Змрочная аптымістка і Нобелеўская лаўрэатка Ані Эрно

Раман «Падзея» — гэта адзіны даступны па-беларуску тэкст сёлетняй Нобелеўскай лаўрэаткі, пісьменніцы Ані Эрно.

gettyimages_1411606604_768x432.webp

У шаснаццаты раз Нобэля ў літаратуры сёлета атрымала Францыя: Ані Эрно сталася сямнаццатай жанчынай, якая атрымала прэмію Швэдзкай каралеўскай акадэміі навук.

Апошнія гады пісьменьніца некалькі разоў уваходзіла ў шорт-ліст патэнцыйных пераможцаў, але толькі ў 2022 годзе прэмія была прызначаная ёй — «за сьмеласьць і клінічную вастрыню, зь якімі яна раскрывае карані, адчужанасьць і калектыўныя абмежаваньні асабістай памяці».

Надзвычай сацыяльная пісьменьніца ўвайшла ў мастацкую літаратуру ў 1974 годзе з вельмі нязручнымі і змрочанымі тэмамі для тагачаснага грамадзтва: аборты, гвалт, рак грудзяў, Альцгаймэр роднай маці, сацыяльная маргінальнасьць, сьмерць, дыскрымінацыя жанчынаў і г.д.

Пісьменьніца ўсяляк пазьбягае прыўкрасаў і квяцістай мовы, піша суха, сьцісла, амаль сацыялягічна. Дарэчы, у шматлікіх інтэрвію яна сама падкрэсьлівае: «Мае мастацкія тэксты — гэта нешта паміж літаратурай, сацыялёгіяй і гісторыяй».

1665127358511blob.jpg


Жывая клясыца францускай літаратуры і муза скрайняй лявіцы, Ані Эрно і ў 82 гады актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці, маніфэстуе, крытыкуе прэзыдэнта Макрона, дае скандальныя інтэрвію, піша ня менш скандальныя тэксты: так, ейны апошні кампактны раман «Малады чалавек» (2022) распавядае гісторыю повязі немаладой жанчыны (то-бок Ані Эрно) і маладога чалавека. Раман пачынаецца сьмела і проста: «Пяць гадоў таму я правяла нязграбную ноч са студэнтам, які пісаў мне год і хацеў сустрэцца са мной». Зноў пісьменьніца парушае як літаратурны, так і сацыяльны звыклы парадак.

Адным з шэдэўраў пісьменьніцы можна сьмела назваць раман «Гады» (2008), дыхтоўны тэкст пра індывідуальную і калектыўную памяць, пра тое, што робіць нас асобамі і пакаленьнямі, клясамі, пра што яна піша: «Захаваць што-небудзь з тых часоў, якія мы пакінулі навечна».


ani_e_rno.png

Ня менш значным зьяўляецца ейны раман «Падзея» (2000), які крытыка спачатку проста праігнаравала, бо ёй падалося, што пісьменьніца згубілася ў часе і піша тэксты, якія не пасуюць духу часу — пра аборт. Нават фэмінісцкія колы не адразу падтрымалі пісьменьніцу. А Ані Эрно наўмысна зьвярнулася да тэмы ўласнага аборту, каб нагадаць маладому пакаленьню сапраўдны кошт гэтага права жанчыны. Ужо прачытаўшы гэтыя два тэксты францускай пісьменьніцы, можна зразумець сёлетні выбар Швэдзкай каралеўскай акадэміі навук.

Дарэчы, раман «Падзея» — гэта адзіны даступны па-беларуску тэкст пісьменьніцы, які зьявіўся ў канцы 2021 году ў Вільні. Цікава, што на прэзэнтацыю кнігі ў ЭГУ ўзімку 2022 прыйшло ўсяго чатыры чалавекі, кніга разыходзілася спакваля, многія беларусы зьдзіўляліся выбару майго перакладу, маленькаму памеру раману і г.д. Цяпер жа, калі Ані Эрно сталася набэляркай, інтарэс да яе беларускага чытацтва імгненна ўзрос.

feyzg8txoaaihcj.jpg


Памятаю, як у 2001 годзе, быўшы студэнтам у Францыі, я адкрыў для сябе Ані Эрно і прачытаў ейны раман «Падзея», я адразу захацеў перакласьці яго на беларускую мову. У галаве мамэнтальна тэкст клаўся па-беларуску. На жаль, спраўдзіць задуму ўдалося толькі дваццаць год счакаўшы. Тым ня менш, дзякуючы перакладніцкай працы, у 2020 годзе мне ўдалося пазнаёміцца з пісьменьніцай. Падчас ліставаньня выявіўся жывы інтарэс Ані Эрно да падзеяў у Беларусі, да руху жанчынаў у белым. Пісьменьніцу цешыла, што на яшчэ адной мове больш загучала ейнае пасланьне.

1665127252105blob.jpg


Не зважаючы на пэўную змрочанасьць і пэсімізм пісьма і пасланьня, пісьменьніца заўсёды дае рады пакінуць надзею, увесьці аптымістычную нотку, не пакінуць абыякавым, знайсьці прыгожае, шчасьлівае, сапраўднае і шчырае ў разьвітаньні з паміралай маці, у чарзе да анколяга ці на стале падпольнай акушэркі.