усіх маладых мужчын.

Паводле даных сацыёлагаў, сярод прадстаўнікоў мінарытарных народаў працэнт прызваных у войска ў сярэднім большы, чым сярод рускіх. У выніку для малалікага народа рызыка страціць свайго прадстаўніка на вайне аказваецца да 5 разоў вышэйшай, чым для рускага.

Аднак пачатак вайны і наступная мабілізацыя не толькі сталі мяжой у беспрэцэдэнтным ціску на этнічныя меншасці, але і справакавалі ўздым нізавога моўнага супраціву.

Супраціў

«Чувашская мова вальнейшая за рускую». Так мастачка Паліна Осіпава — этнічная чувашка — патлумачыла сваё рашэнне ствараць антываенныя працы на роднай мове. Яна распавяла ў інтэрв'ю the «New Statesman», што, убачыўшы кадры з Бучы, проста не знайшла слоў у рускай мове, каб выказаць свой шок.

— Я веру, што словы «Не вайне», сказаныя на роднай мове, валодаюць асаблівай сілай, — кажа Осіпава. — Расійская прапаганда робіць усё, каб паказаць, што пратэстоўцы супраць вайны застаюцца ў меншасці. Як прадстаўніца этнічнай меншасці я карыстаюся роднай мовай, каб паказаць, што гэта не так.

Моўны актывізм развіваўся ў Расіі і да вайны: напрыклад, актывісты рабілі плакаты на родных мовах, стваралі месенджары на роднай мове, выступалі на ёй на анлайн-пляцоўках, запускалі моўныя школы. Аднак пасля 24 лютага гэты працэс атрымаў новы імпульс: актывісты спрабуюць сродкамі моў этнічных меншасцей выказаць пратэст супраць вайны, спрабуючы (хай і не заўсёды паспяхова) абыходзіць такім чынам абмежаванні, накладзеныя на рускую мову.

Напрыклад, студэнтка філфака НДУ ВШЭ Аляксандра Кібатава, якая вырасла ў Татарстане, выйшла на адзіночны пікет з антываенным плакатам на марыйскай мове. За антываенную акцыю на Кібатаву склалі пратакол паводле ч.1 арт.20.3.3 КаАП РФ за «публічныя дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю Узброеных сіл», суд прызначыў ёй штраф. Кібатава ўбачыла паралелі ў стаўленні расійскіх улад да ўкраінцаў і да карэнных народаў Расіі:

«Мне зусім незразумела, чаму я павінна абараняць прынцып, па якім дакладна ўшчамляюць правы майго народа. Я б хацела, каб улада зрабіла ласку звярнуць свой позірк не на ўяўныя праблемы рускіх у чужой краіне, а на сапраўдныя праблемы народаў Расіі. І позірк не спапяляльны, а ацаляльны. Але калі мая мова зводзіцца выключна да побытавага ўзроўню — гэта мая асабістая катастрофа, і пікет быў адной з магчымасцей рассунуць межы бытавання мовы. Я думаю, што для культур, падобных да маёй, крытычна важна знаходзіцца ў сферы палітычнага — інакш яны згасаюць».


Мастачка Паліна Осіпава. Фота з сацсетак

Мастачка Паліна Осіпава. Фота з сацсетак

Падобная акцыя прайшла ў Ніжнім Тагіле. Там паліцыянты склалі пратакол на мастачку Алісу Гаршэніну. Яна выйшла на адзіночны пікет у рамках акцыі «Жанчыны ў чорным» з кветкай, на якой былі замацаваны стужкі з антываеннымі лозунгамі на чувашскай і татарскай.

Бурацка-кітайская мастачка Юмжана Суй, якая жыве ў Манголіі, робіць антываенныя плакаты з тэкстамі на бурацкай. «Нягледзячы ні на што я думаю, што людзі [у Бураціі] пачнуць адкрываць вочы. Бурація зусім невялікая; людзі ведаюць адзін аднаго. Калі ты пачынаеш пазнаваць, што тваіх сяброў, іх братоў, пляменнікаў і знаёмых адправілі на смерць, як гарматнае мяса, твая галава не можа працаваць па-ранейшаму», — кажа Суй.

Аднак справа не зводзіцца толькі да плакатаў. З'яўляюцца нізавыя ініцыятывы, накіраваныя на перагляд адносін да мінарытарных моў Расіі ў цэлым. Так, вядзецца праца над «навігатарам моў карэнных народаў» — адзінай платформай для захавання і распаўсюджвання навучальных і іншых матэрыялаў па мовах этнічных груп, якія жывуць на тэрыторыі Расіі. Яе стварыў рух Yurt Community: ён з'явіўся ў Лондане ў верасні 2022 года як антываенны рух карэнных народаў Расіі. Адна з ініцыятарак праекта, Лідзія Грыгор'ева, тлумачыць ініцыятыву так:

— Я нарадзілася і вырасла ў Якуцку, да 5 гадоў гаварыла толькі на мове саха, затым мяне пачалі рыхтаваць да рускамоўнай школы. Амаль усю пачатковую школу я вучылася пісаць і чытаць на рускай, мова давалася цяжка. У сярэдняй школе, калі я дагнала выдатнікаў, я ўжо цалкам перайшла на зносіны на рускай у сваёй сям'і. Хоць у маёй сям'і гавораць на абедзвюх мовах, нас — дзяцей — ніколі не прымушалі гаварыць на роднай.


Глядзіце таксама

Мне не хацелася займацца мовай саха. Па-першае, здавалася, што валодання рускай дастаткова і яно найбольш перспектыўнае. Па-другое, у рускамоўнай школе тых, хто размаўляў на мясцовай мове, таўравалі «дзеравеншчынай». Для такіх хлопцаў было абзыванне «мамбет» або «мамбетка», калі яны казалі на рускай, але з відавочным акцэнтам. Толькі паездкі ў вёску да бабулі падштурхоўвалі да практыкі роднай мовы.

Паводле слоў актывісткі, цікавасць да роднай мовы ў яе з'явілася ў 2020 годзе, калі яна ўбачыла ў бабулінай вёсцы, што нават маленькія дзеці глядзяць мультфільмы на рускай, а не на мове саха.

У цэлым ад дзяржавы, акрамя раптоўнага актывізму Рамзана Кадырава, чакаць зрухаў у бок захавання мінарытарных моў Расіі не прыходзіцца. Аднак пакуль Расія вядзе вайну, нізавы актывізм спрабуе выратаваць мовы сам — і паступова яны становяцца мовай пратэсту.