Праваабаронца Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру

Нобелеўскай прэміяй міру ў гэтым годзе ўганаравалі заснавальніка беларускага праваабарончага «Вясна» Алеся Бяляцкага, расійскі «Мемарыял» і ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод

nobel_3.jpg

Нобелеўскую прэмію міру 2022 года атрымалі Алесь Бяляцкі, заснавальнік беларускага Праваабарончага цэнтру «Вясна», які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім, расійскі Праваабарончы цэнтр «Мемарыял», прызнаны расійскімі ўладамі замежным агентам і ліквідаваны, і ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод. Беларускі праваабаронца цяпер знаходзіцца за кратамі.

У 2021 годзе Нобелеўскі камітэт прысудзіў прэмію міру двум журналістам. Яе ўладальнікам стаў галоўны рэдактар расійскай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў і заснавальніца філіпінскага выдання Rappler Марыя Рэса за іх «намаганні па абароне свабоды слова і самавыяўлення, што з'яўляецца асноватворнай умовай для дэмакратыі і трывалага міру».


«Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ён прысвяціў усё сваё жыццё справе дэмакратыі і міру ў сваёй краіне. Бяляцкі ў 1996 годзе стварыў праваабарончую арганізацыю «Вясна», у адказ на сумнеўныя змены ў Канстытуцыю, якія далі беларускаму прэзідэнту дыктатарскія паўнамоцтвы», — заявіла прадстаўнік Нобелеўскага камітэта, прадстаўляючы лаўрэатаў.

nobel_bjaljacki.jpg

Цяпер праваабаронца Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны», яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч знаходзяцца за кратамі і чакаюць суда. Днямі стала вядома, што іх больш не абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў. Расследаванне крымінальнай справы, заведзенай за нявыплату падаткаў, спынена. Аднак праваабаронцы не выйшлі на волю. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе вялікай сумы грошай арганізаванай групай паводле ч. 4 арт. 228 КК і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак па ч. 2 арт. 342 КК.

Як выбіраюць кандыдатаў на прэмію міру?

Па правілах нарвежскага Нобелеўскага камітэта, на прэмію міру можа быць намінаваны любы чалавек, але прапаноўваць кандыдатуры можа толькі абмежаванае кола асоб. Як тлумачыць кіраўнік нарвежскага камітэта Берыт Рэйс-Андэрсан, пры вылучэнні кандыдатаў ўлічваюцца тры крытэры, названыя ў тэстаменце Альфрэда Нобеля: уклад у скарачэнне колькасці ўзброеных сіл, садзейнічанне мірным перамовам і ўклад ва ўмацаванне брацкіх адносін паміж народамі.

Па словах Рэйс-Андэрсан, за мінулыя 120 гадоў да паняццяў, пазначаных Нобелем, дадалося некалькі ўдакладненняў, такіх як міжнароднае супрацоўніцтва, уклад у справу міру не толькі асобных асоб, але і арганізацый, і абарона правоў чалавека.