«За «я» апавядальніцы заўсёды стаіць яна, Ані Эрно» — беларускі перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі пра сёлетнюю набеліятку

Французская пісьменніца Ані Эрно ў гэтым годзе стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Беларускі перакладчык яе рамана «Падзея» Уладзіслаў Гарбацкі пагутарыў з Янам Максімюком для «РС».

Уладзіслаў Гарбацкі. Фота з прыватнага архіву — для «РС»

Уладзіслаў Гарбацкі. Фота з прыватнага архіву — для «РС»


— Вам нехта прапанаваў перакласці раман Ані Эрно «Падзея», ці было наадварот — вы яго прапанавалі выдаўцу?
— Гэта мой выбар. Гэты тэкст я палюбіў даўно, 21 год таму, калі быў студэнтам у Францыі. Я тады адкрыў для сябе творчасць Ані Эрно, пачаў чытаць, і якраз раман «Падзея» вельмі мяне ўразіў і натхніў. Калі я навучаўся ў Страсбургу, я і захацеў яго перакласці. Некаторыя фразы з яго ўжо тады гучалі ў маёй галаве па-беларуску. Але пераклаў яго толькі праз 20 гадоў, калі быў у пісьменніцкай рэзідэнцыі ў Грацы ў Аўстрыі.
— Вы сказалі, што вучыліся ў Францыі. Раскажыце дакладней, дзе і як вы вучыліся французскай мове?
— У Францыі я навучаўся на ўзроўні магістратуры. Французскай я авалодаў у Беларусі, у ЕГУ, калі гэты ўніверсітэт яшчэ знаходзіўся ў Мінску. Тады існаваў такі франка-беларускі факультэт, дзе адукацыя вялася цалкам па-французску і ў нас былі французскія выкладчыкі. Пасля гэтага мне прапанавалі паехаць у Францыю, і я выбраў Страсбург — Страсбургскі ўніверсітэт палітычных навук. Гэта была мая першая адукацыя.


Другая адукацыя, дадатковая, — гэта перакладчык. Год я правучыўся ў Страсбургу, а потым стаў вучыцца ў Рэймскім універсітэце, дзе выбраў гендарныя даследаванні. І вось якраз там, у Рэймскім універсітэце, я і адкрыў для сябе Ані Эрно. Бо яна якраз такая пісьменніца, якую найбольш вывучаюць і аналізуюць ва ўніверсітэтах. Яна моцна папулярная ва ўніверсітэцкіх колах.
— Аказваецца яшчэ, што доктарскую дысертацыю — па сацыялінгвістыцы — вы баранілі ў Варшаўскім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесаркі Ніны Баршчэўскай, з якой мы некалі вучыліся ў адной пачатковай школе на Падляшшы. Раскажыце пра гэты бок вашых навуковых зацікаўленняў.
— Мая першая адукацыя — паліталагічная, але мне заўсёды было сумна заставацца толькі ў паліталогіі. Я заўсёды стараўся выбіраць нешта міждысцыплінарнае і заўсёды марыў заняцца прафесійна мовай. Таму выбраў не класічную філалогію, а сацыялінгвістыку. Пазнаёміўся з Нінай Баршчэўскай, спісаўся з ёй, і яна прапанавала абараняцца ў Варшаве.
Гэта, ведаеце, пытанне ажыццяўлення мараў. Я марыў перакласці Ані Эрно — і я гэта пераклаў. Я марыў займацца сацыялінгвістыкай, не па-аматарску, а прафесійна — і я стаў займацца.
— Давайце паспрабуем падысці крыху бліжэй да Ані Эрно і яе творчасці. Чаму якраз яна спакусіла вас на пераклад, а не, скажам, Марыз Кандэ або Жан-Мары Гюстаў Лё Клезіё? Што ў ёй такога асаблівага?
— Перадусім — мова. У яе такая вельмі стрыманая, чыстая, сухая мова, якая мяне вельмі ўразіла. Бо звычайна ў французскіх пісьменнікаў мова вельмі квяцістая. А ў яе такая мова, якая, на маю думку, не зусім упісваецца ў французскі літаратурны канон.

