
— Адначасовае ўручэнне Нобелеўскай прэміі міра Алесю Бяляцкаму, Цэнтру грамадзянскіх свабод і праваабарончаму цэнтру «Мемарыял» — гэта акт падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі, Украіны і Расіі. Гэта сігнал да ўсіх тых, хто ў трох краінах супрацьстаіць дыктатуры, гвалту і вайне.
Знак роўна, ці не знак роўна?
Праваабаронцы трох краін цяпер працуюць ва ўмовах вайны. Гэта не значыць што можна ставіць знак роўна паміж тымі задачамі, якія выконваюць зараз украінскія, беларускія і расійскія праваабаронцы. У кожнага свой тып бяды, адчаю і смяротнага гора, з якім прыходзіцца працаваць сёння. Але дакладна можна сказаць, што мэты ў гэтых людзей аднолькавыя — вольныя, дэмакратычныя, справядлівыя грамадствы, у якіх людзі адказныя за сябе і свае рашэнні. Грамадствы, якія выключаюць вайну, як спосаб вырашэння канфліктаў паміж сабой.
Праваабаронцы па вызначэнні не могуць быць адэптамі знішчэння правоў і свабод чалавека. Гэта людзі, якія працуюць на агульную мэту, — прымат чалавека над дзяржавай. Штодзённая праца чалавека над тым, каб заставацца чалавекам.
Асабліва гэта важна падчас вайны, калі простыя рашэнні па вынішчэнні варожых народаў пад корань падаюцца самымі лагічнымі і слушнымі. Забойства ворагаў — гэта неабходнасць на вайне, а вось гвалт і катаванні палонных і забойства мірнага насельніцтва — гэта ваенныя злачынствы. Хто б іх і супраць каго б ні чыніў.
Не буду пачуты, але не магу не казаць
Выдатна разумею, што не буду пачуты большасцю, але пройдзе час, мы вернемся да пытання, як нам усім далей жыць на гэтай планеце і рабіць так, каб правы чалавека не былі дробнай манетай у руках вялікіх і непадкантрольных чалавеку «дзяржаўных інтарэсаў».
Менавіта грамадзянская супольнасць, арганізаваная людзьмі ў сваіх інтарэсах, здольная прымусіць уладу быць такой, якой яна патрэбная людзям. Менавіта таму Нобелеўскі камітэт узнагародзіў тых, хто шмат робіць для таго каб «не народ быў для ўрада, а ўрад быў для народа», як казаў Кастусь Каліноўскі.