Адказ беларускай улады на Нобеля — праваабаронцаў уключылі ў спіс экстрэмістаў

У «Спіс экстрэмістаў» уключылі гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіца.

699a2a6230f023394cb45a0d6c520146_2.jpg

«Спіс экстрэмістаў» у Беларусі імкліва папаўняецца. Стала вядома, што ў яго ўпісалі гомельскіх праваабаронцаў-палітвязняў, асуджаных па крымінальнай справе за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і фінансаванне такіх дзеянняў (ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК)

Праваабаронцу «Вясны» Леаніда Судаленку і валанцёрку Таццяну Ласіца сілавікі затрымалі ў студзені 2021 года. У лістападзе мінулага года суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў Леаніда да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Таццяну — да 2,5 гадоў. У студзені праваабаронца быў этапаваны ў выпраўленчую калонію №3 «Віцьба», а валанцёрка — у гомельскую калонію № 4.

Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі, а міжнародная арганізацыя «Amnesty International» выступіла з заявай, што Судаленку і яго каляжанку Таццяну Ласіца пераследуюць па абсалютна надуманых абвінавачаннях, звязаных з мірнымі пратэстамі ў адказ на парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. «Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца не здзейснілі аніякага міжнародна прызнанага крымінальнага дзеяння, прысуд ім — пакаранне за іх законную праваабарончую дзейнасць, якое разам з крымінальным пераследам іх калег па праваабарончым цэнтры “Вясна” з'яўляецца часткай развязанай уладамі Беларусі кампаніі па знішчэнні грамадзянскай супольнасці і задушэнні асноватворных правоў чалавека ў краіне. Судаленка і Ласіца павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя», — заявіла дырэктарка «Amnesty International» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс.




24 верасня Таццяну Ласіцу вызвалілі па памілаванні. За кратамі яна прабыла агулам 1 год і 8 месяцаў. МУС у «Спісе экстрэмістаў» адзначыў, што Таццяна ўсё яшчэ «адбывае пакаранне».