«Свет ведаў расколаты». Што адбываецца з сістэмай адукацыі ў Беларусі і ці магчымыя пазітыўныя змены?
Даследчык Андрэй Лаўрухін прадставіў базавае даследаванне беларускай сістэмы адукацыі, праведзенае ў рамках праекта «Васьміног». Маштабная праца фіксуе сённяшні стан сістэмы, змены, якія яна зведала за апошнія тры гады, а таксама аналізуе перспектывы рэформаў з боку дзяржаўных і незалежных актараў. Прыводзім асноўнае.
Базавае даследаванне праводзілася ў рамках праекта «Васьміног» і ўяўляе сабой серыю аналітычных матэрыялаў, падрыхтаваных на аснове шасці мікрадаследаванняў. Аўтары даследавання – Андрэй Лаўрухін і яго калега, які пажадаў захаваць ананімнасць у мэтах бяспекі.
Даследчыкі падкрэслілі праблему складанасці правядзення аналізу сістэмы адукацыі ў Беларусі, адзначыўшы існаванне фактычнай манаполіі дзяржавы на даследаванні адукацыі, а таксама тое, што навукоўцы сутыкаюцца з пераследам, што не дазваляе весці сталую дзейнасць.
Да таго ж, калі пра сярэднюю і вышэйшую адукацыю існуюць больш канкрэтныя звесткі, то «дашкольная і дадатковая адукацыя дарослых – terra incognita для даследчыкаў».
«Якасць беларускай адукацыі мае сярэдні ўзровень»
Даследчыкі сцвярджаюць, што ў сярэднім якасць беларускай адукацыі мае сярэдні ўзровень, не вышэйшы і не ніжэйшы за чаканні ад краіны з адпаведным узроўнем эканамічнага развіцця і выдаткаў на адукацыю.
Пры гэтым публічныя інтэрпрэтацыі вынікаў даследаванняў значна змяняюцца ад высокай пазітыўнай ацэнкі з боку Міністэрства адукацыі – да рэзка негатыўных інтэрпрэтацый у недзяржаўных медыя.
Сярод асноўных хібаў у сістэме адукацыі агулам даследчыкі вылучаюць нізкую сфарміраванасць крытычнага мыслення, здольнасці самастойна разважаць і выказваць абгрунтаванае меркаванне нават сярод высокаадукаваных вучняў.
Таксама даследчыкі адзначаюць, што існуе запыт вучняў на большую свабоду ў пабудове адукацыйнага працэсу.
(Сама)ізаляцыя беларускай сістэмы адукацыі. «Галоўным бенефіцыярам з’яўляецца РФ»
Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што апошнія тры гады ўлады метадычна ізалююць сябе ад сусветнай адукацыйнай прасторы.
Некаторыя прыклады ізаляцыі:
- PISA не праводзіць маніторынг у Беларусі;
- WorldSkills International забараніла ўдзел Беларусі ў сваіх мерапрыемствах;
- Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі прыпыніла членства Беларусі ў Балонскім працэсе.
Са свайго боку Беларусь:
- Выдаліла ўсе еўрапейскія прадстаўніцтвы (прыклад інстытута Гётэ і сярэдняй школы №73 у Мінску);
- Разарвала ў аднабаковым парадку пагадненне з Польшчай аб прызнанні раўназначнасці вышэйшай адукацыі і навуковых ступеняў у навуцы і мастацтве;
- Унеслі змены ў закон «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», што адмяняюць адтэрміноўку ад службы ў войску для беларусаў, якія навучаюцца за мяжой.
«Ад ізаляцыі беларускай сістэмы адукацыі церпяць усе – дзеці, бацькі, эканоміка, сама сістэма адукацыі. А галоўным бенефіцыярам з’яўляецца Расійская Федэрацыя», — падкрэслівае Андрэй Лаўрухін. «Рэальнасць змяніла сістэму адукацыі так, што яна стала інтэгравацца і асімілявацца ў адукацыйную прастору РФ далёка не па сваёй волі. З гэтым ніхто нічога не можа зрабіць, але не заўважаць гэтага таксама нельга. Таму мы б’ем трывогу».
Аўтары базавага даследавання фіксуюць сістэмную ідэалагізацыю, мілітарызацыю і сек’юрытызацыю адукацыі.
Са снежня 2020 года ў беларускіх ВНУ была ўведзеная новая пасада – «сакрэтны» прарэктар «па бяспецы і кадрах». Таксама ва ўсіх установах адукацыі, уключаючы яслі-сад, была ўведзеная пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні.
У чым праблема рэформаў, прапанаваных недзяржаўнымі актарамі
Даследчыкі прааналізавалі праекты рэформаў Офіса па адукацыі для новай Беларусі, прапановы, апублікаваныя на платформах грамадзянскага дыялогу (Банк ідэй, «Новая Беларусь», «За Беларусь»), прапановы грамадзянскіх і адукацыйных ініцыятыў і арганізацый («Беларуская адукацыя на шляху перамен», «ЕўраБеларусь»), прапановы даследчых цэнтраў, праграмы палітычных партый.
