Мілітарызацыя прыйшла ў адукацыю. Што далей?

Андрэй Лаўрухін для партала «Наше мнение» прааналізаваў асноўныя нарматыўныя дакументы беларускай сістэмы адукацыі. Вынікі невясёлыя.

_belarus_dzeci_adukacyja_szkola_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

За перыяд з 2020 па 2023 гады дзяржаўныя органы РБ прынялі некалькі дзясяткаў нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць адукацыйных устаноў і грамадзян у сістэме адукацыі. Усе гэтыя дакументы можна падзяліць на дзве групы: 1) дакументы праграмнага (стратэгічнага) і 2) дакументы аператыўнага (кан'юнктурнага) значэння.

Сярод усіх праграмных дакументаў першай групы вылучаюцца два рамачныя, змест якіх мае найбольш інтэграцыйны, а дзеянне — найбольш доўгатэрміновы (стратэгічны) характар: «Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года» (2021) (далей — канцэпцыя) і «Кодэкс аб адукацыі» (2022) (далей — кодэкс).

У той жа час у фокусе ўвагі застаюцца дакументы аператыўнага значэння, якія, як правіла, выконваюць ролю легалізацыі спантаннай практыкі прыняцця палітычных рашэнняў у сферы адукацыі «заднім чыслом» («rule by low»). Дзякуючы такому падыходу становіцца магчымым убачыць, у якіх выпадках мае месца разрыў (gap) і дысананс паміж праграмнымі і аператыўнымі афіцыйнымі дакументамі, а ў якіх — згода і кансэнсус.

Стратэгічныя мэты, «rule by low» і рэальнасць: рух назад

Канцэпцыя пазіцыянуе беларускую сістэму адукацыі як частку сусветнай адукацыйнай прасторы і дэкларуе а) прытрымліванне сусветных тэндэнцый у сферы адукацыі, а таксама б) прадугледжвае прадуктыўны абмен досведам як асноўны рэсурс для рэалізацыі вышэйадзначанай мэты абнаўлення.

Аднак на практыцы і згодна з кан'юнктурным нарматыўным дакументам («rule by low») за апошнія 3 гады адбываецца прама супрацьлеглы працэс — (сама)ізаляцыі Беларусі. Дужкі тут акцэнтуюць актарнасць (у асобе дэмакратычных краін і/або самой РБ) у тым ізаляцыянісцкім працэсе, які быў запушчаны нелегітымнымі ўладамі Беларусі пасля выбараў 2020 года і затым істотна ўзмацніўся ў 2022 годзе, пасля саўдзелу Беларусі ў расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.


Глядзіце таксама

З аднаго боку, мы бачым ізаляцыю Беларусі на ўсіх трох узроўнях адукацыі дэмакратычнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі ў 2022 годзе: PISA адмовіла Беларусі ў правядзенні маніторынгу ўзроўню ведаў і кампетэнцый навучэнцаў у сярэдняй школе (МСКА 1-3); «WorldSkills International» забараніла ўдзел Беларусі («WorldSkills Belarus») у сваіх мерапрыемствах на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі (МСКА 4-5); «Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі» прыпыніла сяброўства Беларусі ў Балонскім працэсе (МСКА 6-8).

З іншага боку, улады Беларусі метадычна выкідваюць сябе з сусветнай адукацыйнай прасторы, скасоўваючы міжнародныя дамовы і парушаючы ўзятыя на сябе абавязацельствы з развітымі дэмакратычнымі краінамі свету. Яшчэ да пачатку вайны супраць Украіны з краіны былі выгнаны амаль усе прадстаўніцтвы па адукацыі, навуцы і культуры развітых дэмакратычных краін свету (найбольш яркі прыклад — «выдаленне» Інстытута Гётэ). Пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне Беларусь разарвала ў аднабаковым парадку пагадненне з Польшчай аб прызнанні раўназначнасці вышэйшай адукацыі і вучоных ступеняў у навуцы і мастацтве, падпісанае ў Варшаве 28 красавіка 2005 года (гл.: пастанова №728 Савета Міністраў РБ ад 25 кастрычніка 2022 года).

