Уладзімір Някляеў: Свет бачыць шматгадовую барацьбу беларусаў за свабоду

Пісьменнік Уладзімір Някляеў павіншаваў Алеся Бяляцкага з Нобелеўскай прэміяй міру і патлумачыў, чаму гэта вельмі важная падзея для ўсіх беларусаў.

imgl7746.jpg

Гэта больш чым узнагарода, гэта падзея! Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку павіншаваў праваабаронцу і наогул усіх беларусаў з Нобелеўскай прэміяй міру.

— Нобелеўская прэмія міру, якой нобелеўскі камітэт адзначыў беларуса Алеся Бяляцкага, вельмі значная, важкая ўзнагарода. Гэта нават больш, чым узнагарода — падзея. Асабліва ў час, калі адносіны да беларусаў праз удзел нашай краіны ў вайне супраць Украіны сталі ў Еўропе, ды і ва ўсім свеце, мякка кажучы, не талерантнымі.

Прэмія міру, прысуджаная беларускаму праваабаронцу, засведчыла, што свет бачыць і цэніць шматгадовую барацьбу беларусаў за ўсталяванне дэмакратыі, за свабоду, за правы чалавека. І свет верыць, што ўрэшце, прайшоўшы праз цяжкія выпрабаванні, пакуты, страты, рэпрэсіі, турмы, у адной з якіх знаходзіцца зараз нобелеўскі лаўрэат, Беларусь даможацца таго, за што змагаліся і змагаюцца яе лепшыя сыны і дочкі!

Мае віншаванні Алесю і ўсім беларусам!