Ці вызваліць Лукашэнка Бяляцкага пасля Нобеля?

Палітычны зняволены, праваабаронца Алесь Бяляцкі — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. Аналітыкі згадваюць сумную гістарычную аналогію: Нобелеўскую прэмію міру за 1935 год атрымаў нямецкі журналіст, грамадскі дзеяч, пацыфіст Карл фон Асецкі. Асецкі на той час сядзеў у нацысцкім канцлагеры, і Нобель не дапамог яго вызваленню.

nobel_bjaljacki_2.jpg


Што значыць для Беларусі Нобель для Бяляцкага? Ці вызваліць яго Лукашэнка? Як уганараванне праваабаронцы прэміяй паўплывае на беларускі палітычны дыскурс? Гэтыя тэмы абмяркоўвалі на канале Св*бода Premium палітычныя аглядальнікі Радыё Св*бода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Якое значэнне будзе мець уганараванне Бяляцкага — праваабаронцы і палітвязня — Нобелеўскай прэміяй?

Віталь Цыганкоў: Зараз мільёны людзей чытаюць гэтую навіну. І яны даведваюцца, што лаўрэат Нобелеўскай прэміі знаходзіцца за кратамі. І ў людзей узнікае пытанне — што ж за рэжым пануе ў гэтай краіне?

Увага да Беларусі зараз падвысіцца да максімальнага ўзроўню.

Нобелеўскі камітэт дасылае мэсэдж, што нават падчас вайны праваабарончая тэматыка, правы чалавека не павінны адсоўвацца ўбок.

На пэўны час Беларусь ізноў трапляе ў цэнтр сусветнай увагі. Зразумела, што ва ўсіх паведамленнях медыя пра ўзнагароджанне Бяляцкага будуць апісваць сітуацыю ў Беларусі.


Дракахруст: Намінантамі на сёлетнюю прэмію былі вельмі розныя асобы і арганізацыі: Грэта Тунбэрг, Джуліян Асандж, Уладзімір Зяленскі. Лідарамі ў букмекераў былі Святлана Ціханоўская і Аляксей Навальны. Далі прэмію праваабаронцам трох усходнеславянскіх краінаў. Як вы тлумачыце гэтае рашэнне?

Валер Карбалевіч: Вайна Расіі супраць Украіны адыграла вырашальную ролю ў выбары лаўрэатаў. Лаўрэатамі сталі праваабаронцы з трох краін, якія рэальна ўдзельнічаюць у вайне. Вайна павялічвае ўвагу да правоў чалавека, як гэта ні парадаксальна гучыць.

Цяпер дзяржаўныя медыя ў Беларусі і Расіі пачнуць кампанію супраць Нобелеўскага камітэту, сітуацыя вяртаецца ў савецкія часы. Тады Нобелеўскі камітэт па прысуджэнні прэміяў міру трактаваўся як структура Захаду ў барацьбе супраць сацыялістычных краін. Цяпер будуць трактаваць як структуру Захаду ў барацьбе супраць Расіі і Беларусі.

Дракахруст: Ёсць сумная гістарычная аналогія. Нобелеўскую прэмію міру за 1935 год атрымаў нямецкі журналіст, грамадскі дзеяч, пацыфіст Карл фон Асецкі. Асецкі атрымаў прэмію, сядзячы ў нацысцкім канцлагеры. Тады нацы спрабавалі прымусіць яго адмовіцца ад прэміі, потым заявілі, што ён свабодна можа паехаць у Осла атрымаць яе. Насамрэч яго не выпусцілі з краіны, але праз пэўны час перавялі з турмы ў цывільны шпіталь. Гэта была максімальная міласць Гітлера, на якую ён быў здольны адносна нобелеўскага лаўрэата. Беларуская ўлада будзе больш міласцівая?

Цыганкоў: Тут два варыянты. Ёсць варыянт, пра які сказаў Валер — што адказам на ўганараванне беларуса-палітвязня будзе адно прапагандысцкая атака на Нобелеўскі камітэт, скажуць, што гэтае рашэнне мае на мэце падарваць суверэнітэт Беларусі і яе еднасць з Расіяй.

Але з імавернасцю ў 20% я б прадказаў варыянт у рэчышчы тых міні-гульняў, якія мінскі рэжым спрабуе гуляць з Захадам — вызваліць Бяляцкага, хоць, можа, і не адразу, каб гэта не было ўспрынята як слабасць.

Калі ў беларускай уладзе засталіся разважлівыя людзі, яны маглі б ухапіцца за гэтую магчымасць, каб спыніць уцягванне Беларусі ў вір ад расійскага «Тытаніка», які тоне.


Дракахруст: Тады за вызваленне Асецкага да Гітлера звярталіся ўплывовыя ў свеце асобы. Не выключаю, што і зараз можа быць тое самае. Напрыклад, які Ілон Маск можа звярнуцца, балазе ён зараз пачаў выказвацца на палітычныя тэмы. Лукашэнка можа задаволіць такія просьбы?

Цыганкоў: Можа. Але імавернасць гэтага мінімальная. І гэта будзе паказнікам, ці засталіся ва ўладзе людзі, якія могуць прынамсі прапаноўваць розныя варыянты дзеянняў, ці ўсё ідзе па лініі канфрантацыі ў расійскую прорву.

Дракахруст: Як уганараванне Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй можа паўплываць на беларускі грамадска-палітычны працэс?

Карбалевіч: Што да ўлады, то я таксама не выключаю, што Лукашэнка паспрабуе «прадаць» вызваленне Бяляцкага як мага даражэй і запатрабуе ад Захаду саступак у адказ.

Мяркую, што ўганараванне Бяляцкага прэміяй выкліча новыя спрэчкі паміж апанентамі Лукашэнкі наконт метадаў барацьбы. Мэйнстрымам апошніх месяцаў была стаўка на больш радыкальныя сродкі.

Для прыхільнікаў выключна мірных метадаў прэмія Бяляцкаму стане дадатковым аргументам. Пакуль выбар на карысць радыкальных метадаў не ператварыўся ні ў якую практыку і зводзіцца пераважна да радыкальнай рыторыкі.

* * *

З 14 ліпеня 2021 года Бяляцкі знаходзіцца пад вартай, ён быў затрыманы ў межах крымінальнай справы супраць праваабарончага цэнтру «Вясна». Па гэтай справе праходзяць таксама Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч і іншыя «вясноўцы».

Бяляцкага абвінавачваюць у «фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». «Вясна» дапамагала людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій. За гэта Бяляцкаму пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Алесь не першы раз за кратамі, ён сядзеў з 2011 па 2014 год, і ў 2014 годзе быў вызвалены па амністыі. Просьбу аб памілаванні ён не пісаў прынцыпова.