Аўтары даследаванняў адзначылі рэгулярную праблему – праекты рэформаў недаступныя для шырокай грамадскасці. Часта атрымліваецца, што дэ-юрэ праект распрацаваны, аднак дэ-факта яго немагчыма прачытаць. Напрыклад, не адкрываецца вэб-старонка IDSM, на старонцы Офіса па адукацыі некаторыя дакументы толькі анансуюцца, але шырокая аўдыторыя не мае да іх доступу.
Андрэй Лаўрухін заўважае, што актары, дзейнасць якіх скіраваная на поўную перабудову адукацыйнай сістэмы (Офіс па адукацыі, «Беларуская адукацыя на шляху да перамен», IDSM, «Новая Беларусь»), настойваюць на дэідэалагізацыі, дэбюракратызацыі сістэмы адукацыі, неабходнасці хуткіх крокаў у наданні большай аўтаноміі ВНУ праз выбарнасць рэктараў, істотнасці інтэграцыі ў міжнародную прастору праз рамачныя дакументы.
Перавага такога падыходу ў тым, што ён улічвае неабходнасць дэмакратычнага дыялогу пры правядзенні рэформаў. Аднак падыход не дае канкрэтнага бачання для шырокай аўдыторыі, бо яно пасля мусіць быць выпрацавана супольна.
У той жа час дзейнасць іншых недзяржаўных актараў скіраваная толькі на асобныя змены ў сістэме («За Беларусь», ГБК, IDSM, Банк ідэй). Даследчыкі заўважаюць, што ў гэтых выпадках канцэптуальна гаворка ідзе пра змену пэўных кірункаў развіцця, а не пра радыкальную перабудову ўсёй сістэмы.
У якасці праблемных зонаў у альтэрнатыўных праектах рэформаў даследчыкі вылучаюць наступныя:
- Неафіцыйныя дакументы часта не бачныя для шырокага кола грамадства («Часта публічная дзейнасць ініцыятывы спыняецца, калі завяршаецца дзейнасць у межах праекта. Некаторыя сайты робяцца недаступнымі, некаторыя праекты не маюць сайтаў, акрамя старонак у сацыяльных сетках»);
- Адсутнасць публічнага дыялогу («На сайтах грамадзянскіх пляцовак няма каментароў пад рэформамі, прапануецца звычайна толькі адзін варыянт рэформаў без зваротнай сувязі»);
- Неразвітасць палітычнага поля («У публічным полі прадстаўленыя толькі дзве сістэма апісаныя праграмы рэформаў. Адна з іх больш схіляецца да правага ліберальнага кірунку, другую можна ахарактарызаваць хутчэй як правацэнтрысцкую»).
Асноўная прэтэнзія рэспандэнтаў даследавання да недзяржаўных актараў сістэмы адукацыі, у прыватнасці да Офіса Святланы Ціханоўскай, заключаецца ў занадта высокай канцэнтрацыі на праектах для «заўтра», якое пакуль не вядомае, замест вырашэння больш актуальных праблем «цяпер».
«Трэба вырашаць сённяшнія, актуальныя праблемы, і калі яны будуць вырашаныя, тады ў нас з’явіцца магчымасць, рэсурсы, сілы для таго, каб глядзець на заўтра», — кажа Андрэй Лаўрухін.
Разыходжанне афіцыйнага і неафіцыйнага дыскурсу
Аўтары даследавання фіксуюць, што дзяржава імкнецца да ўсё большай замкнёнасці і ідэалагізацыі адукацыі, а ў праграмах незалежных актараў дэідэалагізацыя, дэбюракратызацыя выступаюць першаснымі пунктамі.
Неафіцыйныя праектныя прапановы ставяць пытанне беларускай мовы ў адукацыі, прапануюць развіццё прыватнага сектара адукацыі на ўзроўні сярэдняй школы, у той час як дзяржаўны дыскурс – на знішчэнне прыватнага сектара і скарачэнне беларускамоўных праграм.
Неафіцыйныя актары імкнуцца наблізіць беларускую вышэйшую адукацыю да прынцыпаў Балонскай сістэмы, што цалкам супярэчыць дзяржаўнай палітыцы.
Якой беларусы бачаць сістэму адукацыі
Большасць апытаных беларусаў у якасці асноўных прынцыпаў для беларускай адукацыі называлі свабоду, магчымасць выбару, беларускасць (важнасць распаўсюду беларускай мовы ў адукацыі адзначылі таксама і рускамоўныя рэспандэнты), адкрытасць і інтэграванасць у глабальную адукацыю, арыентацыю на чалавека, дэмакратычнасць, развіццё грамадзянскасці, дабрабыт, павагу.
Таксама некаторыя рэспандэнты казалі пра неабходнасць скасавання размеркавання ва ўніверсітэтах.
«Каб мы нешта пачалі змяняць, нам трэба мець рэлевантнае, адэкватнае разуменне рэальнага палажэння справаў. З гэтым у нас праблема. І калі мы не будзем гэтым займацца, то мы будзем рэфармаваць з заплюшчанымі вачыма, шукаць котку ў цёмным пакоі. Калі не будзе даследаванняў, тады не будзе і разумення рэальнасці, будуць толькі сляпыя спробы навобмацак ажыццявіць рэформы. Чым гэта сканчваецца – асобная размова. У выніку рэформаў разбурана было больш, чым пабудавана», – кажа даследчык.