Беларускі пераклад рамана Ані Эрно «Падзея»

Беларускі пераклад рамана Ані Эрно «Падзея»


Па-другое, канечне, — досвед жанчыны. Аўтары, якіх вы згадалі, таксама вельмі цікавыя, яны прапануюць па-свойму цікавы і багаты свет. Але ў Ані Эрно гэты жаночы досвед паказаны ўнікальным спосабам. Гэта мяне прывабіла. Яе творы — яны і літаратурныя, і навуковыя адначасова. Як навукоўцу мне была даспадобы гэтая яе рыса. Можна сказаць, яна стваральніца сацыялагічна-мастацкага стылю ў літаратуры. Яна, дарэчы, натхніла плеяду маладых французскіх пісьменнікаў і пісьменніц, якія пішуць у гэтым стылі.
Трэці момант — яна, я б сказаў, вельмі «беларуская» пісьменніца. Што я маю на ўвазе? Яна апісвае такую жудасную сацыяльную рэчаіснасць. Я нарадзіўся ў Беларусі за савецкім часам і таксама знаёмы з падобнай сацыяльнай рэальнасцю, можна сказаць, з сацыяльнай «чарнухай».
І чацвёртае — Эрно найчасцей уздымае маргінальныя і «нязручныя» сацыяльныя тэмы. Яе не столькі цікавіць эстэтычны бок літаратуры, колькі моцнае сацыяльнае пасланне.
— Некалькі тыдняў таму, калі я глядзеў «нобелеўскія рэйтынгі» ў букмекераў, маё вока чапіла прозвішча Эрно, якое я сустракаў і раней, але нічога з яе не чытаў. Таму замовіў наўгад тры яе рэчы, якія прыйшлі на пачатку нобелеўскага тыдня: «La femme gelée», «Pasion simple», «Les annés». Вы, можа, чыталі гэтыя кнігі? Парэкамендавалі б пачытаць і мне?
— Так, я чытаў іх. «Гады» я лічу яе шэдэўрам; калі б была такая магчымасьць, я б гэтую кнігу таксама пераклаў, як раней яе знакамітую «Падзею». «Простая жарсць» — таксама цудоўны твор, паводле яго, дарэчы, нядаўна знялі фільм. Так што адназначна — рэкамендую пачытаць усе тры. Я б на вашым месцы пачаў з «Гадоў», кнігі, якая выйшла ў 2008-м. Я яе прачытаў у 2009–2010-м і, не палічыце гэта за самахвальства, ужо тады падумаў: Эрно — будучая набелістка.
Парэкамендую яшчэ раман «Le jeune homme» Эрно, які выйшаў сёлета. Гэты раман, нічога што аб’ёмам усяго на 48 старонак, ужо паспеў нарабіць скандалу ў Францыі. Ён пра адносіны старой жанчына і маладога чалавека, студэнта. Яшчэ і за гэта я пісьменніцу люблю — яны піша коратка, сцісла, але вельмі ёміста. Канечне, як усе ці амаль усе яе рэчы, і гэты твор — аўтабіяграфічны. За «я» апавядальніцы заўсёды стаіць яна, Ані Эрно.
— З інтэрнэту можна даведацца, што выданне перакладу «Падзеі» падтрымалі Таварыства беларускай культуры ў Літве, ЕГУ і Літаратурная рэзідэнцыя ў Грацы. Хто чым падтрымаў — можаце сказаць больш канкрэтна?
— Зразумела. Таварыства беларускай культуры ў Літве — гэта і асацыяцыя, і выдавецтва. Яно выступіла як выдавец «Падзеі». ЕГУ афармляла ўсё, звязанае з аўтарскімі правамі. Набыццё аўтарскіх правоў у «Галімара» звычайна вельмі дорага каштуе, і я як перакладчык пісаў ім ад імя ЕГУ, каб яны далі нам зніжку. І яны прызначылі мінімальную цану, якую я мог бы заплаціць і з уласнай кішэні, але заплаціў ЕГУ. А вось на літаратурнай рэзідэнцыі ў Грацы, дзе я працаваў са сваімі ўласнымі тэкстамі, — дзякуючы кавіду, калі магу так сказаць, — мой побыт там працягнуўся, у мяне знайшоўся час, каб перакласці Ані Эрно.
— А чым вы занятыя цяпер, калі мець на ўвазе не ўніверсітэцкія, а літаратурныя заняткі?
— Я пішу як свае тэксты, так і перакладаю.
Вось якраз сёння вечарам (7 кастрычніка. — «РС») у Вільні будзе прэзентацыя майго перакладу з украінскай, «Бэйруцкіх апавяданняў» Агатангела Крымскага, які выйшаў у выдавецтве «Skaryna Press», нядаўна створаным Ігарам Івановым пры Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане.
Цяпер я перакладаю з французскай раман Сімоны дэ Бавуар «Une mort très douce» («Вельмі мяккая смерць»). Гэта яшчэ адна пісьменніца, якая мяне натхняе. Спадзяюся, пераклад з'явіцца ў наступным годзе, магчыма, у лонданскім выдавецтве, якое я згадаў. У Беларусі цяпер выдаваць не тое што складана, але і немагчыма.
Ну і яшчэ я часам публікую невялічкія пераклады з літоўскай у «Новым часе», з якім рэгулярна супрацоўнічаю.