У траўні 2023-га былі ўнесены змены ў закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», што скасавалі адтэрміноўку ад службы ў войску для беларусаў, якія навучаюцца за мяжой (гл. папраўкі ад 11 траўня 2023 года №268-З), і тым самым фактычна ўвялі забарону на акадэмічную міграцыю для мужчынскай часткі насельніцтва.

Расія — ключавы бенефіцыяр (сама)ізаляцыі Беларусі

Галоўным бенефіцыярам працэсу (сама)ізаляцыі Беларусі з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Гэта заўважна на ўсіх узроўнях адукацыі (хоць і ў рознай ступені). Так, на ўзроўні сярэдняй адукацыі ўрадам РФ фінансуецца (у памеры каля USD 100 млн) стварэнне 150 інжынерна-інавацыйных (STEM) класаў у рамках дзяржпраграмы «РОББО», а таксама з 2023 года ў спешным парадку ўведзены цэнтралізаваны экзамен у якасці аналага расійскага ЕГЭ. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі адбываецца «паўзучая» пераарыентацыя на расійскі рынак працы і адпаведныя яму патрабаванні да ведаў і кампетэнцый навучэнцаў ПТВ і ССВ Беларусі.

Паводле даных кіраўніка прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі Юрыя Макушына, колькасць месцаў па квоце ўрада Расійскай Федэрацыі за кошт федэральнага бюджэту для абітурыентаў з Беларусі ў расійскія ВНУ павялічылася з 73 у 2019 годзе да 1100 у 2022 годзе. У 2023 годзе колькасць месцаў па квотах узрасла да 1300.


Глядзіце таксама

У дадатак да гэтага, не менш за 1000 маладых беларусак і беларусаў штогод паступаюць у ВНУ РФ на платнай аснове (і ў парушэнне вышэйзгаданага закона аб адмене адтэрміновак). Паводле даных намесніка дырэктара Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Мінадукнавукі РФ Алены Гараджанкінай, па стане на сакавік 2023 года ў ВНУ РФ ужо навучаецца больш за 12,5 тысяч грамадзян і грамадзянак Беларусі, што складае 5,5% ад агульнай колькасці студэнтаў ВНУ РБ па стане на 2023/2024 навучальны год.

Сістэма кіравання адукацыяй: паміж арміяй і турмой

Згодна з рамачным праграмным дакументам (кодэкс І канцэпцыя), адна з першачарговых задач дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі заключаецца ў тым, каб зафіксаваць безумоўнае дамінаванне дзяржаўнага кіравання над грамадскім. Пры гэтым сама сістэма кіравання ўжо даўно мае вертыкальны персаналісцкі характар. У новай рэдакцыі кодэкса (2022) адсутнічае само паняцце «аўтаномія» і, адпаведна, увесь комплекс прававых нормаў, якія легітымізуюць і рэгулююць прававыя адносіны ключавых суб'ектаў у сферы адукацыі.

Фармальна-юрыдычна дэкларуецца, што сістэма кіравання «будуецца на спалучэнні прынцыпаў адзінаначалля і самакіравання». Аднак савет — асноўны орган самакіравання ўсіх адукацыйных устаноў Беларусі (ад дашкольных да лячэбна-выхаваўчых) — «узначальвае кіраўнік установы адукацыі», які, у сваю чаргу, жорстка ўбудаваны ў кіруючую вертыкаль адміністрацыйнай выканаўчай улады. У сваю чаргу, уся кіраўнічая вертыкаль заканчваецца асобай прэзідэнта Беларусі, які мае такую паўнату ўлады і кантролю над сістэмай адукацыі, што можа быць апісана наступнай часта ўжывальнай у кодэксе лаканічнай фармулёўкай: «калі іншае не ўстаноўлена прэзідэнтам РБ».


Глядзіце таксама

Мілітарызацыя сістэмы адукацыі — з'яўленне ваенрукоў у сярэдніх школах, прарэктараў «па бяспецы і кадрах» у ВНУ (са снежня 2020 года) і шэраг іншых мер «ва ўмовах ваеннага часу» — істотна наблізіла сістэму адукацыі (паводле мадэлі кіравання) да войска і/або пенітэнцыярнай сістэмы. І гэта, бадай, адзіны пункт, па якім паміж стратэгічным бачаннем, кан'юнктурнымі нарматыўнымі дакументамі («rule by low») і практыкай няма аніякіх істотных рознагалоссяў.